• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    36
    Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянісафан і прывёў Хлою, вельмі прыгожа ўбраную, і сказаў: «Вось гэтае дзіця ты пакінуў. Гэтую дзяўчыну з волі багоў выкарміла табе авечка, як каза мне Дафніса. Вазьмі ж гэтыя прыкметныя знакі і дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнісу за жонку. Абаіх пакінулі, абаіх знайшлі, абаімі апекаваліся Пан, німфы і Эрас».
    Мегакл пахваліў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытуліў да грудзей. I асталіся яны там начаваць: Дафніс пакляўся, што больш нікому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.
    37
    Калі надышоў дзень, яны ўмовіліся назад у вёску разам вяртацца: Дафніс і Хлоя прасілі аб гэтым, бо не маглі вынесці жыцця ў горадзе. Ды і бацькам было даспадобы зрабіць ім вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялі Дрыяса да Мегакла, пазнаёмілі Раду з Напэ і пачалі рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад німфамі заручыў Хлою з Дафнісам і разам з многімі іншымі ахвяраваннямі павесіў і прыкметныя знакі, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяці тысяч драхмаў.
    38
    Стаяў цудоўны дзень, і Дыянісафан загадаў тут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лісця і, запрасіўшы ўсіх людзей з вёскі, раскошна пачаставаць. Тут былі Ламан і Міртала, Дрыяс і Напэ, Дорканавы родзічы, Філет са сваімі дзецьмі, Хроміс і Лікэніён; не абышлося і без Лампіса, якому даравалі. Усё было так, як водзіцца ў гэтакіх гасцях, па-вясковаму: адзін спяваў жніўныя песні, другі сыпаў жартамі, як гэта бывае пры выцісканні сусла. Філет іграў на сірынзе, Лампіс на флейце, Дрыяс і Ламан танцавалі, Хлоя і Дафніс цалаваліся; а поблізу пасвіліся козы, як бы і яны разам святкавалі.
    Гасцям з горада гэта не вельмі спадабалася; а Дафніс падклікаў, называючы імя то адной, то другой казы, даваў ім галінак з зялёным лісцем і, схапіўшы за рогі, цалаваў.
    39
    I гэтак не толькі той дзень, але і большую частку жыцця правялі яны па-пастухоўску, шанавалі багоў — німфаў, Пана, Эраса, нажылі вялікія чароды авечак і коз і ўважалі за найлепшую яду плады і малако. А калі нарадзіўся ў іх сын, яны далі выкарміць казе, а дачушцы, якая нарадзілася другою, дазволілі ссаць вымя авечкі; і сына назвалі Філапеменам, а дачку Агелаю. Так яны і пражылі пастухамі аж да самае старасці. I пячоры аздобілі, паставілі там карціны і ўзвялі ахвярнік Эрасу-Пастуху; і Пану яны замест яго хвойкі зладзілі пад жыллё капліцу і назвалі яе капліцаю Пана-Ваяўніка.
    40
    Але ўсё гэта назвалі і зрабілі яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялі іх да шлюбнага пакоя, адны на сірынгах, другія на флейтах іграючы, трэція ўзняўшы ўгару вялікія паходні. А калі яны былі перад дзвярыма, завялі рэзкім голасам, нібы зямлю трохзубцамі дралі, а не вясельную песню спявалі. А Дафніс і Хлоя ляглі голымі, абнялі адно аднаго і цалаваліся, правёўшы ноч без сну, як совы; і Дафніс рабіў тое, што навучыла яго Лікэніён, а Хлоя толькі цяпер даведалася, што ўсё, што рабілася ў лесе, было толькі пастушынымі гульнямі.
    КАМЕНТАРЫІ
    Стар. 16. Лесбас— вялікі востраў у Эгейскім моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі. Дзеянне гэтага рамана аб каханні, на думку даследчыкаў, невыпадкова разгортваецца на гэтым востраве, які здаўна славіўся цудоўным кліматам, урадлівымі землямі, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лірыкі кахання: тут нарадзілася шмат паэтаў, у тым ліку славутая Сафо (VII — VI ст. да н. э.).
