• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    25
    У гэтае лета да Хлоі заляцалася шмат хлопцаў, і з розных месцаў прыходзіла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносілі падарункі, другія — вялікія абяцанкі. Напэ, падахвочаная спадзеўкамі, раіла яму выдаць Хлою і не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страціць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькі яблыкаў ці ру-
    жаў; лепей жа зрабіць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялікія падарункі самім узяць і зберагчы ддя свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у іх нарадзіўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымі гаворкамі, бо кожны залётнік абяцаў большыя падарункі, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскія хлопцы, і што калі б яна некалі знайшла сваіх сапраўдных бацькоў, то абагаціла б і ашчаслівіла і яго і жонку; і марудзіў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збіраючы ніштавата падарункаў.
    Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгі час не казала Дафнісу, не хочучы яго засмучаць; калі ж ён пачаў прыставаць і распытваць, што здарылася, і яшчэ больш засмуціўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнікаў сватаецца да яе і якія яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, нра Дрыяса, які не адмовіў нікому, але адклаў усё да збору вінаграду.
    26
    Сам не свой зрабіўся Дафніс ад гэтага, і, сеўшы, заплакаў, і казаў, што памрэ, калі Хлоя не будзе з ім больш пасвіць; і не толькі ён адзін, але разам з ім і авечкі без такое пастушкі. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохі суцешыўся і надумаў угаварыць яе бацьку, палічыўшы і сябе сярод залётнікаў і спадзеючыся, што возьме верх над імі. Толькі адно турбавала — Ламан не быў багаты, і гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, і Хлоя згадзілася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Міртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне і пра шлюб слоўца ўкінуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову і пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесці хлопца, якому прыкметныя знакі абяцаюць багатую долю; бо, калі ён сваіх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробіць іх вольнымі і дасць ім куды большыя надзелы зямлі. Міртала ж, баючыся, каб Дафніс, зусім страціўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабіць чаго над сабою, падала яму зусім іншыя прычыны адмовы. «Мы, дзіцятка, бедныя людзі, і нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя і хочуць багатых зяцёў. Ідзі ж,
    угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат і выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае і ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю».
    27
    Міртала, якая ніколі не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду — меў жа ён багацейшых залётнікаў,— думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унікнуць шлюбу; Дафніс не мог адкінуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваіх спадзяванняў, рабіў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў і зноў клікаў німфаў на дапамогу. I ўночы, калі ён спаў, яны з’явіліся ў сне ў тым самым абліччы, як і мінулы раз, і зноў загаварыла старэйшая: «Пра Хлоін шлюб дбае іншы бог; мы ж дамо табе падарункі, якімі задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вітку якога некалі з’елі твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлі; але ўночы, калі з адкрытага мора наляцела бура і яно ўсхадзілася, карабель выкінула на скалы гэтага мыса. Сам карабель і шмат чаго ў ім загінула; але гаманец з трыма тысячамі драхмаў, выкінуты хваляю на бераг, ляжыць там і цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфінам, і ніхто з падарожных не падыходзіць да таго месца, унікаючы смуроду гнілізны. Але ты падыдзі, і, падышоўшы, вазьмі, і, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш і сапраўды багатым».
    28
    Гэта сказаўшы, яны зніклі разам з ноччу. Калі ж заняўся дзень, Дафніс, узрадаваны, ускочыў і, голасна насвістваючы, пагнаў сваіх коз на пашу; пацалаваў Хлою і, ушанаваўшы німфаў, пабег да мора, нібы хочучы абмыцца; і там на пяску, побліз прыбою, хадзіў ён, шукаючы тыя тры тысячы. He шмат давялося прыкласці клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфіна, які ляжаў там і гніў; гэты смурод падлы і паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды і, разгробшы водарасці, знайшоў гаманец, набіты серабром. Падняўшы яго і паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна
    не памаліўся німфам і мору; бо хоць і быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мілейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.
    29
    3 трыма тысячамі драхмаў ён больш не марудзіў, лічачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькі сярод тамтэйшых сялян,— тут жа прыбягае да Хлоі і расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просіць яе папільнаваць статак, пакуль ён не вернецца, і як мага імчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малаціў пшаніцу, ён з усёй адвагаю кідаецца ў гаворку пра шлюб: «Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сірынзе прыгожа іграць, і вінаградныя лозы падразаць, і дрэвы саджаць. Умею зямлю араць і веяць збожжа на ветры. А як статак пасу — Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоіў лік іх; я выгадаваў вялікіх і прыгожых казлоў; а раней мы чужымі казламі сваіх коз пакрывалі. Да таго ж я малады і сусед вам што трэба: а выкарміла мяне каза, як і Хлою — авечка. Пераважаючы ва ўсім гэтым над іншымі, я не ўступлю і ў падарунках. Даюць яны коз і авечак, пару шалудзівых валоў, збожжа, што і курэй не выстачыць пракарміць; а ад мяне — вось вам тры тысячы драхмаў. Толькі няхай ніхто не ведае, нават Ламан, мой бацька». 3 гэтымі словамі ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.
