Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
Ужо апусціўся змрок, калі ён убачыў знаёмую пашу і дрэва дхак, пад якім чакаў яго Шэры Брат у тую раніцу, як Маўглі забіў Шэр-Хана. Які ні злосны быў ён на ўсіх людзей, усё ж пры першым позірку на вясковыя стрэхі ў яго заняло дух. Ён прыкмеціў, што ўсе вярнуліся з поля раней часу і, замест таго каб узяцца за прыгатаванне вячэры, сабраліся натоўпам пад вясковай смакоўніцай, адкуль чуліся гоман і крык.
— Людзям абавязкова трэба ставіць пасткі для іншых людзей, а без гэтага яны ўсё будуць незадаволены,— сказаў Маўглі.— Дзве ночы назад яны лавілі Маўглі, а зараз мне здаецца, што гэтая ноч была многа дажджоў назад. Сёння чарга Месуі з мужам. А заўтра, і паслязаўтра, і на шмат начэй пасля таго зноў надыдзе чарга Маўглі.
Ён прапоўз пад агароджай і, дабраўшыся да хаціны Месуі, зазірнуў у акно. У пакоі ляжала Месуа, звязаная па руках і нагах, і стагнала, цяжка дыхаючы, яе муж быў прывязаны рамянямі да страката размаляванага ложка. Дзверы хаціны, што выходзілі на вуліцу, былі моцна падпёрты, і тры ці чатыры чалавекі сядзелі, прыхіліўшыся да іх спіной.
Маўглі вельмі добра ведаў норавы і звычаі вёскі. Ён сцяміў, што, пакуль людзі ядуць, кураць і размаўляюць, нічога іншага яны рабіць не будуць; але пасля таго, як яны паядуць, іх трэба асцерагацца. Хутка вернецца і Балдзео, і калі яго павадыры добра саслужылі сваю службу, яму будзе пра што расказаць. Хлопчык залез у акно, нагнуўся над мужчынам і жанчынай і разрэзаў рамяні, што звязвалі іх, дастаў затычкі з рота і пашукаў, ці няма ў хаціне малака.
— Я ведала, я ведала, што ён прыйдзе! — заплакала Месуа.— Цяпер я ведаю пэўна, што ён мой сын.— I яна прытуліла Маўглі да грудзей.
Да гэтай хвіліны Маўглі быў зусім спакойны, але тут ён увесь задрыжаў і сам невыказна здзівіўся гэтаму.
— Для чаго гэтыя рамяні? За што яны звязалі цябе? — спытаў ён, памаўчаўшы.
— Каб пакараць за тое, што мы ўзялі цябе сынам, за што ж яшчэ? — сказаў муж сярдзіта.— Паглядзі — я ўвесь у крыві.
Месуа нічога не сказала, але Маўглі зірнуў на яе раны, і муж з жонкай пачулі, як ён скрыгатнуў зубамі.
— Чыя гэта работа? — спытаў ён.— За гэта яны паплоцяцца!
— Гэта работа ўсёй вёскі. Мяне лічылі багацеем. У мяне было шмат жывёлы. Мы з ёю ведзьмакі, таму што далі табе прытулак.
— Я не разумею! Няхай раскажа Месуа.
— Я карміла цябе малаком, Натху, ты памятаеш?—
нясмела спытала Месуа.— Таму што ты мой сын, якога схапіў тыгр, і таму што я моцна цябе люблю. Яны кажуць, што я твая маці, маці пярэваратня, і за гэта павінна памерці.
— А што такое пярэварацень? — спытаў Маўглі.— Смерць я ўжо бачыў.
Муж панура зірнуў на яго спадылба, але Месуа засмяялася.
— Бачыш? — сказала яна мужу.— Я ведала, я табе гаварыла, што ён не вядзьмар. Ён мой сын, мой сын!
— Сын ці вядзьмар — якая нам з гэтага карысць? — адказаў муж.— Цяпер мы з табою ўсё роўна што памерлі.
— Вунь там ідзе дарога праз джунглі,— паказаў Маўглі ў акно.— Рукі і ногі ў вас развязаны. Ідзіце адсюль.
— Мы не ведаем джунгляў, сын мой, так, як... як ты іх ведаеш,— пачала Месуа.— Мне не адысціся далёка.
— А людзі пагоняцца за намі і зноў прывядуць нас сюды,— сказаў яе муж.
— Гм!—сказаў Маўглі, водзячы кончыкам паляўнічага нажа па сваёй далоні.— Пакуль што я не хачу ліха нікому ў гэтай вёсцы. He думаю, аднак, што цябе запыняць. Яшчэ крышку — і ў іх знойдзецца пра што падумаць. Ага! — Ён узняў галаву і прыслухаўся да крыкаў і беганіны за дзвярамі.— Нарэшце яны адпусцілі Балдзео дадому!
— Яго паслалі раніцай забіць цябе,— сказала Месуа.— Хіба ты яго не сустрэў?
— Ага, мы... я сустрэў яго. Яму ёсць пра што расказаць. А пакуль ён гаворыць, можна шмат што зрабіць. Але спачатку трэба даведацца, чаго яны хочуць. Падумайце, куды вам лепш пайсці адгэтуль, і скажыце мне, як я вярнуся.
Ён выскачыў праз акно і зноў пабег, хаваючыся пад вясковай сцяной, пакуль яму не стаў чуваць гоман натоўпу, што сабраўся пад смакоўніцай.
Балдзео кашляў і стагнаў, лежачы на зямлі, а ўсе астатнія абступілі яго і распытвалі. Валасы ў яго" раскудлаціліся, рукі і ногі ён паабдзіраў, залазячы на дрэва, і ледзь мог гаварыць, але затое вельмі добра разумеў усю значнасць свайго становішча.
Час ад часу ён пачынаў гаварыць штосьці пра пявучых чарцей, пярэваратняў і вядзьмарства толькі для таго, каб распаліць цікаўнасць і намякнуць натоўпу, пра што ён будзе расказваць. Потым ён папрасіў вады.
— Так!—сказаў Маўглі.— Словы і словы! Адна балбатня! Людзі — крэўныя браты малпаў. Спачатку ён будзе паласкаць рот вадой, потым курыць, а зрабіўшы ўсё гэта, пачне расказваць. Ну і дурні гэтыя людзі! Яны не паставяць нікога пільнаваць Месую, пакуль Балдзео тлуміць ім галовы сваімі байкамі. I я раблюся гэткім жа гультаём!
Ён страпянуўся і праслізнуў назад да хаціны. Ён ужо быў пад акном, калі адчуў, што нехта лізнуў яму нагу.
— Маці,— сказаў ён, пазнаўшы Ваўчыху,— што тут робіш ты?
— Я пачула, як мае дзеці спяваюць у лесе, і пайшла за тым, каго люблю больш за ўсіх. Жабянятка, я хачу бачыць жанчыну, якая карміла цябе малаком,— сказала Маці Ваўчыха, уся мокрая ад расы.
— Яе звязалі і хочуць забіць. Я разрэзаў рамяні, і яна з мужам пойдзе адсюль праз джунглі.
— Я таксама правяду іх. Я старая, але яшчэ не зусім бяззубая. — Маці Ваўчыха стала на заднія лапы і заглянула праз акно ў цёмную хаціну.
Потым яна бясшумна апусцілася на ўсе чатыры лапы і сказала толькі:
— Я першая карміла цябе малаком, але Багіра кажа праўду: чалавек у рэшце рэшт ідзе да чалавека.
— Магчыма,— сказаў Маўглі вельмі панура,— толькі я зараз далёкі ад гэтай дарогі. Пачакай тут, але не паказвайся ёй.
— Ты ніколі мяне не баялася, Жабянятка,— сказала Маці Ваўчыха. Яна адступіла на крок назад і знікла ў высокай траве — гэта яна ўмела рабіць вельмі добра.
— А цяпер,— весела сказаў Маўглі, зноў скокнуўшы ў акно,— усе сабраліся вакол Балдзео, і ён расказвае тое, чаго не было. А калі ён скончыць, яны абавязкова прыйдуць сюды з Чырвонай... з агнём і спаляць вас абаіх. Што ж рабіць?
— Мы пагаварылі з мужам,— сказала Месуа.— Канхівара за трыццаць міляў адгэтуль. Калі мы дабяромся туды сёння, мы будзем жыць. Калі не — памром.
— Вы будзеце жыць. Ніводзін чалавек не выйдзе сёння за вароты. Але што гэта ён робіць?
Муж Месуі, стоячы на карачках, гроб зямлю ў кутку хаціны.
— Там у яго грошы,— сказала Месуа.— Болып мы нічога не можам узяць з сабою.
— Ах, так! Гэта тое, што пераходзіць з рук у рукі і не становіцца цяплейшым. Хіба яно бывае патрэбна і ў іншых месцах?
Муж сярдзіта азірнуўся.
— Які ён пярэварацень? Ён проста дурань!—прабурчаў ён.— За гэтыя грошы я магу купіць каня. Нас так збілі, што мы не зойдзем далёка, а вёска пагоніцца за намі.
— Кажу вам, што не пагоніцца, я гэтага не дазволю, але конь — гэта добра, бо Месуа знясілена.
