Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
Сонца толькі бліснула на долю секунды на медных дужках старога мушкета, але нішто ў джунглях не дае такой успышкі святла, хіба толькі калі воблакі бягуць па небе... Тады лускавінка слюны, маленькая лужынка
і нават бліскучы ліст зіхацяць, як геліёграф. Але дзень быў бязвоблачны і ціхі.
— Я ведаў, што людзі пагоняцца за намі,— урачыста сказаў Акела.— Нездарма я быў Важаком Чарады.
Чацвёра ваўкоў Маўглі, не сказаўшы нічога, апусціліся на зямлю, папаўзлі ўніз з узгорка і раптам зніклі, быццам расталі сярод цярноўніку і зялёнага зарасніку.
— Скажыце спачатку, куды вы ідзяце? — аклікнуў іх Маўглі.
— Ш-ш! Мы прыкоцім сюды яго чэрап яшчэ да поўдня! — абазваўся Шэры Брат.
— Назад! Назад! Стойце! Чалавек не есць чалавека!—крыкнуў Маўглі.
— А хто быў толькі што ваўком? Хто кінуў у мяне нажом за тое, што яго назвалі чалавекам? — сказаў Акела.
Але ўся чацвёрка паслухалася і панура павярнула назад.
— Няўжо я павінен тлумачыць вам, чаму я раблю тое ці іншае? — раззлавана спытаў Маўглі.
— Вось вам чалавек! Гэта гаворыць чалавек!—прабурчала Багіра сабе ў вусы.— Вось гэтак жа гаварылі людзі вакол княжацкага звярынца ва Удайпуры. Нам у джунглях даўно вядома, што чалавек разумнейшы за ўсіх. А калі б мы верылі сваім вушам, дык ведалі б, што ён дурнейшы за ўсіх на свеце.— I, узвысіўшы голас, яна дадала: —На гэты раз дзіцяня кажа правільна: людзі выйшлі на паляванне чарадой. Кепскае гэта паляванне — забіваць аднаго, калі мы не ведаем, што збіраюцца рабіць астатнія. Пойдзем паглядзім, чаго хоча ад нас гэты чалавек.
— Мы не пойдзем,— забурчаў Шэры Брат.— Ідзі на паляванне адзін, Маленькі Брат! Хто-хто, а мы ведаем, чаго хочам! Мы б даўно прынеслі сюды чэрап.
Маўглі абвёў позіркам усіх сваіх сяброў. Грудзі яго
цяжка ўзнімаліся, а вочы былі поўныя слёз. Ён зрабіў крок уперад, упаў на адно калена і сказаў:
— Хіба я не ведаю, чаго хачу? Зірніце на мяне!
Яны неахвотна зірнулі на Маўглі, потым адвялі вочы ўбок, але ён зноў прымусіў іх глядзець сабе ў вочы, пакуль поўсць не паднялася на іх дыбам і яны не задрыжалі ўсім целам, а Маўглі ўсё глядзеў ды глядзеў.
— Ну, дык хто ж важак з нас пяці? — сказаў ён.
— Ты важак, Маленькі Брат,— адказаў Шэры Брат і лізнуў Маўглі нагу.
— Тады ідзіце за мной,— сказаў Маўглі.
I ўся чацвёрка, падцяўшы хвасты, паплялася за ім па пятах.
— Вось што бывае ад жыцця ў чалавечай чарадзе,— сказала Багіра, нячутна спускаючыся па ўзгорку ўслед за імі.— Цяпер у джунглях не адзін Закон, Балу.
Стары мядзведзь не адказаў нічога, але падумаў шмат аб чым.
Маўглі бясшумна прабіраўся па лесе, перасякаў яго пад прамым вуглом да той дарогі, якою ішоў Балдзео. Нарэшце, рассунуўшы кусты, ён убачыў старога з мушкетам на плячы: ён па-сабачы трухаў па старым двухдзённым следзе.
Вы памятаеце, што Маўглі пайшоў ад вёскі з цяжкай шкурай Шэр-Хана на плячах, а за ім беглі Акела і Шэры Брат, так што след быў вельмі выразны. Неўзабаве Балдзео падышоў да таго месца, дзе Акела павярнуў назад і заблытаў след. Тут Балдзео сеў на зямлю, доўга кашляў і бурчаў, потым пачаў гойсаць наўкол, стараючыся зноў натрапіць на след, а ў гэты час тыя, што назіралі за ім, былі гэтак блізка, што ён мог бы пацэліць у іх каменем. Ніводзін звер не можа рухацца гэтак ціха, як воўк, калі ён не хоча, каб яго чулі, a Маўглі, хоць ваўкі лічылі яго вельмі нязграбным, таксама ўмеў з’яўляцца і знікаць, нібы цень. Яны акружылі
старога паляўнічага кальцом, як чарада дэльфінаў акружае параход, калі той плыве поўным ходам, і размаўлялі смела, бо іхняя мова пачынаецца ніжэй самай нізкай ноты, якую можа ўлавіць нязвыклае вуха чалавека. На другім канцы рада знаходзіцца найтанчэйшы піск кажана, якога многія людзі не чуюць зусім. 3 гэтай ноты пачынаецца гаворка ўсіх птушак. кажаноў і насякомых.
