Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
25. I пакуль аглядаю ўсе часткі свайго цела без ніякай надзеі на ратунак і бачу сябе не птушкай, а аслом, хочацца мне дакараць Фаціду за яе ўчынак, аднак, пазбаўлены як. голасу, так і чалавечых рухаў, раблю тое, што магу: адвесіўшы ніжнюю губу і скасіўшы вочы, моўчкі гляджу на яе. А яна, як толькі ўбачыла мяне ў такім выглядзе, закрыла твар рукамі і выкрыкнула: «Ах, гора ж маё! Падвяло мяне маё хваляванне і мая паспешлівасць! Увяло ў зман і падабенства скрыначак! Яшчэ добра тое, што сродак супраць такога ператварэння зрабіць лёгка, варта табе пажаваць ружу, і ты станеш, скінуўшы воблік асла, зноў маім Луцыем. Чаму ж я ўчора не прынесла, як заўсёды, якіх-небудь вяночкаў! Табе б і адной ночы чакаць не прыйшлося! Але як толькі пачне світаць, будзе табе лякарства!»
26. Так яна бедавала, а я, хоць і зрабіўся сапраўдным аслом, з Луцыя ператварыўся ва ўючную жывёліну, усё ж захаваў чалавечае разуменне. Нейкі час я разважаў, ці не варта было б мне забрыкаць цвёрдымі капытамі і да смерці закусаць гэту нягодную жанчыну. Аднак ад гэтага безразважнага намеру паўстрымала мяне разумнейшае меркаван-
не: пакараўшы смерцю Фаціду, я пазбавіў бы сябе надзеі на выратаванне. I вось, страсянуўшы нізка апушчанай галавой, іду маўчком, зміраны са сваім часовым прыніжэннем, да свайго каня, вернага майго слугі, у канюшню, там застаю яшчэ аднаго асла, які належаў майму гаспадару Мілону.
Я спадзяваўся, што калі існуюць паміж бязмоўнымі жывёлінамі якія-небудзь тайныя і прыродныя ганаровыя абавязкі, дык мой конь, пазнаўшы мяне і паспачуваўшы, павінен праявіць гасціннасць і прыняць мяне, як знакамітага чужаземца. Аднак, о справядлівы Юпітэр, і ты, запаветны бог Вернасці! Мой слаўны носьбіт разам з аслом ссоўваюць морды і згаворваюцца мяне загубіць. Баючыся за свой корм, як толькі я падсунуўся да ясляў, яны, наставіўшы ў злосці вушы, пачынаюць мяне брыкаць. I так адагналі яны мяне ад ячменю, які я ўчора сваімі рукамі насыпаў гэтаму стараннаму слузе.
27. Пасля такой непрыхільнай сустрэчы я застаўся ў адзіноце і адышоўся ў кут канюшні. I вось пакуль я разважаю аб нахабнасці маіх сяброў і прыдумваю, як заўтра, ператварыўшыся пры дапамозе ружаў зноў у Луцыя, адпомшчу свайму нявернаму каню, раптам бачу на сярэднім слупе, які падпіраў бэлькі канюшні, амаль на самай сярэдзіне абраз багіні Эпоны, устаўлены ў нішу і старанна ўпрыгожаны гірляндамі з ружаў. Убачыўшы сродак паратунку, акрылены надзеяй, я стаў на заднія ногі, абапёрся пярэднімі і як толькі мог выцягнуў губы, каб дацягнуцца да гірляндаў. Ды, на маё няшчасце, мой слуга, якому было даручана даглядаць каня, заўважыўшы мой намер, абурана ўскочыў. «Колькі можна цярпець,— выкрыкнуў ён,— гэту клячу? Толькі што адбіраў ад жывёлы корм, а цяпер узяўся за выявы багоў! Я цябе, святататнік, так адлупцую, што закульгаеш і зробішся калекам!» I зараз жа пачаў шукаць, чым мяне набіць. Пад руку трапіла яму вязанка дроў, якая там выпадкова ляжала, дык, выбраўшы адпаведны калок яшчэ з неабдзёртымі лістамі, датуль мясіў мяне, няшчаснага, пакуль знадворку не пачуўся грукат у дзверы, а побач нехта не закрычаў: «Разбойнікі!» Тады ён спалохаўся і ўцёк.
