Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
Маўглі памаўчаў з хвіліну, набіраючыся смеласці,
бо ўсе ў джунглях пабойваліся звяртацца непасрэдна да Хатхі, потым крыкнуў:
— Што гэта за права ў Шэр-Хана, о Хатхі?
Абодва берагі падхапілі яго словы, бо Народ Джунгляў вельмі цікаўны, а на вачах ва ўсіх адбылося нешта такое, чаго не разумеў ніхто, апрача Балу, які зрабіў дужа глыбакадумны выгляд.
— Гэта старая гісторыя,— сказаў Хатхі,— яна куды старэйшая за джунглі. Памаўчыце там, на берагах, і я раскажу яе вам.
Мінулі хвіліна ці дзве, пакуль буйвалы і дзікі штурхалі і адпіхвалі адзін аднаго, потым важакі статкаў паўтарылі адзін за другім:
— Мы чакаем!
I Хатхі зрабіў крок уперад і стаў па калена ў вадзе пасярод затокі каля Скалы Міру. Нягледзячы на худзізну, маршчыны і жоўтыя біўні, адразу было відаць, што менавіта ён — гаспадар джунгляў.
— Вы ведаеце, дзеці мае,— пачаў ён,— што болып за ўсё на свеце вы баіцеся чалавека.
У знак згоды ўсе загаманілі.
— Гэта цябе датычыцца, Маленькі Брат,— сказала Багіра Маўглі.
— Мяне? Я паляўнічы Вольнага Народа і належу да Чарады,— адказаў Маўглі.— Што мне да чалавека?
— А ці ведаеце вы, чаму вы баіцеся чалавека? — гаварыў далей Хатхі.— Вось чаму. На пачатку джунгляў, гэтак даўно, што ніхто не памятае, калі гэта было, усе мы пасвіліся разам і не баяліся адно аднаго. У тыя часы не было засух, лісце, кветкі і плады вырасталі на дрэвах адначасова, і мы харчаваліся толькі лісцем, кветкамі і пладамі ды карою і травою.
— Як я рада, што не нарадзілася ў тыя часы!—сказала Багіра.— Кара добрая толькі для таго, каб вастрыць аб яе кіпцюры.
— А Уладаром Джунгляў быў Тха, Першы з Сланоў. Сваім хобатам ён выцягнуў джунглі з глыбіні вод, і там, дзе ён правёў па зямлі сваімі біўнямі, пабеглі рэкі, і там, дзе ён тупнуў нагою, наліліся вадою азёры, а калі ён затрубіў у хобат — вось гэтак,— нарадзіліся дрэвы. Вось так Тха стварыў джунглі, і вось так расказвалі мне гэтую гісторыю.
— Яна не зрабілася карацейшай ад пераказу!—шапнула Багіра.
А Маўглі засмяяўся, затульваючы рот далонню.
— У тыя часы не было ні маісаў, ні дыняў, ні перцу, ні цукровага трыснягу, ні маленькіх хацін, якія кожны з вас бачыў, і Народы Джунгляў жылі ў лясах дружна, як адзін народ, і нічога не ведалі пра чалавека. Але хутка звяры пачалі сварыцца за харч, хоць пашаў хапала на ўсіх. Яны разгультаіліся. Кожнаму хацелася пасвіцца там, дзе ён адпачываў, як бываё часам і ў нас, калі вясновыя дажджы пройдуць дружна. У Тха, Першага з Сланоў, было шмат работы: ён ствараў новыя джунглі і пракладваў рэчышчы рэк. Ён не мог паспець усюды, і таму зрабіў Першага з Тыграў уладаром і суддзёй над джунглямі, і Народ Джунгляў прыходзіў да яго са сваімі спрэчкамі. У тыя часы Першы з Тыграў еў траву і плады разам з усімі. Ён быў ростам з мяне і вельмі прыгожы: увесь жоўты, як кветкі жоўтай ліяны. У тыя добрыя старыя часы, калі джунглі толькі што нарадзіліся, на шкуры тыгра яшчэ не было ні палосаў, ні плямаў. Увесь Народ Джунгляў прыходзіў да яго без страху, слова яго было законам для ўсіх. He забывайцеся, што ўсе мы былі тады адзін народ.
I ўсё ж неяк раз уночы паміж двума быкамі выйшла спрэчка за пашу, такая спрэчка, якія вы цяпер вырашаеце з дапамогай рагоў і пярэдніх капытоў. Кажуць, што, калі абодва быкі прыйшлі скардзіцца да Першага з Тыграў, які ляжаў сярод кветак, адзін з іх штурхнуў
яго рагамі, і Першы з Тыграў, забыўшы пра тое, што ён уладар і суддзя над джунглямі, кінуўся на гэтага быка і зламаў яму карак.
