Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
— Добра, толькі глядзі не забі дзіцяня. Яно не лясны пень, каб ты вастрыў аб яго свае тупыя кіпцюры. А якія ж гэта Запаветныя Словы? Я лепей памагу сама, чым буду прасіць дапамогі, але мне ўсё ж хацелася б ведаць.— I Багіра выставіла лапу, залюбавалася сваімі кіпцюрамі, сінімі, як сталь, і вострымі, як разцы.
— Я паклічу Маўглі, і ён скажа табе... калі захоча. Хадзі сюды, Маленькі Брат!
— Галава ў мяне гудзе, як пчалінае дупло,— пачуўся незадаволены дзіцячы голас над іх галовамі, і Маўглі саслізнуў з дрэва і дадаў сярдзіта і абурана: — Я прыйшоў дзеля Багіры, а не дзеля цябе, тлусты стары Балу!
— А мне гэта ўсё роўна,— адказаў Балу, хоць быў вельмі засмучаны і пакрыўджаны.— Дык скажы Багіры Запаветныя Словы Джунгляў, якім я вучыў цябе сёння.
— Запаветныя Словы якога народа? — спытаў Маўглі, вельмі задаволены, што можа пахваліцца.— У джунглях шмат гаворак. Я ведаю іх усе.
— Сёе-тое ты ведаеш, але вельмі мала. Палюбуйся, о Багіра, вось іх удзячнасць настаўніку. Ніводнае самае апошняе ваўчаня ні разу не прыйшло падзякаваць старому Балу за навуку. Ну дык скажы Словы Паляўнічага Народа, ты, вялікі вучоны.
— «Мы з вамі адной крыві, вы і я»,— сказаў Маўглі, вымаўляючы па-мядзведжы тыя словы, якія звычайна гаварыў у патрэбным выпадку ўвесь Паляўнічы Народ.
— Добра! Цяпер Слова Птушак.
Маўглі паўтарыў тыя ж словы, свіснуўшы, як каршун.
— Цяпер Слова Змяінага Народа,— сказала Багіра.
У адказ пачулася сыканне, якога нельга перадаць ніякімі словамі, і Маўглі задрыгаў нагамі і запляскаў у ладкі, потым ускочыў на спіну Багіры і сеў бокам, барабанячы пяткамі па бліскучай чорнай шкуры, пры гэтым ён усяляк перакрыўліваў і дражніў мядзведзя.
— Вось-вось! За гэта варта атрымаць нейкі там сіняк,— ласкава сказаў буры мядзведзь.— Калі-небудзь ты ўспомніш мяне.
І, павярнуўшыся да Багіры, ён расказаў ёй, як упрошваў дзікага слана Хатхі, які ведае ўсё на свеце, сказаць яму Запаветныя Словы Змяінага Народа, як Хатхі вадзіў Маўглі да сажалкі, каб даведацца Змяіныя Словы ад вадзяной змяі, бо сам Балу не мог іх вымавіць, і цяпер Маўглі не пагражае ніякая небяспека ў джунглях: ні змяя, ні птушка, ні звер не будуць шкодзіць яму.
— I значыцца, яму няма каго баяцца!—Балу выцягнуўся на ўвесь рост і з гордасцю паляпваў сябе па тоўстым калматым жываце.
— Апрача свайго племені,— шапнула Багіра, а потым гучна сказала Маўглі: — Пашкадуй мае рэбры, Маленькі Брат! Што ты ўсё скачаш то ўніз, то ўгору?
Маўглі хацеў, каб яго выслухалі, і даўно ўжо тузаў Багіру за мяккую поўсць на плячы і штурхаў яе пяткамі. Абое прыслухаліся і разабралі, што ён крычыць на ўвесь голас:
— Цяпер у мяне будзе сваё ўласнае племя, і я цэлы дзень буду вадзіць яго па дрэвах!
— Што за новая дурасць, маленькі выдумшчык? —
спытала Багіра.
— Ara, i кідаць галінкамі i граззю ў старога Балу буду,— не пераставаў Маўглі.— Яны мне гэта абяцалі... Ай!
— Вут!—Вялізная лапа Балу змахнула Маўглі са спіны пантэры, і, лежачы паміж пярэднімі лапамі мядзведзя, Маўглі зразумеў, што той злуецца.— Маўглі,— сказаў Балу,— ты гаварыў з Бандар-Логамі, Малпіным Народам?
