Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
Шматлікія вытанчана апранутыя слугі бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукі ў прыгожых туніках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамі бакалах старыя віны. I вось прыносяць свяцільнікі, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымі слоўцамі...
Тут Бірэна звяртаецца да мяне: «Ці добра табе жывецца ў нашых родных мясцінах? Наколькі мне вядома, мы далёка апярэдзілі ўсе гарады нашымі палацамі, лазнямі і іншымі будынкамі, прытым у нас недахопу няма ні ў чым неабходным. Хто б да нас ні прыехаў — ці чалавек, які хоча адпачыць, ці камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сціплы госць атрымае сельскі спакой. Адным словам, у нас знайшлі прыстанішча ўсе зручнасці і прыемнасці правінцыі».
20. На гэта я адказваю: «Праўду кажаш, ні ў якай іншай краіне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмі
баюся тайных падкопаў магічнай навукі, якіх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкі ў магілах не застаюцца недакранальнымі і з папялішчаў і скляпоў здабываюцца нейкія рэшткі і шматкі трупаў на загубу жывым. А старыя чараўніцы ў хвіліны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерці».
Пасля гэтых маіх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: «Тут і жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзін чалавек, з якім здарылася падобная гісторыя, яму так увесь твар знявечылі, што не пазнаць чалавека».
Тут усе госці пачалі смяяцца, а іхнія твары і вочы звярнуліся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калі той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьці прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бірэна кажа яму: «Не хвалюйся, мой Тэліфрон, застанься і раскажы, калі ласка, яшчэ раз сваю гісторыю, каб і сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!» А ён адказвае: «Ты, пані, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзі, нахабства якіх немагчыма сцярпець!» Ён быў абураны насмешкамі. Аднак настойлівасць Бірэны, якая клялася сваім жыццём, прымусіла яго, хоць і супраць волі, здацца.
21. Тады зрабіўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы і абапёршыся на локаць, Тэліфрон прасцірае правую руку і, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнія пальцы і два наставіўшы ўперад, а вялікі пагрозліва апусціўшы, пачынае:
«Быўшы яшчэ непаўналетнім, накіраваўся я з Мілета на Алімпійскія гульні. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правінцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалію, у благі час прыбыў я ў Ларысу. Mae дарожныя грошы разышліся, і я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасці. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, які стаяў на камені і зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўніком да нябожчыка, дамовіцца аб цане.
Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: «Што я чую? Няўжо тут нябожчыкі маюць звычай уцякаць?» «Памаўчы,— адказвае той,— ты чалавек нетутэйшы і яшчэ вельмі малады і, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзішся ў Фесаліі, дзе чараўніцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваіх магічных мэт часткі твару».
22. «А ці не можаце мне сказаць,— працягваю я,— якія абавязкі гэтага магільнага вартаўніка?»
«Найперш,— адказвае той,— усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымі вачамі, якія б не ведалі сну, глядзець на труп, не адводзячы позірку, і ні на хвіліну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакі могуць абярнуцца любой жывёлінай і стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлівасці могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак ці мышэй, а часам нават у мух. А тады ад іхніх чараў нападае на вартаўніка сон. Ніхто не можа назваць тых хітрыкаў, якімі карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваіх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не болыпая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калі вартаўнік не ўпільнуе цела, калі пры здачы выявіцца нейкі недахоп, тады ён тое, што прапала, павінен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару».
23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальніка і кажу: «Досыць табе крычаць. Вось вартаўнік, пагаворым пра цану». «Тысяча нумаў вызначаецца табе,— кажа той,— толькі пастарайся пільна сцерагчы труп ад злых гарпіяў, бо гэта цела сына аднаго з самых знакамітых жыхароў горада!» «Глупства,— кажу,— ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пільнейшы, чым Лінцэй ці Аргус, адным словам, я ўвесь — вока!»
Толькі я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусціў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчыніў дзверы ў цёмны з пазачынянымі вокнамі пакой, дзе сядзела збедаваная матрояа, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблізіўшыся да яе, ён кажа: «Вось прыйшоў чалавек, які не збаяўся наняцца вартаўніком твайго мужа».
Тады яна адкінула валасы, якія закрывалі яе твар, і, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблічча, гаворыць, пазіраючы мне ў вочы: «Глядзі, прашу цябе, як найпільней зрабі гэту справу». «Не турбуйся,— адказваю ёй,— толькі падрыхтуй адпаведную ўзнагароду».
