Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
14
Вось і пачаў ён прасіць Хлою, каб дазволіла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым ім паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабілі; бо толькі гэта ўпушчана з Філетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзіныя лекі, што іх каханне суцішаюць.
Калі ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне і само ляжанне, і што ён будзе рабіць, калі будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: «Тое самае, што бараны робяць з авечкамі, а казлы з козамі. Хіба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкі ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за імі да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як відаць, гэтая работа, і яна адольвае горыч кахання».— «Але хіба не бачыш ты, Дафніс, што козы і казлы, а бараны і авечкі робяць гэта стоячы, як козы і авечкі таксама стоячы іх прымаюць, тыя ж на іх скачуць, яны ж носяць іх на спіне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ і голая? Да таго ж наколькі шчыльней шэрсць іх пакрывае,
чым мяне мая вопратка». Паслухаўся Дафніс, лёг пры ёй і ляжаў так доўгі час, але, не ўмеючы зрабіць тое, да чаго ён палка імкнуўся, падняў яе і, абняўшы ззаду, прыціснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў і заплакаў з таго, што ў каханні ён яшчэ менш разбіраецца, чым бараны.
15
Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на імя Хроміс, лепшыя гады якога ўжо адышлі. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквіце, куды больш прывабную за вясковых; Лікэніён было ёй імя. Бачачы, як штодня Дафніс праганяў сваіх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лікэніён захацелася, прынадзіўшы яго падарункамі, зрабіць сваім каханкам. I вось неяк, падпільнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сірынгу, мёду ў сотах і пастухову торбу з аленевай шкуры, Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоі: добра ж бачыла, як ён хінецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з іх кіўкоў галавою і з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромісу, што нібыта ідзе адведаць парадзіху суседку, пайшла за імі назіркам, схавалася ў гушчарніку, каб яе не ўбачылі, і ўчула ўсё, што яны казалі, і пабачыла ўсё, што яны рабілі; не прайшло паўз яе і што плакаў Дафніс. Спачуваючы няшчасным і рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант — іх ад мук уратаваць, а заадно і сваю пажадлівасць утаймаваць — прыдумала яна такую хітрасць.
16
На другі дзень, нібыта яна зноў выпраўляецца адведаць тую парадзіху, адкрыта ідзе да дуба, дзе сядзелі Дафніс і Хлоя, і, спрытна ўдаючы перапалоханую, кажа: «Уратуй мяне, Дафніс, няшчасную, бо з маіх дваццаці гусей арол украў найлепшага гусака, але ноша яго была надта цяжкая, не змог ён занесці на звычайнае месца — на высокую скалу, а мусіў апусціцца там, у нізкім ляску. Дык хадзі — заклінаю німфамі і тым Панам! — са мною ў лес (адна я ж баюся), выратуй мне гусака, не дапусці ўбытку ў чарадзе. Можа, і самога арла зможаш забіць,
і ён не будзе ўжо без канца цягаць у вас ягнят і казлянят. А тым часам статак паглядзіць Хлоя; козы ж добра ведаюць яе, яна ж заўсёды з табою пасе іх».
17
Зусім не здагадваючыся, што яго чакае, Дафніс адразу ж падняўся, узяў пастуховы кій і пайшоў за Лікэніён. Яна ж вяла яго як мага далей ад Хлоі; і, калі яны апынуліся ў найбольшым гушчары, яна сказала яму прысесці паблізу ручаіны і прамовіла: «Ты, Дафніс, кахаеш Хлою; гэта я ўведала ўночы ад німфаў. У сне яны расказалі мне і пра твае ўчарашнія слёзы і загадалі дапамагчы табе і навучыць цябе, што трэба рабіць. Але ж гэта не пацалункі, не абдымкі і не тое, што робяць бараны і казлы; іншыя гэта скачкі і нашмат саладзейшыя, чым у іх, і даўжэйшы час трывае асалода. Дык калі хочаш пазбавіцца свае бяды і зазнаць тыя ўцехі, якіх ты шукаеш, то хадзі, аддайся мне, будзь мілым вучнем; я ж, каб дагадзіць тым німфам, навучу цябе гэтаму».
18
Дафніс не мог утрымацца ад радасці, праставаты казапас, да таго ж закаханы і малады, упаў ён да ног Лікзніён, молячы як мага хутчэй навучыць яго ўмельству зрабіць з Хлояю тое, што ён так хоча; і як бы яна мела навучыць яго нечаму вялікаму і сапраўды ад бога спасланаму, ён абяцае ёй маладзенькае казляня, далікатнага сыру з аднае смятанкі і нават казу. Знайшоўшы ў ім такую пастушыную шчодрасць, якой яна ані не чакала, Лікэніён пачала навучаць такім спосабам: яна сказала, каб падсеў бліжэй да яе і цалаваў яе так часта і палка, як ён гэта звычайна робіць, і, цалуючы, заадно абняў яе і лёг долу. Калі ж ён прысеў, пацалаваў, прылёг да яе і яна адчула, што ён поўны сілы для работы і гарыць жаданнем, яна прыпадняла яго, бо ён ляжаў на баку, спрытна падставілася пад яго і навяла яго на дарогу, якую ён так доўга расшукваў; а там не спатрэбілася мудраваць, сама прырода навучыла, што рабіць далей.
