Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
Мая Фаціда апранена не вычварна, а натуральны непарадак валасоў надаваў ёй прывабнасці, бо пышныя пасмы, злёгку распушчаныя, звісалі з патыліцы, рассыпаліся ўздоўж шыі і, ледзь-ледзь завіваючыся, ляжалі на аблямаванні тунікі. На канцах былі яны сабраныя, а на версе галавы сцягнутыя вузлом.
10. Я ўжо не мог цярпець далей пакут палкай пажадлівасці і, прытуліўшыся да дзяўчыны ў месца, адкуль яе валасы былі зачасаныя на верх галавы, паклаў самы салодкі пацалунак.
Тады яна трохі адсунулася, павярнулася да мяне і, скоса глянуўшы, кажа: «Гэй,ты, шкаляр! За кісла-салодкую закуску хапаешся! Глядзі, каб, аб’еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўці».
«Ну што ж, мая радасць,— кажу,— калі я да таго дайшоў, што за адзін твой жыватворны пацалунак гатоў спячыся, расцягнуўшыся на гэтым агні!» I з гэтымі словамі пачаў яе яшчэ мацней цалаваць. I вось яна ўжо спаборнічае са мной у палкасці і аднолькавую ступень кахання дзеліць пароўну. Вось ужо, мяркуючы па духмяным дыханні паўраскрытага рота, па сустрэчных ударах салодкага языка, ап’янелая прагнасцю аддання, яна гатова ёй паступіцца.
«Гіну! — крыкнуў я.— Ужо цалкам загіну, калі ты не злітуешся нада мной!» На гэта яна, пацалаваўшы мяне, кажа: «Супакойся. Мяне зрабіла тваёй наша ўзаемнае жаданне, дык нашы ўцехі адкладаюцца ненадоўга. Як толькі сцямнее, я прыйду да цябе ў спальню. А цяпер ідзі і збярыся з сіламі, бо я ўсю ноч буду з табой змагацца».
11. Яшчэ доўга абменьваліся мы такімі і падобнымі словамі і нарэшце разышліся.
Як толькі надышла паўдзённая пара, Бірэна прыслала мне ў падарунак свініны, пяць куранят і вялікі збан добрага дарагога віна. Я паклікаў тады Фаціду і кажу: «Вось і Лібер, узбуджальнік Венеры і яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта віно, каб яно прагнала сарамлівую
слабасць і прыбавіла жаданню вясёлай сілы. На судне Венеры толькі такія патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапіла ў лямпе алею, а ў кубку віна».
Астатак дня быў прысвечаны лазні і ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мілона я раздзяліў з ім даволі прыстойную вячэру і стараўся, маючы ў памяці перасцярогі Бірэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нібы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацідай, якая нам прыслугоўвала, я трохі ўзбадзёрыўся. Раптам Памфіла, зірнуўшы на запаленую лямпу, кажа: «О, якая моцная залева будзе заўтра!» I на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мілон, засмяяўшыся, гаворыць: «Вялікую Сівілу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышыні сваёй падстаўкі сочыць за ўсімі нябеснымі справамі і нават за самім сонцам».
12. Тут я ўмяшаўся ў гутарку і кажу: «Гэта толькі першыя крокі ў такіх прароцтвах, і няма нічога дзіўнага, што гэты агеньчык, хоць і сціплы і запалены рукамі чалавека, памятае ўсё ж пра той вялікі нябесны агонь, як пра свайго бацьку; боскі празорца ведае і нам паведамляе, што збіраецца зрабіць той вялікі агонь. Вось і цяпер у нас у Карынфе гасцюе праездам нейкі халдзей, які сваімі дзіўнымі адказамі даводзіць увесь горад да вар’яцтва і зарабляе грошы, адкрываючы любому таямніцы лёсу: у які дзень найлепш спраўляць вяселлі, у які рабіць закладзіны будынкаў, які найбольш прыдатны для здзелак, які выгаднейшы для падарожжа па сушы, які — па моры.
Так і мне, калі я ў яго запытаўся, чым закончыцца маё падарожжа, ён сказаў шмат самых дзіўных і самых розяых рэчаў. Сказаў, што мяне чакае гучнагалосая слава і вялікія прыгоды, якія трапяць у кнігі».
1 3. У адказ на гэта Мілон, ухмыльнуўшыся, кажа: «А які з выгляду той халдзей і як ён завецца?» «Доўгі,— кажу,— і чарнявы. Завецца Дыяфан». «Гэта той самы! — выкрыкнуў гаспадар.— Ніхто іншы!! Ён і ў нас падобным спосабам шмат каму прарокаваў за немалыя грошы і, дабіўшыся вялікіх прыбыткаў, апынуўся, бядак, ва ўбостве і мізэрнасці.
