Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
— Яна ўся цэлая, нават і лускавінкі на вачах цэлыя,— нягучна сказаў Маўглі, забаўляючыся скінутай скурай.— Як дзіўна бачыць каля сваіх ног тое, што пакрывала галаву!
— Так, але ног у мяне няма,— адказаў Каа,— і я не бачу тут нічога дзіўнага, гэта звычай майго народа. Хіба ты ніколі не адчуваеш, што скура ў цябе сухая і цвёрдая?
— Тады я іду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялікую гарачыню мне хочацца скінуць скуру зусім і бегаць без скуры.
— Я і купаюся і мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?
Маўглі правёў рукой па косых клетках вялізнай спіны.
— У чарапахі спіна цвярдзейшая, але не такая стракатая,— сказаў ён у задуменні.— У жабы, маёй цёзкі, яна болып стракатая, але не такая цвёрдая. 3 выгляду вельмі прыгожа, нібы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.
— Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!
— Я панясу цябе,— сказаў Маўглі і, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялізнае цела Каа там, дзе яно здавалася самым тоўстым.
Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчыні, і Каа ляжаў нерухома, ціха пыхкаючы ад асалоды. Потым у іх пачалася звычайная вячэрняя гульня — хлопчык уросквіце сілы і ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалі барукацца адзін з адным,
выпрабоўваючы зоркасць і сілу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такіх, як Маўглі, калі б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, ніколі не выкарыстоўваў і дзесятай долі сваёй магутнасці.
Як толькі Маўглі стаў дастаткова дужы, каб з ім можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульні, і яго цела зрабілася пасля такіх практыкаванняў надзвычай гнуткім. Іншы раз Маўглі стаяў, абкручаны амаль да горла гібкімі кольцамі Каа, намагаючыся вызваліць адну руку і ўхапіць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглі сваімі шпаркімі нагамі не даваў знайсці пункт апоры вялізнаму хвасту, які выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдваліся ўзад і ўперад, галава каля галавы, кожны выбіраючы момант для нападу, і нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў віхор чорных з жоўтым кольцаў і мільгаючых ног і рук, каб зноў і зноў падняцца.
— Ну-ну-ну!—гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якіх не магла адбіць нават шпаркая рука Маўглі.— Глядзі! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькі Брат! Вось і вось! Рукі ў цябе анямелі, ці што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, імклівым ударам галавы Каа заўсёды збіваў хлопчыка з ног. Маўглі так і не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; і, як казаў Каа, на гэта не варта было траціць часу.
— Добрага палявання!—прабурчаў нарэшце Каа.
I Маўглі, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся і рагочучы.
Ён падняўся з поўнымі жменямі травы і пайшоў за Каа да любімага месца купання мудрай змяі— глыбокай, чорнай як смоль затокі, акружанай скаламі і асабліва прывабнай таму, што на дне яе ляжалі ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна Ki-
нуўся ў ваду і нырнуў; потым вынырнуў, таксама без ніводнага гуку, лёг на спіну, заклаўшы рукі пад галаву, і, пазіраючы на месяц, што ўзышоў над скаламі, пачаў разбіваць пальцамі ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, і, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглі. Яны ляжалі нерухома, цешачыся прахалодай, што ахінала іх.
— Як цудоўна!—сонна сказаў Маўглі.— А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажыліся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак і, закрыўшыся як мага з усіх бакоў ад свежага ветру, захутваліся з галавой затхлымі анучамі і заводзілі носам нудныя песні. У джунглях лепш!
Таропкая кобра праслізнула паўз іх на скале, напілася, пажадала ім добрага палявання і знікла.
— О-о-ш!—сказаў Каа, быццам успомніў штосьці.— Дык, значыцца, джунглі даюць табе ўсё, чаго табе толькі хочацца, Маленькі Брат?
