Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
— А! — сказаў Хатхі.— Вось гэтак жа палаў і шрам на маёй скуры, пакуль мы не ўбачылі, як загінулі вёскі пад веснавым параснікам. Цяпер я зразумеў: твая вайна стане нашай вайной. Мы напусцім на іх джунглі.
Маўглі ледзь паспеў перавесці дух — ён увесь калаціўся ад нянавісці і злосці,— як тое месца, дзе стаялі сланы, апусцела, і толькі Багіра глядзела на Маўглі з жахам.
А Хатхі і яго тры сыны павярнулі кожны ў свой бок і моўчкі пакрочылі па далінах. Яны ішлі ўсё далей і далей праз джунглі і зрабілі шэсцьдзесят міляў, гэта значыць цэлы двухдзённы пераход. I кожны іх крок, і кожнае пагойдванне хобата былі прыкмечаны і вытлумачаны Мангам, Чылем, Малпіным Народам і ўсімі птушкамі. Потым сланы сталі карміцца і мірна пасвіліся не менш тыдня. Хатхі і яго сыны падобны на горнага ўдава Каа: яны не будуць спяшацца, калі ў гэтым няма патрэбы.
Праз тыдзень — і ніхто не ведае, адкуль гэта пайшло,— па джунглях пранеслася чутка, што ў такой і такой вось даліне корм і вада самыя лепшыя. Дзікі, якія гатовы ісці на край свету дзеля сытнага харчу, рушылі
першыя, атрад за атрадам перавальваў цераз каменне, за імі падаліся алені, за аленямі — маленькія лісіцы, якія харчуюцца падлай. Побач з аленямі ішлі непаваротлівыя антылопы-нільгау, а за нільгау рухаліся дзікія буйвалы з балотаў. Спачатку лёгка было б павярнуць назад адзіночныя і разрозненыя статкі, якія скублі траву, ішлі далей, пілі і зноў скублі траву, але як толькі сярод іх узнімалася трывога, з’яўляўся хто-небудзь і супакойваў іх. To гэта быў дзікабраз Сахі з весткай аб тым, што добры харч пачынаецца трошкі далей; то кажан Манг, трапечучы крыламі, з радасным піскам праносіўся па прагаліне, каб паказаць, што там нікога няма; то Балу з поўным ротам карэння, валюхаючыся, падыходзіў да статка і жартам або ўсур’ёз палохаў яго, выкіроўваючы на патрэбную дарогу. Шмат хто павярнуў назад, разбегся або не захацеў ісці далей, але астатнія заставаліся і па-ранейшаму ішлі ўперад.
Мінула дзён дзесяць, і к гэтаму часу ўсё выглядала так: алені, дзікі і нільгау тапталіся, рухаючыся па крузе радыусам восем ці дзесяць міляў, а драпежнікі нападалі на іх з краёў, а ў цэнтры круга была вёска, а навакол вёскі даспявала збажына на палетках, а на палетках сядзелі людзі на вышках, падобных на галубятні і пабудаваных для таго, каб адпуджваць птушак і іншых зладзейчыкаў.
Была цёмная ноч, калі Хатхі і яго тры сыны без шуму выйшлі з джунгляў, зламалі хобатамі жэрдкі, і вышкі ўпалі, як падае зламаная сцябліна амежніку, a людзі, што зваліліся з іх, пачулі глухое бурчанне сланоў. Потым авангард напуджанай арміі аленяў прымчаўся і вытаптаў вясковую пашу і ўзараныя палеткі; а за імі прыйшлі тупарылыя дзікі з вострымі капытамі, і што засталося пасля аленяў, тое знішчылі свінні. Час ад часу ваўкі трывожылі статкі, і тыя, ашалелыя, кідаліся з боку ў бок, тапталі зялёны ячмень і раўнялі з зямлёй
краі арашальных каналаў. Перад світаннем у адным месцы на краі круга драпежнікі адступілі, пакінуўшы адкрытай дарогу на поўдзень, і алені рынуліся па ёй, статак за статкам. Астатнія, смялейшыя, залеглі ў гушчары, каб пакарміцца наступнай ноччу.
