Мова SK
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 264с.
Мінск 2014
Я сапраўды не вельмі сябраваў са спортам. Да пажару мой хударлявы выгляд ідэальна стасаваўся з тым уражаннем добрага хлопчыка, якое мне варта было пакідаць на мытнікаў пры кантрабандных ходках. Пасля ж пажару мне зрабілася нецікава, які ў мяне выгляд.
Я не здохлы, я падцягнуты, паціснуў я плячыма.
Эх, цябе б да мяне ў спартзалу, я б з цябе чалавека зрабіў праз месяц. Ты б у мяне пад калючым дротам поўзаў і праз запаленыя колцы скакаў, як тыгр у цырку. А так нейкі гліст. Скажы яшчэ, што страляць не ўмееш.
He, не ўмею, пагадзіўся я.
А я вось штодня ў трэнажорцы па тры гадзіны, сказаў ён задуменна. I дадаў: Нацык мусіць быць здаровым. Тут ён засмяяўся. А калі ён смяяўся, то выглядала гэта яшчэ страшней, чым калі ён ашчэрваўся.
Ягоных слоў я не зусім зразумеў. «Нацыстамі» называлі сябе паголеныя маладзёны ў чорных штанах «Drittes Reich» са спушчанымі шлейкамі, цяжкіх ботах «Camelot» з белымі матузкамі і армейскіх фуфайках. Іх фінансавалі чачэны з Камароўкі, каб яны час ад часу ладзілі рэйды ў Чайна-таўн і «ачышчалі нашу зямлю ад кітайцаў». Пры гэтым па магчымасці нішчылі кітайскія гандлёвыя кропкі, каб людзі болей набывалі ў сваіх, на Камароўцы. Падчас гэтых рэйдаў нацысты моцна адграбалі ад трыядаў, чаляднікаў школ кунг-фу і проста выпадковых кітайцаў аматараў адзінаборстваў, таму нацыстам усе мінчукі патаемна спачувалі. Да таго ж чачэны былі нашымі, рускімі, а кітайцы прышлымі, і таму было непрыемна, што тых, хто махаецца за нашых, так моцна б’юць. Але ж гэты працаваў на кітайцаў. Які ж ён «нацыст»?
Камуфляжнік пратупаў на кухню, узяў са стала грушу і са смакам у яе ўгрызся. Так мы прастаялі нейкі час ён з асалодай еў маю грушу, а я цярпліва чакаў і не ведаў, чым заняць рукі. Калі я толькі пабачыў яго з брыгадай на пляцоўцы, мне падумалася, што, можа, трыяды надумалі папрасіць прабачэння за тое, што праз іх мне папсавалі жытло, але я ўжо бачыў, што гэты прыбыў з нейкай місіяй. Варыянт, пры якім ён бы даведаўся, што друкаванку не знішчыў пажар, я адкінуў як цалкам непраўдападобны. Пра тое, што кніжка захавалася, ведаем толькі я і тое месца, у якім яна зберагаецца.
Гэты тым часам даеў фрукт, кінуў у ракавіну агрызак і дзелавіта запытаўся:
Чаго стаіш? Апранайся давай! 3 табой хочуць пазнаёміцца!
Вось менавіта так: безасабова. Hi хто хоча пазнаёміцца, ні чаго мне чакаць пры сустрэчы. Я пачынаў адчуваць ягоны стыль такі нахабна-зневажальны «Old Spice Red Lable». Але не крыўдна зневажальны, а па-сяброўску зневажаль-
ны, з адценнем «Jack&Jones». 3 прыхаванай усмешачкай «Lacoste». Як старэйшы брат з малодшым. Добры стыль для палявога камандзіра. Мабыць, салдаты трыядаў яго абагаўляюць. Яшчэ б даведацца, як ён, тутэйшы, узначаліў армію «Светлага шляху». Я апрануў кашулю «Hilfiger», швэдар «Zara», кардыган «Thommy», калі ён рагатнуў:
Ты, выглядае, у Антарктыду збіраешся?
Дык холадна на байку будзе ехаць! Вы ж на байках?
На лайках, блін! перадражніў ён мяне. На лайках, а не на байках! Ты шызануўся? На дварэ снежань, хто ж у снежні на байку ездзіць? Мы ж не гандляры рыбай і не прадаўцы лёду. Мы рэспектабельнае спадарства з бандыцкімі замашкамі.
