Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Жыў я, значыць, у сваёй сялянскай хатцы каля Пон-ль’Абэ разам са слугой — былым мараком і сям’ёй брэтонцаў — мужчына працаваў садоўнікам, a жонка і швагерка прыглядалі ў хаце, калі мяне не было.
I ў той год пад каляды ў іх нарадзіўся хлопчык.
Бацька папрасіў мяне быць хросным. Я не змог
адмовіцца, і ён пазычыў у мяне дзесяць франкаў на царкоўныя выдаткі — так ён сказаў.
Хрышчэнне назначылі на 2 студзеня. Ужо тыдзень, як зямля здранцвела пад сіняватым цвёрдым цаліком, што акрыў увесь гэты плоскі нізкі абшар, за якім чарнела мора і зводдаль было відаць, як яно дыхала, выгінала спіну, кацілася імклівымі хвалямі, быццам прагнула кінуцца на свайго нерухомага суседа, які здаваўся мёртвым, бо ляжаў спакойны, белы і настылы.
А дзевятай раніцы да мяне прыйшлі бацька Керандэк са швагеркай — доўгай худой Кермаган — і нянькай, якая ў коўдры несла дзіця.
Мы рушылі да царквы. Мароз стаяў такі, што ад яго трашчалі камяні-дальмены, і цела ледзь не трэскалася ад яго калючых укусаў. А я думаў пра беднае немаўля, якое неслі наперадзе, і казаў сабе, што брэтонцаў выкавалі з жалеза, калі іх дзеці ад нараджэння могуць трываць гэтакія прагулкі.
Мы падышлі да царквы, але дзверы былі зачыненыя.
Плябан пазніўся.
Тады нянька прысела на тумбу каля ганка і ўзялася расхутваць дзіця. Спачатку я падумаў, што хлопчык абрабіўся, але яго, беднага, збіраліся выставіць зусім голага на люты мароз. Абураны такой неасцярожнасцю, я не вытрываў:
— Вы што, з глузду з’ехалі? Вы ж заб’яце яго!
Жанчына цвёрда сказала: «Ды не, вашэці, ён мусіць чакаць божаньку зусім голы».
Бацька з цёткай спакойна пазіралі на гэта. Такі звычай. Паруш яго, і дзіцяці не будзе шчасця ў жыцці.
Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсці дадому і нават спрабаваў сілай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабілася фіялетавае.
Я сабраўся пайсці прэч ад гэтага быдла, калі заўважыў на дарозе з вёскі плябана, рызніка і вясковага хлопчыка-служку.
Я падбег да іх і пачаў абурацца. Плябан зусім не здзівіўся, не прыспешыў, ступаў нетаропка. Ён адказаў:
— Нічога не зробіш, пане. Такі звычай. Усе так робяць, і я не магу нічога змяніць.
— Ды ідзіце вы хоць бы хутчэй,— крыкнуў я.
Святар азваўся:
— А я не магу хутчэй.
Так ён зайшоў у рызніцу, а мы засталіся на цвінтары. Я вельмі пакутаваў ад дзіцячага ляманту — малое аж заходзілася ад марозных апёкаў.
Дзверы нарэшце расчыніліся. Мы ўвайшлі, але дзіця заставалася голае ўсю цырымонію.
Яна цягнулася доўга. Плябан — святая чарапаха — бязладна вавуліў лацінскія словы, паважна і нетаропка ступаючы па халодных плітах, а яго белы ўбор, які ён надзеў, каб у імя бязлітаснага жорсткага бога прымусіць пруцянець ад холаду кавалачак чалавечай плоці, ледзяніў мне сэрца.
Нарэшце гэтае доўгае хрышчэнне скончылася, і нянька зноў укруціла ў доўгую коўдру змерзлага хлопчыка, які пранізліва вішчаў ад болю.
Святар сказаў мне:
— Зайдзіце, калі ласка, распісацца ў рэестры.
Я павярнуўся да садоўніка:
— А цяпер ляціце дамоў і адразу сагрэйце дзіця.
I я даў яшчэ некалькі парад, каб пазбегнуць, калі не позна, запалення лёгкіх.
Бацька паабяцаў зрабіць усё як трэба і пайшоў разам са швагеркай і нянькай. А мы з плябанам зайшлі ў рызніцу.
Калі я распісаўся, ён папрасіў пяць франкаў на выдаткі.
Я, канечне, адмовіўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразіў парваць пасведчанне і скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублікі.
Мы доўга спрачаліся, я нарэшце заплаціў.
Дома я адразу пабег глядзець, ці ўсё было ў парадку. Кінуўся да Керандэк, але бацька, швагерка і нянька яшчэ не вярнуліся.
Парадзіха самотна трэслася ад холаду ў сваім ложку, была галодная, бо суткі як не ела.
— Дзе ж, халера, яны падзеліся? — спытаў я. Жанчына без усякага подзвігу і злосці адказала:
— Мусіць, зайшлі недзе выпіць.
Такі звычай. Тут я прыгадаў свае дзесяць франкаў, пазычаныя на царкву і прапітыя ў карчме.
Я загадаў прынесці маці булёну і добра напаліць у каміне. Занепакоены і злы, я паабяцаў сабе прагнаць гэтых нягоднікаў і са страхам падумаў пра лёс беднага хлапчаняці.
А шостай вечара яны яшчэ не вярнуліся.
Загадаўшы слузе дачакацца іх, я лёг спаць.
Заснуў адразу, бо сплю як сапраўдны марак.
На золку мяне разбудзіў слуга, які прынёс цёплай вады галіцца.
Я спытаўся ў яго, як толькі расплюшчыў вочы:
— Што з Керандэк?
Стары вагаўся, а потым прамармытаў:
— 0! Пане, ён вярнуўся апоўначы п’яны як гразь. Кермаган з нянькай таксама. Веру, што яны начавалі ў канаве, а малое памерла, яны і не заўважылі.
Я з крыкам падскочыў:
— Дзіця памерла?
— Памерла, пане. Яны паказалі яго маці Керандэк. Тая ў слёзы. I яе напаілі, каб суцешыць.
— Як гэта, напаілі?
— Так, пане, Але пра ўсё я даведаўся раніцай,
толькі цяпер. Як у мужа не засталося ні гарэлкі, ні грошай, ён наліў бензіну з лямпы, што дала ім вашэці; яны выпілі на чацвярых колькі там заставалася ад літра. Ды так насцябаліся, што парадзіха цяпер ляжыць хворая.
Я паспешліва адзеўся, схапіў кій, прагнучы забіць усю гэту нелюдзь, і кінуўся да садоўніка.
Атручаная бензінам, Керандэк канала побач з сінім трупікам свайго дзіцяці.
Муж, нянька і швагерка храплі проста на зямлі.
Я быў пры жанчыне, пакуль яна апоўдні не памерла.
Стары доктар змоўк. Ён зноў узяў бутэльку, наліў сабе яшчэ, паглядзеў, як празрыстае пітво ззяе ў святле і робіцца сокам з расплаўленых тапазаў, і адным глытком каўтнуў гарачую, атрутную вадкасць.
ЗВЕР ВАСПАНА БЭЛЁМА
Гаўраўскі дыліжанс быў гатовы да ад’езду з Крыкто; усе пасажыры сабраліся ў двары гатэля «Камэрс», які належаў Маляндэну-сыну, і чакалі, калі іх паклічуць на пасадку.
Дыліжанс — жоўтая карэта на высокіх, некалі таксама жоўтых, а цяпер амаль шэрых ад бруду колах. Пярэднія колы былі зусім невялічкія; заднія, высокія і вузкія, падпіралі касабокую буду, пузатую, як чэрава нейкага звера. Тры сівыя канякі, чые вялізныя галовы і таўшчэзныя круглыя калені адразу кідаліся ў вочы, запрэжаныя «арбалетам» — адзін конь уперадзе, два астатнія — галава ў галаву — ззаду,—
мусілі цягнуць гэтую калымагу, у будове і ў выглядзе якой мелася нешта ад страшыдла. Коні, здавалася, паспелі ўжо задрамаць паперадзе дзівакаватай фуры.
На парозе гатэля, выціраючы рот рукою, з’явіўся Сезэр Арлавіль, невысокі, пузаты, але спрытны ад пастаяннага навыку ўскарасквацца на козлы, з набарвяненым вятрамі, дажджамі, слотаю ды кілішкамі тварам і з прыжмуранымі ад вечнага ветру ды сцюжы вачыма. Каля нерухомых сялян стаялі вялікія круглыя корабы з перапуджаным свойскім птаствам. Сезэр Арлавіль адзін за адным пабраў корабы і паставіў іх на даху карэты; пасля тамсама асцярожна ўмасціў карзіны з яйцамі; потым пазакідаў туды торбы з зернем і іншую дробную паклажу, уверчаную ў хусты, кавалкі палатна або ў паперу. Тады ён расчыніў ззаду дзверцы, дастаў з кішэні спіс і пачаў выклікаць сваіх пасажыраў.
— Пан кюрэ з Горжвіля.
Свяшчэннік — магутны мужчына, шыракаплечы, бухматы, ружовы і прыязны — ступіў наперад. Ён падхапіў сутану, каб не блыталася ў нагах — гэтак жанчыны падымаюць падолы сваіх спадніц,— і залез у калымагу.
— Настаўнік з Ральбоск-ле-Грынэ.
Замітусіўся цыбаты, сарамлівы, у рэдынгоце да каленяў дзяцюк і таксама знік у чэраве дыліжанса.
— Васпан Пуарэ, два месцы.
Рушыў высокі, ссутулены, згарбачаны плугам і выпетраны ашчаднасцю, кашчавы, з лускаватаю скураю Пуарэ. За ім пацягнулася жонка, маленькая і худая, падобная на змардаваную ведзьмачку, з вялізным зялёным парасонам у руках.
— Васпан Рабо, два месцы.
Сарамлівы ад роду Рабо нерашуча патаптаўся на месцы.
— Гэта ты мяне клічаш? — перапытаў ён.
Толькі фурман, якога людзі празвалі «Выскалякам», хацеў адказаць грубаватым жартам, як тут Рабо потырч кульнуўся да расчыненых дзверцаў ад моцнага жончынага тумака — тумака гром-бабы з вялізным, круглым, як бочка, жыватом і шырознымі, як пранікі, ручышчамі.
I Рабо, нібы пацук у нару, шмыгнуў у карэту.
— Васпан Каніво.
Пад здаравенным селянінам, які, пэўна, важыў болей за быка, ажно аселі рысоры, і вось ужо і ён апынуўся ў жоўтай фуры.
— Васпан Бэлём.
Падышоў сухарэбры Бэлём; галава ў яго была схілена набок, ён з гаротным выглядам туліў да вуха насоўку, быццам яго мучыў моцны боль зубоў.
Усе пасажыры былі ў сініх блузах паўзверх дзівакаватых старадаўніх світак з чорнага альбо зеленаватага сукна — святочных строях, у якіх сяляне пакажуцца толькі на вуліцах Гаўра; на галаве ў кожнага вежай узвышалася шаўковая каскетка — вяршыня элегантнасці ў нармандскай вёсцы.
Сезэр Арлавіль зачыніў дзверцы ў будзе, ускараскаўся на сваё сядзенне і ляснуў пугай.
Канякі толькі матлянулі галовамі, і глуха зазвінелі шамкі.
Тады фурман на ўсё горла нокнуў і наводмаш сцебануў па конях. Яны занепакоіліся, тузануліся і няроўным, няспешным трушком рушылі ў дарогу. А ззаду, калоцячыся ўсімі расхістанымі шыбкамі ды рысорным жалеззем, з жахлівым бляшана-шкляным грукатам закалывалася карэта, і абодва рады пасажыраў, раскалыханыя, нібы хвалі, заматляліся то ў адзін, то ў другі бок.
Напачатку ўсе маўчалі — з павагі да кюрэ, прысутнасць якога стрымлівала выліванне пачуццяў. Чалавек гаваркі і свойскі, ён першы падаў голас.
— Ну, як вы маецеся, васпан Каніво?
Волат-падарожны, якога прыемна лучыла з царкоўным служкам аднолькавасць росту, плячэй і жывата, адказаў з усмешкай:
— Памаленьку, пане ойча, памаленьку. А як вы?
— Ды ў мяне заўсёды ўсё добра.
— А вашы справы як, васпан Пуарэ? — пацікавіўся абат.
— Ат, у мяне — як у мяне. Pane ніяк не ўрадзіў сёлета, дык трэба неяк выкручвацца.
— Што зробіпі, часы цяжкія.
— А ўжо ж пэўна што нялёгкія,— пацвердзіў жандарскі голас пышнацелай палавіны васпана Рабо.
Яна была родам з суседняга сяла, і кюрэ ведаў яе толькі па імені.
— Гэта вы, Блёндэль? — папытаўся ён.
— Ага. Я. Замужам вось за Рабо.
Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павітаўся з кюрэ, у глыбокім паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: «Гэта я — Рабо, гэта я ажаніўся з Блёндэль».
Раптам васпан Бэлём, які ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. I пры кожным сваім «вой...м-m...mmm...» ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.