Маўглі зірнуў на Багіру — ці не злуецца і яна таксама—і ўбачыў, што вочы пантэры зрабіліся калючыя.
— Ты водзішся з Малпіным Народам — з шэрымі малпамі, з народам, які не ведае Закону, з народам, які есць усё без разбору? Як табе не сорамна?
— Балу стукнуў мяне па галаве,— сказаў Маўглі (ён усё яшчэ ляжаў на спіне),— і я ўцёк, а шэрыя малпы спусціліся з дрэва і пашкадавалі мяне. А ўсім астатнім было ўсё роўна.— Ён трошкі ўсхліпнуў.
— Спагада Малпінага Народа! — чмыхнуў Балу.— Спакой горнага патоку! Халадок летняй спякоты! А што было потым, дзіцяня чалавека?
— А потым... потым яны далі мне арэхаў і ўсялякай смачнай ежы, а потым узялі мяне на рукі і занеслі на верхавіны дрэў і гаварылі, што я іх кроўны брат, толькі што бясхвосты, і калі-небудзь стану іх важаком.
— У іх не бывае важака,— сказала Багіра.— Яны хлусяць. I заўсёды хлусілі.
— Яны былі вельмі ласкавыя са мною і прасілі прыходзіць яшчэ. Чаму вы мяне ніколі не вадзілі да Малпінага Народа? Яны ходзяць на дзвюх нагах, як і я. Яны не б’юцца цвёрдымі лапамі. Яны гуляюць цэлы дзень... Пусці мяне, брыдкі Балу, пусці мяне! Я зноў пайду гуляць з імі.
— Паслухай, дзіцяня! — сказаў мядзведзь, і голас яго прагрымеў, як гром у навальнічную ноч.— Я навучыў цябе Закону Джунгляў — аднаму для ўсіх Народаў Джунгляў, апрача Малпінага Народа, які жыве на дрэ-
вах. Яны не маюць Закону. У іх няма свае мовы, адны толькі ўкрадзеныя словы, якія яны пераймаюць у іншых, калі падслухоўваюць, і падглядваюць, і падпільноўваюць, седзячы на дрэвах. Іх звычаі — не нашы звычаі. Яны жывуць без важака. Яны нічога не памятаюць. Яны балбочуць і выхваляюцца, нібыта яны вялікі народ і задумалі вялікія справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, і яны ўжо смяюцца і пра ўсё забыліся. Ніхто ў джунглях не водзіцца з імі. Мы не п’ём там, дзе п’юць малпы, не ходзім туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не паміраем там, дзе яны паміраюць. Хіба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?
— He,— адказаў Маўглі шэптам, бо лес прыціх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.
— Народ Джунгляў не хоча іх ведаць і ніколі пра іх не гаворыць. Іх вельмі многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя і хочуць толькі таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на іх увагу. Але мы не заўважаем іх, нават калі яны кідаюць арэхі і сыплюць бруд нам на галаву.
He паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў і сукоў пасыпаўся на іх з дрэў; пачуўся кашаль, віск і сярдзітыя скачкі высока над імі, сярод тонкіх галін.
— 3 Малпіным Народам забаронена вадзіцца,— сказаў Балу,— забаронена Законам. He забывайся пра гэта.
— Ыгы, забаронена,— сказала Багіра.— Але я ўсётакі думаю, што Балу павінен быў папярэдзіць цябе.
— Я?.. Я? Як мне магло прыйсці ў галаву, што ён будзе вадзіцца з такою дрэнню? Малпін Народ! Тфу!
Зноў арэхі дажджом пасыпаліся ім на галовы, і мядзведзь з пантэрай уцяклі, прыхапіўшы з сабою Маўглі. Балу гаварыў пра малпаў чыстую праўду. Яны жылі на верхавінах дрэў, а паколькі звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам і Народу Джунгляў не даводзілася
сустракацца. Але калі малпам трапляў у рукі хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылі слабых і дзеля пацехі кідалі ў звяроў палкамі і арэхамі, спадзеючыся, што іх заўважаць. Яны пачыналі выць, выкрыквалі недарэчныя песні, клікалі Народ Джунгляў да сябе на дрэвы біцца, усчыналі за дробязі сваркі між сабой і кідалі мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збіраліся завесці і свайго важака, і свае законы і звычаі, але так і не завялі, бо памяць у іх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памірыліся на тым, што прыдумалі прымаўку: «Усе джунглі будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння», і вельмі гэтым суцяшаліся. Ніхто з звяроў не мог да іх дабрацца, і ніхто не звяртаў на іх увагі — вось чаму яны так узрадаваліся, калі Маўглі пачаў гуляць з імі, а Балу на яго раз злаваўся.
