Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
— У вас баляць зубы? — паспачуваў кюрэ.
Селянін на момант перастаў стагнаць і адказаў:
— Ды не... пане ойча... He зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...
— Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?
— Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далібог, туды залез нейкі страшны звер, калі я спаў на сене.
— Звер? Вы ў гэта верыце?
— Дзіва што! Як у існаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе
мне галаву, далібожачкі, грызе галаву! Box, ммм... ммм... ммм...— і Бэлём зноў затупаў нагою.
Гэта падзея надзвычай зацікавіла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнік — што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнічаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха і выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзіравіў барабанную перапонку.
— Хутчэй за ўсё гэта чарвяк,— падагуліў кюрэ.
Васпан Бэлём, адкінуўшы галаву набок і прыпёршыся да дзверцаў — ён залез у дыліжанс апошні,— стагнаў:
— Вой! Ммм... ммм... ммм... Па-мойму, там мурашка, вялізная мурашка... Вой, як кусае!.. Во, во, пане ойча, шавеліцца, рынулася... Box! Ммм... ммм... ммм„. Горачка маё!..
— Ну, а ў доктара ты быў? — папытаўся Каніво.
— Вядома, не!
— А чаму?
Ад страху перад доктарам Бэлёму ажно палягчэла.
Ён выпрастаўся, праўда, насоўку ад вуха так і не адняў.
— Чаму! Сам плаці гэтым лайдакам, як у цябе лішнія грошы завяліся! Хіба ён парадзіць табе за раз? He, пайдзі да яго і раз, і два, і тры, і чатыры, і пяць разоў! А гэта ж цэлыя два экю па сто су, цэлыя два экю, не меней!.. Дый што б ён зрабіў мне, лайдак той, што б ён зрабіў мне, га? Ну от скажы!
Каніво засмяяўся:
— He ведаю. А куды ж ты едзеш?
— У Гаўр, да Шамбралана.
— Да якога Шамбралана?
— Ды да лекара.
— Да якога лекара?
— Каторы вылечыў майго бацьку.
— Твайго бацьку?
— Ну. Даўно ўжо.
— А што ж з ім такое было, з тваім бацькам?
— Сярэдзіну адняло, і варухнуць нагою не мог.
— I як жа яго вылечыў Шамбралан?
— А штомоцы скусаў яму спіну — як цеста мясіў, аберуч! I што ты думаеш? Праз гадзіну-другую ўсё як рукой зняло!
Бэлём прыгадаў, што Шамбралан у дадатак яшчэ і шаптаў нешта, але ў прысутнасці святара не пасмеў сказаць пра гэта.
Каніво са смехам прадаўжаў:
— To, можа, трусяня якое залезла табе ў вуха? Убачыла зараслі дый падумала, што гэта яго нара! От чакай, зараз я вытуру яго адтуль.
Каніво склаў трубкай рукі і ўзяўся падрабляць галасы гончых сабак на паляванні. Што ён толькі ні вырабляў: і якацеў, і рыкаў, і вішчаў, і брахаў! Усе пасажыры ажно клаліся ад рогату, смяяўся нават вечна сур’ёзны настаўнік.
Але Бэлёма злавала, што з яго пацвельваюцца, і кюрэ тактоўна павярнуў размову. Ён абярнуўся да таўстухі Рабо і папытаўся:
— А ці вялікая ў вас сям’я?
— Ды вялікая, пане ойча... Ледзьве спраўляемся з неслухамі!
Рабо згодна заківаў галавой, маўляў, праўда-праўда, ледзьве спраўляемся!
— Колькі ж дзетак у вас?
Кабета з гонарам, гучна і ўпэўнена абвясціла:
— Шаснаццаць, пане ойча! Пятнаццаць ад мужа!
Рабо яшчэ шырэй заўсміхаўся, заківаў галавой. Праўда-праўда, гэта ён, Рабо, бацька пятнаццаці дзяцей, сам настараўся, нікога не прасіў! Сама жонка прызнала гэта! Значыць, і сумнявацца няма чаго! Яму было чым ганарыцца, чорт вазьмі!
Ад каго шаснаццатае? Яна прамаўчала. Відаць, гэта быў першынец. I, мусіць, гісторыю з’яўлення яго на свет ведалі ўсе, бо ніхто не здзівіўся. Нават Каніво не выявіў ніякай цікаўнасці.
Але тут Бэлём заенчыў зноў:
— Ой! Вой! Ммм... ммм... ммм... Глыбей, глыбей паўзе... Ой, горачка!..
Дыліжанс спыніўся каля кавярні «Паліт». Кюрэ прапанаваў:
— А калі б трохі вады ўліць у вуха? Можа, той звер і выплыве? Давайце паспрабуем!
— Давайце! Я ўжо на ўсё згодны.
Падарожныя вылезлі з карэты: усім карцела паглядзець, як будуць выганяць звера.
Свяшчэннік папрасіў тазік, ручнік і шклянку вады; потым загадаў настаўніку схіліць галаву пацыенту набок, а як толькі вадкасць трапіць у слухавы праход, хутчэй адвярнуць галаву назад.
Аднак Каніво, які ўжо зазіраў Бэлему ў вуха, спадзеючыся ўбачыць там звера, усклікнуў:
— Ну і мармеладу, чорт вазьмі! Давай спачатку выкалупвай усё гэта, стары. Інакш тваё трусаня век не вылужацца з гэтага павідла. Уліпне ўсімі чатырма лапамі!
Кюрэ таксама агледзеў вуха і мусіў прызнаць, піто з такой цеснай, бруднай нары звера не выгнаць. Давялося настаўніку ўзяць запалку, наматаць на яе шматок анучкі і прачысціць вуха. I вось настаў момант, калі ўсе трывожна сцішыліся, а свяшчэннік лінуў у прачышчаны слыхавы праход з палавіну шклянкі вады, якая пацякла Бэлёму і па твары, і ў валасы, і за каўнер. Настаўнік імгненна, нібыта хочучы адкруціць, павярнуў галаву пацыенту да тазіка. У белую пасудзіну капнула некалькі кропель. Усе кінуліся разглядваць іх. Аднак ніякага звера ў тазіку не аказалася.
Тым не меней Бэлём заявіў:
— Здаецца, не варушыцца.
Кюрэ пераможна ўсклікнуў:
— Значыць, мы яго ўтапілі!
Усе парадаваліся такому зыходу і вярнуліся ў карэту.
Аднак ледзьве дыліжанс рушыў далей, як Бэлём зноў страшэнна залямантаваў. Звер ачуняў і проста ашалеў. Бэлём бажыўся, што цяпер ён залез ужо ў самую галаву і пажырае мазгі. Бедалага так енчыў і курчыўся, што жонка Пуарэ, падумаўшы, што ў яго ўсяліўся д’ябал, заплакала і пачала хрысціцца. Па нейкім часе, калі боль трохі суняўся, хворы стаў расказваць, якія выкрунтасы ён робіць у яго вуху. Бэлём быццам бачыў яго, сачыў за ім позіркам і пальцам паўтараў кожны рух звера:
— Во-во, ужо вышэй лезе... вой!.. вой!.. вой!.. А горачка ж маё!
Каніво не вытрываў:
— Гэта, пэўна, твайму зверу жытло не даспадобы. Але ж мо як-небудзь абвыкне-такі!
Зноў зарагаталі. Каніво прадаўжаў:
— Вось заедзем у кавярню Бурбо, ты дай яму чарачку, дык ён і не варухнецца болей, праўду табе кажу!
Але Бэлёму было ўжо проста не вытрываць. Ён падняў такі лямант, быццам з яго вымотвалі душу. Кюрэ змушаны быў падтрымліваць яго галаву. Пасажыры папрасілі Сезэра Арлавіля спыніцца каля першага ж стрэчнага жытла.
Ім аказалася прыдарожная ферма. Бэлёма завялі ў хату і паклалі на кухонны стол, каб яшчэ раз зрабіць прамыванне. Каніво настойліва раіў змяшаць ваду з гарэлкаю: звер нап’ецца і засне, а мо і ўвогуле аддасць канцы. Але кюрэ выбраў воцат.
На гэты раз сумесь улівалі па кроплі, каб яна тра-
піла як мага глыбей, і на некалькі хвілін пакінулі няведама кім заселены орган у спакоі.
Потым зноў прынеслі тазік, асілкі кюрэ і Каніво адным махам перавярнулі Бэлёма на другі бок, a настаўнік забарабаніў пальцамі па здаровым вуху пацыента, каб з хворага як мага хутчэй вылілася ўся вадкасць.
Нават Сезэр Арлавіль не стрываў, з пугай у руках зайшоў у хату паглядзець на працэдуру.
I раптам на дне ў тазіку ўсе ўбачылі чорненькую, не буйнейшую за насенінку цыбулі кропачку. Кропачка варушылася. Гэта была блыха! Пасыпаліся ўражаныя воклічы, потым грымнуў смех. Блыха! Ну гэта ж трэба, такая здатненькая, міленькая блыха! Каніво ляпаў сабе па сцёгнах, Сезэр Арлавіль ляскаў пугай; рогат кюрэ быў падобны на рык асла, смех настаўніка нагадваў чханне, а кабеты ўсцешана заліваліся, быццам сакатлівыя куры.