    30
    Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькі грошай, тут жа паабяцалі выдаць за яго Хлою і ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнісам ганяць валоў наўкол току і выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалі Хлоіны прыкметныя знакі, хутка пабег да Ламана і Мірталы, каб — яшчэ такога не бывала — сватаць іх сына. Знайшоў ён іх, калі тыя мералі толькі што правеяны ячмень і былі вельмі зажураныя, бо ўраджай быў ці не меншы, чым пасеяна; на гэта ён іх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргі; а пасля пачаў прасіць выдаць Дафніса за Хлою і сказаў, што хоць шмат даюць другія, але ён ад іх нічога не возьме, а хацеў бы яшчэ і са сваіх прыпасаў ім дадаць; яны адно
    з адным гадаваліся і, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, і тыя гады, каб ім адно з адным спаць. Гэта і яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў іх, меў тры тысячы. А Ламан, які не мог ужо выставіць за прычыну ні сваю беднасць, бо тыя ж перад імі не задаваліся, ні Дафнісавы гады — ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнісу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкі, ён так адказаў:
    31
    «Вы справядліва робіце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымі і не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлівыя да вас Пан і німфы! Я і сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар’ятам, калі б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукі, не палічыў бы за вялікае дабро парадніцца з вашым домам; ксжны б Хлою хацеў, прыгожая, мілая дзяўчына, спрытная ва ўсім. Але я раб і ні над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта і даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады і сам ён тут будзе, як кажуць людзі, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам і жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат і сястра. Толькі ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, які стаіць вышэй, чым мы». Сказаўшы гэта, пацалаваў яго і даў яму папіць, бо быў полудзень — самая спёка, і, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.
    32
    Але Дрыяс не пусціў паўз вушы апошніх Ламанавых слоў і, ідучы дадому, даўся ў думкі, хто ж такі Дафніс. «Яго выкарміла каза, значыць, багі дбаюць пра яго; ён прыгожы і ані не падобны ні да гэтага кірпатага старога, ні да яго лысай жонкі. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькі і грушак-дзічак у казапаса звычайна не бывае. Можа, і яго падкінулі, як Хлою? Можа, і яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, і пры ім ляжалі прыкметныя знакі, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калі гэта было так, о ўладны ГІане, і вы, любыя німфы, тады, можа, калі ён знойдзе
    сваіх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоінай таямніцы?» Так ён думаў і мроіў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды і ўбачыўшы Дафніса, які напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем і паабяцаўшы ўвосень справіць вяселле, і падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нікому, апроч Дафніса.
    33
    Хутчэй чым думка, не піўшы, не еўшы, пабег да Хлоі; знайшоўшы яе — яна якраз даіла і рабіла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле і як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў і разам рабіў усю работу. Даіў малако ў даёнкі, укладаў сыры ў пляцёнкі, каб сушыліся; падводзіў ягнят і казлянят пад маткі. Калі ўсё як мае быць было пароблена, яны памыліся, паелі, папілі і пайшлі шукаць спелых пладоў. Іх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзікіх і садовых, шмат яблык, адны пападалі долу ўжо, другія былі яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлі, больш духмяныя, тыя, што на голлі, больш румяііыя; адны пахлі, як віно, а другія блішчалі, як золата. Адна яблыня была абабраная: ні пладоў на ёй, ні лісця — усе галінкі голыя. Толькі ў самым версе гайдаўся адзінюткі яблык — вялікі, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе іншыя перабіваў. Збіраючы, нехта пабаяўся лезці высока і не парупіўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.
    34
    Як толькі Дафніс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафніс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоі і прамовіў такія словы да гняўлівай: «Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзілі, прыгожае дрэва яго жывіла, сонца спяліла, а Доля яго ацаліла. Я не мог, маючы вочы, пакінуць яго, каб ён долу ўпаў і каб статак, пасучыся, яго растаптаў, ці паўзун-гад атруціў, ці час там яго зглуміў; яго, якім толькі любавацца ды захапляцца. Такі яблык Афрадыта ва ўзнагароду за