Да тае ночы ніхто сярод нас не паміраў, і Першы з Тыграў, убачыўшы, што ён нарабіў, і ашалеўшы ад паху крыві, уцёк у балоты на поўнач; а мы, Народ Джунгляў, засталіся без суддзі і пачалі сварыцца і біцца паміж сабою. Тха пачуў шум і прыйшоў да нас. I адны з нас гаварылі адно, а другія — другое, але ён убачыў мёртвага быка сярод кветак і запытаў у нас, хто яго забіў, а мы не маглі яму сказаць, бо страцілі розум ад паху крыві, як страчваем яго і цяпер. Мы кідаліся і кружыліся па джунглях, скакалі, крычалі і маталі галовамі. I Тха загадаў ніжнім галінам дрэў і паўзучым ліянам джунгляў адзначыць забойцу, каб Першы з Сланоў мог пазнаць яго.
I Тха спытаў:
«Хто хоча быць Уладаром Джунгляў?»
Выскачыла Шэрая Малпа, што жыве на галінах, і крыкнула:
«Я хачу быць Валадаркай Джунгляў!»
Тха ўсміхнуўся і адказаў:
«Няхай будзе так!» — і, разгневаны, пайшоў прэч.
Дзеці, вы ведаеце Шэрую Малпу. Тады яна была гэтакая ж, як і цяпер. Спачатку яна зрабіла разумны твар, але праз хвіліну пачала чухацца і скакаць угору і ўніз, і, калі Тха вярнуўся, ён убачыў, што Шэрая Малпа вісіць на дрэве галавою ўніз і перадражнівае ўсіх, хто стаіць пад дрэвам, і яны таксама яе дражняць. I гэтак вось у джунглях не стала больш Закону — адна толькі недарэчная балбатня і словы без сэнсу.
Тады Тха паклікаў нас усіх і сказаў:
«Першы ваш Уладар прынёс у джунглі Смерць, другі — Ганьбу. Цяпер пара даць вам Закон, і такі Закон, які вы не асмельваліся б парушаць. Цяпер вы спазнаеце
Страх і, убачыўшы яго, зразумееце, што ён уладар над вамі, а ўсё астатняе прыйдзе само сабою».
Тады мы, Народ Джунгляў, спыталі:
«Што такое Страх?»
I Тха адказаў:
«Шукайце і знайдзіце».
I мы выхадзілі ўсе джунглі ўдоўж і ўпоперак у пошуках Страху, і неўзабаве буйвалы...
— Уф!—адклікнуўся са сваёй пясчанай водмелі Меса, важак буйвалаў.
— Так, Меса, гэта былі буйвалы. Яны прынеслі вестку, што ў адной пячоры ў джунглях сядзіць Страх, што ён безвалосы і ходзіць на задніх лапах. Тады ўсе мы пайшлі за статкам буйвалаў да гэтай пячоры, і Страх стаяў там каля ўвахода. Так, ён быў безвалосы, як расказвалі буйвалы, і хадзіў на задніх лапах. Убачыўшы нас, ён крыкнуў, і яго голас пасяліў у нас той страх, які мы ведаем цяпер, і мы рынуліся прэч, топчучы і наносячы раны адзін аднаму. У тую ноч Народ Джунгляў не лёг адпачываць увесь разам, як было ў нас заведзена, а кожнае племя легла асобна — дзікі з дзікамі і алені з аленямі: рогі з рагамі і капыты з капытамі. Свае палеглі са сваімі і дрыжалі ад страху ўсю ноч.
Толькі Першага з Тыграў не было з намі: ён усё яшчэ хаваўся ў балотах на поўначы, і калі да яго дайшла вестка пра тое, каго мы бачылі ў пячоры, ён сказаў:
«Я пайду да яго і зламлю яму карак».
I ён бег усю ноч, пакуль не дабраўся да пячоры, але дрэвы і ліяны на яго дарозе памяталі загад Тха, нізка апускалі свае галіны і адзначалі яго на бягу: праводзілі пальцамі па яго спіне, баках, ілбе і падбародку. I дзе б ні дакраналіся да яго ліяны, заставалася метка або паласа на яго жоўтай шкуры. I гэтыя палосы яго дзеці носяць да нашых дзён! Калі ён падышоў да пячоры, Безвалосы Страх выставіў руку і назваў яго «Паласаты,
што прыходзіць уночы», і Першы з Тыграў спалохаўся Безвалосага і, выючы, уцёк назад на балоты...
Тут Маўглі ціхенька засмяяўся, апусціўшы падбародак у ваду.
— ...Ён выў так гучна, што Тха пачуў яго і спытаў: «Чаго ты?»
