Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
Алені і дзікі дарэмна шукалі цэлымі днямі чаго-небудзь лепшага за сухую кару і завялае лісце. Буйвалы не знаходзілі больш ні прахалоды ў мулістых затоках, ні зялёнай руні на палетках. Змеі пакінулі джунглі і прыпаўзлі да ракі, спадзеючыся злавіць цудам уцалелую жабу. Яны абвіваліся вакол мокрых камянёў і нават не варушыліся, калі дзікая свіння ў пошуках каранёў закранала іх лычом. Рачных чарапахаў даўным-даўно пералавіла Багіра, самая спрытная сярод звяроў-паляўнічых, а рыба пахавалася глыбока ў мул, які ад гарачыні парасколваўся зверху. Адна толькі Скала Міру доўгай змяёй выступала над мелямі, і вялыя хвалі ледзь чутна шыпелі, дакранаючыся да яе гарачых бакоў.
Сюды вось і прыходзіў Маўглі кожны вечар. шукаю-
чы халадку і кампаніі. Самыя галодныя з яго ворагаў цяпер наўрад ці паквапіліся б на хлопчыка. Маючы гладкую, безвалосую скуру, ён здаваўся яшчэ больш худым і вартым жалю, чым яго таварышы. Валасы ў яго выгаралі на сонцы, як пянька; рэбры тырчалі, нібы пруткі на плецяным кашы; высахлыя ногі і рукі нагадвалі вузлаватыя сцябліны травы — поўзаючы на карачках, ён намуляў сабе гузакі на каленях і локцях. Затое вочы пазіралі з-пад зблытаных валасоў спакойна і ясна, бо Багіра, яго сябра і дарадца, у гэты цяжкі час загадала яму рухацца спакойна, на паляванні не спяшацца і ніколі ні ў якім разе не злаваць.
— Часіны зараз кепскія,— сказала чорная пантэра аднойчы гарачым, як распаленая печ, вечарам,— але яны мінуць, калі мы здолеем пратрымацца да канца. Ці поўны твой страўнік, дзіцяня?
— У страўніку ў мяне не пуста, але карысці ад гэтага мала. Як ты думаеш, Багіра, дажджы зусім забыліся пра нас і ніколі не вернуцца?
— He думаю. Мы яшчэ пабачым махуа ў квецені і аленянят, растлусцелых на маладой траўцы. Хадзем на Скалу Міру, паслухаем навіны. Садзіся мне на спіну, Маленькі Брат.
— Цяпер не час насіць цяжары. Я яшчэ магу трымацца на нагах, хоць, праўда, мы з табою не падобныя на тлустых валоў.
Багіра скоса паглядзела на свой ускудлачаны, запылены бок і прабурчала:
— Учора ўночы я забіла вала ў ярме. Я так аслабела, што не асмелілася б накінуцца на яго, калі б ён быў на волі. Bay!
Маўглі засмяяўся:
— Так, мы цяпер смелыя паляўнічыя. У мяне хапае адвагі лавіць і есці лічынкі.
I яны ўдваіх з Багірай спусціліся па сухім і хруст-
кім хмызняку на бераг ракі, да карункавых водмеляў, якія разбягаліся на ўсе бакі.
— Гэтая вада не пражыве доўга,— сказаў Балу, падыходзячы да іх.— Зірніце на той бераг!
На роўнай нізіне далёкага берага калючая трава джунгляў засохла на корані і стаяла мёртвая. Пратаптаныя аленямі і дзікамі сцежкі да ракі спаласавалі рыжую нізіну пыльнымі цяснінамі ў высокай траве, і хоць было яшчэ рана, усе сцежкі былі запоўнены звяр’ём, што спяшалася да вады. Чуваць было, як лані і іх дзіцяняты кашляюць ад пылу, дробнага, як табака.
Вышэй па рацэ, каля ціхай затокі, што агінала Скалу Міру, захавальніцу Вадзянога Перамір’я, стаяў дзікі слон Хатхі са сваімі сынамі. Худыя і шэрыя ў святле месяца, яны пагойдваліся ўзад і ўперад, пагойдваліся не перастаючы. Крыху ніжэй стаялі радамі алені, яшчэ ніжэй — дзікі і дзікія буйвалы, а на тым беразе, дзе высокія дрэвы падыходзілі да самай вады, было месца, адведзенае для драпежнікаў: тыграў, ваўкоў, пантэраў, мядзведзяў і ўсіх іншых.
