Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
Яе маці, спярэшчаная маршчакамі старая, сядзела каля агню і прала; з гадамі яна стала палахлівая.
— He люблю я, калі бацькі няма дома,— сказала яна.— Ад дзвюх кабет толку мала.
— Ну, я дык укладу на месцы і ваўка, і пруса,— адказала маладзіца.
I паказала вачыма на вялікую пістолю, што вісела на вушаку.
Яе мужа забралі ў армію на самым пачатку прускага нашэсця, і абедзве жанчыны засталіся толькі з бацькам, старым палясоўшчыкам Нікаля Пішонам, які наадрэз адмовіўся пакінуць сваё жытло і перабрацца Ў горад.
Найбліжэйшым горадам быў Рэтэль — старажытная крэпасць, збудаваная на скале. Гараджане былі патрыётамі, яны вырашылі не здавацца захопнікам, замкнуцца ў сценах і па даўняй традыцыі горада з гонарам вытрымаць аблогу. Ужо двойчы — за Генрыхам IV і за Людовікам XIV — жыхары Рэтэля праславіліся гераічнай абаронай свайго паселішча. Яны і цяпер, ліха на іх, будуць змагацца гэтаксама, хіба спапяляць іх у родных сценах!
Яны закупілі гарматы і стрэльбы, узброілі апалчэнне, сфарміравалі роты і батальёны і цэлыя дні праводзілі вучэнні на пляцы.
Булачнікі, бакалейшчыкі, мяснікі, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнігапрадаўцы, нават аптэкары — усе, па чарзе, у вызначаны час праходзілі страявыя заняткі пад камандай пана Лявіня, былога драгунскага унтэр-афіцэра, а цяпер уласніка галантарэйнага магазіна: ужо ў адстаўцы ён ажаніўся з дачкою пана Равадана-старэйшага і атрымаў у спадчыну яго краму.
Ён набыў званне каменданта крэпасці і, калі ўся моладзь пайшла ў армію, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвішна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзілі па вуліцы не інакш як трушком, каб растрэсці сала і збавіцца ад задышкі; нядужыя цягалі ўсялякі цяжар, каб умацаваліся мускулы.
Горад чакаў прусакоў. Але прусакі не паказваліся. I ўсё-такі яны былі недзе паблізу: ужо двойчы іх разведчыкі праточваліся праз лес ажно да сядзібы Нікаля Пішона, празванага Велягурам.
Стары палясоўшчык, жвавы, як ліс, прыбягаў у горад папярэдзіць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзілі гарматы, але вораг не з’яўляўся.
Велягурава леснічоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялінскім лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзіў у горад па харчы і расказваў гараджанам пра тое, што робіцца ў наваколлі.
У той дзень ён выправіўся ў горад, каб паведаміць каменданту, што трэцяга дня гадзіне а другой папаўдні ў яго на момант спыняўся невялікі атрад нямецкай пяхоты,— прыпыніўся і амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афіцэр, што камандаваў немцамі, гаварыў пафранцузску.
Асцерагаючыся ваўкоў, якія ўсё болей лютавалі, стары, калі выбіраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак — двух вялізных вартавых сабак з ільвінымі пашчамі, і наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.
Дачка не баялася нічога на свеце, але старая вечна калацілася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:
— Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.
У той вечар яна, як ніколі, была апанаваная трывогай.
— Ты не ведаеш, калі вернецца бацька? — спыталася яна.
— Ды напэўна не раней адзінаццаці. Калі ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.
Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючы-
ся ў невыразныя гукі, якія даляталі да яе праз комін.
— Нехта ідзе лесам,— прашаптала яна.— Чалавек сем-восем, не меней.
Маці напалохалася, спыніла калаўрот і пралепятала:
— О божухна! I бацькі няма дома!
He паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.
Жанчыны не адазваліся.
— Атшыніць! — пачуўся гучны гартанны голас.
Па хвіліне маўчання той самы голас паўтарыў:
— Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!
Бэрціна паклала ў кішэню ў спадніцу пістолю, што вісела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да іх вуха і спыталася:
— Хто там?
— Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора,— адказалі знадворку.
— Што вам трэба? — зноў запыталася маладзіца.
— Мой саплукаф ф лес, і мой атрат. Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры.
Выбару не было; леснічыха адкінула завалу, прачыніла цяжкія дзверы і ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускіх салдатаў — тых самых, якія прыходзілі ўжо да іх. Яна цвёрдым голасам папыталася:
— Што гэта вам тут трэба ў такі час?
Унтэр-афіцэр паўтарыў:
— Мой саплюціф, сусім саплюціф, але мой паснаф том. Мой нітшога не еф ат ранак, і мой атрат тожа.
— Але сёння мы з маткаю адны ў хаце,— заявіла Бэрціна.
Салдат, які на выгляд быў прыстойным чалавекам, адказаў:
— Нітшога. Мой не сропіць кепска, але фы мус накарміць нас. Мы патай ат голят і стома.
Леснічыха адступіла ўбок.
— Заходзьце,— сказала яна.
Салдаты ўвайшлі ў хату; усе яны былі абсыпаны снегам; іх каскі, здавалася, былі ўкрыты ўзбітаю смятанаю і нагадвалі безэ; ва ўсіх быў стомлены, знясілены выгляд.
Маладзіца паказала на драўляныя лавы па абодва бакі вялікага стала.
— Сядайце,— сказала яна,— зараз я згатую паесці. Вы і напраўду нейкія выматляныя.
I яна зноў узяла дзверы на завалу.
Потым яна даліла вады ў саган, укінула туды масла і бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вісела каля печы, адрэзала палавіну і паклала ў булён.
