• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    На падставе такой акалічнасці ў мяне і ў нашага слаўнага Эўбула з’явіўся хітры план. Мы забіраем, быццам на яду, самую вялікую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакінуўшы кіпцюры і галаву звера, пасыпаем шкуру попелам і сушым на сонцы. А пакуль шкура дубіцца пад промнямі нябеснага свяцільніка, мы абжыраемся мясам і так размяркоўваем нашы абавязкі ў запланаванай справе, каб адзін з нас, не так самы дужы, як самы адважны,і прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзіхі і, прыведзены ў дом Дэмахара, адчыніў нам уночы дзверы, праз якія мы маглі б трапіць у памяшканне.
    15.	Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якім хацелася выканаць гэту хітрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразіляон — ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. 3 вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабілася ўжо мяккай і гнуткай. Сшываем краі тонкім шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго і так не было відаць, напускаем на яго з усіх бакоў касмылі шэрсці. Праціскаем галаву Фразіляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, і, зрабіўшы адтуліну для дыхання насупраць ноздраў і вачэй, садзім нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купілі за невялікія грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкі мы заняліся далейшым выкананнем свайго плана.
    16.	Даведаўшыся, што нейкі Ніканор родам з Фракіі сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылі ад яго імя пісьмо, у
    якім напісалі, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулі Дэмахору клетку з Фразіляонам і перадалі яму наша фальшывае пісьмо. Здзіўлены велічынёй звера і ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмі дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднікам у гэтай справе, адлічылі з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навіна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цікавае відовішча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразіляон неаднаразова спыняў залішнюю цікавасць пагрозлівымі рухамі. Усе ў адзін голас выслаўляюць шчасце і ўдачу Дэмахара, які цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. I вось ён загадвае завезці звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.
    17.	«Глядзіце,— кажу я,— шаноўны пане, ці варта адпраўляць змораную спёкай і далёкай дарогай жывёліну у гурт іншых звяроў, якія, як я чуў, не зусім здаровыя. Ці не лепш знайсці тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якім было б добрае паветра, а найлепш паблізу сажалкі, дзе халадок. Ці ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснікаў, каля пячор і прыгожых крыніц?» Перакананы такімі доказамі і ўспомніўшы пра нядаўнія страты, Дэмахар згадзіўся паставіць клетку там, дзе мы задумалі.
    «Мы маглі б,— працягваю я,— уночы спаць каля гэтай клеткі, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу і пітво».
    «У гэтым,— адказаў ён,— няма патрэбы, амаль усе мае слугі прывычныя да мядзведзяў і ўмеюць іх даглядаць».
    18.	Пасля гэтага мы развіталіся і пайшлі. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогі ў ціхім, схаваным ад людскіх вачэй месцы, могільнік. Там адчыняем некалькі грабніц, у якіх спачывалі спарахнелыя ўжо трупы, і рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калі не свяціў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамі атрад і, быццам па сігнале, з’яўляемся каля варот Дэмахара.
    Тым часам Фразіляон выходзіць у пэўны час з клеткі і забівае мячом усіх сонных вартаўнікоў, якія былі побач, а пасля і брамніка. Здабывае ключ, адчыняе браму і паказвае нам, калі мы ўварваліся і запоўнілі ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалі дзверы кладоўкі, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў і нёс
    колькі зможа золата і серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намі былых кватэрах нябожчыкаў і чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павінен быў застацца каля дома, каб пільна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсім сачыць.
    Здавалася, што толькі адзін выгляд мядзведзіхі павінен наводзіць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, які б ні быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзінай, асабліва ўночы, пусціўся б наўцёкі і зачыніўся б ад страху ў сваёй каморцы.
    19.	Аднак супраць такіх правільных меркаванняў выступіла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваіх сяброў, нейкі заспаны служка, ці то занепакоены шумам, ці проста прачнуўшыся, вылазіць аднекуль і бачыць, што звер свабодна ходзіць па ўсім доме. Ён ціхенька вяртаецца і расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвіліну ўвесь дом запоўніўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак і розных іншых свяцільняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымі рукамі: хто з калом, хто з кап’ём, a хто з мячом, і пачалі ахоўваць выхады. He забыліся і пра сабак — вушы доўгія, шэрсць дыбам.
    20.	Гоман мацнее, я ўжо мазгую, як мне ўцячы, але, схаваўшыся за дзверы, сачу, як Фразіляон спрытна адбіваецца ад сабачай зграі. У смяротнай небяспецы не забыўся ён ні пра сябе, ні пра нас і абараняўся ў самай разяўленай ляпе Цэрбера. Ён выдатна выконваў добраахвотна ўзятую на сябе ролю, то ўцякаючы, то баронячыся рознымі паваротамі і рухамі свайго цела, і ўрэшце змог выскачыць з дому. Аднак і на свабодзе не знайшоў ратунку, бо ўсе сабакі з блізкага двара і завулка, злыя і ў вялікай колькасці, гуртам далучыліся да той зграі, якая вырвалася з дому, і ўсе разам пусціліся наўздагон.