24. Заспакоеная адказам, яна ўстала і вядзе мяне ў другі пакой. Там знаходзілася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклікаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвіліну паплакала над памерлым і ўрэшце паклікала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, і пачала пералічваць розныя яго часткі, а нехта побач запісваў яе словы ў таблічкі. «Вось,— кажа,— нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэ-
лыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсім гэтым вы, добрыя квірыты, будзьце сведкамі». Пасля гэтага да таблічак былі прымацаваны пячаткі, а яна накіравалася да выхаду. А я кажу: «Загадай, пані, каб падрыхтавалі ўсё патрэбнае мне ддя работы». «А што менавіта?» — пытаецца. «Лямпу,— кажу,—■ алею, каб да світання хапіла святла, цёплай вады, добры збан віна, келіх ды паднос з астаткам вашай вячэры». Тут яна паківала галавой і кажа: «Ці пры сваім ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухні не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў і паплакаў, як у такім месцы належыць!» Пасля гэтага звярнулася да служанкі: «Мірына, прынясі зараз лямпу і алею, потым замкнеш вартаўніка і вяртайся».
25. Так пакінуты сам-насам з трупам, я праціраю вочы, каб адбіцца ад сну, і, каб падбадзёрыцца, спяваю ціха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч і поўная цемрадзь. А мой страх усё павялічваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне і так пільна глядзіць на мяне, што ад такой нахабнасці гэтага маленькага звярка я зусім збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: «Ідзі прэч, паганае стварэнне! Выбірайся да мышэй, яны твая кампанія, ідзі, пакуль я цябе не выкінуў вон! Ідзі прэч!» Яна павярнулася і ўмомант знікла. Але ў тую ж хвіліну глыбокі сон апусціў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфійскі бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нічога не адчуваючы і сам маючы патрэбу ў вартаўніку, я нібыта ў тым пакоі і не быў.
26. I вось моцны крык пеўня абвясціў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, і бягу са свяцільнікам да трупа, адхінаю з твару пакрывала і пачынаю разглядаць кожную рыску — нічога не было пашкоджана. Зараз жа і збедаваная жонка са слязьмі, у трывозе ўваходзіць з учарашнімі сведкамі, кідаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамі і пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, кліча свайго загадчыка хатніх спраў Філадэспата і загадвае яму выдаць добраму вартаўніку плату. Грошы хутка прынеслі, і дама мне гаворыць: «Мы табе, хлопча, вельмі ўдзячныя, і, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лічыць цябе ад гэтай хвіліны членам нашага дому». На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам і адурманіўшыся бліскучымі залатымі манетамі, якімі падзынкваў у руцэ, кажу: «Лічы мяне, пані, сваім слу-
гой і, колькі б разоў ні аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!»
Ледзь толькі я гэта сказаў, як прысутныя, праклінаючы жудаснае прароцтва, накінуліся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямі таўчэ ў плечы, хто рукамі дае пад бакі, нагамі топчуць, за валасы цягаюць, ірвуць адзежу...
Так, абдзёрты і раскалмачаны, нібы ганарысты Аанійскі юнак або сын піплейскай музы, быў я выкінуты з дому.
27. I пакуль я на суседняй вуліцы ачухаўся, прыпамінаючы са спазненнем бязглуздае і злавеснае значэнне сваіх слоў і прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага і абгалошанага нябожчыка вынеслі з дому. А дзеля таго, што хавалі арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскі кошт, багатая працэсія праходзіла праз форум.
Тут падбягае нейкі стары ў цёмнай вопратцы і ў скрусе і слязах ірве свае шляхетныя сівыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамі катафалк, зычным голасам, хоць і перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: «Заклінаю вас, квірыты, вашым добрым імем і ўсім для вас святым, заступіцеся за забітага грамадзяніна і надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, і ніхто іншы, атруціла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзіць сваім каханкам і захапіць спадкі!»
Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозліва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалі крычаць, што яе трэба спаліць, другія хапацца за каменне і падгаворваць хлапчукоў забіць злачынную жанчыну. А тая, абліваючыся слязьмі і кленучыся самымі страшнымі кляцьбамі з заклінаннем у сведкі ўсіх жыхароў неба, пярэчыла абвінавачанню.
28. Нарэшце стары кажа: «Здамося на найвышэйшую сілу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнічае Затхлас, адзін з вядомых егіпецкіх прарокаў, які згадзіўся за вялікую ўзнагароду выклікаць на хвіліну душу з таго свету і вярнуць на хвіліну гэтаму целу жыццё». 3 гэтымі словамі выводзіць на сярэдзіну нейкага юнака ў ільняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукі і абдымаючы за калені, ён кажа: «Злітуйся, служка багоў, злітуйся дзеля нябесных свяцілаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхіяў, дзеля начной цішыні, дзеля Копцкіх святыняў, дзеля Нільскіх паводак,