Шасцёра дзецюкоў галоднымі вачыма цікавалі за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскі яны паскладвалі ў куток і цяпер чакалі вячэры, слухмяныя, нібы дзеці за школьнымі партамі.
Маці зноў стала прасці, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнікаў. Чулася толькі нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне агню ды пошапт вады, якая пачынала ўжо закіпаць.
Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулі ад нейкага дзіўнага гуку за дзвярыма, які нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.
Унтэр-афіцэр маланкава скочыў да зброі. Леснічьіха ўсміхнулася і жэстам рукі спыніла яго.
— Гэта ваўкі,— растлумачыла яна.— Яны — як вы: таксама бадзяюцца па лесе і таксама галодныя.
Недаверлівы немец захацеў на свае вочы ўпэўніцца, што гэта напраўду ваўкі; ён асцярожна прачыніў дзверы і адразу заўважыў двух вялікіх шэрых звяроў, якія імкліва рынуліся прэч ад леснічоўкі.
— Ніколі п не паферыф,— прамармытаў прусак і зноў усеўся на сваё месца ў чаканні, пакуль згатуецца варыва.
Яны паглыналі яго прагна, як мага шырэй разяўлялі раты, каб ухапіць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпіналіся круглыя вочы, а ў горле ў іх клекаталі гукі, падобныя на бульканне ў вадасцёку.
Жанчыны моўчкі глядзелі на хуткія рухі шырокіх рыжых барод; здавалася, бульбіны правальваюцца ў гэтых рухомых зарасніках.
Салдатам захацелася піць, і леснічыха спусцілася ў склеп, каб нацадзіць сідру. Яна прабыла там даволі доўга. Гэта было невялікае скляпеністае сутарэнне; калі верыць чуткам, у гадьі рэвалюцыі яно служыла і турмой, і сховам. Спускацца туды даводзілася праз люк у кутку кухні па вузкай вінтавой лесвічцы.
Калі Бэрціна вярнулася, хітраватая ўсмешка так і блукала на яе твары. Маладзіца падала немцам збан з пітвом. Потым і сама разам з маці стала вячэраць у другім кутку кухні.
Салдаты паелі і тут, за сталом, задрамалі — усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, і знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
— Ды кладзіцеся вы каля агню, хопіць вам там месца ўсім шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой,— сказала Бэрціна унтэр-афіцэру.
I жанчыны падняліся на другі паверх. Было чуваць, як яны замыкаліся на ключ, як хадзілі па пакоі; потым усё сціхла.
Прусакі палеглі на падлозе, нагамі да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялі, і неўзабаве ўсе шасцёра захраплі на ўсе лады,— хто пісклява, хто басавіта, але аднолькава працяжна і страхотліва.
Яны праспалі даволі доўга, як раптам грымнуў стрэл, такі гулкі, што можна было падумаць, быццам стрэлілі ў сцяну дома. Салдаты ліхаманкава ўскочылі. I тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчыніліся, і на парозе паявілася
са свечкай у руцэ нерапалоханая леснічыха, босая, толькі ў кашулі і ў ніжняй спадніцы.
— Гэта французы, іх чалавек дзвесце, не меней,— пралепятала яна.— Калі яны знойдуць вас тут, дык спаляць і хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шуміце! Крый божа, яны пачуюць вас — тады мы прапалі!
— Топра, топра,— разгублена прашаптаў унтэрафіцэр,— кута мус ісці?
Маладзіца паспешліва адчыніла вузкі квадратны люк, і шасцёра салдатаў адзін за адным таропка сталі спускацца ў склеп па вінтавой лесвічцы.
Але як толькі схавалася вастрыё апошняй каскі, Бэрціна апусціла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнірах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў ім ключ і засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар’яцкае жаданне пайсці ў скокі над галовамі сваіх вязняў.
Прусакі стоена сядзелі, замкнёныя ў гэтай скрыні, у гэтай моцнай каменнай скрыні, куды паветра сачылася толькі праз закратаваную прадуху.
Бэрціна ўміг распаліла агонь, падвесіла над ім саган і зноў узялася гатаваць суп.
— Натоміцца бацька сёння ўночы,— прамармытала яна.
Пасля яна ўселася і стала чакаць. Толькі гулкі маятнік насценнага гадзінніка парушаў цішыню сваім раўнамерным «цік-так».
Час ад часу маладзіца нецярпліва паглядвала на гадзіннік, і ў гэтым позірку можна было вычытаць: «Ох, як марудна цягнецца час».
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамі ў яе шэпчуцца. Ціхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакі пачалі здагадвацца, што жанчына абхітрыла іх, і праз нейкі момант унтэр-афі-
цэр падняўся па лесвічцы і загрукаў кулаком у века. — Атшыніць! — зноў загарланіў ён.
Бэрціна ўстала, падышла да люка і, перакрыўляючы немца, папыталася:
— Што фам трэпа?
— Атшыніць!
— Мой не атшыняф.
Афіцэр разлютаваўся.
— Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!
Яна зарагатала:
— Ламай-ламай, галубок, ламай!
Ён пачаў дубасіць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б і ўдары тарана.
Леснічыха пачула, што унтэр-афіцэр спусціўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымаліся па лесвічцы, выпрабоўвалі сваю сілу і вывяралі моц замка. Але пераканаўшыся, што іх намаганні марныя, яны зноў зграмадзіліся ў склепе і сталі раіцца.
Маладзіца трохі паслухала іх, потым выйшла з кухні, адамкнулася і стала ўслухоўвацца ў начную цемру.
Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свіснула па-паляўнічаму, і амаль у той самы момант два вялізныя сабакі выскачылі з цемені і радасна кінуліся да яе. Яна моцна ўхапіла іх за аброжкі, каб яны не ўцяклі. Пасля штосілы крыкнула: