Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
— Я Натху,— сказаў Маўглі,— і я зайшоў вельмі далёка ад дому. Я ўбачыў гэтае святло і прыйшоў сюды. Я не ведаў, што ты тут.
— Калі мы прыйшлі ў Канхівару,— нясмела сказала Месуа,— мой муж паступіў на работу да англічан, і мы атрымалі тут крыху зямлі. Яна не такая добрая, як у старой вёсцы, але нам многа не трэба — нам удваіх.
— Дзе ж той чалавек, што гэтак спалохаўся тады?
— Вось ужо год, як ён памёр.
— А гэты? — Маўглі паказаў на дзіця.
— Гэта мой сын, што нарадзіўся дзве зімы назад. Калі ты бог, падары яму Ласку Джунгляў, каб ён заставаўся жывы і здаровы сярод твайго... твайго народа, як мы засталіся жывыя і здаровыя ў тую ноч.
Яна ўзяла дзіця на рукі, і яно, забыўшы пра свой страх, пацягнулася да нажа, што вісеў на грудзях Маўглі. Маўглі асцярожна адвёў убок маленькія ручаняты.
— А калі ты Натху, якога схапіў тыгр,— з запінкай загаварыла зноў Месуа,— тады ён твой малодшы брат. Я раскладу агонь, і ты нап’ешся гарачага малака. Здымі язмінавы вянок, ён пахне занадта моцна для такога маленькага пакоя.
Маўглі піў цёплае малако доўгімі глыткамі, а Месуа час ад часу пагладжвала яго па плячы, не будучы цалкам упэўнена, яе гэта сын Натху ці які-небудзь дзівосны бог джунгляў, але ўсё адно радуючыся ўжо таму, што ён жывы.
— Сынок,— сказала нарэшце Месуа, і вочы яе заззя-
лі ад гордасці,— хто-небудзь ужо гаварыў табе, што ты прыгажэйшы за ўсіх на свеце?
— Што? — адгукнуўся Маўглі, бо, вядома, ніколі не чуў нічога такога.
Месуа ласкава і радасна засмяялася. Ёй дастаткова было зірнуць на яго твар.
— Значыцца, я першая? Так і трэба, хоць рэдка бывае, каб сын пачуў ад маці такую прыемную вестку. Ты вельмі прыгожы.
Маўглі круціў галавою, стараючыся агледзець сябе цераз плячо, а Месуа зноў засмяялася, і смяялася гэтак доўга, што Маўглі, сам не ведаючы чаму, пачаў смяяцца разам з ёю, а дзіця перабягала то да яго, то да яе і таксама смяялася.
— He, не смейся з брата,— сказала Месуа, злавіўшы малога і тулячы яго да грудзей.— Калі ты вырасцеш хоць напалову гэткі ж прыгожы, мы ажэнім цябе з малодшай дачкою князя, і ты будзеш катацца на сланах.
Маўглі ледзьве разумеў адно слова з трох у яе гаворцы. Цёплае малако ўсыпіла яго пасля саракамільнага прабегу, ён лёг на бок, скруціўся абаранкам і праз хвіліну заснуў глыбокім сном, а Месуа адкінула валасы з яго вачэй, накрыла яго коўдрай і была шчаслівая.
Па звычаю джунгляў, ён праспаў канец гэтай ночы і ўвесь наступны дзень, бо чуццё, якое ніколі не засынала поўнасцю, падказвала яму, што тут няма чаго баяцца. Нарэшце ён прачнуўся і зрабіў скачок, ад якога затрэслася хаціна: накрыты коўдрай, ён бачыў у сне пасткі. Спыніўшыся, ён раптам схапіўся за нож, гатовы біцца з любым.
Месуа засмяялася і паставіла перад ім вячэру. У яе былі ўсяго толькі цвёрдыя праснакі, спечаныя на дымным агні, рыс і жменька квашаных тамарындаў — акурат гэтулькі, каб пратрымацца да вечара, калі Маўглі здабудзе што-небудзь на паляванні.
Пах расы і балота абудзіў у ім голад і трывогу. Яму хацелася кончыць вясновы прабег, але дзіця нізавошта не злазіла з яго рук, а Месуа абавязкова жадала расчасаць яму доўгія сінявата-чорныя валасы. Яна расчэсвала іх і спявала просценькія дзіцячыя песенькі, то называючы Маўглі сынам, то просячы яго надзяліць малое дзіця хоць малюсенькай доляй яго ўлады над джунглямі. Дзверы хаціны былі зачынены, але Маўглі пачуў добра знаёмы гук і ўбачыў, як рот Месуі разявіўся ад страху, калі вялікая шэрая лапа паказалася з-пад дзвярэй, а за дзвярамі Шэры Брат завыў прыглушана і жаласна.