— Праўда, што мы падпарадкоўваемся аднаму Закону,— сказала Багіра, заходзячы ў ваду і скоса пазіраючы на рады брынклівых рагоў і насцярожаных вачэй там, дзе штурхаліся каля вады алені і дзікі.— Добрага палявання ўсім, хто са мною адной крыві,— дадала яна, кладучыся і выцягваючыся на ўвесь рост. Яна выставіла адзін бок з вады і шапнула скрозь зубы: —А каб не гэты Закон, можна было б наладзіць вельмі добрае паляванне.
Чуйныя вушы аленяў пачулі апошнія словы, і па радах прабег спалоханы шэпт:
— Перамір’е! He забывайце пра Перамір’е!
— Цішэй! Цішэй!—прабурчаў дзікі слон Хатхі.— Перамір’е працягваецца, Багіра. He час цяпер гаварыць пра паляванне.
— Каму гэта лепей ведаць, як не мне? — адказала Багіра, водзячы жоўтымі вачамі ўверх па рацэ.— Я цяпер ем чарапах, лаўлю жаб. Нгайя! Добра было б мне навучыцца жаваць галінкі!
— Нам бы таксама вельмі гэтага хацелася, ве-ельмі!—прабляяла маладзенькае аленяня, якое нарадзілася толькі гэтай восенню і не ўхваляла старых парадкаў.
Як ні кепска было Народу Джунгляў, але нават слон Хатхі міжвольна ўсміхнуўся, а Маўглі, які ляжаў у цёплай вадзе, апіраючыся на локці, гучна зарагатаў і замалаціў нагамі.
— Добра сказана, Маленькія Рожкі! — правуркатала Багіра.— Калі Перамір’е скончыцца, гэта будзе залічана на тваю карысць.— I яна пільна паглядзела ў цемень, каб пазнаць аленяня пры сустрэчы.
Паступова гамонка пайшла па ўсім вадапоі, уверх і ўніз па рацэ. Чуваць было, як пялёхкаліся і чмыхалі свінні, прасілі паціснуцца; як рыкалі буйвалы, перагаворваючыся паміж сабой на пясчаных водмелях; як алені расказвалі адзін аднаму жаласлівыя гісторыі пра тое, што зусім збіліся з ног у пошуках харчу. Час ад часу яны пыталіся пра што-небудзь у драпежнікаў, што стаялі на тым беразе, але навіны былі кепскія, і гарачы вецер джунгляў з шумам праносіўся паміж скаламі і дрэвамі, засыпаў ваду пылам і галінкамі.
— I людзі таксама паміраюць за плугам,— сказаў малады алень.— Ад захаду да цемры я бачыў трох. Яны ляжалі і не рухаліся, і іх буйвалы — побач з імі. Хутка і мы таксама ляжам і не ўстанем больш.
— Рака спала з учарашняй ночы,— сказаў Балу.— О Хатхі, ці даводзілася табе бачыць засуху, падобную на гэту?
— Яна мінецца, яна мінецца,— адказаў Хатхі, паліваючы вадою з хобата спіну і бакі.
— У нас тут ёсць адзін, які не вытрымае доўга,—
сказаў Балу і паглядзеў на хлопчыка, якога вельмі любіў.
— Я? — з абурэннем усклікнуў Маўглі і сеў у вадзе.— У мяне няма доўгай поўсці, што прыкрывае косці, але калі б злупіць з цябе шкуру, Балу...
Хатхі ажно ўвесь закалаціўся ад смеху, а Балу строга сказаў:
— Дзіцяня, гэтак няможна гаварыць настаўніку Закону! Мяне яшчэ ніхто не бачыў без шкуры.
— Ды не, я не хацеў сказаць нічога крыўднага, Балу. Толькі тое, што ты падобны на какосавы арэх у шалупінні, а я на той самы арэх без шалупіння. А калі гэтае тваё бурае шалупінне...
Маўглі сядзеў, скрыжаваўшы ногі, і растлумачваў, што ён хацеў сказаць, як звычайна засунуўшы палец у рот, але тут Багіра працягнула мяккую лапу і перакуліла яго ў ваду.
— Яшчэ чаго не хапала,— сказала чорная пантэра, калі хлопчык падняўся, пырхаючы ад вады.— To з Балу трэба злупіць шкуру, то Балу падобны на какосавы арэх. Глядзі, каб ён не зрабіў тое, што робяць какосавыя арэхі!
— А што? — спытаў Маўглі, забыўшыся на хвіліну, хоць гэта адзін з самых старых жартаў у джунглях.
— Каб не разбіў табе галаву,— спакойна адказала Багіра і зноў перакуліла хлопчыка ў ваду.
— Нядобра смяяцца са свайго настаўніка,— сказаў мядзведзь, пасля таго як Маўглі акунуўся трэці раз.