Ніякай іншай мэты ў іх не было — у малпаў ніколі не бывае мэты,— але адна з іх прыдумала, як ёй здалося, пацешную штуку і аб’явіла ўсім астатнім, што Маўглі можа быць карысны для ўсяго іхняга племені, бо ўмее сплятаць галіны, каб бараніцца ад ветру, і калі яго злавіць, дык ён навучыць гэтаму і малпаў. Зразумела, Маўглі як сын дрывасека шмат што ведаў, сам не памятаючы адкуль, і ўмеў будаваць буданы з галля, сам не знаючы, як гэта ў яго выходзіць. А Малпін Народ падглядваў за ім з дрэў і парашыў, што гэта цікавая гульня. На гэты раз, гаварылі малпы, у іх і сапраўды будзе важак, і яны стануць самым мудрым народам у джунглях, такім мудрым, што ўсе іх заўважаць і пазайздросцяць ім. I таму яны ціхенька краліся за Балу і Багірай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўдні і Маўглі, якому было вельмі сорамна, не лёг спаць паміж пантэрай і мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпіным Народам.
I тут скрозь сон ён адчуў нечыя рукі на сваіх плячах і нагах — цвёрдыя, дужыя, маленькія рукі,— потым па твары захвасталі галіны, а потым ён здзіўлена ўбачыў праз разгайданыя верхавіны зямлю ўнізе і Балу, які глуха роў, абуджаючы джунглі, а Багіра скачкамі падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылі і пераскочылі ўгору на тонкія галіны, куды Багіра пабаялася лезці за імі.
— Яна нас заўважыла! Багіра нас заўважыла! Усе джунглі ў захапленні ад нашага спрыту і нашага розуму! — крычалі малпы.
Потым яны прыпусцілі бягом, а бег малпаў па верхавінах дрэў — гэта штосьці такое, што немагчыма апісаць. У іх ёсць там свае дарогі і скрыжаванні, свае пад’ёмы і спускі, праложаныя на вышыні пяцідзесяці, сямідзесяці, a то і сто футаў ад зямлі, і па гэтых дарогах яны падарожнічаюць, калі трэба, нават уночы. Дзве самыя дужыя малпы падхапілі Маўглі пад пахі і памчаліся разам з ім па верхавінах дрэў скачкамі даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглі б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваім цяжарам затрымліваў іх. Як ні кружылася ў Маўглі галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мільгала далёка ўнізе, палохала яго і сэрца замірала ад кожнага страшнага рыўка і штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталі разам з ім на верхавіну дрэва так высока, што тонкія галіны трашчалі і гнуліся пад імі, а потым з кашлем і вухканнем кідаліся ў паветра, уперад і ўніз, і павіса.лі на суседнім дрэве, чапляючыся за ніжнія сукі рукамі і нагамі. Іншы раз Маўглі бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акіянскі прастор, потым галіны і лісце зноў пачыналі хвастаць яго па твары, і ён са сваімі двума вартавымі спускаўся амаль да самай зямлі. Так, скачкамі,
з трэскам і вухканнем, усё малпінае племя імчалася па дрэвавых дарогах разам са сваім палоннікам Маўглі.
Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багіры і Балу. Малпы рухаліся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглі іх дагнаць і вельмі адставалі. Уніз не варта было і глядзець — яму відаць былі толькі верхнія бакі сукоў,— таму ён пачаў глядзець угору і ўбачыў высока ў сіні неба каршуна Чыля, які лунаў над джунглямі, апісваў кругі, чакаючы чыёй-небудзь смерці. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, і спусціўся ніжэй, каб разведаць, ці не прыдатна іх ноша для яды. Ён свіснуў ад здзіўлення, калі ўбачыў, што малпы валакуць па верхавінках дрэў Маўглі, і пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: «Мы з табой адной крыві, ты і я!» Разгайданыя вяршаліны закрылі ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слізгануць да бліжняга дрэва, і перад ім зноў вынырнуў маленькі смуглы твар.