19
Як толькі Дафніс закончыў навуку кахання, ён, усё яшчэ па-пастухоўску прастадушны, хацеў бегчы да Хлоі, каб тут жа зрабіць з ёю тое, чаму навучыўся, як быццам баяўся забыцца, калі прамарудзіць; але Лікэніён, затрымаўшы яго, сказала так: «Яшчэ вось што павінен ты давучыць, Дафніс. Я ж жанчына і ніякага болю цяпер не адчувала, бо даўно ўжо навучыў мяне гэтаму іншы мужчына, узяўшы ва ўзнагароду маё дзявоцтва. Хлоя ж, змагаючыся з табою ў гэтай сутычцы, будзе крычаць і плакаць і будзе ляжаць у крыві, нібы забітая. Але ты не бойся крыві, а, угаварыўшы яе аддацца табе, прывядзі яе на гэтае месца, дзе, калі яна і закрычыць, ніхто не пачуе і дзе, калі яна і заплача, ніхто не ўбачыць, а калі давядзецца ёй у кроў абрабіцца, то зможа ў гэтай ручаіне памыцца. I помні, што я раней за Хлою мужчынам цябе зрабіла».
20
Пасля такіх павучанняў Лікэніён падалася ў другі бок лесу, нібы ўсё яшчэ шукаючы гусака; а Дафніс, абдумваючы яе словы, стрымаў сваё першае парыванне, баючыся вымагаць ад Хлоі нечага большага, чым пацалункі ды абдымкі, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нібы ад ворага, плакала ад болю і сплывала крывёю, нібы яе забіваюць. Толькі ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крыві і думаў, што толькі з раны кроў можа ліцца. I рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафніс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фіялак вянок, ён схлусіў ёй, што вырваў гусака з арліных кіпцюроў, і, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабіў з Лікэніён, бо гэта ж была дазволеная і бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву і цалавала яго валасы, якія здаліся ёй прыгажэйшымі за фіялкі. I дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавіны і некалькі скібак хлеба, дала яму падсілкавацца; і калі ён еў, яна выхоплівала ў яго з рота кавалачкі і глытала, як маленькае птушаня.
21
Калі яны так елі, а яшчэ больш цалаваліся, чым елі, то ўбачылі рыбацкі човен, што праплываў паўз іх. Ветру не
было, мора было спакойнае, і даводзілася веславаць. I рыбакі з усіх сіл працавалі вёсламі, бо спяшаліся прывезці ў горад аднаму багацею толькі што злоўленую рыбу. I як гэта заўсёды робяць маракі, каб забыць пра стому, так рабілі, вяслуючы, тыя. Адзін з іх, задаючы тэмп, запяваў марскія песні, а рэшта, як хор, усе разам і ў лад падхоплівала іх.
Пакуль яны так рабілі ў адкрытым моры, песня замірала, бо тоны яе губляліся ў далёкай прасторы; але калі яны, аб’ехаўшы мыс, увайшлі ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, іх усклікі чуліся мацней і бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цясніна прылягала да раўніны і, нібы поласць флейты,прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам — выразна чуліся і плёскат вёслаў, і галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, і доўга, пасля таго, як ён заміраў, гучаў толькі водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькі пазней, наколькі ён і пазней пачынаўся.
22
Дафніс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькі за морам і любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўніну, і стараўся нешта запомніць з песень, каб сыграць пасля на сірынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракі ў такт вёслам спявалі, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж ім адгукаецца. I калі тыя праплылі паўз яе і ў цясніне запанавала ціша, яна спыталася ў Дафніса, ці ёсць за мысам яшчэ мора, і ці праплыў там другі карабель, і ці не спявалі другія маракі тую самую песню і ўсе ў адзін час замоўклі. Усміхнуўся пяшчотна Дафніс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою і, усклаўшы на яе вянок з фіялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасіўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.
23
«Род німфаў, мая любая, вялікі: мэліі, дрыяды, гэлеі, усе красуні, усе пявунні. Адна з іх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькі, прыгожую, бо ад прыгожае маткі. Німфы яе ўзгадавалі, музы яе на сірынзе, на дудцы іграць
навучылі, пад ліру, пад кіфару ўсялякія песні спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з німфамі яна танцавала, з музамі спявала. Але ад усіх мужчын уцякала — і людзей, і багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар’яцтва на пастухоў авечак і коз. I гэтыя, як сабакі ці ваўкі, разрываюць і па ўсёй зямлі раскідаюць яе часткі, якія яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкі да німфаў пахавала ўсе гэтыя часткі. А ўмельства гучання зберагла і з волі муз падае голас і ўсё пераймае, як некалі дзяўчына: багоў, людзей, музычныя інструменты, звяроў; нават ігру на сірынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае і ганяецца па гарах, не так хочучы злавіць, як даведацца, хто ж гэта за таямнічы вучань».
Калі Дафніс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безліч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за ім паўтарала Эхо, нібы сведчачы, што ён ані не салгаў.
24
3 кожным днём сонца больіп прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, і зноў прыйшлі да іх новыя летнія радасці. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаінах; ён іграў на сірынзе наўзахапкі з пошумам хвойкі, яна ж спявала навыперадкі з салаўямі. Яны ганяліся за стракатлівымі цвыркунамі, лавілі звонкіх цыкад, збіралі кветкі, абтрасалі дрэвы, елі плады. Урэшце клаліся разам голыя, накрыўшыся адною казлінаю шкураю. I Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калі б Дафніса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страціць калі-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоі раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзівіла, але яна сарохмелася спытацца чаму.