Ды ўсё ўжо было зроблена. Раніцай сяляне глянулі на свае палеткі і ўбачылі, што ўсе пасевы загінулі. Гэта пагражала смерцю, калі людзі не сыдуць адсюль у іншыя мясціны, бо голад быў заўсёды гэтак жа блізка ад іх, як і джунглі. Калі буйвалаў выгналі на пашу, галодны статак убачыў, што алені падчыстую з’елі ўсю траву, і разышоўся па джунглях услед за сваімі дзікімі таварышамі. А калі надышоў вечар, выявілася, што тры ці чатыры вясковыя кані ляжаць у стойлах з праламанымі галовамі. Толькі Багіра ўмела наносіць такія ўдары, і толькі ёй магла прыйсці ў галаву дзёрзкая думка вывалачы апошні труп на сярэдзіну вуліцы.
У гэтую ноч сяляне не асмеліліся раскласці вогнішчы на палетках, і Хатхі з сынамі выйшаў падбіраць тое, што засталося; а там, дзе пройдзе Хатхі, ужо няма чаго больш падбіраць. Людзі парашылі харчавацца збожжам, прызапашаным для пасеву, пакуль не пройдуць дажджы, а потым наняцца парабкамі, каб неяк пакрыць страты гэтага года. Але пакуль гандляр хлебам думаў пра свае кашы, поўныя збожжа, і пра цану, якую ён будзе браць з пакупнікоў, вострыя біўні Хатхі ламалі вугал яго глінабітнага свірна і руйнавалі вялікі плецены засек, дзе захоўвалася збожжа.
Пасля таго як стала вядома гэтая страта, надышла чарга жраца сказаць сваё слова. Багам ён ужо маліўся, але дарэмна. Магчыма, казаў ён, што вёска, сама таго не ведаючы, зняважыла якога-небудзь бога джунгляў: па ўсім відаць, што джунглі супраць іх. Тады паслалі па верхавода суседняга племені вандроўных гондаў, маленькіх, разумных, чорных як вугаль паляўнічых, што жы-
вуць у глыбіні джунгляў і чые продкі паходзяць ад найстаражытнейшых народнасцей Індыі — ад першых гаспадароў зямлі. Гонда пачаставалі, чым знайшлося, а ён стаяў на адной назе, з лукам у руках і дзвюма-трыма атручанымі стрэламі, уваткнутымі ў валасы, і пазіраў ні то спалохана, ні то пагардліва на ўстрывожаных людзей і на іх спустошаныя палеткі. Людзі хацелі даведацца, ці не злуюцца на іх яго багі, старыя багі, і якія ахвяры ім патрэбны. Гонд нічога не адказаў, але сарваў доўгую сцябліну паўзучага дзікага гарбуза, які дае горкія плады, і заплёў ёю дзверы храма на вачах у здзіўленага бажка. Потым ён некалькі разоў махнуў рукою па паветры ў той бок, дзе была дарога ў Канхівару, і пайшоў назад да сябе ў джунглі глядзець, як статкі жывёлы блукаюць па іх. Ён ведаў, што, калі джунглі наступаюць, толькі белыя людзі могуць спыніць іхні РУХ-
He было патрэбы пытацца, што ён хацеў гэтым сказаць. Дзікі гарбуз вырастае там, дзе людзі маліліся свайму богу, і чым хутчэй яны пойдуць адсюль, тым лепш.
Але нялёгка вёсцы зняцца з наседжанага месца. Людзі заставаліся да таго часу, пакуль у іх былі летнія запасы. Яны спрабавалі збіраць арэхі ў джунглях, але цені з палаючымі вачамі сачылі за імі нават сярод дня, а калі людзі спалохана павярнулі назад, дык убачылі, што са ствалоў дрэў, паўз якія яны праходзілі ўсяго пяць хвілін назад, чыёйсьці вялізнай кіпцюрастай лапай садрана кара. Чым больш людзі туліліся да вёскі, тым смялейшыя станавіліся дзікія звяры, што з рыкам і тупатам гулялі па пашах каля Вайнгангі. Сяляне не асмельваліся рамантаваць і латаць заднія сцены апусцелых хлявоў, якія выходзілі ў бок лесу. Дзікі тапталі руіны, і вузлаватыя карані ліян спяшаліся захапіць толькі што адваяваную зямлю і закідвалі цераз сцены хацін учэпістыя парасткі, а ўслед за ліянамі шчацінілася Ka-
лючая трава. Халасцякі збеглі першыя і разнеслі скрозь і ўсюды вестку, што вёска асуджана на пагібель. Ды і хто мог змагацца з джунглямі, калі нават вясковая кобра пакінула сваю нару пад смакоўніцай!
Людзі ўсё менш і менш мелі зносін са знешнім светам, а пратаптаныя цераз раўніну сцежкі станавіліся ўсё вузейшымі і вузейшымі. I трубны кліч Хатхі і яго трох сыноў болей не трывожыў вёску ўночы: ім болып не было чаго прыходзіць. Палеткі за ваколіцай зарасталі травой, зліваліся з джунглямі, і для вёскі надышла пара ісці ў Канхівару.