    Цяжка было глядзець на гэта відовішча! Фразіляона акружыла раз’юшаная зграя, спыніла і пачала шкуматаць.
    He могучы перанесці такой жуды, я ўмешваюся ў натоўп людзей, якія беглі сюды і, каб не выдаць сябе, але дапамагчы свайму слаўнаму таварышу, звяртаюся да тых, што ладзілі аблаву: «Гэта будзе вялікае злачынства, калі мы загубім такога вялікага і каштоўнага звера».
    21.	Аднак мае хітрыя словы не прынеслі ніякай карысці гэтаму няшчаснаму юнаку. 3 дому выскоквае нейкі здаравенны бамбіза і пікай прабівае сэрца мядзведзіхі, за ім другі, а следам і многія, апомніўшыся ад страху, б’юць яе мячамі...
    Так Фразіляон, гонар і краса нашай шайкі, аддаў сваё вартае бессмяротнасці жыццё, не страціўшы цярплівасці і не парушыўшы ні адным крыкам нашай святой прысягі. Раздзіраны зубамі, прабіваны зброяй, адказваў ворагам глухім выццём і звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, і аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забітага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. I толькі ўранні нейкі мяснік, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзіхі і з жахам выявіў у ім адважнага разбойніка. Так загінуў Фразіляон, але слава яго не загінула.
    А мы, паспешліва спакаваўшы здабычу, якую збераглі нам нябожчыкі, хуткім маршам пакінулі Платэю і не раз падумалі, што вернасць, якой мы не знаходзім у жыцці, грэбуючы каварствам жывых, перасялілася да мёртвых.
    I вось, зусім знясіленыя ад цяжару ношак і цяжкасцяў дарогі, страціўшы трох сяброў, прыносім мы здабычу, якую вы бачыце».
    22.	Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п’юць на ўспамін памерлых хаўруснікаў з залатых кубкаў неразбаўленае віно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькімі песнямі ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупіўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапіў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявіць на банкеце саліяў. Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькі дробна змолаты і добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах і знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якія засталіся ад бандыцкіх застолляў, і пусціў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкі запяклося і ўжо зарасло павуціннем.
    Сярод ночы разбойнікі прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца і, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, які мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калі я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесціся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такім вялікім страўніку перажоўваў ужо трэці кошык і вельмі здзівіўся, як застаў мяне за гэтым заняткам світанак.
    23.	Нарэшце, кіраваны аслінай сарамлівасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнім ручаі. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнікі, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой ніякага клунка і
    ніякай, нават дробнай, рэчы. Усімі сваімі сіламі, зброяй і намаганнямі ўсёй шайкі прывалакаюць адну толькі дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару і вопратцы, прадстаўніцу высокага роду.
    Клянуся Геркулесам, што нават у такім асле, як я, яна, хоць і гаравала, і рвала на сабе валасы і адзенне, магла выклікаць пажадлівасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоіць і ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, і так гавораць: «Тваё жыццё і твой гонар не ў небяспецы, пацярпі трохі, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такімі справамі. А твае бацькі, хоць і вельмі даражаць сваім багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзіця выкупіць».
    24.	Такімі і падобнымі словамі стараюцца разбойнікі падбадзёрыць дзяўчыну, але яна несціхана плакала, апусціўшы галаву на калені. Тады яны паклікалі старую і, загадаўшы ёй сесці побач з дзяўчынай і супакоіць яе прыветлівай гаворкай, самі накіроўваюцца па сваіх справах.
    Аднак дзяўчына, нягледзячы на ўгаворы старой, не толькі не перастала плакаць, а галасіла ўсё мацней, і цела яе скаланалася ад няспынных рыданняў так, што нават на маіх вачах паявіліся слёзы. А яна плача і прыгаворвае: «Ох я, няшчасная, з гэтакага дому, з гэтакай сям’і, пазбаўленая столькіх слуг і дарагіх бацькоў, здабыча нахабнага рабунку, стаўшы паланянкай, укінутая ў гэту каменную вязніцу, разлучаная з усімі радасцямі і ўцехамі, як я магу спыніць слёзы сярод гэтых галаварэзаў, як змагу я тут жыць далей?» Закончыўшы гэтыя скаргі, стомленая напружаннем нерваў, душэўным болем і знямогаю цела, яна заплюшчыла вочы і заснула.
    25.	Аднак драмала яна не доўга. Раптам прачнуўшыся, у новым прыступе жальбы загаласіла яшчэ мацней і нават пачала біць сябе ў грудзі і па твары рукамі. А калі старая пачала распытваць, чаго яна так зноў забедавала, глыбока ўздыхнуўшы, адказала: «Ах, цяпер я ўжо беззваротна загінула, ад усякай надзеі на выратаванне адмовілася, застаецца мне толькі шукаць пятлі, мяча ці якой-небудзь прорвы».