    Німфы — Дзеўсавы дочкі, багіні, якія ўвасаблялі розныя сілы прыроды; заступніцы і апякункі лясоў (дрыяды), палёў (ліманіяды), далін (папэі), мораў (нерэіды), рэк (наяды), гор (арэады) і г. д. Антычнае мастацтва паказвала іх у выглядзе прыгожьіх дзяўчат, голых ці напаўадзетых.
    ...змог вытлумачыць абраз...— У шмат якіх гарадах старажытнай Грэцыі на ўтрыманні мясцовых улад была афіцыйная пасада правадніка, які паказваў і тлумачыў выдатныя помнікі гэтай мясцовасці.
    Эрас — сын Афрадыты, бог кахання. Мастакі паказвалі яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамі і стрэламі, якімі ён раніць сэрца. Імя гэтае азначае «каханне». Калі ўлічыць, што ў антычныя часы ўласныя імёны нічым не адрозніваліся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэнні і як імя бога.
    Пан — сын Гермеса і Пенелопы, бог лясоў і пашаў, апякун паляўнічых і пастухоў; меў казліныя рогі, вушы і ногі. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкі лічыўся «гадзінаю Пана». I калі яго трывожылі моцным крыкам і спевамі, Пан палохаў людзей і звяроў сваімі гукамі, якія наводзілі «панічны жах».
    ...хворага вылечыць...— Старажытнагрэцкая медыцына лічыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў і чытанне прыемных (у тым ліку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сілы.
    Стар. 17. Мітылена (цяперашняя назва Мітыліні) — галоўны горад на ўсходнім узбярэжжы вострава Лесбаса, у часы Рымскай імперыі меў важнае значэнне.
    ...прыблізна за стадыяў дзвесце...— гэта значыць каля 3,8 кіламетра (стадый — мера даўжыні, прыкладна роўная 192 м).
    Стар. 18. Дафійс — паводле позняй грэцкай міфалогіі — сын Гермеса і німфы; абагоўлены пасля свае смерці; апякун сіцылійскіх пастухоў, заснавальнік старажытнагрэцкай пастушынай ідылічнай паэзіі.
    ...ахвярныя дары даўнешых пастухоў.— Пакідаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалі німфам і Пану свае даёнкі, пастуховыя кіі, торбы, сірынгі. У ахвяру багам клалі таксама і рэчы памерлых пастухоў.
    Стар. 19. Хлоя — у антычнай міфалогіі эпітэт багіні пладароднай зямлі Дэметры. Пастушыным імя лічылася, відаць, таму, што па-грэцку «хлоэ» значыць «маладая зеляніна, зялёныя пасынкі, маладыя атожылкі».
    Стар. 20. ...яго імя было ім невядомае...— сведчанне, што гэта былі простыя, не вельмі адукаваныя людзі.
    Стар. 23. Вакханкі — удзельніцы містэрый бога віна і весялосці Дыяніса-Вакха. Культ Дыяніса быў звязаны з п’янымі гульбішчамі (вакханаліямі) і экстатычнымі оргіямі. У мастацтве вакханак паказвалі паўраздзетымі, з накінутаю на плечы ці на паясніцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увітым вінаградам, у руках.
    Стар. 24. ...а ён казапас...— Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль і адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалі тыя, што пасвілі кароў і быкоў — валапасы, другое — тыя, што пасвілі авечак, трэцяе — казапасы.
    Дзеўс — вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў і людзей, бог неба, грому і маланкі. Быў сынам тытана Кронаса, які з’ядаў сваіх дзяцей. Паводле міфа, Дзеўсава маці Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на востраве Крыт, на гары Ідзе,— там німфы выкармілі яго малаком казы Алматэі.
    Безбароды я, але такі і Дыяніс...— Антычнае мастацтва паказвала Дыяніса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзеціока.
    Сатыры — лясныя казланогія боствы, з вострымі вушамі і конскімі хвастамі. Вясёлыя, памаўзлівыя, яны суправаджалі Дыяніса.
    Стар. 28. ...яны кідалі адно ў аднаго яблыкі...— яблык быў сімвалам кахання. Кідаць яблык на грудзі — значыла прызнавацца ў каханні.