— Ідзі адсюль і чакай! Вы не захацелі прыйсці, калі я вас клікаў,— сказаў Маўглі на мове джунгляў, не паварочваючы галавы, і вялікая шэрая лапа знікла.
— He... не прыводзь з сабою тваіх... слуг,— сказала Месуа.—Я... мы заўсёды жылі ў міры з джунглямі.
— I цяпер мір,— сказаў Маўглі ўстаючы.— Успомні тую ноч на дарозе ў Канхівару. Тады былі дзесяткі такіх, як ён, і ззаду і наперадзе ў цябе. Я, аднак, бачу, што і ўвесну Народ Джунгляў не заўсёды забывае мяне. Маці, я пайду!
Месуа пакорліва адступіла ўбок — ён і сапраўды здаваўся ёй лясным богам,— але ледзь толькі яго рука дакранулася да дзвярэй, як мацярынская любоў прымўсіла яе закінуць рукі на шыю Маўглі і абдымаць яго, абдымаць без канца.
— Прыходзь!—прашаптала яна.— Сын ты мне ці не сын, прыходзь, бо я люблю цябе! I ён таксама бядуе.
Маленькі хлопчык плакаў, бо чалавек з бліскучым нажом ішоў ад яго.
— Прыходзь зноў,— паўтарыла Месуа.— I ўночы і ўдзень гэтыя дзверы заўсёды адчынены для цябе.
Горла Маўглі сцялася, быццам яго душыла знутры, і голас яго прагучаў напружана, калі ён сказаў:
— Я абавязкова прыйду зноў... А цяпер,— гаварыў ён ужо за дзвярамі, адхіляючы галаву ваўка, які лашчыўся да яго,— я табой незадаволены, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлі ўсе чацвёра, калі я паклікаў вас, ужо даўно?
— Даўно? Гэта было толькі ўчора ноччу. Я... мы... спявалі ў джунглях новыя песні. Хіба ты не памятаеш?
— Правільна, правільна!
— I як толькі песні былі праспяваны,— горача загаварыў зноў Шэры Брат,— я пабег па тваім следзе. Я кіну ў астатніх і пабег да цябе з усіх ног. Але што ж ты нарабіў, о Маленькі Брат! Навошта ты еў і спаў з чалавечай чарадой?
— Каб вы прыйшлі, калі я вас клікаў, гэтага не здарылася б,— сказаў Маўглі, паскараючы крок.
— А што ж будзе цяпер? — спытаў Шэры Брат.
Маўглі хацеў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзенні. Шэры Брат адразу прапаў у кустах, а Маўглі бясшумна адступіў у высокі трыснёг і знік, як дух. Дзяўчына войкнула — ёй здалося, што яна ўбачыла здань, а потым глыбока ўздыхнула. Маўглі рассунуў рукамі доўгія сцябліны і сачыў за ёю, пакуль яна не схавалася з вачэй.
— А цяпер я не ведаю,— сказаў Маўглі і ўздыхнуў.— Чаму вы не прыйшлі, калі я вас клікаў?..
— Мы заўсёды з табою... заўсёды з табою,— прабурчаў Шэры Брат і лізнуў пятку Маўглі.
— А пойдзеце вы са мною да чалавечай чарады? — прашаптаў Маўглі.
— Хіба я не пайшоў за табою ў тую ноч, калі наша Чарада прагнала цябе? Хто пабудзіў цябе, калі ты заснуў у полі?
— Так, але яшчэ раз?
— Хіба я не пайшоў за табою сёння ўночы?
— Так, але яшчэ і яшчэ раз і, магчыма, яшчэ?
Шэры Брат маўчаў. Потым ён прабурчаў:
— Тая, чорная, сказала праўду.
— А што яна сказала?
— Чалавек урэшце ідзе да чалавека. I наша маці гаварыла тое самае.
— Тое самае гаварыў і Акела ў Ноч Дзікіх Сабак,— прамармытаў Маўглі.
— Тое ж гаварыў і Каа, які разумнейшы за ўсіх нас.
— А што скажаш ты, Шэры Брат?
Шэры Брат нейкі час бег рыссю, не адказваючы, потым сказаў з прыпынкамі ад скачка да скачка:
— Дзіцяня — Гаспадар Джунгляў — мой зводны брат! Твая дарога — гэта мая дарога, тваё жыллё — маё жыллё, твая здабыча — мая здабыча, і твой смяротны бой — мой смяротны бой. Я гавару і за астатніх трох. Але што скажаш ты джунглям?