Бэлём сядзеў на стале і, трымаючы тазік на каленях, уважліва і сур’ёзна, з задаволеным абурэннем разглядваў пераможанае стварэнне, якое вілося ў кроплі вады.
— Вось табе, падлюга! — буркнуў ён і плюнуў у та?ік.
Ашалелы ад смеху фурман усё паўтараў як заведзены:
— Блыха, блыха! Ах ты, чортава блошка! Чортава блошка!
Калі ўсе трохі супакоіліся, ён гукнуў:
— Ну то што, паехалі? I так процьму часу змарнавалі.
Падарожнікі, усё яшчэ смеючыся, пакіравалі да экіпажа.
I тут Бэлём, які падышоў апошні, заявіў:
— А я не паеду далей, вяртаюся ў Крыкто. Цяпер мне ўжо няма чаго рабіць у Гаўры.
Фурман адказаў:
— Як сабе хочаш, але заплаці за месца!
— Заплачу, але толькі палавіну, я ж адно палову дарогі праехаў.
— Мусіш заплаціць цалкам, месца ж ты атрымаў да канца.
I распачалася спрэчка, якая неўзабаве ператварылася ў зацятую сварку: Бэлём прысягаў, што ён заплаціць толькі дваццаць су, Сезэр Арлавіль даказваў, што ён мусіць заплаціць усе сорак. Яны стаялі адзін перад адным і зацята лаяліся.
3 дыліжанса вылез Каніво.
— Па-першае, сорак су ты павінен даць бацюшку, ясна? Па-другое, мусіш даць на чарку ўсім нам, тваім спадарожнікам,— на гэта, думаю, пяцьдзесят пять су будзе даволі. Ну і Сезэру плаці дваццаць су. Ты згодны, Выскаляка?
Фурман, усцешаны, што Бэлём раскашэліцца аж на тры франкі семдзесят пяць су, адказаў:
— Згода.
— Тады плаці.
— Я не дам ні капейкі! Па-першае, бацюшка — не доктар.
— Калі ты не расплацішся, дык я завалаку цябе ў карэту і завязу ў Гаўр.
Волат аберуч ухапіў Бэлёма і лёгка, як дзіця, падняў угору.
Бэлёму стала ясна, што супраціўляцца дарэмна. Ён дастаў кашалёк і адлічыў грошы.
Пасля гэтага дыліжанс папраставаў далей, у Гаўр, а Бэлём павярнуў назад, у Крыкто, і прымоўклыя пасажыры яшчэ доўга бачылі на белай дарозе сінюю сялянскую блузу, якая матлялася над цыбатымі Бэлёмавымі нагамі.
ПАНІ ПАРЫС
I
Я сядзеў на моле ў маленькім порце Абернон, побач з хутарам Саліс, і глядзеў, як над Анцібамі заходзіць сонца.
Мястэчка, аточанае з усіх бакоў магутнымі крапаснымі мурамі, пабудаванымі п. дэ Вабанам, выдавалася ў мора якраз пасярэдзіне неагляднай Ніцкай затокі. Высокія марскія хвалі разбіваліся аб скалы і адхлыналі, аперазаўшы ўцёс шумавіннем. За ўмацаваннямі адзін за адным караскаліся ўгору цацачныя дамкі і дабіраліся аж да дзвюх вежаў, натапыраных у неба накшталт рагоў старажытнага шлема. I абрысы іх чарнелі на малочнай белізне Альпаў, уздымаліся перад бясконцай далёкай чарадой заснежаных гор, якая затуляла ўвесь далягляд.
Паміж белай пенай каля муроў і белым снегам на небакраі мястэчка, раскінутае ў шызай смузе прыгоркаў, стракацела пірамідай дамоў з рыжымі дахамі і з белымі фасадамі такіх розных адценняў, што яны здаваліся каляровымі ў промнях вячэрняга сонца.
Нават нябесны блакіт нібы збялеў, быццам па ім расплыўся снег; срэбныя хмаркі плылі над бледнымі вяршынямі, а па той бок затокі, каля вады, быццам белая нітка, нацягнутая паміж морам і гарамі, спачывала Ніца. Два шырокія трохкутнікі ветразяў, надзьмутыя пругкім брызам, ляцелі па хвалях. Я, зачараваны, глядзеў на ўсё гэта.