    Стар. 29. ...спяаала пра Пана і Пітыс...— Пан закахаўся ў німфу Пітыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скінуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка — дрэва, прысвечанае Пану («пітыс» — па-грэцку і зпачыць «хвойка»),
    Тырыйскія піраты — марскія разбойнікі з горада Тыра ў Фінікіі; яшчэ з часоў Гамеравай «Адысеі» наводзілі жах на мараходаў у Эгейскім моры.
    ...на лёгкім карыйскім судне...— Жыхары Карыі — прыбярэжнай часткі на поўдні Малой Азіі — славіліся карабельным будаўніцтвам.
    —каб іх за варвараў не палічылі...— Варварамі грэкі называлі ўсіх
    негрэкаў, чужаземцаў, што не ўмеюць гаварыць па-грэцку. У іх гэта слова не мела адмоўнага значэння, як у наш час.
    ...дзецюка, які здаўся ім болый вартаю здабычаю...— Піраты былі адначасова і гандлярамі рабоў.
    Стар. 30. Лускаватыя паўпанцыры — падпанцыры з металічнай лускі.
    Накаленнікі — часцей за ўсё металічныя, закрывалі пярэдні бок нагі.
    Стар. 31. ..многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду».— Вядомымі «Басфорамі» («валовымі брадамі») былі, напрыклад, пралівы між Чорным морам і Мармуровым і між Чорным і Азоўскім.
    ...Хлоя купае Дафніса...— Удзельнікі пахавання абавязкова пасля мыліся, каб ачысціцца ад дакранання да нябожчыка.
    Стар. 32. Націсь — прылада для выціскання соку, звычайна каменная (або драўляная) з адтокам. Некалькі чалавек, трымаючыся за адпаведны шост або прыробленыя да яго петлі ці кольцы пад музыку і спевы — каб спарней працавалася — тапталі нагамі прынесены ў кашах спелы вінаград. Сок пасля пералівалі, як апісваецца тут у Лонга, у драўляныя бочкі, якія ўкопвалі ў зямлю (апроч бочак ужывалі і вялікія гліняныя збаны або мяхі). Бочкі з сярэдзіны і звонку былі пакрытыя смалою. Прастаяўшы з восені да вясны, пры частым памешванні, ачышчэнні ад шумавіння, віно, як усякае натуральнае, мела прыкладна 13 градусаў. П’ючы, грэкі яго разводзілі вадою ў прапорцыі дзве часткі віна на тры часткі вады, але часам і не прытрымліваліся гэтага ў залежнасці ад гатунку віна і трываласці бяседнікаў. Рабам прызначалася віно паўторна выціснутае — з вінаградных жамерынаў.
    У антычныя часы віно шырока ўжывалася як пітво для лепшай страўнасці, а таксама ў культавых і лячэбных мэтах.
    Стар. 33. ...вылівалі ў ахвяру малака...— каб улесціць багоў, грэкі лічылі, што павінны дзяліцца з імі часткаю свайго набытку, а таму рабілі ахвяраванні багам і ўзліванні — з віна, ці малака, ці вады з малаком, ці алею.
    Пры кожным банкеце напачатку ў гонар бога ўзлівалі неразведзенага віна. Пасля з кожнага кубка ўзлівалася таксама некалькі кропляў у гонар таго ці іншага бога. Рабілі ўзліванне таксама пры адыходзе, звычайна ў гонар Гермеса, бога дарог,— нешта на ўзор беларускага развітальнага тоста — «на рукавіцы».
    Філет — ад грэцкага слова «філео» — «люблю, кахаю».
    Стар. 34. ...ні лебедзь, калі ён стары, як я...— Старажытныя грэкі лічылі, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці: прадчуваючы смерць, ён узнімаецца ўгору і пяе найпрыгажэйшую з песень. Адсюль і выраз «лебядзіная песня» — апошні найбольш значны твор.
    Кронас — паводле старажытнагрэцкай міфалогіі, сын Урана (Неба) і Геі (Зямлі), які, скінуўшы бацьку, запанаваў над светам; бацька і папярэднік Дзеўса (гл. заўвагу да стар. 24).