Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
— Мая здабыча! — агрызнуўся воўк і зморшчыў нос.— Пакінь яе мне!
— Няўжо табе ўсё яшчэ мала, Чужынец? — сказаў Маўглі.
Вантала быў страшэнна пашматаны, але трымаў сабаку, нібы ў цісках, і той не мог паварушыцца.
— Клянуся буйвалам, што выкупіў мяне,— зларадна смеючыся, крыкнуў Маўглі,— гэта Куртаты!
I сапраўды, гэта быў вялікі цёмна-руды важак.
Адзін з сабак падскочыў на дапамогу важаку, але, перш чым яго зубы ўпіліся ў бок Ванталы, нож Маўглі ўжо тырчаў у яго грудзях, а Шэры Брат дакончыў астатняе.
— Вось як робіцца ў нас у джунглях!—сказаў Маўглі.
Вантала не адказаў ні слова, толькі сківіцы старога адзінца сціскаліся ўсё мацней і мацней, па меры таго як жыццё пакідала яго. Сабака ўздрыгнуў, апусціў галаву і замёр. Вантала замёр над ім.
— Цішэй! Доўг Крыві сплочаны!—сказаў Маўглі.— Праспявай сваю песню, Вантала!
— Ён больш не выйдзе на паляванне,— сказаў Шэры Брат.— I Акела таксама маўчыць, ужо даўно.
— Мы разгрызлі косці!—прагрымеў Пхао, сын Пхаоны.— Яны ўцякаюць! Забівайце, забівайце іх, Паляўнічыя Вольнага Народа!
Сабакі адзін за другім крадком разбягаліся з пацямнелых ад крыві водмеляў да ракі, у густыя джунглі, уверх па цячэнні або ўніз па цячэнні — туды, дзе дарога была свабодная.
— Доўг! Доўг!—крыкнуў Маўглі.— Плаціце Доўг! Яны забілі Акелу! Няхай ніводзін з іх не выйдзе адсюль жывым!
Ён памчаўся да берага з нажом у руцэ, каб не даць уцячы ніводнаму сабаку, які адважыўся б кінуцца ў раку. Але тут з-пад гары мёртвых целаў паказалася галава і пярэднія лапы Акелы, і Маўглі апусціўся перад ім на калені.
— Хіба я не казаў, што гэта будзе мой апошні бой? — прашаптаў Акела.— Слаўнае было паляванне. А як ты, Маленькі Брат?
— Я жывы, Акела...
— Хай будзе так. Я паміраю, і я хацеў бы... хацеў бы памерці бліжэй да цябе, Маленькі Брат.
Маўглі палажыў страшную, усю ў ранах галаву Акелы сабе на калені і абхапіў рукамі яго скусаную шыю.
— Даўно мінулі часы, калі жывы быў ІПэр-Хан, а чалавечае дзіцяня качалася голае ў пыле,— кашляючы, сказаў Акела.
— He, не, я воўк! Я адной крыві з Вольным Народам! — усклікнуў Маўглі.— He па сваёй волі я стаў чалавекам!
— Ты чалавек, Маленькі Брат, ваўчаня, узгадаванае мною. Ты чалавек, інакш Чарада ўцякала б ад Дзікіх Сабак. Табе я абавязаны жыццём, а сёння ты выратаваў усю Чараду, як я калісьці выратаваў цябе. Хіба ты не памятаеш? Цяпер сплочаны ўсе даўгі. Ідзі да свайго народа. Кажу табе яшчэ раз, зрэнка майго вока, паляванне скончана. Ідзі да свайго народа.
— Я не пайду. Я пачну хадзіць на паляванне ў джунглях адзін. Я ўжо казаў.
— Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў — вясна. Ідзі, пакуль цябе не прымусяць пайсці. Ідзі да свайго народа. Ідзі да чалавека. Больш мне няма чаго табе сказаць. Цяпер я буду гаварыць са сваімі. Маленькі Брат, можаш ты падняць мяне на ногі? Я ж таксама Важак Вольнага Народа.
Вельмі асцярожна і ласкава Маўглі падняў Акелу на
ногі, абхапіўшы яго абедзвюма рукамі, а воўк глыбока ўздыхнуў і пачаў Песню Смерці, якую павінен спяваць кожны важак паміраючы. Песня станавілася ўсё болып і болып гучнай, гучала ўсё мацней і мацней, прагрымела далёка за ракой, а калі замоўкла апошняе «Добрага палявання!», Акела выслабаніўся на момант з рук Маўглі, падскочыў у паветра і ўпаў мёртвы на сваю апошнюю, страшную здабычу.