Людзі адкладвалі адыход з дня на дзень, пакуль першыя дажджы не захапілі іх знянацку. Неадрамантаваныя стрэхі пачалі працякаць, выган пакрыўся вадою па шчыкалатку, і ўсё, што зелянела, пайшло адразу ў рост пасля летняй засухі. Тады людзі папляліся ўброд — мужчыны, жанчыны і дзеці — пад сляпучым і цёплым ранішнім дажджом і, вядома, азірнуліся, каб глянуць апошні раз на свае дамы.
I якраз калі апошняя сям’я, нагружаная клункамі, праходзіла праз вароты, з грукатам абваліліся бэлькі і дах за вясковай агароджай. Людзі ўбачылі, як мільгнуў на момант бліскучы, чорны, як змяя, хобат, раскідваючы мокрую салому страхі. Ён знік, і зноў пачуўся грукат, а за грукатам— віск. Хатхі зрываў дахі з дамоў, як мы зрываем вадзяныя гарлачыкі, і адарваная бэлька выцяла яго. Толькі гэтага і не хапала яму, каб раз’юшыцца, бо з дзікіх звяроў, што жывуць у джунглях, ашалелы дзікі слон буяніць і разбурае больш за ўсіх. Ён убрыкнуў задняй нагой глінабітную сцяну, і сцяна развалілася ад удару, а патокі дажджу ператварылі яе ў жоўтую гразь. Хатхі кружыўся, і трубіў, і кідаўся па вузкіх вуліцах, навальваўся на хаціны справа і злева, ломячы хісткія дзверы, крышачы кроквы; а тры яго сыны шалелі ззаду як шалелі яны пры разгроме палеткаў Бхаратпура.
— Джунглі паглынуць гэтыя шкарлупінкі,— сказаў спакойны голас сярод руін.— Спачатку трэба зваліць агароджу.
I Маўглі, пабліскваючы мокрымі ад дажджу плячамі, адскочыў ад сцяны, якая асела на зямлю, як стомлены буйвал.
— Усё ў свой час,— прахрыпеў Хатхі.— О праўда, у Бхаратпуры мае біўні пачырванелі ад крыві! Да агароджы, дзеці мае! Галавою! Усе разам! Ну!
Стаўшы адзін каля аднаго, усе чацвёра налеглі разам. Агароджа пахіснулася, трэснула і ўпала, і людзі, анямелыя ад жаху, убачылі ў няроўным праломе выпацканыя глінай галовы разбуральнікаў. Людзі кінуліся ўцякаць уніз па даліне, застаўшыся без прытулку і без ежы, а іхняя вёска быццам раставала ззаду, растаптаная, разбураная і разнесеная на шматкі.
Праз месяц ад вёскі застаўся рыхлы пагорак, зарослы кволай маладой зелянінай, а калі прайшлі дажджы, джунглі забуялі на тым самым месцы, дзе ўсяго паўгода назад былі ўзараныя палеткі.
КНЯЖАЦКІ АНКАС
Каа, вялікі горны ўдаў, змяніў скуру — пэўна, двухсоты раз з дня нараджэння,— і Маўглі, які ніколі не забываў, што аднойчы ноччу ў Холодных Бярлогах Каа выратаваў яму жыццё, пра што, магчыма, памятаеце і вы, прыйшоў яго павіншаваць. Мяняючы скуру, змяя бывае панурая і зласлівая да таго часу, пакуль новая скура не зробіцца бліскучай і прыгожай. Каа больш не пасмейваўся з Маўглі. Як і ўсе ў джунглях, ён лічыў яго Гаспадаром Джунгляў і расказваў яму ўсе навіны, якія, само сабою, даводзіцца чуць удаву яго велічыні. Тое, чаго Каа не ведаў пра сярэднія джунглі, як іх называюць, пра жыццё, якое ідзе каля самай зямлі або пад зямлёй, пра жыццё каля валуноў, купін і лясных пнёў, змясцілася б на самай маленькай яго лускавінцы.
У той дзень Маўглі сядзеў паміж вялікіх кольцаў Каа і перабіраў пальцамі лускавіністую старую скуру, якую ўдаў скінуў сярод камянёў. Каа ласкава падставіў сваё цела пад шырокія голыя плечы Маўглі, і хлопчык сядзеў, нібы ў жывым крэсле.