Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
— Пасядзі тут,— крычалі малпы,— пакуль мы не заб’ём тваіх сяброў! А пасля мы пагуляем з табою, калі Ядавіты Народ пакіне цябе жывым!
— Мы з вамі адной крыві, я і вы!—хуценька шапнуў Маўглі Змяінае Слова.
Ён пачуў шоргат і сыканне наўкол у кучах друзу і для надзейнасці яшчэ раз паўтарыў Змяінае Слова.
— Ссссстой ссспакойна, Маленькі Брат, інакш ты падушыш нассс! Мы цябе чуем. Расссссуньцессся! — сказала некалькі ціхіх галасоў (усе руіны ў Індыі рана ці позна становяцца прытулкам змей, і старая альтанка кішма кішэла кобрамі).
Маўглі стаяў спакойна, глядзеў праз ажурную разьбу і прыслухоўваўся да шуму бойкі чорнай пантэры з малпамі, да крыкаў, мармытання, плескачоў і густога, хрыплага кашлю Багіры, якая рвалася і кідалася ўзад і ўперад, задыхаючыся пад кучай малпаў, што наваліліся на яе.
Упершыню за ўсё жыццё Багіра білася не на жыццё, а на смерць.
«Балу павінен быць блізка: Багіра не прыйшла б адна»,— падумаў Маўглі і гучна крыкнуў:
— Да вадаёма, Багіра! Скаціся да вадаёма! Скаціся і нырні! Кідайся ў ваду!
Багіра пачула яго; гэты крык сказаў ёй, што Маўглі
жывы, і надаў сілы. Яна білася раз’юшана, крок за крокам пракладваючы сабе дарогу да вадаёма. I тут каля падножжа разбуранай сцяны, бліжэй да джунгляў, пачуўся, як гром, баявы покліч Балу. Як ні рпяшаўся стары мядзведзь, ён не мог паспець раней.
— Багіра,— крычаў ён,— я тут! Я лезу наверх! Я спяшаюся! Камяні выслізгваюць у мяне з-пад ног! Дайце толькі да вас дабрацца, о вы, подлыя Бандар-Логі!
Мядзведзь, сапучы, ускараскаўся на тэрасу і знік пад хваляй малпаў, што рынуліся на яго, але тут жа прысеў на кукішкі, расставіў пярэднія лапы і згроб імі столькі малпаў, колькі мог утрымаць. Потым пасыпаліся раўнамерныя ўдары — плясь-плясь-плясь! — з цмоканнем, быццам пліцы білі па вадзе. Шум падзення і ўсплёск сказалі Маўглі, што Багіра прабілася да вадаёма, куды малпы не маглі палезці за ёю. Пантэра ляжала ў вадзе, выставіўшы толькі галаву, і прагна хапала ротам паветра, а малпы стаялі ў тры рады на чырвоных прыступках і падскаквалі ад злосці на месцы, гатовыя накінуцца на яе з усіх бакоў разам, калі яна выйдзе з вады на дапамогу Балу. Вось тады менавіта Багіра ўзняла мокры падбародак і ў роспачы крыкнула, заклікаючы на дапамогу Змяіны Народ:
— Мы з вамі адной крыві, я і вы!
Яна думала, што ў апошнюю хвіліну Каа збаяўся. Нават Балу на краі тэрасы, ледзь дыхаючы пад малпамі, што наваліліся на яго, не мог стрымаць усмешкі, калі пачуў, што чорная пантэра просіць дапамогі.
Каа толькі што пераваліўся цераз заходнюю сцяну і так моцна грымнуўся аб зямлю, што вялізны камень зваліўся ў роў. Каа і не збіраўся адступаць. Ён два разы скруціўся і раскруціўся, каб праверыць, наколькі кожны фут яго доўгага цела падрыхтаваны да бою. Тым часам Балу не пераставаў біцца, і малпы верашчалі над вадаёмам вакол Багіры, і кажан Манг, лятаючы ўзад
і ўперад, разносіў па джунглях весткі пра вялікую бітву, так што затрубіў нават дзікі слон Хатхі. Далёка ў лесе прачнуліся паасобныя чародкі малпаў і памчаліся па верхавінах дрэў да Халодных Бярлогаў, на дапамогу сваякам, і шум бою пабудзіў дзённых птушак на шмат міль навакол. Тады Каа рушыў шпарка, напрасткі, ахоплены прагай забіваць. Уся сіла ўдава — у цяжкім удары галавой, падвоеным сілай і цяжарам усяго цела. Калі вы можаце ўявіць сабе кап’ё, або таран, або молат вагою амаль паўтоны, кіруемы спакойным, разважлівым розумам, што жыве ў яго ручцы, вы можаце сабе ўявіць, які быў Каа ў баі. Удаў даўжынёю чатыры ці пяць футаў можа збіць з ног чалавека, калі ўдарыць яго галавою ў грудзі, а Каа, як вам вядома, меў ажно трыццаць футаў. Першы ўдар, нацэлены прама ў гушчыню малпаў, што акружылі Балу, быў нанесены моўчкі, з закрытым ротам, а другога ўдару не спатрэбілася. Малпы кінуліся ўроссып з крыкам:
— Каа! Гэта Каа! Уцякайце! Уцякайце!
