Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
— У мяне ёсць Чарада, і ў мяне ёсць ты і Балу; які ён ні лянівы, а можа ж дзеля мяне стукнуць кагонебудзь лапай. Чаго ж мне баяцца?
Быў вельмі спякотны дзень, калі новая думка запала ў галаву Багіры,— мусіць, яна пачула што-небудзь. Mo-
жа, ёй гаварыў пра гэта дзікабраз Сахі, але неяк раз, калі яны забраліся разам з Маўглі глыбока ў гушчар лесу і хлопчык улёгся, паклаўшы галаву на прыгожую чорную спіну пантэры, яна сказала яму:
— Маленькі Брат, колькі разоў я гаварыла табе, што Шэр-Хан твой вораг?
— Столькі разоў, колькі арэхаў на гэтай пальме,— адказаў Маўглі, які, само сабой зразумела, не ўмеў лічыць.— Ну і што з таго? Мне хочацца спаць, Багіра, а Шэр-Хан — гэта ўсяго толькі доўгі хвост ды гучны голас, накшталт паўліна Мора.
— Зараз не час спаць!.. Балу гэта ведае, ведаю я, ведае ўся Чарада, ведае нават самы дурны алень. I Табакі табе гэта гаварыў таксама.
— Ха-ха! — сказаў Маўглі.— Табакі прыходзіў да мяне нядаўна, грубіяніў, гаварыў, што я бязвольны шчанюк, не ўмею нават выкопваць земляныя арэхі, але я злавіў яго за хвост і стукнуў разы два аб пальму, каб ён паводзіў сябе больш далікатна.
— Ты зрабіў кепска: Табакі хоць і баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькі Брат. Шэр-Хан не смее забіць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмі стары. Хутка прыйдзе такі дзень, калі ён не здолее забіць буйвала, і тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкі, што бачылі цябе на Скале Савета, таксама састарыліся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзіцяняці не месца ў Воўчай Чарадзе. Міне няшмат часу, і ты станеш чалавекам.
— А што такое чалавек? Хіба яму нельга быць са сваімі братамі? — спытаў Маўглі.— Я нарадзіўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, і няма ніводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкі. Усе яны — мае браты!
Багіра выцягнулася на ўвесь рост і заплюшчыла вочы.
— Маленькі Брацік,— сказала яна,— памацай у мяне пад сківіцай.
Маўглі працягнуў сваю дужую смуглую руку і на шаўкавістай шыі Багіры, там, дзе пад бліскучай поўсцю перакочваюцца вялізныя мускулы, намацаў маленькую лысінку.
— Ніхто ў джунглях не ведае, што я, Багіра, нашу гэтую метку— след нашыйніка. Але я нарадзілася сярод людзей. Маленькі Брат, сярод людзей памерла мая маці — у звярынцы каралеўскага палаца ва Удайпуры. Таму я і заплаціла за цябе выкуп на Савеце, калі ты быў яшчэ маленькім голым дзіцянём. Так, я таксама нарадзілася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармілі за кратамі, з жалезнай міскі, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я — Багіра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок і ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкі, у джунглях мяне баяцца больш, чым ШэрХана. Хіба гэта няпраўда?
— Праўда,— сказаў Маўглі,— усе джунглі баяцца Багіры, усе, апрача Маўглі.
— О, ты чалавечае дзіцяня,— сказала чорная пантэра вельмі пяшчотна.— I як я вярнулася ў свае джунглі, так і ты павінен урэшце вярнуцца да людзей, да сваіх братоў, калі толькі цябе не заб’юць на Савеце.
— Але за што камусьці забіваць мяне?— спытаў Маўглі.
— Зірні на мяне,— сказала Багіра.
I Маўглі пільна паглядзеў ёй у вочы.
Вялікая пантэра не вытрымала і адвярнулася.
— Вось за што,— сказала яна, і лісце зашамацела пад яе лапай.— Нават я не магу глядзець табе ў вочы, a я ж нарадзілася сярод людзей і люблю цябе, Маленькі Брат. Другія цябе ненавідзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позірк, за тое, што ты разумны, за тое,
што ты выцягваеш у іх стрэмкі з лап,— за тое, што ты чалавек.
— Я нічога гэтага не ведаю,— панура прамовіў Маўглі і насупіў густыя чорныя бровы.
— Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукні, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасці яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлівы і асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калі Акела дасць маху на наступным паляванні — а яму з кожным разам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй забіваць,— ваўкі перастануць слухацца яго і цябе. Яны збяруць на Скале Савета Народ Джунгляў, і тады... тады... Я ведаю, што рабіць! — крыкнула Багіра і падхапілася.— Ідзі хутчэй уніз, у даліну, у хаціны людзей, і дастань у іх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнік, дужэйшы за мяне, і за Балу, і за тых ваўкоў Чарады, якія любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!
Чырвонай Кветкай Багіра называла агонь, бо ніводзін звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным іменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню і прыдумваюць сотні імёнаў, абы толькі не называць яго агнём.
— Чырвоную Кветку?— сказаў Маўглі.— Яна расце перад хацінамі на змярканні. Я дастану яе.
—J Вось гэта гаворыць чалавечае дзіцяня! — з гордасцю сказала Багіра.— He забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькіх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй і трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбіцца.
— Добра! — сказаў Маўглі.— Я іду. Але ці ўпэўнена ты, о мая Багіра,— ён абвіў рукою яе цудоўную шыю і зазірнуў глыбока ў вялікія вочы,— ці ўпэўнена ты, што ўсё гэта хітрыкі Шэр-Хана?
