Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
— He здымай рукі з майго пляча,— шапнула Багіра,— не здымай, інакш я пайду,.. пайду да Каа. А-ах!
— Гэта ўсяго толькі стары Каа вырабляе свае кругі ў пыле,— сказаў Маўглі.— Хадзем адсюль.
I ўсе трое выслізнулі ў пралом сцяны і пайшлі ў джунглі.
— Уу-ф!—уздыхнуў Балу, зноў апынуўшыся сярод нерухомых дрэў.— Ніколі больш не буду прасіць дапамогі ў Каа! — I ён увесь скалануўся з галавы да ног.
— Каа ведае больш за нас,— уся калоцячыся, сказала Багіра.— Яшчэ крышку, і я падалася б проста да яго ў пашчу.
— Шмат хто пойдзе туды, перш чым месяц узыдзе яшчэ раз,— адказаў Балу.— Ён добра папалюе — на свой лад.
— Але што ўсё гэта азначае? — спытаў Маўглі, які нічога не ведаў пра гіпнатычную сілу змяі.— Я толькі бачыў вялікую змяю, якая выпісвала для чагосьці кругі па зямлі, пакуль не сцямнела. I нос у Каа быў увесь разбіты. Ха-ха!
— Маўглі,— сярдзіта сказала Багіра,— нос ён разбіў, ратуючы цябе, гэтак жа як мае вушы, бакі і лапы, плечы і шыя Балу былі пакусаны, калі мы ратавалі цябе. Балу і Багіры цяжка будзе хадзіць на паляванне на працягу многіх дзён.
— Гэта дробязі,— сказаў Балу.— Затое дзіцяня зноў з намі!
— Праўда, але гэта нам дорага каштавала: праз яго мы былі зранены, патрацілі столькі часу, не схадзілі на паляванне, заплацілі ўласнай шкурай — у мяне выскублена ўся спіна — і нават нашым гонарам. Бо. не забывай пра гэта, мне, чорнай пантэры, давялося прасіць дапамогі ў Каа, і мы з Балу страцілі розум, як малыя птушаняты, калі ўбачылі Танец Голаду. А ўсё таму, што ты гуляў з Бандар-Логамі!
— Праўда, усё гэта праўда,— сказаў Маўглі засмучана.— Я кепскае дзіцяня, і ў жываце ў мяне горка.
— Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?
Балу зусім не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглі, але з Законам не жартуюць, і таму ён прабурчаў:
— Гора не вызваляе ад пакарання. Толькі не забудзь, Багіра, што ён яшчэ малы!
— He забуду. Але ён нарабіў бяды, і цяпер трэба яго набіць. Маўглі, што ты на гэта скажаш?
— Нічога! Я вінаваты. А вы абое паранены. Гэта толькі справядліва.
Багіра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькіх, на думку пантэры (яны нават не разбудзілі б яе ўласнае дзіцяня), але для сямігадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавіцца.
Калі ўсё скончылася, Маўглі чхнуў і без ніводнага слова падняўся на ногі.
— А цяпер,— сказала Багіра,— залазь мне на спіну, Маленькі Брат, і мы рушым дадому.
Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з’яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлікі. Пасля яго не бывае ніякіх прыдзірак.
Маўглі апусціў галаву на спіну Багіры і заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калі яго паклалі на зямлю ў роднай бярлозе.
«ТЫГР, ТЫГР!»
Пасля бойкі на Скале Савета Маўглі пайшоў з воўчага логава і спусціўся ўніз, да палеткаў, дзе жылі людзі, але не застаўся там — джунглі былі занадта блізка, а ён ведаў, што на Савеце нажыў сабе не аднаго лютага Bopa­ra. I таму ён пабег далей, трымаючыся дарогі па дне даліны, і адмахаў каля дваццаці міляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцін, якіх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўніна, усыпаная скаламі і зрэзаная ярамі. На адным краі раўніны стаяла маленькая вёсачка, з другога канца густыя джунглі дугой падыходзілі да самага выгану і адразу абрываліся, быццам зрэзаныя матыкай. Па ўсёй раўніне пасвіліся каровы і буйвалы, і хлопчыкі, што пільнавалі статак, убачыўшы
Маўглі, уцяклі з крыкам, а бяздомныя рудыя сабакі, якіх заўсёды многа каля кожнай індыйскай вёскі, узнялі брэх. Маўглі пайшоў далей, бо быў галодны, і калі дайшоў да вясковай аколіцы, дык убачыў, што вялікі цярновы куст, якім на змярканні загароджваюць вароты, адсунуты ўбок.
