• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    ныя і трапяткія, млявыя ад блізкай страсці, гатовыя восьвось закрыцца, я пачаў асушваць гарачымі звонкімі пацалункамі.
    15.	Тут яна, падбадзёрыўшыся ад радасці, кажа: «Дазволь спярша зачыніць дзверы, каб не зрабіць мне большага праступка, калі па маёй балбатлівасці вылеціць якое-небудзь лішняе слова». Пасля гэтага яна засунула засаўкі, зашчапіла крукі, а тады, вярнуўшыся да мяне і абняўшы мяне за шыю, пачала гаварыць ледзь чутным голасам: «Я вельмі баюся адкрыць сакрэты гэтага дома і здрадзіць таямніцы маёй гаспадыні. Я спадзяюся на цябе і на тваю адукаванасць і веру табе, што ты чалавек не толькі годны з прычыны свайго высакароднага паходжання, але і ўмееш захаваць дадзенае абяцанне маўчаць. Такім чынам тое, што я давяраю глыбіням твайго сэрца, беражы запёртым вечна за моцнай агароджай і за шчырасць майго прызнання ўзнагародзь мяне сталасцю свайго маўчання. Маё каханне пабуджае мяне расказаць табе тое, што вядома толькі адной мне. Зараз даведаешся, што робіцца ў нашым доме, пазнаеш дзіўныя таямніцы маёй гаспадыні, бо ёй паслухмяныя маны, па яе загаду мяняюць ход нябесныя свяцілы, ёй падпарадкоўваюцца багі і служаць стыхіі. Аднак ніколі з большым стараннем не выкарыстоўвае яна сваё ўмельства, чым тады, калі загледзіцца на прыгожага юнака, што здараецца з ёй даволі часта.
    16.	Вось і цяпер яна без памяці закаханая ў нейкага маладога беатыйца, юнака цудоўнай прыгажосці, і з запалам пускае ў ход усю сілу свайго чараўніцтва, усе свае хітрыкі. Учора вечарам чула на свае вушы, уласнымі, кажу табе, вушамі чула, як яна пагражала самому Сонцу замкнуць яго ў туманны змрок і вечную цемру за тое, што, на яе думку, яно недастаткова хутка спусцілася з неба і не паспяшалася адступіць месца ночы для выпаўнення магічных абрадаў.
    Учора, вяртаючыся з лазні, яна выпадкова заўважыла, што гэты юнак сядзіць у цырульні, і загадала мне забраць цішком яго валасы, якія пасля стрыжкі валяліся на зямлі. Калі я падбірала, злавіў мяне цырульнік, а дзеля таго, што пра нас і так гавораць, што мы займаемся вядзьмарствам, дык ён схапіў мяне за руку і злосна закрычаў: «Перастанеш ты, паскуда, цягаць валасы прыстойных людзей? Калі не спыніш гэтых паскудстваў, дык здам цябе ў рукі ўлады!» Пасля гэтага ён абмацаў мяне і, запусціўшы руку за пазуху і пашнырыўшы там, намацаў схаваныя ў мяне між грудзей валасы і выцягнуў іх з гневам. Вельмі засмучаная няўда-
    чай і ведаючы нораў сваёй гаспадыні, якая пры такіх няўдачах асабліва хвалюецца і ў злосці б’е мяне, я адразу хацела зусім ад яе ўцячы, але ўспамін аб табе прымусіў мяне гэты намер пакінуць.
    17.	I калі я так засумаваная ішла, думаючы, як мне вярнуцца дамоў не з пустымі рукамі, заўважыла, што нейкі чалавек абстрыгае невялічкімі нажніцамі казліныя скуры. Убачыўшы, што ён іх моцна пазвязваў, надзьмуў і пачаў развешваць, я падабрала рыжаватую воўну, падобную да валасоў юнака з Беоцыі, і, не сказаўшы праўды, перадала гаспадыні.
    3 надыходам ночы, перад тым, як табе вяртацца з вечара, Панфіла з вялікім нецярпеннем падымаецца на плоскі драначны дах, які з таго боку будынка нічым не заслонены ад вятроў і адкрыты на ўсход і на іншыя бакі. Туды ходзіць Панфіла тайком для сваіх магічных заняткаў. Перш за ўсё рыхтуе яна ўсе прылады сваёй злавеснай творчасці: розныя пахнілы, таблічкі з незразумелымі надпісамі і ўцалелыя абломкі загінуўшых караблёў, раскладзеныя шматлікія часткі аплаканых і нават пахаваных нябожчыкаў — там ноздры і пальцы, там цвікі ад крыжоў з прысохлым мясам, у іншым месцы кроў, забраная пасля забойства, і прабітыя чарапы, вырваныя з ляпы дзікіх звяроў.
