Мова  Віктар Марціновіч

Мова

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 272с.
Мінск 2021
70.72 МБ
Ніякай цыганшчыны мядзведзяў вам у скокі за вашыя тры юані афіцыянт пускаць не будзе. Акт пакідаппя грошай мае быць нейтральна-сяброўскім. У вашым голасе павінна чуцца ціхае замілаванне ўзроўнем сэрвісу і кваліфікацыяй. Скажыце «дзякуй» патрэбнай інтанацыяй і чалавек будзе ваш. Вы можаце ўвесь дзень гуляць у тэтрыс скруткамі з мовай за ягоным столікам а ён нават не зірне на вас зласліва.
Дык вось, я пакінуў мышцы чатыры юані і вельмі здзівіўся, пабачыўшы праз некалькі хвілін, што яна нешта напружапа аб.мяркоўвас з менеджаркай, кідаючы ў мой бок спалоханыя позіркі. Яна паводзіла сабе так, нібыта яе схапілі за распаўсюдам дзіцячага порна, прычым дзіцём на тым порна быў я. Блізка пасаджаныя вочкі мітусіліся паміж мной і менеджаркай, я нават схаваў скрутак з мовай у кішэню, вырашыўшы не ўжываць, пакуль сітуацыя не разруліцца. Яны ж там трохі папераміналіся ля разліковага стэнду, менеджарка выйшла, а мышка падбегла да мяне, нахілілася, прыбрала пасму валасоў з мордачкі і напаўголасу спытала:
Дзе вы ўзялі гэтыя дзесяць юаняў?
Зарабіў катаржнай працай. Разгружаў вагоны з цэглай, знайшоўся я. Ледзь не надарваўся, ma cherie. А што такое?
He, вы не разумееце! паўтарыла беднае дзяўчо. Дзе вы іх узялі?!
Урачыста клянуся, што я іх не скраў, не намаляваў, не выжабраваў і не адняў у дзіцяці! пачаў я раздражняцца. А што, вы не бераце чаявых, калі бясспрэчнае паходжанне грошай пе пацверджанае падатковай інспекцыяй і Камітэтам ААН па супрацьдзеянні гандлю зброяй?
На купюры нейкая маркіроўка! шапнула яна мне. Сістэма аўтаматычна дала сігнал, зараз прыедуць, рыхтуйцеся! Менеджарка мяне заб’е!
Інтэр’ер рэстарацыі пахіснуўся і зацямніўся. Калмык быў з пагончыкамі? Цяпер чакаць Дзяржнаркакантролю? Выглядае, што на банкноце пячатка «наркагандаль». I што, зараз мяне будуць браць? Я сунуў руку ў кішэню, схапіў скрутак і гатовы быў кінуць яго проста пад стол, але насупраць мяне ўжо нехта стаяў. Нават не так: гэты не стаяў, а без запытання сядаў за мой столік. Я спачатку пабачыў яго (шэры дубаваты блішчасты гарнітур, ружовая кашуля, айчынны гальштук сталёвага колеру), і толькі потым стандартны спецслужбісцкі «Опель» за вокнамі. Хутка прыехалі.
Дзень добры.
Ён не павітаўся. Ён гэта сказаў прыблізна так: «сядзець на месцы, рукі з кішэняў на стол». Менавіта так прагучала гэтае «дзень добры».
Старшы ўпаўнаважаны Дэпартамента фінансавых расследаванняў Новікаў. Дзе вы ўзялі купюру, якой разлічыліся?
У Чайна-таўне, я ліхаманкава спрабаваў зразумець, як далей пойдзе размова. Ці будзе вобшук? Або хоць павярхоўны дагляд з выварочваннем кішэняў?
А, у Чайна-тааааўне, працягнуў ён і скрывіўся. Ну тады пытання пра асобныя прыкметы таго, хто з вамі разлічыўся, задаваць не буду. Бо яно не мае сэнсу, тут ён пасміхнуўся, маўляў, усе кітайцы на адзін твар.
У зале раптам з’явілася шмат службоўцаў у такіх самых, як у Новікава, блішчастых гарнітурах, толькі кашулі і колер гальштукаў ва ўсіх былі розныя. А кліентаў, наадварот, у кавярні вокамгненна паменела ля плацёжнага тэрмінала нават утварылася чарга з ахвочых хутчэй разлічыцца. Такая ў іх энергетыка, у гэтых блішчастых гарнітураў. Дарэчы, я думаў, што такія носіць выключна Дзяржнаркакантроль.
Ля нас апынуўся калега Новікава ў вельмі скрыпучых чаравіках. Чорт яго ведае, з якой скуры яны былі зробленыя. Але скрыпелі так, што прыўставалі валасы на патыліцы. Мужчыну скрып уласнага абутку, здаецца, падабаўся ён хадзіў з такім самаўпэўненым выразам на твары, нібы ў чалавечых самцоў чым больш скрыгату тым больш шан-
цаў прывабіць самку, як у тых конікаў ці саранчы. I вось, скрыпучы сваімі жудаснымі чаравікамі, ён працягнуў оперу маю дзясятку. Новікаў дастаў партатыўны ультрафіялетавы свяцільнік і кінуў на грошы вузкі прамень. Нейкі час разглядаў знакі, якія праявіліся на купюры (на мой розум, дык што там магло праявіцца?), а потым спытаўся:
Ці ёсць у вас яшчэ банкноты, якія вам там далі?
Я маўкліва працягнуў пяцёрку. Ён прасвяціў яе ультрафіялетам і сказаў свайму скрыпучаму калегу.
Глядзі, а гэта нармальная.
Той рыпнуў чаравікамі, прамаршыраваў праз залу кавярні і стаў ля ўвахода. Гэта што, каб я не выбег?
А чаго вы спужаліся? спытаў раптам Новікаў. I гэта было нечаканае пытанне. Я нават не заўважыў, што ён мяне пільна разглядае.
Я не спужаўся, паспрабаваў я адмовіць відавочнае.
Ну як не спужаліся? Спужаліся, у яго былі буйныя рысы твару, бялявая мучністая скура і агульны выгляд нейкі пельменяваты.
Ну, можа і спужаўся, пагадзіўся я. Сяджу, нікога не чапаю. А тут раптам ДФР. На маю галаву.
Сітуацыя такая, іншай інтанацыяй паведаміў Новікаў. Такім голасам падазраваным на допыце звычайна паведамляюць іх правы і абавязкі. На вашай дзясятцы заўважаныя прыкметы падробкі. Зараз мы яе бяром на экспертызу. Да вас пакуль ніякіх прававых прэтэнзій не высоўваецца, вашу свабоду мы абмяжоўваць не будзем. Хоць час ад часу ў такіх выпадках бярэцца падпіска і нават практыкуецца змяшчэнне пад варту. Але цяпер аператыўных прычын для таго няма. Нам патрэбная фармальнасць ваш пашпарт.
Пашпарт? не зразумеў я.
Пашпарт. Каб перапісаць дадзеныя.
Навошта? спытаўся я голасам, асіплым з перапалоху.
Для пратаколу. У дадзены момант вы ні ў чым не падазраяцеся. Але падробка грошай сур’ёзнае злачынства, таму тут ёсць працэдуры.
Працэдуры? тупа паўтарыў я.
Ну вядома, працэдуры, ён тлумачыў спакойна і павольна, нібы чытаў лекцыю на факультэце права. Нам трэба адсочваць з’яўленне такіх вось сумнеўных купюр. I калі ў вас зноў апынецца банкнота з прыкметамі падробкі тут ужо будзе іншая размова. А для гэтага трэба вызначыць вашу асобу. Разумееце?
Разумею. Вам патрэбны пашпарт, сказаў я роўна.
Ну, яшчэ мы можам, калі хочаце, праехаць да нас, там вас ідэнтыфікуюць паводле ДНК і адбіткаў пальцаў.
He, дзякуй! мала не крыкнуў я і дастаў тэчку з дакументамі. Гэта ж якая файная ідэя ехаць у ДФРаўскі офіс са скруткам мовы ў кішэні.
Ён сфатаграфаваў мае дадзеныя прапіску, ідэнтыфікацыйны нумар, пазначыў месца працы, сказаў пакінуць электронны подпіс на пратаколе агляду месца здарэння. У правай кішэні маіх штаноў увесь час, пакуль я выконваў ягоныя каманды, пульсаваў папяровы камячок дзесяць гадоў строгага рэжыму. Скурай нагі я адчуваў ягоную вагу, вострыя ражкі, фактуру паперы, гэта быў амаль тактыльны зрок, засяроджанне ўсіх цялесных адчуванняў у адным месцы.
Опер запхаў дзясятку ў празрысты пластыкавы канверт, пазначыў на ім інвентарны нумар і выйшаў разам са сваёй зграяй, не развітаўшыся. 3 аднаго боку, навошта ім такая дробязь, як ветлівасць? 3 другога, можа, ён быў упэўнены, што мы яшчэ пабачымся? I галоўнае пачуцця палёгкі ў мяне не засталося. Ніякага настрою выдыхнуць і крыкнуць: «Yes! Пранесла! That was close!» Ці не таму, што ён не развітаўся? He сказаў чаканых слоў «вы свабодны», напрыклад? Напруга пасля таго, як «Опель» звёз опера, не толькі не знізілася, але, наадварот, узрасла, і пазбавіцца ад яе ўдалося толькі пасля некалькіх тыдняў задушлівых начэй на прапацелых ад бяссоння прасцінах.
Я пайшоў адтуль, з кавярні, хутчэй прэч з гэтага месца! Удзячна кіўнуў мышцы за тое, што папярэдзіла, але ўсмешку з сябе выціснуць не здолеў мяне душыў страх. Пазней я ўцяміў, што кошт майго піцця кавы ў той вечар павіснуў
акурат на гэтай дзяўчыне. Бо грошы, якімі я разлічыўся, забраў опер як «несапраўдныя», а па рахунку плаціць усё ж такі некаму трэба было. Звычайнае правіла ў такіх выпадках вылічваць з waiter’s salary*. Я колькі разоў збіраўся завітаць да мышкі ды кампенсаваць ёй страчанае, але неяк не выйшла. Пасля перажытага ногі самі збочвалі кожны раз, калі я спрабаваў наблізіцца да кавярні. I я раптам апынаўся ў іншых месцах горада, зусім іншых.
Калі падумаць па справядлівасці, дык да той кавы са скрамблам я ўсё роўна не дакрануўся. Дык, можа, няма чаго і кампенсаваць? У метафізічным сэнсе.
БАРЫГА
Як мне жылося пасля таго, як я вярнуўся ў кватэру? Нармальна жылося. Яны зрабілі нармальны ра.монт заклалі дзірку ў кухні, пафарбавалі сцены ў нармальны салатавы колер, паклалі на падлогу нармальны карычневы ламінат, уставілі шклопакеты, набылі новую лядоўню, паставілі пліту, гэтым разам не газавую, а нармальную, электрычную. Дзверы новыя нармальныя, металічныя, з ланцужком. Калі мяне праведаў псіхолаг з Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі пры надзвычайных сітуацыях, ён сказаў, што ў дзвярах схаваныя завесы і ёсць спецыяльны ўступ ад узлому і што я за імі адчуваю сябе камфортна і абаронена, бо нічога злога не можа ўварвацца ў кватэру.
Агулам хата стала больш нармальнай, чым была да здарэння. Нягледзячы на тое, што яны вытруцілі ўсе пахі спецыяльнымі прамысловымі шчолачамі, мне ўвесь час здавалася, што ў памяшканні пахне куродымам. Але ўсё было нармальна. Проста я занадта сентыментальны.
Дзядзю Сашу я болей не бачыў, мабыць, яго змясцілі ў вар’ятню гэта нармальна для вар’ятаў. Зэк Віця таксама знік, мабыць, памёр ад апёкаў лёгкіх. У нас у краіне нар-
* Заробак афіцыянта (анг.).
мальна не цікавіцца тымі, хто знік. Знік значыць, так і трэба. Захоча, каб ім цікавіліся, дасць пра сябе знаць.
Некалькі разоў да мяне прыязджаў грузін Вано, мы гулялі з ім у даміно і глядзелі футбол па Net-візары. Грузін Вано мне зайздросціць, бо мне выдалі кампенсацыю ў пяцьдзясят тысяч новых юаняў, а яму не. Хаця ў яго згарэў вялікі дом на Радыяльнай, а ў мяне толькі невялічкая кватэра. Грузін Вано лічыць, што так адбылося таму, што ён грузін. Мне ж падаецца, што ў мяне проста блакітныя вочы і твар выдатніка такому нельга не дапамагчы. Яшчэ засталося адчуванне, што дзяржава як быццам просіць у мяне прабачэння такой надзвычайнай памерам кампенсацыяй. Але Вано сказаў, што гэта лухта. Я і сам ведаю, што гэта лухта. Проста я занадта сентыментальны. I бачу нейкія асаблівыя адносіны там, дзе іх не можа быць.
Час ад часу да мяне грукаліся кліенты, але мне цяпер няма чаго ім прапанаваць. Усе запасы мовы пагарэлі, а ў Варшаву я пакуль выпраўляцца лянуюся.
Некалькі разоў я званіў Ірцы, хацеў прапанаваць паехаць са мной, пажыць паўгода ў Шанхаі на кампенсацыю. Але Ірка не брала слухаўку. Аднак жа і Дзяржнаркакантроль на мяне не выклікала, хоць гразілася. А гэта значыць, што яна да мяне дагэтуль ставіцца прыязна і цёпла. Без Іркі мяне ў Шанхай не цягне. Кажу ж: у мяне нармальнае жыццё. Снег вось выпаў белы, чысты, выйдзеш пагуляць, а потым ідзеш і пазнаеш свае сляды.