Маўглі сядзеў, звесіўшы галаву на калені, забыўшы пра ўсё, а тым часам апошняга з параненых сабак дагналі і прыкончылі бязлітасныя ваўчыцы. Паступова крыкі заціхлі, і ваўкі, кульгаючы, вярнуліся лічыць мёртвых. Пятнаццаць ваўкоў з Чарады, а з імі шэсць ваўчыц ляжалі мёртвыя каля ракі, і з усіх астатніх не было ніводнага, які б ні быў не паранены. Маўглі праседзеў усю ноч, да халоднага світанку. Вільготная ад крыві пыса Пхао легла яму на руку, і Маўглі адсунуўся, каб той мог бачыць распасцёртае цела Акелы.
— Добрага палявання! — сказаў Пхао, быццам Акела быў яшчэ жывы, а потым павярнуўся і кінуў цераз пакусанае плячо астатнім:—Выйце, сабакі! Сёння памёр Воўк!
Затое з усёй чарады рудых сабак, з двухсот паляўнічых Дэкана, якія выхваляліся тым, што нішто жывое ў джунглях не можа ім супраціўляцца, ніводзін не вярнуўся ў Дэкан з гэтай весткай.
ВЯСНОВЫ БЕГ
На другі год пасля вялікай бітвы з Дзікімі Сабакамі і смерці Акелы Маўглі было гадоў семнаццаць. 3 выгляду ён здаваўся старэйшым, бо ад узмоцненага руху, самай лепшай ежы і звычкі купацца, як толькі яму станавілася горача або душна, ён зрабіўся не па гадах дужы і рослы. Калі яму трэба было агледзець лясныя дарогі, ён мог паўгадзіны вісець, трымаючыся адной рукой за галіну. Ён мог спыніць на бягу маладога аленя і паваліць яго на бок, ухапіўшы за рогі. Мог нават збіць з ног вялікага дзіка з тых, што жывуць у балотах на поўначы. Народ Джунгляў, які раней баяўся Маўглі, паколькі ён меў вялікі розум, цяпер пачаў баяцца яго сілы, і калі Маўглі спакойна ішоў па сваіх
справах, шэпт пра яго прыход расчышчаў перад ім лясныя сцежкі. I ўсё ж яго позірк заставаўся заўсёды лагодным. Нават калі ён біўся, яго вочы не палалі агнём, як у чорнай пантэры Багіры. Яго позірк станавіўся толькі болып уважлівым і ажыўленым, і гэта было незразумела нават для самой Багіры.
Аднойчы яна спытала пра гэта Маўглі, і ён адказаў: — Калі я прамахнуся на паляванні, дык бываю злосны. Калі пагаладаю дні два, дык бываю вельмі злосны. Хіба па маіх вачах гэта не прыкметна?
— Рот у цябе галодны,— сказала яму Багіра,— а па вачах гэтага не відаць. На паляванні ты, ясі ці плаваеш — яны заўсёды адны і тыя ж.
Маўглі ляніва зірнуў на пантэру з-пад доўгіх веек, і яна, як заўсёды, апусціла галаву. Багіра ведала, хто яе гаспадар.
Яны ляжалі на схіле гары высока над ракой Вайнгангай, і ранішнія туманы распасціраліся пад імі зялёнымі і белымі палосамі. Калі ўзышло сонца, гэтыя палосы туману ператварыліся ў хвалістае чырвона-залатое мора, потым узняліся ўгору, і нізкія, косыя промні леглі на сухую траву, дзе адпачывалі Маўглі з Багірай. Халодная пара набліжалася да канца, лістота на дрэвах завяла і пацямнела, і ад ветру ў ёй узнікаў сухі аднастайны шолах. Адзін маленькі лісток шалёна біўся аб галінку ад ветру. Гэта разбудзіла Багіру. Яна ўдыхнула ранішняе паветра з працяглым, глухім кашлем, перакулілася на спіну і пярэднімі лапамі ўдарыла па трапяткім лістку.
— Год прыйшоў да павароту,— сказала яна.— Джунглі рушылі ўперад. Набліжаецца Час Новых Прамоў. I лісток гэта ведае. Гэта вельмі добра!
— Трава яшчэ сухая,— адказаў Маўглі, вырываючы з карэннем пучок травы.— Нават Вясновае Вочка (маленькая чырвоная кветачка, падобная на васковы звано-
чак),— нават Вясновае Вочка яшчэ не распусцілася... Багіра, ці да твару чорнай пантэры валяцца на спіне і біць лапамі па паветры, быццам лясной кошцы?
— Аоу! — адгукнулася Багіра. Відаць было, што яна думае пра штосьці іншае.