    18.	Там яна, вымаўляючы заклінанні над яшчэ трапяткімі вантробамі, вылівае розныя вадкасці — то крынічную ваду, то малако, то горны мёд, то віно. Пасля тыя валасы, сплёўшы і звязаўшы вузламі, кладзе з рознымі пахніламі на вуголле, каб спаліць. I вось у той час сілай чараў і тайнай уладай над багамі яны ствараюць, што целы тых, чые валасы патрэсквалі і дыміліся, прымаюць праз нейкі час чалавечую душу і адчуваюць, і чуюць, і рухаюцца, і, занаджаныя пахам астаткаў свайго цела, прыходзяць сюды, і, замест таго беатыйскага юнака, стараючыся ўвайсці, ломяцца ў дзверы. А тут якраз з’яўляешся ты і пад уплывам выпітага віна, збіты з толку начной цемрай і ўзброены, быццам той шалёны Аякс, дастаеш свой меч. Толькі Аякс, напаўшы на жывёлу, перарэзаў увесь статак, а ты за яго адважнейшы, бо пад тваімі ўдарамі выпусцілі дух тры надзьмутыя бурдзюкі. Такім чынам, у маіх абдымках знаходзіцца той, хто перамог ворагаў, не праліўшы ні кроплі крыві, ты не чалавеказабойца, а бурдзюказабойца».
    19.	Жывая гутарка Фаціды развесяліла мяне, і я адказваю ёй жартам: «Відаць, я магу гэта праяўленне адвагі, якое мяне так праславіла, лічыць адным з дванаццаці Геркуле-
    савых подзвігаў, параўноўваючы з трохцелым Герыонам ці з трохгаловым Цэрберам, бо і бурдзюкоў гэтулькі ж! Аднак для таго, каб я шчыра і ад душы дараваў твой праступак, які каштаваў мне гэтулькі непрыемнасцяў, выканай маё запаветнае жаданне і пакажы мне, як твая гаспадыня займаецца гэтай боскай навукай. Я хачу ўбачыць, як яна выклікае багоў, як рыхтуецца да сваіх чараў, бо да ўсяго, што адносіцца да магіі, я вялікі аматар. Між іншым, мне здаецца, што і ты сама не навічок у гэтых справах, што маеш значны вопыт. Аб гэтым я здагадваюся і гэта адчуваю, бо раней я грэбаваў жанчынамі і іхнімі абдымкамі, а ты мяне гэтымі бліскучымі вочкамі, румянымі шчочкамі, кучаравай галоўкай, сакавітымі пацалункамі і пахучымі грудкамі зацягнула ў сваю, хоць і жаданую, няволю. Я ўжо і дамоў не спяшаюся, не рыхтуюся да ад’езду і вось гэтай ночы з табой ні на што не памяняю».
    20.	«Вельмі хацела б я,— адказвае яна,— зрабіць табе, Луцый, тое, чаго ты жадаеш, аднак, не гаворачы пра яе надзвычайную насцярожанасць у прыватным жыцці, магічнымі справамі яна займаецца ў поўнай адзіноце, недаступная чужому воку. Але твая просьба даражэйшая мне за маю бяспеку, і пры першай магчымасці я пастараюся яе выканаць. Толькі, як я ўжо казала раней, ты пра гэту такую важную справу павінен непарушна маўчаць».
    Пакуль мы так балакалі, у абаіх у душы і целе прачнуліся пачуцці пажадлівасці. Раздзеўшыся дагала, мы аддаліся шаленствам Венеры... Калі я вельмі стаміўся і быў перакананы, што дасягнуў верху здавальнення, Фаціда з уласнай шчодрай самаадданасці адкрыла мне на заканчэнне новую крыніцу бязмежнай юрлівасці... Нарэшце, знясілеўшы, мы самкнулі вочы, і моцнае забыццё пратрымала нас у абдымках да самага рання.
    21.	He шмат пасля таго правялі мы такіх ночак, калі раптам аднаго дня прыбягае да мяне ўсхваляваная Фаціда і паведамляе, што яе гаспадыня, якой ніякія чары дагэтуль не памаглі ў яе любоўных справах, сягоння ўночы будзе абарочвацца ў птушку і ў такім выглядзе паляціць да свайго жаданага. Дык я павінен падрыхтавацца назіраць гэтае надзвычайнае дзіва.
    I вось пад поўнач яна вядзе мяне на дыбачках на гарышча і загадвае глядзець праз нейкую шчылінку ў дзвярах. А далей усё адбывалася так.