— Нядобра?! А чаго ж вы хочаце? Гэты безвалосы бегае па лесе і насміхаецца, як малпа, з таго, хто быў калісьці добрым паляўнічым, ды яшчэ дзеля пацехі тузае за вусы.
Гэта, чыкільгаючы, спускаўся да ракі Шэр-Хан, кульгавы тыгр. Ён пачакаў крыху, цешачыся з перапуду, што ўзняўся сярод аленяў на тым беразе, пасля нагнуў
да вады вусатую квадратную галаву і пачаў хлябтаць. Пры гэтым ён бурчаў:
— Джунглі цяпер логава для голых шчанюкоў! Зірні на мяне, чалавечае дзіцяня!
Маўглі зірнуў на яго — больш дакладна, паглядзеў прама ў вочы і вельмі смела,— і праз хвіліну Шэр-Хан неспакойна адвярнуўся.
— Маўглі тое, Маўглі гэта!—прабурчаў ён і зноў пачаў хлябтаць ваду.— Ён не чалавек і не воўк, a то спалохаўся б. Праз год мне давядзецца прасіць у яго дазволу напіцца! Уф!
— Магчыма, і так,— сказала Багіра, пільна пазіраючы тыгру ў вочы.— Магчыма, і так... Фу, Шэр-Хан! Што гэта за новае паскудства ты прынёс сюды?
Кульгавы тыгр апусціў у ваду падбародак і шчокі, і цёмныя масленыя палосы паплылі ўніз па рацэ.
— Гадзіну назад я забіў чалавека,— нахабна адказаў Шэр-Хан.
Ён не пераставаў хлябтаць ваду і ўсё вуркатаў і бурчаў сабе пад нос.
Рады звяроў уздрыгнулі і захісталіся, над імі праляцеў шэпт, які перайшоў у крык:
— Ён забіў чалавека! Забіў чалавека!
I ўсе паглядзелі на дзікага слана Хатхі, але той, здавалася, нічога не чуў. Хатхі ніколі не спяшаецца, таму ён і жыве гэтак доўга.
— У такую часіну забіваць чалавека! Хіба няма іншай дзічыны ў джунглях? — з пагардай сказала Багіра, выходзячы з апаганенай вады і па-кашэчаму атрасаючы адну лапу за другой.
— Я забіў яго не для яды, а таму, што мне так захацелася.
Зноў пачуліся спалоханыя нараканні, і пільныя белыя вочкі Хатхі сурова паглядзелі ў бок Шэр-Хана.
— Таму, што мне так хацелася,— працягла паўтарыў
Шэр-Хан.—А цяпер я прыйшоў сюды, каб прагнаць смагу і ачысціцца. Хто мне забароніць?
Спіна Багіры выгнулася, як бамбук на моцным ветры, але Хатхі спакойна падняў свой хобат.
— Ты забіў таму, што табе так хацелася? — спытаў ён.
А калі Хатхі пра што-небудзь пытаецца, лепей адказваць.
— Вось іменна. Гэта было маё права і мая ноч. Ты гэта ведаеш, о Хатхі,— адказаў Шэр-Хан амаль ветліва.
— Так, я ведаю,— адказаў Хатхі і, крыху памаўчаўшы, спытаў: —Ты напіўся ўдосталь?
— На гэтую ноч — напіўся.
— Тады ідзі адсюль. Рака для таго, каб піць, а не для таго, каб паганіць яе. Ніхто, апрача кульгавага тыгра, не выхваляўся б сваім правам у такую часіну... у такую часіну, калі ўсе мы пакутуем разам — і чалавек і Народ Джунгляў. Чысты ці нячысты, ідзі ў сваю бярлогу, Шэр-Хан!
Апошнія словы прагучалі, яксярэбраныя трубы. I тры сыны Хатхі гайдануліся ўперад на паўкрока, хоць у гэтым не было патрэбы. Шэр-Хан крадком падаўся прэч, не асмельваючыся нават бурчаць, бо ён ведаў тое, што вядома ўсім: калі дойдзе да сутычкі, дык гаспадар джунгляў — Хатхі.
— Што гэта за права, пра якое гаварыў Шэр-Хан? — шапнуў Маўглі на вуха Багіры.— Забіваць чалавека заўсёды ганьба. Так сказана ў Законе. А як жа гэта Хатхі гаворыць?
— Спытай у яго сам. Я не ведаю, Маленькі Брат. Ёсць такое права ці няма, а я правучыла б як след Кульгавага Мясніка, калі б не Хатхі. Прыйсці да Скалы Міру, толькі што забіўшы чалавека, ды яшчэ хваліцца гэтым—выхадка, якой можа ганарыцца толькі шакал! Апрача таго, ён сапсаваў добрую ваду.