He адно пакаленне малпаў выхоўвалася ў страху перад удавам і паводзіла сябе як след, бо наслухалася ад старэйшых расказаў пра Каа, начнога злодзея, які ўмеў праслізнуць сярод галін гэтак жа бясшумна, як расце мох, і выкрасці самую дужую малпу; пра старога Каа, які ўмеў прыкідвацца сухім суком або гнілым пнём, так што самыя мудрыя ні аб чым не здагадваліся да таго часу, пакуль гэты сук не хапаў іх. Малпы баяліся Каа больш за ўсё на свеце, бо ніводная з іх не ведала межаў яго сілы, ніводная не асмельвалася зірнуць яму ў вочы, і ніводная не выйшла жывою з яго абдымкаў. I таму, калоцячыся ад жаху, малпы кінуліся на сцены і на дахі дамоў, а Балу з палёгкай глыбока ўздыхнуў. Поўсць у яго была куды гусцейшая, чым у Багіры, але і ён даволі-такі нацярпеўся ў баі. I тут Каа ўпершыню разявіў пашчу, сыкнуў адно доўгае свістлівае слова, і
малпы, што далёка ў лесе спяшаліся на дапамогу да Халодных Бярлогаў, замерлі на месцы і задрыжалі так моцна, што галіны пад іх цяжарам сагнуліся і затрашчалі. Малпы на сценах і на дахах дамоў перасталі крычаць, у горадзе зрабілася ціха, і Маўглі пачуў, як Багіра ацепвае мокрыя бакі, пасля таго як выйшла з вадаёма. Потым зноў узняўся 'шум. Малпы палезлі вышэй на сцены, учапіліся за шыі вялізных каменных ідалаў і вішчалі, скачучы па зубчастых сценах, а Маўглі прытанцоўваў на месцы, прыпаў вокам да ажурнай разьбы і пачаў вухкаць,. як сава, выказваючы гэтым сваю пагарду і насмешку.
— Дастанем дзіцяня з пасткі, я больш не магу! — цяжка дыхаючы, сказала Багіра,—Возьмем дзіцяня і ўцякайма. Хаця б яны зноў не напалі!
— Яны не крануцца з месца, пакуль я не загадаю ім. Ссстойце на мессцы!—сыкнуў Каа, і навокал зноў зрабілася ціха.— Я не мог прыйсці раней, Сясстра, але мне здалосся, што я чую твой покліч,— сказаў ён Багіры.
— Я... я, можа, і клікала цябе ў разгар бою,— адказала Багіра.— Балу, ты паранены?
— He ведаю, як гэта яны не разарвалі мяне на сотню маленькіх мядзведзяў,— сказаў Балу, спаважна атрасаючы адну лапу за другой.— Ооу! Мне баліць! Каа, мы абавязаны табе жыццём, мы з Багірай...
— Гэта дробязь. А дзе ж чалавечак?
— Тут, у пастцы! Я не магу вылезці! — крыкнуў Маўглі.
Над яго галавой закругляўся купал, які абваліўся якраз пасярэдзіне.
— Забярыце яго адсюль! Ён танцуе, як паўлін Мор! Ён перадушыць нагамі нашых дзяцей!—сказалі знізу кобры.
— Ха! — засмяяўся Каа.— У яго ўсюды сябры, у гэтага чалавечка. Адыдзіся падалей, чалавечак, а вы схавайцеся, о Ядавіты Народ! Зараз я праб’ю сцяну.
Каа як след прыгледзеўся і знайшоў пачарнелую расколіну ў мармуровай разьбе, там, дзе сцяна была найбольш разбурана, разы два-тры злёгку адпіхнуўся галавой, прымерваючыся, потым прыўзняўся на шэсць футаў над зямлёй і стукнуў з усяе сілы дзесяць разоў запар. Мармуровыя карункі трэснулі і рассыпаліся воблакам пылу і смецця. Маўглі выскачыў у пралом, кінуўся на зямлю паміж Багірай і Балу і абняў абаіх за шыю.
— Ты не паранены? — спытаў Балу, ласкава абдымаючы Маўглі.
— Мяне пакрыўдзілі, я галодны і ўвесь у сіняках. Але як моцна яны вас пашкуматалі, сябры мае! Вы ўсе ў крыві!