— Гэта лепш за ўсякае іншае паляванне,— сказаў Шэры Брат, калі Балдзео нагнуўся, сапучы і штосьці разглядаючы.— Ён падобны на свінню, якая заблудзілася ў джунглях каля ракі. Што ён гаворыць?
Балдзео штосьці сярдзіта мармытаў.
Маўглі растлумачыў:
— Ён кажа, што навокал мяне, мусіць, скакала цэлая гайня ваўкоў. Кажа, што ніколі ў жыцці не бачыў гэткага следу. Кажа, што вельмі стаміўся.
— Ён адпачне, перш чым зноў знойдзе след,— абыякава сказала Багіра, не перастаючы гуляць у хованкі і падкрадвацца з-за ствалоў дрэў.
— А цяпер што робіць гэты бядак?
— Збіраецца есці або пускаць дым з рота. Людзі ўвесь час што-небудзь робяць ротам,— сказаў Маўглі.
Маўклівыя следапыты ўбачылі, як стары натаптаў тытуню ў люльку, прыпаліў і пачаў курыць. Яны пастараліся як след запомніць пах тытуню, каб потым пазнаць Балдзео нават у самую цёмную ноч.
Затым па сцежцы прайшлі вугальшчыкі і, вядома, спыніліся пагаманіць з Балдзео, які лічыўся найпершым паляўнічым у гэтых мясцінах. Усе яны паселі ў кружок і закурылі, а Багіра і астатнія падышлі бліжэй і глядзелі на іх, пакуль Балдзео расказваў ад пачатку да канца, з дадаткамі і выдумкамі, усю гісторыю Маўглі, хлопчыка-пярэваратня. Як ён, Балдзео, забіў Шэр-Хана і як Маўглі перакінуўся ў ваўка і біўся з ім цэлы дзень, а пасля зноў зрабіўся хлопчыкам і зачараваў стрэльбу
Балдзео, так што, калі ён прыцэліўся ў Маўглі, куля павярнула ўбок і забіла аднаго з буйвалаў Балдзео; і як вёска паслала Балдзео, самага смелага паляўнічага ў Сіянійскіх гарах, забіць ваўка-пярэваратня. А Месуа з мужам, бацькі пярэваратня, сядзяць пад замком у сваёй хаціне, і хутка іх пачнуць катаваць, каб яны прызналіся ў вядзьмарстве, а потым спаляць на вогнішчы.
— Калі? — спыталі вугальшчыкі, якім таксама вельмі хацелася паглядзець на гэтую цырымонію.
Балдзео сказаў, што, пакуль ён не вернецца, нічога рабіць не будуць: у вёсцы хочуць, каб ён спачатку забіў ляснога хлопчыка. Пасля гэтага яны расправяцца з Месуяй і з яе мужам і падзеляць паміж сабою іх зямлю і буйвалаў.
А буйвалы ў мужа Месуі, дарэчы кажучы, вельмі добрыя. Ведзьмаў і чараўнікоў лепш за ўсё забіваць, гаварыў Балдзео, а такія людзі, якія бяруць прыёмышамі ваўкоў-пярэваратняў з лесу, і ёсць самыя ліхія ведзьмары.
Вугальшчыкі баязліва азіраліся па баках, удзячныя лёсу за тое, што ім не давялося бачыць пярэваратня; аднак яны не сумняваліся, што гэтакі храбрэц, як Балдзео, знойдзе пярэваратня хутчэй за любога іншага. Сонца апусцілася ўжо даволі нізка, і вугалыпчыкі парашылі ісці ў тую вёску, дзе жыў Балдзео, паглядзець на ведзьму і чараўніка. Балдзео сказаў, што, вядома, ён павінен застрэліць хлопчыка-пярэваратня, але ён і думаць не хоча пра тое, каб няўзброеныя людзі ішлі адны праз джунглі, дзе воўк-пярэварацень можа сустрэцца ім у любую хвіліну. Ён сам іх праводзіць, і калі сын вядзьмаркі сустрэнецца ім, яны пабачаць, як найпершы тутэйшы паляўнічы з ім расправіцца. Жрэц даў яму такі амулет супраць пярэваратня, што баяцца няма чаго.
— Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? — раз-пораз пыталіся ваўкі.
А Маўглі тлумачыў, пакуль не дайшло да ведзьмароў, што было для яго не зусім зразумела, і тады ён сказаў, што мужчына і жанчына, якія былі такія добрыя да яго, злоўлены ў пастку.
— Хіба людзі ловяць людзей? — спытаў Шэры Брат.
— Так ён кажа. Я штосьці не разумею. Усе яны, мусіць, проста пашалелі. Навошта спатрэбілася садзіць у пастку Месую з мужам, і што ў іх агульнага са мною? I дзеля чаго ўся гэта гаворка пра Чырвоную Кветку? Трэба падумаць. Што б яны ні збіраліся рабіць з Месуяй, яны нічога не пачнуць, пакуль не вернецца Балдзео. Так, значыцца...— I Маўглі глыбока задумаўся, пры гэтым ён пастукваў пальцамі па ручцы паляўнічага нажа.
А Балдзео і вугалыпчыкі храбра рушылі ў дарогу, хаваючыся адзін за аднаго.
— Я зараз жа іду да чалавечай чарады,— сказаў нарэшце Маўглі.
— А гэтыя? — спытаў Шэры Брат, прагна пазіраючы на смуглыя спіны вугалыпчыкаў.
— Правядзіце іх з песняю,— сказаў Маўглі з ухмылкай. — Я не хачу, каб яны былі каля вясковых варотаў раней, чым сцямнее. Можаце вы затрымаць іх?
Шэры Брат з пагардай ашчэрыў белыя зубы:
— Мы можам без канца вадзіць іх кругам, усё кругам, як коз на прывязі!
— Гэтага мне не трэба. Паспявайце ім крыху, каб яны не сумавалі ў дарозе. Няхай сабе песня будзе і не надта вясёлая, Шэры Брат. Ты таксама ідзі з імі, Багіра, і падпявай ім. А як настане ноч, сустракайце мяне каля вёскі — Шэры Брат ведае месца.
— Нялёгкая гэта работа — быць загоншчыкам для дзіцяняці. Калі ж я высплюся? — сказала Багіра пазяхаючы, хоць па вачах было відаць, як яна рада гэтак пацешыцца.— Я павінна спяваць для нейкіх безвалосых! Што ж, паспрабуем!
Пантэра нагнула галаву, каб яе голас разлёгся па ўсім лесе, і пачулася працяглае-працяглае «Добрага палявання!» — начны кліч сярод белага дня, даволі страшны для пачатку. Маўглі паслухаў, як гэты кліч пракаціўся па джунглях, то ўзмацняючыся, то заціхаючы, і замёр дзесьці ў яго за спіной на самай тужлівай ноце, і ўсміхнуўся, бегучы лесам. Ён бачыў, як вугальшчыкі збіліся ў гурт, як задрыжала стрэльба старога Балдзео, нібы бананавы ліст на ветры. Потым Шэры Брат правыў: «Йа-ла-хі! Йа-ла-хі!» — паляўнічы покліч, які гучыць, калі Чарада гоніць перад сабою нільгау — вялікую шэрую антылопу.
Гэты покліч, здавалася, ішоў з усіх канцоў лесу адразу і чуўся ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль нарэшце не абарваўся побач, зусім блізка, на самай пранізлівай ноце.
Астатнія тры ваўкі падхапілі яго, так што нават Маўглі мог бы прысягнуць, што ўся Чарада гоніць дзічыну па гарачым следзе. А потым усе чацвёра заспявалі цудоўную ранішнюю Песню Джунгляў, з усімі трэлямі, пералівамі і пераходамі, якія ўмее выводзіць магутнае воўчае горла.
Ніякі пераказ не можа перадаць ні ўражання ад гэтай песні, ні насмешку, якую надалі ваўкі кожнай ноце, пачуўшы, як затрашчалі сукі, калі вугалыпчыкі ад страху палезлі на дрэвы, а Балдзео пачаў мармытаць замовы і заклінанні. Потым ваўкі палеглі і заснулі, бо вялі правільны распарадак жыцця, як і ўсе, хто жыве са свае працы: не выспішся — не папрацуеш як след.
Тым часам Маўглі пакідаў за сабой мілю за міляй, прабягаючы па дзевяць міляў за гадзіну, і радаваўся, што ані не аслабеў пасля столькіх месяцаў жыцця сярод людзей. У яго галаве засела адна толькі думка: выру-чыць Месую з мужам з пасткі, якая б яна ні была,— ён асцерагаўся любых пастак. Пасля гэтага, абяцаў сабе Маўглі, ён расквітаецца і з усёй вёскай.