Яе муж устаў, завязваючы ў пояс апошнюю рупію. Маўглі дапамог Месуі вылезці праз акно, і халаднаватае начное паветра ажывіла яе. Але джунглі пры святле зорак здаліся ёй вельмі цёмнымі і страшнымі.
— Вы ведаеце дарогу ў Канхівару? — прашаптаў Маўглі.
Яны кіўнулі.
— Добра. Помніце ж, што баяцца няма чаго. I спя-
шацца таксама не трэба. Толькі... толькі ў джунглях ззаду вас і наперадзе вас вы, магчыма, пачуеце спевы.
— Няўжо ты думаеш, што мы асмеліліся б пайсці ноччу ў джунглі, калі б не баяліся, што нас спаляць? Лепш няхай нас разарвуць звяры, чым заб’юць людзі,— сказаў муж Месуі.
Але сама Месуа паглядзела на Маўглі і ўсміхнулася.
— Кажу вам,— гаварыў далей Маўглі, быццам ён быў мядзведзь Балу і соты раз паўтараў няўважліваму ваўчаняці старажытны Закон Джунгляў,— кажу вам, што ні адзін зуб у джунглях не ашчэрыцца супраць вас, ні адна лапа ў джунглях не падымецца на вас. Hi чалавек, ні звер не запыняць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхівару. Вас будуць ахоўваць.— Ён шпарка павярнуўся да Месуі са словамі:—Муж твой не верыць мне, але ты паверыш?
— Так, вядома, сын мой. Чалавек ты ці воўк з джунгляў, але я табе веру.
— Ён спалохаецца, калі пачуе спевы майго народа. А ты пазнаеш і ўсё зразумееш. Ідзіце ж і не спяшайцеся, бо спяшацца няма патрэбы: вароты зачынены.
Месуа кінулася са слязьмі да ног Маўглі, але ён хуценька падняў яе, сам увесь калоцячыся. Тады яна павісла ў яго на шыі і называла ўсімі ласкавымі імёнамі, якія толькі прыйшлі ёй на памяць. Яны пайшлі, кіруючыся да джунгляў, і Маці Ваўчыха выскачыла са сваёй засады.
— Правядзі іх!—сказаў Маўглі.— I глядзі, каб усе джунглі ведалі, што іх няможна чапаць. Падай голас, а я паклічу Багіру.
Глухое, працяглае выццё пачулася і замерла, і Маўглі ўбачыў, як муж Месуі ўздрыгнуў і павярнуўся, гатовы ўцякаць назад да хаціны.
— Ідзі, ідзі!—падбадзёрыў яго Маўглі.— Я ж сказаў,
што вы пачуеце песню. Яна вас будзе праводзіць да самай Канхівары. Гэта— Ласка Джунгляў.
Месуа падштурхнула свайго мужа ўперад, і цемра спусцілася над імі і Ваўчыхай, як раптам Багіра выскачыла ледзь не з-пад ног Маўглі.
— Мне сорамна за тваіх братоў!—сказала яна муркаючы.
— Як гэта? Хіба яны кепска спявалі для Балдзео? — спытаў Маўглі.
— Занадта хораша! Занадта! Яны нават мяне змусілі забыцца на ўсякі гонар, і, клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, я бегала па джунглях і спявала, нібыта ўвесну. Хіба ты нас не чуў?
— У мяне быў іншы клопат. Спытай лепш у Балдзео, ці спадабалася яму песня. Але дзе ж уся чацвёрка? Я хачу, каб ніводзін з чалавечай чарады не выйшаў сёння за вароты.
— Дык навошта табе чацвёрка? — сказала Багіра. Пазіраючы на яго палаючымі вачамі, яна пераступала з Ha­ri на нагу і муркала-вуркала ўсё мацней.— Я магу затрымаць іх, Маленькі Брат. Гэтыя спевы і людзі, што караскаліся на дрэвы, падахвоцілі мяне. Я гналася за імі цэлы дзень — пры святле сонца, у самы поўдзень. Я пільнавала іх, як ваўкі пільнуюць аленяў. Я Багіра, Багіра, Багіра! Я скакала з імі, як скачу са сваім ценем. Глядзі!
I вялікая пантэра падскочыла, як кацяня, і пагналася за лістом, што падаў з дрэва; яна біла па паветры лапамі то ўправа, то ўлева, і паветра свістала пад яе ўдарамі, потым бясшумна стала на ўсе чатыры лапы, зноў падскочыла ўгору, і зноў, і зноў, і яе вуркатанне і бурчанне рабілася ўсё мацнейшым і мацнейшым, як спяванне пары ў катле, што закіпае на агні.
— Я Багіра — сярод джунгляў, сярод ночы!—і мая сіла ўся са мною! Хто вытрымае мой націск? Дзіцяня, адным ударам лапы я магла б размажджэрыць табе га-