28. He прайшло і мінуты, як шайка разбойнікаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканні акружаны ўзброенымі людзьмі, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсіх у руках паходні, якія разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамі. Зброя і полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамі сякер
узломваюць разбойнікі Мілонаву камору, якая знаходзілася ў сярэдзіне дома і была замкнёная на моцныя засаўкі і замкі. Там зберагалася ўсё Мілонава багацце. Уварваўшыся туды, рабаўнікі паспешліва выцягваюць усё дабро і, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць паміж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лік насільшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшні нас — двух аслоў і майго каня, навальваюць на нас чым найбольш самых цяжкіх вузлоў і гоняць нас палкамі прэч з начыста абрабаванага дома. Пакінуўшы аднаго са сваёй шайкі назіраць, як будзе разбірацца гэта злачынства, уся група разбойнікаў, асыпаючы нас ударамі палак, хутка гоніць непраходнымі сцежкамі ў горы.
29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасці гары і ад доўтай дарогі. Тут мне, хоць і пазнавата, затое ўсур’ёз прыйшла ў галаву думка папрасіць дапамогі ў мясцовых улад і, скарыстаўшы паважанае імя імператара, збавіцца ад гэтулькіх нягод. Калі ўжо пры дзённым святле міналі мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кірмашу было вялікае скопішча народу, я ў самай гушчыні натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага імя Цэзара, але выкрыкнуў голасна і выразна толькі «О», а далейшых гукаў імя Цэзара вымавіць не змог. Разбойнікам не спадабаўся мой дзікі крык, і яны так вырабілі маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. I ўсё ж сам Юпітэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мінаючы мноства хацінак і вялікіх двароў, убачыў я нейкі садок, у якім паміж іншых раслін цвілі цнатлівыя ружы, вільготныя ад ранішняй расы. Хціва разявіўшы рот, акрылены радаснай надзеяй на выратаванне, я падышоў бліжэй і ўжо цягнуўся да іх дрыготкімі губамі, як раптам спыніла мяне разумнейшая думка: калі я тут жа з асла ператваруся ў Луцыя, непазбежна загіну ад рук разбойнікаў, бо яны або палічаць мяне за чараўніка, або абвінавацяць у намеры данесці на іх.
Такім чынам, падпарадкоўваючыся неабходнасці і змірыўшыся са сваім становішчам, я, як належала аслу, устрымаўшыся ад ружаў, паскубаў сухой травіцы.
КНІГА ЧАЦВЁРТАЯ
1. Каля паўдня, калі ўжо сонца моцна прыпякала, мы павярнулі ў адной вёсцы да нейкіх старых людзей, якія вялі знаёмства і сябравалі з разбойнікамі. Хоць я быў аслом, але зразумеў гэта з таго, як іх спатыкалі, з бясконцых радасных гутарак і пацалункаў. Разбойнікі падаравалі ім сякія-такія рэчы, зняўшы іх з маёй спіны, прытым перашэптваліся, відаць, расказваючы, што гэта частка іхняй бандыцкай здабнчы. Праз нейкі час вызвалілі нас ад усіх цюкоў і мяхоў і пусцілі пасвіцца на блізкі луг.
He мог я сябраваць са сваім канём і з аслом і не прывык яшчэ есці сухой травы. Аднак, вельмі згаладаўшыся, смела накіроўваюся ў заўважаны мною за хлявом агародчык і там, хоць і сырой гароднінай, набіваю сабе страўнік.
Паклікаўшы на дапамогу ўсіх багоў, пачынаю ўважліва прыглядацца, ці не ўбачу дзе-небудзь у суседнім садзе куста прыгожых ружаў. Самотнасць мясцовасці цешыла мяне надзеяй, што, прыкрыты кустамі, ужыўшы лекі, нікім не заўважаны, узнімуся і з жывёліны стану зноў чалавекам.