— He адны мы,— сказала Багіра, аблізваючыся і пазіраючы на трупы малпаў на тэрасе і вакол вадаёма.
— Гэта дробязі, усё дробязі, калі ты жывы і здаровы, о мая гордасць, найлепшы з жабянятак!—прахныкаў Балу.
— Пра гэта мы пагаворым пасля,.— сказала Багіра суха, што зусім не спадабалася Маўглі.— Аднак тут. Каа, якому мы з Балу абавязаны перамогай, а ты — жыццём. Падзякуй яму, як належыць паводле нашых звычаяў, Маўглі.
Маўглі павярнуўся і ўбачыў, што над ім пагойдваецца галава вялізнага ўдава.
— Дык гэта і ёсць чалавечак? — сказаў Каа.— Скура ў яго вельмі гладкая, і ён падобны на Бандар-Логаў. Глядзі, каб я не палічыў цябе за малпу як-небудзь у ^цемры, пасля таго як я змяню сваю скуру.
— Мы з табой адной крыві, ты і я,— адказаў Маўглі.— Сёння ты вярнуў мне жыццё. Мая здабыча будзе тваёй здабычай, калі ты прагаладаешся, о Каа!
— Дзякуй, Маленькі Брат,— сказаў Каа, хоць вочы яго смяяліся.— А што можа забіць такі храбры паляў-
нічы? Я прашу дазволу паўзці за ім, калі ён выправіцца на паляванне.
— Сам я не забіваю, я яшчэ малы, але я заганяю коз для тых, каму яны патрэбны. Калі захочаш есці, прыходзь да мяне і пабачыш, праўда гэта ці не. У мяне спрытныя рукі,— ён выставіў іх уперад,— і калі ты трапіш у пастку, я змагу заплаціць доўг і табе, і Багіры, і Балу. Добрага палявання вам, настаўнікі мае!
— Цудоўна сказана! — прабурчаў Балу, бо Маўглі дзякаваў як належыць.
Удаў паклаў на хвіліну сваю галаву на плячо Маўглі.
— Храбрае сэрца і пачцівая гаворка,— сказаў ён.— 3 імі ты далёка пойдзеш у джунглях. А цяпер выпраўляйся адсюль хутчэй разам са сваімі сябрамі. Ідзі спаць, бо неўзабаве зойдзе месяц, а табе не трэба бачыць тое, што тут будзе.
Месяц заходзіў за ўзгоркамі, і рады малпаў, што, калоцячыся ад страху, туліліся на сценах і вежах, нагадвалі рваныя хістка-зменлівыя махры. Балу спусціўся да вадаёма напіцца, а Багіра пачала вылізваць сваё футра. I тут Каа выпаўз на сярэдзіну тэрасы, гучна йяснуў сківіцамі, закрываючы пашчу, і ўсе малпы ўтаропіліся на яго.
— Месяц заходзіць,— сказаў ён.— Ці дастаткова святла, ці добра вам відаць?
Па сценах пранёсся стогн, быццам вецер уздыхнуў у вяршалінах дрэў:
— Нам відаць, о Каа!
— Цудоўна! Пачнём жа танец Каа— Танец Голаду. Сядзіце спакойна і глядзіце!
Ён двойчы ці тройчы скруціўся ў вялікае двайное і трайное кальцо, пагойдваючы галавой справа налева. Потым пачаў вырабляць петлі, і васьмёркі, і мяккія, расплывістыя трохвугольнікі, якія пераходзілі ў квад-
раты і пяцівугольнікі, не спыняючыся, не спяшаючыся і не перастаючы ні на хвіліну ціха гусці. Рабілася ўсё цямней і цямней, і напаследак ужо не відаць было, як раскручваецца і скручваецца Каа, чуваць было толькі, як шапаціць яго лускавінне.
Балу і Багіра быццам скамянелі, натапырыліся і глуха бурчалі, а Маўглі глядзеў і дзівіўся.
— Бандар-Логі,— пачуўся нарэшце голас Каа,— можаце вы варухнуць рукой або нагой без майгб загаду? Адказвайце.
— Без твайго слова мы не можам варухнуць ні рукой, ні нагой, о Каа!
— Цудоўна! Падыдзіце на адзін крок бліжэй да мяне!
Рады малпаў бездапаможна хіснуліся ўперад, і Балу з Багірай міжвольна зрабілі крок уперад разам з імі.
— Бліжэй!—сыкнуў Каа.
I малпы зрабілі яшчэ адзін крок.
Маўглі паклаў рукі на плечы Багіры і Балу, каб павесці іх прэч адсюль, і абодва звяры ўздрыгнулі, быццам прачнуліся.