I Першы з Тыграў узняў морду да толькі што створанага неба, якое цяпер такое старое, і сказаў:
«Вярні мне маю ўладу, о Тха! Мяне зганьбілі перад усімі джунглямі: я ўцёк ад Безвалосага, ён назваў мяне ганебным іменем».
«А чаму?» — спытаў Тха.
«Таму што я запэцкаўся ў балотнай гразі»,— адказаў Першы з Тыграў.
'<Дык паплавай і пакачайся па мокрай траве, і калі гэта гразь, яна, вядома, сыдзе»,— сказаў Тха.
I Першы з Тыграў плаваў, і плаваў, і качаўся па траве, так ідто джунглі закруціліся ў яго перад вачамі, але ніводная плямка не сышла з яго шкуры, і Тха засмяяўся, пазіраючы на яго. Тады Першы з Тыграў спытаў:
«Што ж я зрабіў, і чаму гэта здарылася са мною?»
Тха адказаў:
«Ты забіў быка і ўпусціў Смерць у джунглі, а разам са Смерцю прыйшоў Страх, і таму Народы Джунгляў цяпер баяцца адзін аднаго, як ты баішся Безвалосага».
Першы з Тыграў сказаў:
«Яны не пабаяцца мяне, бо я даўно іх ведаю».
«Пайдзі і паглядзі»,— адказаў Тха.
Тады Першы з Тыграў пачаў бегаць узад і ўперад па джунглях і гучна клікаць аленяў, дзікоў, дзікабразаў і ўсе Народы Джунгляў. I ўсе яны ўцяклі ад тыгра, які быў раней іхнім Суддзёй, таму што баяліся яго цяпер.
Тады Першы з Тыграў вярнуўся да Тха. Гордасць яго была зламана, і, стукнуўшыся галавой аб зямлю, ён пачаў грэбці яе ўсімі чатырма лапамі і завыў:
«Успомні, што я калісьці быў Уладаром Джунгляў! He забудзься пра мяне, о Тха! Няхай мае дзеці памятаюць, што калісьці я не ведаў ні ганьбы, ні сФраху!»
I Тха сказаў:
«Гэта я зраблю, бо мы ўдвух з табою бачылі, як ствараліся джунглі. Адна ноч у годзе будзе для цябе і для тваіх дзяцей такая ж, як была раней, пакуль ты не забіў быка. Калі ты сустрэнеш Безвалосага ў гэтую адзіную ноч — а завуць яго Чалавек,— ты не спалохаешся яго, затое ён будзе баяцца цябе і тваіх дзяцей, быццам вы суддзі джунгляў і гаспадары ўсяго, што ў іх ёсць. Будзь літасцівы да яго ў гэтую ноч Страху, бо цяпер ты ведаеш, што такое Страх».
I тады Першы з Тыграў адказаў:
«Добра. Я задаволены».
Але пасля гэтага, падышоўшы да ракі, каб напіцца, ён убачыў палосы на сваіх баках, успомніў імя, якое даў яму Безвалосы, і яго ахапіла лютасць. Цэлы год ён пражыў сярод балотаў, чакаючы, калі Тха выканае сваё абяцанне. I ў адну ноч, калі Месячны Шакал (вечарніца) узышоў над джунглямі, тыгр адчуў, што надышла яго ноч, і пайшоў да той пячоры, дзе жыў Безвалосы. I ўсё адбылося так, як абяцаў Першы з Сланоў: Безвалосы ўпаў на калені перад ім і распасцёрся на зямлі, а Першы з Тыграў кінуўся на яго і зламаў яму хрыбет, думаючы, што ў джунглях болып няма Безвалосых і што ён забіў Страх. I тады, абнюхаўшы сваю здабычу,
ён пачуў, што Тха ідзе з лясоў поўначы. I неўзабаве пачуўся голас Першага з Сланоў, той самы голас, які мы чуем зараз...
Гром пракаціўся па высахлых і паколатых ад спякоты ўзгорках, але не прынёс з сабою дажджу — толькі зарніцы бліснулі за далёкімі гарамі. I Хатхі загаварыў зноў:
— Вось гэты голас ён і пачуў. I голас сказаў яму: «Гэта і ёсць твая літасць?»
Першы з Тыграў аблізнуўся і адказаў:
«Што за бяда? Я забіў Страх».
I Тха сказаў:
«О сляпы і неразумны. Ты развязаў ногі Смерці, і яна будзе хадзіць за табою па пятах, пакуль ты не памрэш. Ты навучыў чалавека забіваць!»
Першы з Тыграў наступіў на сваю здабычу і сказаў:
«Ён цяпер гэтакі ж, як той бык. Страху больш няма, і я па-ранейшаму буду судзіць Народы Джунгляў».