Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
8. «Клянуся Геркулесам! — сказаў я.— Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калі можа быць большае няшчасце, чым дзеля распусніцы і яе ласкаў вырачыся дому і дзяцей!»
Але ён спалохана прыставіў палец да вуснаў. «Маўчы,— кажа,— маўчы!» А сам азіраецца, ці хто не пачуў. «Сцеражыся,— кажа,— жанчыны-чараўніцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклікаць бяды». «Так? — запытаўся я насмешліва,— што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарніца і каралева?»
«Яна ведзьма і чараўніца,— адказвае ён,— яна можа неба апусціць, зямлю падвесіць, ручаі зрабіць цвёрдымі, горы расплавіць, нябожчыкаў узняць, багоў звесці, зоркі патушыць і нават тартар асвятліць!» «Даволі,— кажу,—
апусці гэту трагічную заслону і складзі сваю театральную шырму, гавары па-людску».
«Хочаш,— пытаецца,— пра адну, пра дззе, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклікаць любоў да сябе не толькі жыхароў гэтага краю, але Індыі, абедзвюх Эфіопіяў і нават антыхтонаў — ёй глупства, дзіцячыя забаўкі! Але паслухай, што яна зрабіла на вачах у многіх людзей.
9. Свайго палюбоўніка, які асмеліўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калі яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрываг свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што і з ім, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваіх даўнейшых кліентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў віннай бочцы. Аднаго юрыста, які выказаўся супраць яе, зрабіла бараном, і вось той так бараном і вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўніка аднойчы яе аблаяла,а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак і замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзіць тая бядачка з вялізным жыватом, быццам павінна нарадзіць слана.
10. Гэта апошняе злачынства і зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклікалі агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набіць яе назаўтра каменнем. Аднак яна сілай заклінанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасіўшы ў Крэонта адзін дзянёк адтэрміноўкі, усю яго сям’ю, і дачку, і самога старога спаліла полымем ад свайго вянка, так і гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленні (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелі, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамі ўсіх жыхароў замкнула ў іхніх памяшканнях так, што два дні не маглі яны ні збіць замкоў, ні дзвярэй выламаць, ні нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалі прасіцца, кленучыся, што не толькі не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калі хто-небудзь супроць яе выступіць. На гэтых умовах яна злітавалася і горад вызваліла. А пачынальніка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усім домам, сценамі, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто міль у другі горад, змешчаны на вяршыні крутой гары і дзеля таго цалкам бязводнай. А калі выявілася, што там будынкі мясцовых жыхароў стаялі вельмі шчыльна і не было яму месца, дык кінула дом перад гарадской брамай і вярнулася дамоў».
11. «Дзіўныя ты мне,— кажу,— Сакрат, і не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугі якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць і, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!»
Я яшчэ прадаўжаў свае разважанні, а мой добры Сакрат ужо спаў і хроп, стаміўшыся за дзень і выпіўшы віна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкі, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзіць уваход, і кладуся. Спярша ад страху не сплю даволі доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу зліпацца.
Ледзь толькі я заснуў, як раптам з такім грукатам, што і разбойнікі не нарабілі б, дзверы расхінуліся ці, правільней кажучы, былі вывернутыя і сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькі, гнілы і трохногі, валіцца ад гэтага напору на мяне і, ляжачага на зямлі, цалкам сабой прыкрывае.
12. Тут я зразумеў, што некаторыя ўражанні выклікаюць супярэчлівыя паслядоўнасці. Як часта бываюць слёзы ад радасці, так вось і я, ператварыўшыся з Арыстамена ў чарапаху, у такім жахлівым становішчы не мог паўстрымацца ад смеху. А покуль што ляжу на зямлі пад сваім ложкам і крадком гляджу, што будзе далей. Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з іх нясе запаленую лямпу, а другая губку і аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, які моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: «Вось, сястра Панція, мой дарагі Эндзіміён, мой падчашы, які дні і ночы цешыўся маімі маладымі гадочкамі, той, што маім каханнем пагарджаў і не толькі мяне чарніў, але і задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хітрым Улісам пакінутая Каліпса, буду аплакваць вечную адзіноту». А пасля, прасцёршы руку і паказваючы сваёй Панціі мяне, працягвала: «А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбіў яго на ўцёкі, які ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлі, з-пад ложка пазірае на нас і спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мпе абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвіліную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню і за сягонняшнюю цікавасць!»