Аднаго дня, калі народ абступіў яго цесным колам, а ён прарэкаваў, падышоў да яго нейкі купец па імю Кердон, жадаючы даведацца, які найбольш спрыяльны для яго дзень адплыцця. Той назваў яму дзень, з’явіўся кашалёк, высыпалі грсшы і адлічылі сотню дынараў — дамоўленую плату за прадсказанне, як раптам ззаду праціскаецца нейкі малады
чалавек знакамітага роду, хапае яго за крысо, а як той адвярнуўся, моцна яго абдымае і цалуе. А халдзей, адказаўшы на яго пацалунак, пасадзіў яго побач з сабой і, ашаломлены нечаканай сустрэчай, забыўшыся пра справу, якой быў заняты, пытаецца: «Калі ж ты, доўгачаканы, тут з’явіўся?» А той яму адказвае: «Учора пад вечар. А цяпер ты раскажы, як вандраваў ты па сушы і па моры з той пары, як паспешліва выехаў з вострава Эўбэі?»
14. На гэта Дыяфан, той знакаміты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзіўлення, кажа: «Усім ворагам і непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улісавага вандравання. Наш карабель, на якім мы плылі, патрапаны навальніцамі, страціў абодва стырны, прыбіўся да берага і, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубіўшы, ледзь выплылі. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей ці прыхільнасці сяброў, трапіла ў рукі разбойнікаў. Майго адзінага брата Арыгнота, які задумаў супраціўляцца іх нахабству, на маіх вачах зарэзалі...»
Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлівае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. I толькі тады той Дыяфан, апомніўшыся, зразумеў, якую зрабіў прамашку, калі ўсе мы, што яго акружалі, выбухнулі гучным смехам.
«Відаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей і сказаў праўду. Дык будзь шчаслівы і няхай будзе ўдачлівы твой шлях!»
15. Пакуль Мілон такім чынам вёў гутарку, я моўчкі пакутаваў і злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй віне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткі вечара і найлепшых яго вынікаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мілону: «Пакіньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, і няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца — на моры ці на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць».
Пасля гэтага я іду ў свой пакой і застаю там усё падрыхтаванае да вельмі прыемнай бяседы. Пасцелі слуг былі вынесены і пастаўлены далей ад дзвярэй, відаць, дзеля таго, каб ніхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столік, застаўлены посудам з вячэрай, і два вялікія келіхі з віном толькі чакалі, каб даліць у іх вады. Побач стаяў буталь з шырокім горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.
16. Толькі лёг я ў ложак, як вось і мая Фаціда, завёўшы на спачын гаспадыню, з’яўляеццца з букетам ружаў і з гірляндамі ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамі і абсыпала пялёсткамі кветак. Пасля схапіла келіх і, падліўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я піў. Аднак перш чым я яго апаражніў, далікатна забрала ад мяне і, памалу пацягваючы губкамі, не зводзячы з мяне вачэй, маленькімі глыточкамі з асалодай дакончыла. За першым келіхам надышоў другі і трэці, і часта пераходзілі ў нас келіхі з рук у рукі.
Тады я, разагрэты віном і не толькі душой, але і целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага і ўжо пакутлівага жадання, адхінуў сваё адзенне і, паказваючы сваёй Фацідзе, з якім нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: «Злітуйся, хутчэй хадзі мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб’явіла без законнага папярэджання. Ледзь толькі атрымаў я ад бязлітаснага Купідона ўдар стралы ў самыя грудзі, як таксама нацягнуў свой лук і цяпер вельмі баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цеціва. Але калі ты хочаш па-сапраўднаму дагадзіць мне, дык распусці косы і пад покрывам расхваляваных валасоў расхіні свае абдымкі».
17. He марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне і распусціўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленні ў марскія хвалі, і, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцяніць, чым сарамліва прыкрыць, кажа: «На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся і не ўцяку. Калі ты мужчына, то атакуй з фронту і нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бітва праводзіцца бязлітасна!»
3 гэтымі словамі яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна і гулліва пачынае варушыцца ўдоўж і ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступені, пасля чаго мы, амаль страціўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогі.
У гэтакіх і падобных сутычках правялі мы ноч да світання, праганяючы час ад часу стому келіхамі, узбуджаючы пажадлівасць і нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавілі да яе і шмат іншых.
18. Так здарылася, што Бірэна вельмі настойліва запрашала мяне прыйсці да яе на сціплую сяброўскую вячэру.
Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкі яе не пераканалі. Тады прыйшлося звярнуцца да Фаціды і спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на самы кароткі тэрмін, яна ласкава згадзілася на непрацяглае перамір’е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: «Ты пастарайся раней пайсці з вячэры. Водзіцца ў нас хеўра з самых знатных маладых людзей, якія парушаюць грамадскі парадак. Часта бываюць на вуліцах трупы забітых, а атрады намесніка ніяк не могуць ачысціць горад ад гэтай пошасці. Лёс шчодра надзяліў цябе сваімі дарамі, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымоніцца не будуць, дык якраз можаш трапіць у пастку».
«Не трывожся,— кажу,— мая Фаціда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехі мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхі, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваім мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекі».
Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.
19. Там застаю я, як і належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных — цвет горада. Пышныя сталы блішчаць туяй і слановай косцю, софы засланыя дарагімі тканінамі, высяцца вялікія келіхі, розныя ў сваёй прыгажосці, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другім бліскучае золата і дзівосна выразаны бурштын запрашае вусны да піцця. I каштоўныя камяні, а нават тое, чаго не можа быць, там было.