— Добра, што ты пра гэта падумаў. Няма чаго доўга чакаць, калі бачыш здабычу. Ідзі і пакліч усіх на Скалу Савета, а я раскажу ім, што ў мяне ў галаве.
У любы іншы час на кліч Маўглі сабраліся б, натапырыўшы загрыўкі, усе джунглі, але цяпер ім было не да гэтага — яны спявалі новыя песні.
I калі Маўглі з цяжарам на сэрцы падняўся па добра знаёмых скалах на тое месца, дзе яго калісьці прынялі ў Чараду, ён застаў там толькі сваю чацвёрку ваўкоў, Балу, амаль зусім сляпога ад старасці, і цяжкавагавага, спакойна-халоднага Каа, які скруціўся ў кальцо вакол апусцелага месца Акелы.
— Значыцца, твая дарога канчаецца тут, чалавечак?— сказаў Каа, калі Маўглі кінуўся на зямлю.— Яшчэ калі мы сустрэліся ў Халодных Бярлогах, я гэта ведаў. Чалавек урэшце ідзе да чалавека, хоць джунглі яго і не праганяюць.
Чацвёра ваўкоў паглядзелі адзін на аднаго, потым на Маўглі — здзіўлена, але пакорна.
— Дык джунглі не праганяюць мяне? — ледзьве вымавіў Маўглі.
Шэры Брат і астатнія тры ваўкі люта забурчалі і пачалі былі: «Пакуль мы жывыя, ніхто не асмеліцца...», але Балу спыніў іх.
— Я вучыў цябе Закону. Слова належыць мне,— сказаў ён,— і хоць я цяпер не бачу скалаў перад сабою, затое бачу далей. Жабянятка, ідзі сваёй дарогай, жыві там, дзе жыве твая кроў, твая Чарада і твой Народ. Але калі табе спатрэбіцца кіпцюр, або зуб, або вока, або слова, хутка перададзенае ўночы, дык памятай, Гаспадар Джунгляў, што джунглі — твае, варта толькі паклікаць.
— I сярэднія джунглі таксама твае,— сказаў Каа.— Я не кажу пра Маленькі Народ.
— О браты мае!—усклікнуў Маўглі, з рыданнем распасціраючы да іх рукі.— Я не хачу ісці адсюль, але мяне быццам цягне за абедзве нагі. Як я пайду ад гэтых начэй?
— He, глядзі сам, Маленькі Брат,— паўтарыў Балу.— Няма нічога ганебнага ў гэтым паляванні. Калі мёд з’едзены, мы пакідаем пусты вулей.
— Скінуўшы скуру, ужо не залезеш у яе зноў. Такі Закон,— сказаў Каа.
— Паслухай, маё золатца,— сказаў Балу.— Ніхто тут не будзе затрымліваць цябе,— ні словам, ні справай. Глядзі сам. Хто будзе спрачацца з Гаспадаром Джунгляў? Бачыў я, як ты забаўляўся вунь там белымі каменьчыкамі, калі быў маленькім Жабяняткам. I Багіра, якая аддала за цябе маладога, толькі што забітага буйвала, бачыла цябе таксама. Пасля таго агляду засталіся толькі мы адны, бо твая прыёмная маці памерла, памёр і твой прыёмны бацька. Старой Воўчай Чарады даўно ўжо няма. Ты сам ведаеш, чым скончыў Шэр-Хан, Акелу ж забілі Дзікія Сабакі; яны загубілі б і ўсю Сіянійскую
Чараду, калі б не твае мудрасць і сіла. Засталіся адны старыя. I ўжо не дзіцяня просіць дазволу ў Чарады, а Гаспадар Джунгляў выбірае новую дарогу. Хто будзе спрачацца з чалавекам і яго звычаямі?
— А як жа Багіра і буйвал, які выкупіў мяне? — сказаў Маўглі.— Мне не хацелася б...
Яго словы былі перапынены рыкам і трэскам у гушчары пад гарою, і з’явілася Багіра, лёгкая, дужая і грозная, як заўсёды.
— Вось чаму,— сказала пантэра, выстаўляючы ўперад акрываўленую правую лапу,— вось чаму я не прыходзіла. Паляванне было доўгае, але цяпер ён ляжыць забіты ў кустах, той буйвал, які вызваліць цябе, Маленькі Брат. Усе даўгі сплочаны цяпер поўнасцю. Што ж датычыцца астатняга, дык я скажу тое самае, што і Балу.— Яна лізнула нагу Маўглі.— He забывай, што Багіра любіла цябе!—крыкнула яна і скачкамі памчалася прэч.
Каля падножжа ўзгорка яна зноў крыкнула моцна і працягла: