Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
— Эгэй, тата!
Далёка-далёка адгукнуўся голас:
— Эгэй, Бэрціна!
Яна счакала трохі і зноў крыкнула:
— Эгэй, тата!
Той самы голас, але ўжо бліжэй, адказаў:
— Эгэй, Бэрціна!
— He ідзі каля прадухі! — крыкнула леснічыха.— У нас у склепе прусы!
Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева і спынілася паміж двума дрэвамі.
— У нас у склепе прусы? — занепакоена перапытаў стары.— Чаго гэта іх туды занесла?
Дачка засмяялася:
— Ды гэта тыя, пазаўчарашнія. Яны заблудзіліся ў лесе, вось я іх і пасадзіла ў каталажку!
I яна расказала яму ўсю гісторыю: як яна напалохала іх стрэламі з пістолі і як замкнула ў склепе.
— Ну і што ж мне, па-твойму, рабіць з імі цяпер, га? — пахмура запытаўся стары.
— Схадзі па пана Лявіня, хай ён прыйдзе са сваім атрадам,— адказала дачка.— Ён возьме іх у палон. От узрадуецца!
Цяпер ужо ўсміхнуўся і стары Пішон:
— Што праўда, то праўда, узрадуецца.
— Суп гатовы,— сказала дачка.— Ідзі паеш хутчэй дый адпраўляйся.
Стары палясоўшчык сеў за стол і пачаў есці, паставіўшы спачатку на падлогу дзве поўныя міскі сабакам.
Прусакі, пачуўшы галасы, прыціхлі.
Праз чвэрць гадзіны Велягур зноў рушыў у дарогу. А Бэрціна падперла галаву рукамі і стала чакаць.
Вязні зноў заварушыліся. Цяпер яны крычалі, клікалі, бесперастанку шалёна дубасілі рулямі ў цяжкае века.
Потым яны пачалі страляць у прадуху, пэўна, спадзеючыся, што іх пачуе які-небудзь нямецкі атрад, калі акажацца паблізу.
Леснічыха сядзела нерухома, але ўвесь гэты галас непакоіў і раздражняў яе. Злы гнеў апаноўваў яе; яна гатовая бьіла пазабіваць гэтых падлаў, толькі б яны змоўклі.
Трывога жанчыны ўсё нарастала, яна часта паглядвала на гадзіннік і нецярпліва лічыла хвіліны.
Бацька пайшоў паўтары гадзіны назад. Цяпер ён ужо ў горадзе. Яна быццам бачыла яго там. Вось ён расказвае пра ўсё пану Лявіню, які бляднее ад хвалявання, звоніць пакаёўцы і загадвае прынесці мундзір і зброю. Яна, здавалася, чуе, як на вуліцах б’е барабан. 3 вокнаў вытыркаюцца перапалоханыя галовы жыхароў. 3 дамоў выбягаюць у наспех накінутай апратцы задыханыя дабравольцы, зашпільваюць партупеі і подбегам прастуюць да дома каменданта.
Пасля атрад на чале з Велягурам выпраўляецца ў дарогу — у ноч, у снег, у лес.
Яна глянула на гадзіннік. «Яны будуць тут не раней чым праз гадзіну».
Яе нервовае напружанне стала гранічнае. Кожная хвіліна здавалася ёй вечнасцю. Так доўга ўсё гэта цягнецца!
Нарэшце настаў час, калі, паводле яе разліку, французскі атрад павінен быў дабрацца да леснічоўкі.
Бэрціна адамкнула дзверы, намерваючыся паслухаць, ці ёсць ужо хто ў лесе. Раптам яна заўважыла нейкі цень, які асцярожна рухаўся да хаты. Маладзіца спалохана ўскрыкнула. Але гэта быў яе бацька.
— Яны паслалі мяне глянуць, ці не перайначылася тут што,— сказаў ён.
— He, нічога.
Тады стары пранізліва і працяжна свіснуў у начную цемру. I неўзабаве паміж дрэў узнікла нейкая цёмная пляма, якая павольна пасоўвалася да сядзібы: гэта быў авангард з дзесяці чалавек.
— He хадзіце каля прадухі,— бесперастанку папярэджваў Велягур.
I тыя, хто ішоў наперадзе, паказвалі наступным на небяспечную пічыліну-прадуху.
Нарэшце падышла асноўная сіла атрада — усе дзвесце чалавек, і ў кожнага мелася па дзвесце патронаў.
Усхваляваны — да дрыжыкаў — пан Лявінь расставіў сваіх людзей так, каб дом быў ачэплены з усіх бакоў; адкрытая заставалася толькі шырокая мясціна перад маленькай чорнай адтулінай пры самай зямлі, праз якую ў склеп заходзіла паветра.
Пасля гэтага пан Лявінь зайшоў у хату і стаў распытваць пра сілу і размяшчэнне ворага, а вораг між тым гэтак прыціх, што можна было падумаць — ён прапаў, знік, выпарыўся цераз прадуху.
Пан Лявінь пастукаў нагою ў века і крыкнуў:
— Пан прускі афіцэр!
Немец не адгукнуўся.
— Пан прускі афіцэр! — зноў аклікнуў камендант.
Глухое маўчанне. Дваццаць хвілін заклікаў ён знямелага афіцэра здацца разам са зброяй і рыштункам, абяцаючы жыццё яму і яго салдатам і па-воінску пашанаваць іх, а ў адказ аніякай праявы ні мірных, ні варожых намераў. Станбвішча ўскладнялася.
Дабравольцы патупвалі ў снезе, з размаху ляпалі сабе рукамі па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалі на прадуху, і ў іх усё нарастала спакуслівае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.
Урэшце адзін, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам і, як алень, прамчаўся міма прадухі. Спроба ўдалася. Вязні, здавалася, сканалі.
— Ды там нікога няма! — крыкнуў нехта.
Тады яшчэ адзін салдат прабег перад небяспечнай шчылінай. I гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзін дзяцюк, то другі стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой — гэтак дзеці ганяюцца наперагонкі — і так хутка перабіраў нагамі, што толькі камякі снегу ляцелі ва ўсе бакі. Каб сагрэцца, апалчэнцы распалілі вялікія вогнішчы з сушняку, і пры перабежцы з аднаго лагера ў другі постаць бегуна асвятлялася полымем.
— Цяпер давай ты, Малуазон! — пачуўся нечы голас.
Малуазон быў таўстун булачнік, з яго чэрава вечна насміхаліся таварышы.
Таўстун завагаўся. Пасыпаліся кепікі. Тады ён набраўся адвагі і пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.
Увесь атрад рагатаў да слёз.
— Брава, брава, Малуазон! — крычалі апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.
Ен адолеў амаль дзве чвэрці свайго шляху, як раптам з прадухі шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, і грузны булачнік з дзікім крыкам паляцеў потырч у снег.
Ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелі, як ён поўз на карачках па снезе і стагнаў, а калі прамінуў страшную мясціну — страціў прытомнасць.
Куля патрапіла яму акурат у самае мяккае месца.
Па першай разгубленасці і перапудзе зноў грымнуў смех.
На парезе леснічоўкі з’явіўся камендант Лявінь. Ен ужо распрацаваў план атакі.
— Лудзільшчык Пляншу і яго падручныя! — звонка выгукнуў ён.
Трое чалавек падышлі да яго.
— Паздымайце з хаты вадасцёкі!
Праз чвэрць гадзіны перад камендантам ляжала дваццаць метраў вадасцёкавых труб.
Ен загадаў асцярожна пракруціць невялікую дзірку з краю ў люку, і калі праз дзірку можна было пампаваць ваду, радасна абвясціў:
— Цяпер дамо панам немцам трохі вадзіцы!
Грамавое, усцешанае «ўра», радасныя воклічы і выбухі іпалёнага рогату былі яму адказам. Камендант разбіў атрад на рабочыя групы, якія павінны былі
падменьваць адна адну кожныя пяць хвілін, і скамандаваў:
— Пампуйце.
Жалезнае каромысла запрацавала, усярэдзіне ў рукаве з труб глуха забулькала, і вось ужо гэты булькат рынуўся па прыступках у склеп, нагадваючы плёскат фантана, плёскат у басейне з залатымі рыбкамі.
Запанавала чаканне.
Прамінула гадзіна, потым другая, трэцяя.
Камендант узбуджана хадзіў сюды-туды па кухні, раз-пораз прыпадаў вухам да падлогі і прыслухоўваўся, намагаючыся зразумець, што робіць чужынец, і пытаючыся ў сябе, ці хутка ён капітулюе.
Нарэшце чужынец заварушыўся. Было чуваць, як у склепе перасоўвалі бочкі, перагаворваліся, плёхалі па вадзе.
I вось гадзіне а восьмай ранку з прадухі данёсся голас:
— Мой хацеф хафарыць пан францускі афіцір.
He дужа высоўваючы з акна галаву, Лявінь адказаў:
— Здаяцеся?
— Стаюс.
— У такім разе спачатку выкіньце зброю.
I тут жа ўсе ўбачылі, як у дзірку выткнулася і ўпала на снег стрэльба, потым другая, трэцяя — усе шэсць стрэльбаў. Той самы голас крыкнуў:
— Польш няма! Хушэй: мой патануф.
Камендант скамандаваў:
— Адставіць!
Рычаг помпы апусціўся і замёр.
Калі кухню запоўнілі насцярожаныя салдаты са стрэльбамі напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.
Спачатку з’явіліся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгімі выцвілымі валасамі, і
вось са склепа адзін за адным вылезлі шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.
Іх схапілі і звязалі. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкі, усе адразу рушылі назад у горад, раздзяліўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая — Малуазона, якога паклалі на сяннік, а сяннік — на жэрдкі.
У Рэтэль вярнуліся з перамогай.
Пан Лявінь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускі авангард, а таўстун булачнік атрымаў медаль за раненне ў баі з ворагам.
ХРЬІШЧЭННЕ
— Трохі каньяку, доктар?
— Ахвотна вып’ю.
Стары марскі лекар падаў кілішак і сачыў, як той напаўняўся прыгожым, у залатых праменьчыках пітвом.
Пасля ён падняў яго да вачэй, нахіліў да святла, панюхаў, узяў на язык некалькі кропель і доўга смакаваў іх у сасмаглым роце, а потым сказаў:
— 0! Чароўная атрута! Ці нават вабны забойца, хітры і падступны душагуб!
Вы ж не ведаеце, што гэта такое. Хоць і чыталі выдатную кнігу «Пастка», але ў адрозненне ад мяне не бачылі, як спірт знішчыў цэлае племя дзікуноў — маленькае негрыцянскае каралеўства; яно загінула праз спірт, прывезены ў круглабокіх бочках, якія рыжабародыя англійскія маракі кацілі па сходах на бераг з нявіннымі лагоднымі ўсмешкамі.
Пачакайце, я бачыў, на свае вочы бачыў, як спірт стаў прычынай трагедыі, вельмі дзіўнай і дужа балю-
чай, якая адбылася зусім недалёка адсюль — у брэтонскай вёсачцы ў наваколлі Пон-ль’Абэ.
Адзін год я не працаваў і адпачываў у сялянскай хаце, якая засталася мне ад бацькі. Вы ведаеце гэты плоскі бераг, дзе ўдзень і ўночы ў калючых нізкіх уцёсніках шалёна вые вецер, а вялізныя камяні, колішнія багі, трывожна і насцярожана прылеглі-паснулі на зямлі. Мне ўвесь час здаецца, што вось-вось гэтыя гранітныя волаты ажывуць і павольнай хадою рушаць па палях і лугах або распрастаюць свае шырокія крылы і паляцяць у рай да святароў-друідаў.
Мора абдымае і сціскае небакрай, б’ецца аб чорныя ў белых кудлах пены рыфы, падобныя на сабак, якія чакаюць рыбакоў.
А людзі выходзяць у гэтае жудаснае мора, і яно перакульвае іх лодкі ўдарамі зялёнага хрыбта і праглынае, як таблеткі. Штодзень і штоночы адплываюць яны на сваіх трухлых чаўнах, смелыя, узбуджаныя і п’яныя. Але яны вельмі часта бываюць нападпітку. «Як пляшка поўная,— кажуць яны,— бачыш рыф, а як пустая — дык не бачыш».
Завітайце ў іхнія халупы. Вы ніколі не застанеце там бацькі. Спытайце ў жанчыны, што сталася з мужам,— яна пакажа на змрочнае мора, якое раве і плюецца белай слінай на ўсё ўзбярэжжа. Ён не вярнуўся ў той дзень, калі хапіў лішку. Старэйшы сын таксама. Засталіся яшчэ чацвёра светлавалосых моцных дзецюкоў. Неўзабаве іх чарга.