13. Пачуўшы гэта, я абліўся халодным потам, і ўсё маё нутро закалацілася, ажно да маіх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спіне. А добрая Панція кажа: «А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкі, або, звязаўшы рукі і ногі, не
вылегчаць?» У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе імя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: «Не, пакінем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага». I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убіла яму ў левы бок шыі свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб ні адна кропля не магла ўпасці. Я гэта бачыў на свае вочы.
Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусціць нічога з абраду ахвяравання, дэбрая Мяроя, запусціўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там і выняла сэрца майго няшчаснага сябра. 3 яго рассечанага горла вырваўся нейкі невыяўны хрыпаты гук, і Сакрат выпусціў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панція сказала: «Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку».
Пасля гэтага, адсунуўшы ложак і расставіўшы нада мною ногі, яны пачалі мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залілі смярдзючай мачой.
14. Як толькі яны пераступілі парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы і гнёзды, засаўкі вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так і застаўся распасцёрты на зямлі, амаль без дыху, голы, змерзлы, заліты мачой, як быццам толькі што выйшаў з чэрава маці, або паўмёртвы, які перажыў самога сябе, ці злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбеніца.
«Што,— сказаў я,— будзе са мной, як заўтра рана людзі ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я і буду гаварыць праўду?» «Няхай бы,— скажуць,— клікаў на дапамогу, калі ты такі здаравенны мужчына не мог справіцца са старой бабай. На тваіх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загінуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злітавалася над сведкам злачынства і даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерці, але далучайся да свайго сябра!»
Зноў і зноў прыходзілі мне ў галаву такія думкі, а тым часам ноч набліжалася да раніцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад світаннем выбрацца крадком і пусціцца ў дарогу. Бяру свой клунак і, уставіўшы ў адтуліну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пільныя дзверы, якія ўночы самі адчыняліся, толькі пасля доўгага важдання з ключом вельмі неахвотна далі мне дарогу.
15. Я крыкнуў: «Гэй, ёсцьтам хто? Адчыніце мне брамку ад двара, я хачу перад світаннем выйсці!»
Вартаўнік, які спаў пры браме на зямлі, спрасонку кажа: «Ці ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнікаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калі на тваім сумленні цяжкі грэх, што ажно хочаш памерці, дык і ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе паміраць!»
«Хутка,— кажу,— будзе світаць. Ды што могуць адабраць разбойнікі ў такога беднага вандроўніка? Ці ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяці асілкам не ўдасца?»
На гэта ён, засынаючы і павярнуўшыся на другі бок, ледзь варушачы языком, балбоча: «Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якім вечарам прыйшоў начаваць, і хочаш цяпер ратавацца ад адказнасці ўцяканнем?»
Калі пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапілася да самага тартара і галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з літасці мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакінула на ўкрыжаванне.
16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развітацца з жыццём. А паколькі лёс не даваў мне ў рукі ніякага прадмета смерці, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: «Ложак мой, ложак, дарагі майму сэрцу, ты столькі са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невінаватасці. Зрабі мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!» Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, і, закінуўшы яе і замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другім канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак і на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькі адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла і спыніла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая і гнілая, абрываецца, і я валюся зверху на Сакрата, які ляжаў побач, і, падаючы, разам з ім качуся на зямлю.
17. Якраз у гэту хвіліну ўрываецца вартаўнік і крычыць на ўсё горла: «Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы ісці, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!»
Тут Сакрат, разбуджаны ці нашым падзеннем, ці тым раз’юшаным крыкам вартаўніка, ускочыў перш за мяне і кажа: «Нездарма ўсе пастаяльцы ненавідзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнік урываецца сюды, каб, пэўна, штопебудзь стырыць і мяне стомленага будзіць з глыбокага сну сваім гарлапанствам». Я весела і бадзёра ўскокваю,
напоўнены нечаканым шчасцем, і выкрыкваю: «Ну глядзі, звышмудры вартаўнік, ці забіты ён, мой верны спадарожнік, мой брат, мой бацька! А ты ж сп’яна балбатаў, што я яго забіў!»