— Так, клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне!
— Тады клянуся буйвалам, што выкупіў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа,нават і з лішкам,— сказаў Маўглі і памчаўся прэч.
«Вось чалавек! У гэтым відаць чалавек,— сказала сама сабе Багіра і легла зноў.— О Шэр-Хан, не ў добрую часіну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!»
А Маўглі быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ён бег з усіх ног, і сэрца ў ім палала. Ён дабег да пячоры, калі ўжо слаўся вячэрні туман. Маўглі спыніўся, каб адсапціся, і паглядзеў уніз, у даліну. Ваўчанят не было дома, але Маці Ваўчыха па дыханні свайго Жабяняці зразумела, што Маўглі нечым усхваляваны.
— Што здарылася, сынок? — спытала яна.
— Шэр-Хан, нібы кажан, разносіць плёткі,— абазваўся ён.— Я іду сёння на паляванне на ўзараныя палеткі.
I ён рынуўся ўніз, праз кусты, да ракі на дне даліны, але адразу спыніўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ён пачуў і стогн загнанага аленя, і яго пырханне, калі алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:
— Акела! Акела! Няхай воўк-адзінец пакажа сваю сілу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!
Мусіць, воўк-адзінец скочыў і прамахнуўся, бо Маўглі пачуў, як ляснулі яго зубы, і кароткі віск, калі алень збіў Акелу з ног пярэднім капытом.
Маўглі не стаў больш чакаць, а кінуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачаліся засеяныя палеткі, дзе жылі людзі, і выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей і слабей, усё болып глуха і глуха.
— Багіра гаварыла праўду,— прашаптаў ён, задыхаючыся, і скруціўся ў клубок на кучы травы пад акном хаціны.—Заўтра рашаючы дзень і для мяне і для Акелы.
Потым, прытуліўшыся тварам да акна, ён пачаў глядзець на агонь у ачагу. Ён бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы і падкладвала ў агонь нейкія чорныя
кавалкі, а калі надышла раніца і над зямлёй папоўз халодны белы туман, ён убачыў, як дзіця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глінаю, напоўніла яго вугалямі і, накрыўшы коўдрай, пайшло карміць жывёлу ў хляве.
— I ўсяго толькі? — сказаў Маўглі.— Калі нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.
I ён павярнуў за вугал, насустрач хлопчыку, выхапіў гаршчок у яго з рук і знік у тумане, а хлопчык заплакаў з перапуду.
— Людзі вельмі падобныя на мяне,— сказаў Маўглі і пачаў раздзьмухваць вугалі, як гэта рабіла жанчына.— Калі Чырвоную Кветку не карміць, яна памрэ.— I Маўглі накідаў галінак і кавалачкаў сухой кары на чырвонае вуголле.
На палове дарогі пад гару ён сустрэў Багіру. Ранішняя раса паблісквала на яе шкуры, нібы месячныя каменьчыкі.
— Акела прамахнуўся,— сказала яму пантэра.— Яны забілі б яго ўчора ўночы, але ім патрэбен яшчэ і ты. Яны шукалі цябе на ўзгорку.
— Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзі! — Маўглі падняў над галавою гаршчок з вугалямі.
— Добра! Вось што: мне даводзілася бачыць, як людзі соваюць туды сухую галіну, і на яе канцы расцвітае Чырвоная Кветка. Ты не баішся?
— He! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамінаю, калі толькі гэта не сон: калі я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкі, і мне было добра і цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглі правёў у пячоры; ён пільнаваў гаршчок з агнём і соваў у яго сухія галінкі, правяраючы, што атрымаецца. Ён знайшоў такую галіну, якою застаўся задаволены, і ўвечары, калі Табакі падышоў да пячоры і вельмі груба сказаў, што Маўглі патрабуюць на Скалу Савета, ён засмяяўся і смяяўся так доўга, што Табакі ўцёк. Тады Маўглі, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Савет.
Акела, воўк-адзінец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваіх прыхвасняў разгульваў узад і ўперад, яўна ўсцешаны. Багіра ляжала побач з Маўглі, а Маўглі трымаў паміж каленяў гаршчок з вугалямі. Калі ўсе сабраліся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён ніколі б не адважыўся, калі б Акела быў у росквіце сілы.
— Ён не мае права!—шапнула Багіра.— Так і скажы. Ён сабачы сын, ён спалохаецца.
Маўглі ўсхапіўся на ногі.
— Вольны Народ! — крыкнуў ён.— Хіба Шэр-Хан Важак Чарады? Хіба тыгр можа быць нашым важаком?
— Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасілі гаварыць...— пачаў Шэр-Хан.
— Хто цябе прасіў? — сказаў Маўглі.— Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мясніком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.
Пачуліся крыкі:
— Маўчы, чалавечае дзіцяня!
— He, няхай гаворыць! Маўглі захоўваў наш Закон!
I нарэшце старыя гыркнулі:
— Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!
Калі Важак Чарады выпусціў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерці, якой не даводзіцца доўга чакаць.
Акела нехаця падняў сівую галаву:
— Вольны Народ і вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзіў вас на паляванне і з палявання, і за гэты час ніводзін з вас не трапіў у пастку і не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена. Вы ведаеце, што мне падвялі свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала відавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забіць мяне тут, на Скале Савета. I таму я пытаюся: хто з вас падыдзе і прыкончыць ваўка-адзінца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзілі па адным.