    Перш за ўсё скідае з сябе Панфіла апраткі і, адчыніўшы нейкую шкатулку, вымае адтуль мноства скрыначак, здымае
    з адной накрыўку і, набраўшы мазі, расцірае яе доўгі час між далонямі, а пасля намазвае ўсё цела ад ног да галавы. Доўга шэпчацца са сваёй лямпай, урэшце пачьл.ае трэсціся ўсімі членамі. А пакуль яны ўздрыгваюць, іх пакрывае далікатны пушок, вырастаюць моцныя пёры, нос загінаецца і цвярдгее, крывымі робяцца ногі. Памфіла становіцца савой. Жаласліва крыкнуўшы, яна выпрабоўвае свае сілы, злёгку падскокваючы над зямлёй. А неўзабаве, узняўшыся ўгору і распусціўшы крылле, адлятае.
    22.	Яна перамяніла выгляд сілай свайго магічнага майстэрства, а я, быццам зачараваны, акамянелы ад здзіўлення толькі што ўбачаным, адчуў сябе абы-кім, толькі не Луцыем. Амаль страціўшы прытомнасць, ашаломлены да крайнасці, я доўга праціраў вочы, стараючыся пераканацца, што не сплю. Нарэшце, апамятаўшыся і вярнуўшыся да рэчаіснасці, хапаю руку Фаціды і, падымаючы яе да сваіх вачэй, гавару:
    «Не адмаўляй, прашу цябе, пакуль спрыяе нам выпадак, даць мне найвялікшы доказ выключнай тваёй да мяне прыхільнасці і ўдзялі мне крышачку гэтай мазі. Заклінаю цябе гэтымі вачамі, якія належаць табе, зрабі мяне вечным неаплатным сваім нявольнікам і пасадзейнічай, каб я стаў побач з табой, маёй Венерай, крылатым Купідонам!»
    «Гляньце, калі ласка,— адказвае яна,— які хітрун знайшоўся. Мой каханак хоча, каб я сама сябе пакрыўдзіла. Я і так з цяжкасцю абараняю цябе, безабароннага, ад фесальскіх дзевак, а як ты станеш птушкай, дык дзе я тады і калі цябе знайду?»
    23.	«Няхай мяне багі бароняць ад гэткага злачынства,— кажу я,— каб я нават стаў арлом і высокімі палётамі аблятаў усё неба ў якасці даверанага вестуна ці ганарыстага збраяносца Юпітэра, усё роўна адразу б вярнуўся пасля такога ўзвышэння ў сваё гняздзечка. Клянуся гэтым спакуслівым завітком тваіх кудзерак, якім ты аблытала маю душу, што няма нікога ў свеце, на каго б памяняў я сваю Фаціду. Вось што я падумаў яшчэ: як толькі ад гэтай мазі я абярнуся птушкай, мне прыйдзецца трымацца далей ад дамоў. Якая ж радасць з такога прыгожага і вясёлага палюбоўніка, як сава? Ці ж мы не бачым, як гэтых начных птушак, калі яны заляцяць у чый-небудзь двор, ловяць і прыбіваюць да дзвярэй, каб тую бяду, якой пагражае іх злавеснае з’яўленне, яны адкуплялі сваімі пакутамі. Аднак я забыўся папытацца, што трэба зрабіць ці сказаць, каб скінуць тое апярэнне і зноў стаць самім сабой, Луцыем?»
    «Наконт гэтага не хвалюйся,— адказала яна,— гаспа-
    дыня паказала мне ўсе спосабы, якімі кожная з гэтых жывёлін можа вярнуцца ў сваё чалавечае аблічча. He думай, што яна зрабіла гэта ад нейкай прыхільнасці да мяне, а для таго, каб пасля яе вяртання дамоў я магла ёй дапамагаць. Зрэшты, глядзі, якімі простымі і мізэрнымі травінкамі робіцца такая важная справа: кладуць у крынічную ваду трохі кропу з лаўровым лістам і даюць абмыцца і выпіць».
    24.	Паўтарыўшы гэта яшчэ некалькі разоў, яна, вельмі ўсхваляваная, кінулася ў пакой і выняла са шкатулкі скрыначку. Схапіўшы і пацалаваўшы яе, я ўпрошваю дараваць мне шчаслівыя палёты, а пасля скінуў з сябе ўсю вопратку, хціва зачэрпнуў мазі і нацёр ёю ўсё цела. А тады, узмахваючы то адной, то другой рукой, я стараюся пераймаць рухі птушкі, аднак не бачу ніякага пушку, ні пярынкі, толькі мае валасы пачынаюць грубець, становяцца шэрсцю, скура мая цвярдзее, а на руках і нагах пальцы злучаюцца ў капыты і з хрыбта прарастае вялікі хвост. Вось і твар становіцца велічэзным, рот расцягваецца, ноздры расшыраюцца, губы вісяць, вушы празмерна павялічваюцца і абрастаюць шэрсцю. I не бачу я ў гэтым жудасным пераўтварэнні нічога, што магло б мяне ўсцешыць, калі не лічыць таго, што адзнака маёй прыналежнасці да мужчынскага полу значна павялічылася, хоць я і быў цяпер пазбаўлены магчымасці валодаць Фацідай.