— Паслухай, ну ці да твару чорнай пантэры гэтак крыўляцца, кашляць, выць і качацца па траве? He забывайся, што мы з табой гаспадары джунгляў.
— Так, гэта праўда, я чую, дзіцяня.— Багіра паспешліва перавярнулася і абтрэсла пыл са сваіх ускудлачаных чорных бакоў (яна якраз ліняла пасля зімы).— Вядома, мы з табой гаспадары джунгляў! Хто гэткі дужы, як Маўглі? Хто гэткі мудры?
Яе голас быў дзіўна працяглы, і Маўглі азірнуўся паглядзець, ці не смяецца з яго чорная пантэра, бо ў джунглях шмат слоў, гук якіх разыходзіцца з сэнсам.
— Я сказала, што мы з табой, вядома, гаспадары джунгляў,— паўтарыла Багіра.— Хіба я памылілася? Я не ведала, што дзіцяня больш не ходзіць па зямлі. Значыцца, яно лятае?
Маўглі сядзеў, абапёршыся локцямі на калені, і пазіраў на даліну, асветленую сонцам. Дзесьці ў лесе пад гарою птушка спрабавала хрыплым, фальшывым голасам першыя ноты сваёй вясновай песні. Гэта быў толькі цень паўнагучнай, пералівістай песні, якая разліецца па джунглях пазней. Але Багіра пачула яе.
— Гэта Ферао, чырвоны дзяцел,— сказала Багіра.— Ён памятае. Мне таксама трэба ўспомніць маю песню.— I яна пачала вуркатаць і напяваць сама сабе, час ад часу змаўкаючы і прыслухоўваючыся.
У джунглях Індыі поры года пераходзяць адна ў другую амаль непрыкметна. Іх як быццам усяго дзве: сухая і дажджлівая, але калі прыгледзецца да патокаў дажджу і воблакаў смецця і пылу, дык выявіцца, што ўсе чатыры поры года змяняюць адна адну ў належным
парадку. Самае дзівоснае ў джунглях — вясна, бо ёй не прыходзіцца пакрываць голае, чыстае поле новай травой і кветкамі, ёй трэба прабіцца скрозь леташнюю, яшчэ зялёную лістоту, над якой злітавалася мяккая зіма, каб стомленая, напаўадзетая зямля зноў адчула сябе юнай і свежай. I вясна гэта робіць так хораша, што няма на свеце друг.ой такой вясны, як у джунглях.
Настае дзень, калі ўсё ў джунглях блякне і самі пахі, якімі насычана цяжкае паветра, нібы старэюць і выдыхаюцца. Гэтага не растлумачыш, але гэта адчуваецца. Потым надыходзіць другі дзень, калі ўсе' пахі новыя і чароўныя і зімовая поўсць сыходзіць у звяроў доўгімі злямчанымі шматкамі. Пасля гэтага выпадае іншы раз невялікі дожджык, і ўсе дрэвы, кусты, бамбук, мох і сакавітае лісце раслін, абудзіўшыся, ідуць у рост з шумам, які можна чуць. А за гэтым шумам і ўночы і ўдзень струменіцца нягучны гул. Гэта шум вясны, трапяткі гуд — не гудзенне пчол, і не цурчанне вады, і не вецер у вяршалінах дрэў, а голас прыгрэтага сонцам, шчаслівага свету.
Раней Маўглі заўсёды радаваўся змене пораў года. Гэта ён заўсёды прыкмячаў Першае Вясновае Вочка глыбока ў гушчары травы і першую граду вясновых воблакаў, якую ў джунглях ні з чым не зблытаеш. Яго голас можна было пачуць уночы, пры святле зорак, у сырых нізінах, густа ўсыпаных кветкамі; там ён падпяваў хору вялікіх жаб або перадражніваў маленькіх соў-пярэваратняў, што вухкаюць усю вясновую ноч навылёт. Як і ўвесь яго народ, з чатырох пораў года ён выбіраў вясну для сваіх вандровак — проста дзеля асалоды бегаць, рассякаючы цёплае паветра, ад змяркання да ранішняй зоркі і вяртацца, рагочучы і задыхаючыся, у вянку са свежых кветак. Чацвёрка ваўчанят не кружыла разам з ім па джунглях — яна ішла спяваць песні з іншымі ваўкамі.
У жыхароў джунгляў бывае шмат клопатаў вясною, і Маўглі чуў, як яны рыкаюць, крычаць або свішчуць, гледзячы па тым, што належыць рабіць іхняй пародзе. Іх галасы гучаць тады не так, як у іншыя поры года, і гэта адна з прычын, чаму вясна называецца Часам Новых Прамоў.