— Гм! — сказаў Маўглі (ён не ўпершыню натыкаўся на такія загароды ў час сваіх начных вылазак у пошуках ежы).— Значыцца, людзі і тут баяцца Народа Джунгляў!
Ён сеў каля варотаў і, як толькі за вароты выйшаў чалавек, усхапіўся на ногі, разявіў рот і паказаў на яго пальцам, што хоча есці. Чалавек паглядзеў на яго, пабег назад па адзінай вясковай вуліцы і паклікаў жраца — высокага і тоўстага чалавека, апранутага ва ўсё белае, з чырвоным і жоўтым знакам на лбе. Жрэц падышоў да варотаў, а за ім прыбегла не менш сотні жыхароў вёскі: яны вылуплівалі вочы, балбаталі, крычалі і паказвалі на Маўглі пальцам.
«Якія яны няветлівыя, гэтыя людзі!—сказаў сам сабе Маўглі.— Толькі шэрыя малпы гэтак сябе паводзяць». I, адкінуўшы назад свае доўгія валасы, ён панура зірнуў на натоўп.
— А чаго тут баяцца? — сказаў жрэц.— Бачыце знакі ў яго на руках і нагах? Гэта воўчыя ўкусы. Ён воўчы прыёмыш і прыбег да нас з джунгляў.
Гуляючы з Маўглі, ваўчаняты даволі часта кусалі яго мацней, чым хацелі, і рукі і ногі хлопчыка былі спрэс усыпаны белымі шрамамі. Але Маўглі ніколі ў жыцці не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамі: ён добра ведаў, якія бываюць сапраўдныя ўкусы.
— Вой! Вой! — сказалі ў адзін голас дзве-тры кабеты.— Увесь пакусаны ваўкамі, бедненькі! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкі. Дапраўды, Месуа, ён вельмі падобны на твайго сына, якога схапіў тыгр.
— Дайце мне зірнуць,— сказала жанчына з цяжкімі
меднымі бранзалетамі на запясцях і шчыкалатках і, пазіраючы з-пад далоні, паглядзела на Маўглі.— Ага, вельмі падобны! Ён худзейшы, затое з твару выліты мой сын,
Жрэц быў чалавек хітры і ведаў, што муж Месуі — адзін з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба і ўрачыста прамовіў:
— Што джунглі ўзялі, тое джунглі і аддалі. Вазьмі хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, і не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якім адкрыта ўся будучыня чалавека.
«Клянуся буйвалам, які выкупіў мяне,— падумаў Маўглі,— усё гэта вельмі нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калі я чалавек, дык буду чалавекам».
Натоўп расступіўся, і жанчына зрабіла Маўглі знак, каб ён ішоў за ёю ў хаціну, дзе стаяў чырвоны лакіраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялікая гліняная пасудзіна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузін медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нішы і на сцяне — сапраўднае люстэрка, якое можна купіць на вясковым кірмашы за восем цэнтаў.
Жанчына дала Маўглі ўволю малака і кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву і зазірнула ў вочы; ёй усё-такі думалася, што, магчыма, гэта і сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. I яна паклікала:
— Натху! О Натху!
Маўглі нічым не паказаў, што гэтае імя яму знаёма.
— Хіба ты забыўся пра той дзень, калі я падарыла табе новыя чаравікі?— Яна дакранулася да яго ступні, цвёрдай, амаль як рог.— He,— сказала яна засмучана,— гэтыя ногі ніколі не ведалі чаравікаў. Але ты вельмі падобны на майго Натху і будзеш маім сынам.
Маўглі зрабілася нядобра, бо ён дагэтуль ніколі не бываў у чалавечым доме. Але, паглядзеўшы на саламя-
ную страху, хлопчык убачыў, што зможа яе разабраць, калі захоча выбрацца на волю, і што акно не замыкаецца.