Ля пад’езда й напраўду чакаў сапраўдны амерыканскі «Hummer», прычым не цывільная мадэль, а армейская «Humvee», з адсекам пад цяжкі кулямёт. Кулямёта і кулямётчыка, дарэчы, не было нечаканая законапаслухмянасць для трыядаў. Камуфляжнік сеў за стырно і кіўнуў мне на месца побач з ім, наперадзе. Ззаду размясціліся чатыры кітайцы, астатнія патупалі да джыпа суправаджэння, хоць, здаецца, маглі б уціснуцца сюды і ўшасцёх. Мы рванулі з месца так, як быццам за намі гнаўся танк «Абрамс». Кіраваў ваяка прыблізна гэтаксама, як і ўсміхаўся.
Куды мы едзем? паспрабаваў запытацца я. Ну, бываюць жа сітуацыі, калі людзі адказваюць на пытанні.
Мяне Сварогам завуць, назваўся ён замест таго, каб даць мне адказ. Сварог гэта бог такі. Бог полымя нябеснага.
Такога бога ў кітайскай міфалогіі я не памятаў. Хоць, можа, ён ужо з’явіўся, а пра яго пакуль не напісалі ў гламурных часопісах, якія я чытаю, калі задзёўбвае глядзець скрыню.
А я Сяргей, сказаў я на той выпадак, калі ён не ведае майго імя.
Трэба табе качацца, Сяргей, прамовіў ён задуменна. I зноўку дадаў сваё, загадкавае. Нацык мусіць быць здаровым.
Вячэрні горад мільгаў праз вокны «Humvee» з такой хуткасцю, як быццам мы на паскоранай пракрутцы глядзелі відэа з аўтамабільнага рэгістратара. Па мосце, які дамінуе над Нямігай, мы ўскочылі на вуліцу Леніна, пад самую пяту Чайна-таўна. Злева ад нас голымі галінамі дрэў працінаў неба сквер ля ратушы, у якім тайцы гандлююць талісманамі, а карэйцы фальшывымі чалавечымі органамі. Тут мы прыпыніліся ля варотаў, закрытых металічнымі жалюзі. Па абодва бакі ад гэтай брамы былі маналітныя бетонныя лесвіцы, што выводзілі на першы ўзровень «Шанхая». Побач знаходзіўся адзін з нешматлікіх заасфальтаваных уваходаў у мурашнік: па ім, нягледзячы на мароз, рухалася чарада скутараў і байкаў. Калі маеш трыццаць юаняў у месяц, будзеш ездзіць на двух колах і ў мінус дваццаць. Калі, вядома, завядзеш скутар.
Вароты выглядалі так, як быццам за імі невялічкі захламлены гараж, у якім той «Humvee» ледзь-ледзь змесціцца. Сварог націснуў кнопку на пульце дыстанцыйнага кіравання, і жалюзі пацягнуліся ўверх, агаляючы не, не гараж, a нізенькую, цёмную вулачку, сціснутую старымі дамамі без вокнаў. Як той карыес у зубе, вулачка цягнулася глыбока ў мурашнік, разгаліноўваючыся шматлікімі бакавымі праходамі. Зверху, над самым дахам машыны, гудзеў Чайна-таўн, але тут не было нікога.
Нічога сабе! Вуліца пад вуліцай! здзівіўся я.
Ну так. Калісьці гэта быў самы цэнтр. Сэрца Мінска. Інтэрнацыянальная. Я яшчэ памятаю, як па ёй людзі хадзілі. Але цяпер горад падняўся, і яна зайшла пад зямлю. Бачыш, першыя паверхі дамоў закінутыя, парадныя дзверы спарахнелі.
Мы прабіраліся па нейкім пакручастым праходзе. ІІраз якіх дзвесце метраў руху машына ўперлася ў вялікі правал, рэшткі асфальту тут на некалькі метраў праваліліся пад зямлю. Сварог вывернуў убок, пакінуў месца для паркоўкі джыпу суііраваджэння і выключыў рухавік. Пасля таго, як згаслі фары, вакол машыны зрабілася цёмна: былая вуліца танула ў прыцемках. Ліхтароў не прадугледжвалася, бо тут
ніхто не жыў. А можа, трыяды наўмысна не асвятлялі яе, каб захаваць уражанне нежылога раёна.
Сюды цяпер толькі дыгеры спускаюцца, сказаў Сварог у цемры. А мы іх страляем. Таму пашчасціла табе, Сяргей, гэта ўсё пабачыць.
Сорак дзявятыя ўключылі налобныя ліхтарыкі, хуткімі белымі прамянямі высвечваючы то фрагмент цаглянай сцяны, то кучу будаўнічага хламу, то высунутую праз дах рыну, з якой хуткім шротам падаюць кроплі. Адзін з салдатаў нешта па-кітайску крыкнуў і ў прамянях ліхтара высвеціў далонь з узнятым вялікім пальцам і адтапыраным мезенцам.
Чыста. Можна выходзіць, растлумачыў мне мой суразмоўца. Ты пад ногі глядзі, бо нашыя сябры з Дзяржнаркакантролю любяць тут расцяжкі з гранатамі Ф1 ставіць. На мінулым тыдні трох хлопцаў страцілі.
Мы выйшлі з «Humvee». Тут было задушліва, бы ў склепе, і толькі зверху даносілася рэха крокаў соцень людзей, якія шпацыравалі па-над нашымі галовамі. Адчуванне было, як пад мостам, калі па ім рухаецца вялікая транспартная плынь. Скрозь цемру я не бачыў нават сваіх чаравікаў. Справабаць вышукваць пасткі ў такой цемры было бессэнсоўна. Зрэшты, можа, Сварог і пажартаваў наконт расцяжак. Спакайней думаць, што пажартаваў. Тры кітайцы пайшлі наперад тры прыладзіліся з бакоў ад нас.
Хадзем, загадаў ён. Дзіўна, што табе загадалі вочы не завязваць. Давяраюць. Зноў ні хто давярае, ні нашто завязваць вочы. А можа, вырашылі цябе пасля сустрэчы у бетонныя боты і ў палонку ў Свіслачы? ён зноў зарагатаў, спарадзіўшы доўгае рэха, як быццам яго перадражніла сотня гоблінаў, што жыла тут, пад зямлёй.
Праз некалькі крокаў «столь» значна нахілілася да зямлі, гэта вымусіла ісці, уцягнуўшы галаву ў плечы: месцамі вышыня праходу рабілася яшчэ меншай, і даводзілася прыгінацца. Праз дзесяць метраў такой хады раптам зрабілася вельмі неспакойна: целу хацелася выпрастацца, стаць роўна, гэта спараджала паніку. У адной з адносна высокіх нішаў мы спыніліся адпачыць: побач былі перапэцканыя
пылам, павуціннем, патрэсканыя ад часу драўляныя дзверы. Трохі далей ліхтарыкі выхапілі з кінематаграфічнай цемры пажоўклую шыльду з незразумелымі словамі «Пан Хмелю», напісанымі выгінастым шрыфтам. У мяне нават узнікла ўражапне, што гэта выраз на мове, але такое дапушчэнне азначала, што некалі ў Мінску мова сустракалася проста на вуліцы. Што сярод яе хадзілі дзеці, на яе глядзелі юнакі і дзяўчаты што за бязглуздзіца!
Сварог прыхінуўся да вушака і ўказальным пальцам на пыльнай драўніне дзвярэй намаляваў літару «у нескладовае». Дарослы чалавек, а паводзіць сябе як нявыхаваны падлетак. I жарты ў яго дзіўнаватыя. Цяпер зразумела, што за тыпы малююць гэтыя «ў» у мужчынскіх прыбіральнях і на бетонных платах, якія відаць толькі з хуткасных цягнікоў.
Бачыш, мы літаральна «пад полам» жывём, сказаў ён. I гэта натуральна. Бо дзе яшчэ могуць жыць падпольшчыкі! ён зноў зарагатаў, і некалькі байцоў з ягонай аховы ветліва падхапілі смех. Хоць я зноў не зразумеў, што ён мае на ўвазе. Калі называць падпольшчыкамі сілу, якая кантралюе траціну горада, дык хто ж тады не падпольшчык? А ён загадкава працягнуў, нібыта ў спробе патлумачыць свой «падпольны» статус. Сказаў «слава нацыі» кажы і «смерць ворагам»! Вось так, Сярожа. I ніяк інакш!
Мы мінулі «Пана Хмелю» і падышлі да вялікага разгалінавання тут у розныя бакі разыходзіліся адразу чатыры падземныя «вуліцы», закіданыя смеццем, вялікімі фрагментамі тынкоўкі, бетоннымі блокамі. Адна з іх здавалася непраходнай у прынцыпе яе часткова перакрывала вялізная бетонная распорка мурашніка, да якой шчыльна падбіраліся кучы цэглы з дома, што рассыпаўся ад старасці.
Знаёмцеся, былая вуліца Камсамольская. Так яна выгладала некалі: дзве паласы, а не дваццаць, кіўнуў Сварог на гэты тупічок. Калі праціснешся наперад упрэшся проста ў зямлю. Там горка, узровень падымаецца, сутарэнны паверх ім абмежаваны. А вось туды прайсці, ён паказаў у супрацьлеглы бок, там наадварот нізіна. I ля былога «Гандлёвага дома на Нямізе» ў нас адразу два паверхі