— He ўсё,— сказаў Маўглі і засмяяўся,— a то можна было б кожны месяц забіваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забіць яго сваімі рукамі і не прасіць дапамогі ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца іншы раз, каб сонца свяціла ў час дажджоў або каб дажджы закрылі сонца ў разгар лета. А калі я галодны, мне заўсёды хочацца забіць казу, а калі заб’ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калі гэта алень, хочацца, каб гэта быў нільгау. Але ж так бывае з усімі.
— I больш табе нічога не хочацца? — спытаў Каа.
— А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглі і Ласка Джунгляў! Хіба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце паміж усходам і захадам?
— А кобра казала...— пачаў Каа.
— Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нічога не казала: яна выправілася на паляванне.
— He гэтая, а другая.
— I шмат y цябе спраў з Ядавітым Народам? Я іх не чапаю, няхай ідуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэдніх зубах, і гэта нядобра — яны такія маленькія. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?
Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалі.
— Тры ці чатыры месяцы назад,— сказаў ён,— я быў на паляванні ў Халодных Бярлогах — ты, можа, яшчэ не забыўся пра іх,— і стварэнне, за якім я гнаўся, з віскам кінулася паўз вадаёмы да таго дома, які я калісьці праламаў дзеля цябе, і ўцякло пад зямлю.
— Але ў Халодных Бярлогах ніхто не жыве пад зямлёй.— Маўглі сцяміў, што Каа гаворыць пра Малпін Народ.
— Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё,— адказаў Каа, высоўваючы трапяткі язык.— Яно запаўзло ў нару, якая ішла вельмі далёка. Я папоўз за ім, забіў яго, а потым заснуў. А калі прачнуўся, дык папоўз уперад.
— Пад зямлёю?
— Ara. I нарэшце натрапіў на Белы Клабук — белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы і паказала мне шмат такога, чаго я ніколі яшчэ не бачыў.
— Новую дзічыну? I добрае было ў цябе паляванне? — Маўглі шпарка перавярнуўся на другі бок.
— Гэта была не дзічына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзі — а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду,— што людзі аддалі б усё да апошняга дыхання, каб толькі зірнуць на гэтыя рэчы.
— Паглядзім!—сказаў Маўглі.— Цяпер я ўспамінаю, што калісьці быў чалавекам.
— Ціха, ціха! Паспешлівасць загубіла Жоўтую Змяю, якая з’ела сонца. Мы пагаварылі пад зямлёй, і я расказаў пра цябе, называючь цябе чалавекам. Белая кобра
сказала (а яна сапраўды старая, як джунглі): «Даўно ўжо не бачыла я чалавека. Няхай прыйдзе, тады і пабачыць усе гэтыя рэчы. За самую малую з іх шмат хто з людзей не пашкадаваў бы жыцця».
— Значыцца, гэта новая дзічына. А Ядавіты Народ ніколі ж не кажа нам, дзе ёсць няпуджаная дзічына. Яны недружалюбныя.
— Гэта не дзічына. Гэта... гэта... я не магу сказаць, што гэта такое.
— Мы пойдзем туды. Я ніколі яшчэ не бачыў белай кобры, ды і на ўсё астатняе мне таксама хочацца паглядзець. Гэта яна іх забіла?
— Яны ўсе нежывыя. Кобра сказала, што пільнуе іх.
— А! Як воўк пільную здабычу, калі прывалачэ яе ў логава. Хадзем!
Маўглі падплыў да берага, пакачаўся па траве, каб абсохнуць, і яны ўдвух рушылі да Халодных Бярлогаў — закінутага горада, пра які вы, магчыма, чыталі. Маўглі цяпер ані не баяўся малпаў, затое малпы дрыжалі ад страху перад Маўглі. Але Малпіна племя гойсала цяпер па джунглях, і Халодныя Бярлогі стаялі ў святле месяца пустыя і маўклівыя.
Каа падпоўз да руінаў княжацкай альтанкі пасярэдзіне тэрасы, перабраўся цераз кучы шчэбню і слізгануў уніз па засыпанай абломкамі лесвіцы, якая вяла ў падзямелле. Маўглі падаў Змяіны Покліч: «Мы з вамі адной крыві, вы і я!» — і папоўз за ім на карачках. Абодва яны доўга паўзлі па нахіленым калідоры, які некалькі разоў паварочваў убок, і нарэшце дабраліся да такога месца, дзе корань старога дрэва, што ўзнімалася над зямлёй футаў на трыццаць, выціснуў са сцяны вялікі камень. Яны пралезлі ў дзірку і апынуліся ў прасторным падзямеллі, скляпенні якога, рассунутыя каранямі дрэў, таксама былі ўсе ў расколінах, так што зверху ў цемру падалі тонкія праменьчыкі святла.
— Надзейны прытулак!—сказаў Маўглі і выпрастаўся на ўвесь рост. — Толькі ён занадта далёка, каб кожны дзень у ім бываць. Ну, а што ж мы тут убачым?
— Хіба я нішто?— сказаў чыйсьці голас у глыбіні падзямелля.
Перад Маўглі мільгнула штосьці белае, і паступова ён разгледзеў такую вялізную кобру, якіх ён дагэтуль не сустракаў,— амаль восем футаў даўжынёй, вылінялую ад жыцця ў цемры да жаўцізны старой слановай косці. Нават акуляры на раздзьмутым клабуку зрабіліся ў яе бледна-жоўтымі. Вочы ў кобры былі чырвоныя, як рубіны, і ўся яна была такая дзіўная з выгляду.
— Добрага палявання!—сказаў Маўглі, у якога ветлівыя словы, як і паляўнічы нож, былі заўсёды напагатове.
— Што новага ў горадзе? — спытала белая кобра, не адказваючы на прывітанне.— Што новага ў вялікім горадзе.. абгароджаным сцяною, у горадзе сотні сланоў, дваццаці тысяч коней і незлічоных статкаў,— у горадзе князя над дваццаццю князямі? Я станаўлюся тугаватай на вуха і даўно ўжо не чула баявых гонгаў.
— Над намі джунглі,— сказаў Маўглі.— Са сланоў я ведаю толькі Хатхі і яго сыноў. А што такое «князь»?
— Я гаварыў табе,— лагодна сказаў Каа,— я гаварыў табе чатыры месяцы назад, што твайго горада ўжо няма.
— Горад, вялікі горад у лесе, чые вароты ахоўваюцца княжацкімі вежамі, не можа знікнуць. Яго пабудавалі яшчэ да таго, як дзед майго дзеда вылупіўся з яйка, і ён будзе стаяць і тады, калі сыны маіх сыноў пабялеюць, як я. Саладхі, сын Чандрабіджы, сына Війеджы, сына Ягасары, пабудаваў яго ў даўнія часы. А хто ваш уладар?
— След згубіўся,— сказаў Маўглі, звяртаючыся да Каа.— Я не разумею, што яна гаворыць.
— Я таксама. Яна вельмі старая... Прамаці Кобраў,
тут навокал адны толькі джунглі, як і было заўсёды, ад самага пачатку.
— Тады хто ж ён,— спытала белая кобра,— той, што сядзіць перада мною і не баіцца? Той, што не ведае імені князя і размаўляе на нашай мове вуснамі чалавека? Хто ён, з нажом паляўнічага і мовай змяі?
— Мяне завуць Маўглі,— быў адказ.— Я з джунгляў. Ваўкі — мой народ, а гэта Каа, мой брат. А ты хто, Маці Кобраў?
— Я вартавы княжацкага скарбу. Каран Раджа палажыў нада мною камяні яшчэ тады, калі ў мяне была цёмная скура, каб я забівала тых, што прыйдуць сюды красці. Потым скарбы апусцілі пад камень, і я пачула спевы жрацоў, маіх настаўнікаў.