«Якая карысць быць чалавекам, калі не разумееш чалавечай гаворкі? — сказаў ён сам сабе.— Тут я гэтакі ж дурны і нямы, як чалавек у нас у джунглях. Трэба навучыцца іх мове».
Нездарма, жывучы з ваўкамі, ён навучыўся пераймаць баявы покліч аленяў у джунглях і рохканне дзікоў. Як толькі Месуа гаварыла якое-небудзь слова, Маўглі вельмі падобна паўтараў яго за ёю і яшчэ да змяркання завучыў назвы шмат якіх рэчаў у хаціне. Надышоў час спаць, але Маўглі нізашто не хацеў лажыцца ў хаціне, падобнай на пастку для пантэры, і калі зачынілі дзверы, ён выскачыў у акно.
— He чапай яго,— сказаў муж Месуі.— He забывайся, што ён яшчэ ніколі не спаў на ложку. Калі ён і праўда пасланы нам замест сына, ён нікуды не ўцячэ.
I Маўглі расцягнуўся сярод высокай чыстай травы на краі поля. Але не паспеў ён заплюшчыць вочы, як нечы мяккі шэры нос штурхнуў яго ў шыю.
— Фу! —сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з дзіцянят Маці Ваўчыхі).— Варта было дзеля гэтага бегчы за табою дваццаць міляў! Ад цябе пахне дымам і хлявом— зусім як ад чалавека. Прачніся, Маленькі Брат, я прынёс табе навіны.
Ці ўсе здаровы ў джунглях? — спытаў Маўглі, абдымаючы яго.
— Усе, апрача ваўкоў, якіх абсмаліла Чырвоная Кветка. Цяпер слухай. Шэр-Хан пайшоў на паляванне ў далёкія лясы, пакуль не зажыве яго шкура,— ён увесь у апёках. Ён пакляўся, што кіне твае косці ў раку.
— Ну, гэта мы яшчэ пабачым. Я таксама ў сім-тым пакляўся. Аднак навіны заўсёды прыемна пачуць. Я стаміўся сёння ад усяго новага, Шэры Брат, але ты мне заўсёды расказвай, што ведаеш новага.
— Ты не забудзешся, што ты воўк? Людзі не прымусяць цябе забыцца пра нас? — трывожна спытаў Шэры Брат.
— Ніколі! Я ніколі не забуду, што люблю цябе і ўсіх у нашай пячоры. Але не забуду і таго, што мяне прагналі з Чарады...
— ...і што цябе могуць прагнаць з другой чарады, Маленькі Брат. Людзі ёсць людзі, і гаворка іх падобная на гаворку жаб у сажалцы. Калі я прыйду сюды зноў, буду чакаць цябе ў бамбуку на краі выгану.
На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглі амаль не выходзіў за вясковыя вароты, гэтак ён быў заняты вывучэннем характару і звычак людзей. Перш за ўсё яму давялося надзець павязку вакол бёдраў, што вельмі яму замінала, потым, незразумела навошта, лічыць грошы, потым араць зямлю, у чым ён не бачыў карысці. Вясковыя дзеці ўвесь час дражнілі яго. На шчасце, Закон Джунгляў навучыў Маўглі стрымлівацца, бо ў джунглях ад гэтага залежыць жыццё. Але калі дзеці дражнілі яго за тое, што ён не хацеў гуляць з імі або запускаць змея, або за тое, што ён не так вымаўляў якое-небудзь слова, адна толькі думка, што ганебна для паляўнічага забіваць маленькіх, бездапаможных дзіцянят, не дазваляла яму схапіць і разарваць іх напалам.
Маўглі сам не ведаў сваёй сілы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзі казалі, што ён дужы, як бугай. Ён не разумеў, што такое страх, і калі вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглі, калі ён будзе красці ў жраца салодкія плады манга, Маўглі схапіў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом і папрасіў зрабіць так, каб бог разгневаўся і Маўглі можна было б пабіцца з ім. Спакуса была вялікая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуі давялося заплаціць нямала серабра, каб супакоіць бога.