2. I калі я так плаваў у моры гэтых надзеяў, бачу зводдаль зацененую далінку з густым гаем, дзе сярод розных раслін і прыемнай зеляніны выдзялялася чырвань ружаў. Я ўжо лічыў у сваім яшчэ не зусім азвярэлым сэрцы, што гэты гай прысвечаны Венеры і грацыям і пад іх таямнічай апекай ззяе гэта каралеўская кветка. Тады, паклікаўшы на дапамогу багіню Удачу, пускаюся з усіх ног так, што клянуся Геркулесам, адчуў сябе не аслом, а вельмі хуткім скакуном. Аднак гэта мая рэзвая і спрытная спроба не здолела перамяніць мой жорсткі лёс. Наблізіўшыся да таго месца, не знаходжу тых далікатных і цудоўных ружаў, вільготных ад боскага нектару і расы, народжаных калючымі кустамі. I наогул не бачу ніякай далінкі, а толькі ўскраек рачнога берага, густа парослага дрэвамі. Гзтыя дрэвы, укрытыя падобнымі на лаўры лістамі, ствараюць накшталт духмяных кветак падоўжаныя чашачкі ўмеркавана пунсовага колеру, цалкам пазбаўленыя паху. Мясцовыя сяляне называюць іх лаўровымі ружамі, яны з’яўляюцца атрутай для любога арганізма.
3. Стомлены такой няўдачай, пакінуўшы ўсякую надзею на выратаванне, я хацеў ужо пакаштаваць гэтых ядавітых ружаў. Аднак пакуль не спяшаючыся я рыхтуюся іх сарваць, нейкі юнак, напэўна, агароднік, чыю агародніну я вынішчыў, даведаўшыся пра зробленую яму шкоду, прыбег з вялікім
кіем, накінуўся на мяне і пачаў так мяне мясіць, што, напэўна, забіў бы да смерці, каб я не кінуўся сам сабе на паратунак. Задраўшы ўгару зад, я пачаў яго брыкаць заднімі нагамі, а калі ён, моцна пабіты, паваліўся на касагор, я выратаваўся ўцёкамі. Аднак тут жа нейкая жанчына, магчыма, яго жонка, убачыўшы, што ён павалены на зямлю і ледзь жывы, кінулася да яго з жаласлівым лямантам, пэўна, каб выклікаць да сябе спачуванне і адначасова загубіць мяне.
I вось усе жыхары вёскі, устрывожаныя яе галашэннем, склікаюць сабак і цкуюць, каб яны кінуліся на мяне і, раз’юшыўшыся, разарвалі на кавалкі. Я ўжо быў упэўнены, што настала мая смерць, бо сабакі былі такія вялікія і так было іх многа, што можна было ісці з імі на мядзведзяў і львоў. У такіх абставінах я пакінуў думку пра ўцёкі і хуткай рыссю вярнуўся ў той хлеў, дзе мы былі пастаўлены. Але і тут яны, ледзь стрымліваючы сабак, злавілі мяне і, прывязаўшы моцным рэменем да нейкага колца ў шуле, бясспрэчна, забілі б да смерці, каб мой страўнік, звузіўшыся ад балючых удараў, перапоўнены той грубай гароднінай і захварэўшы нястраўнасцю, не выпусціў цэлага струменю і не адагнаў іх ад майго спакутаванага цела, адных агіднай жыжкай, другіх едкім смуродам.
4. Хутка пасля таго як пачала спадаць паўдзённая спёка, нашы разбойнікі зноў абладавалі нас, і асабліва мяне, цяжкім грузам і рушылі далей.
Калі была ўжо пройдзена большая частка дарогі, стомлены доўгай хадой, знемагаючы пад цяжарам грузу, абяссілены ад палачных удараў, збіўшы ўсе капыты, кульгаючы, хістаючыся, дайшоў я да нейкай ціхай рэчкі, і раптам прыйшла мне ў галаву думка скарыстаць шчаслівы выпадак і, асцярожна падагнуўшы ногі, легчы на зямлю з намерам не ўставаць і не ісці далей, нягледзячы ні на якія пабоі.
Я быў гатовы нават памерці не толькі пад палкамі, але і ад удару нажа. Я думаў, што, ледзь жывы і слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як інвалід, а разбойнікі, каб паскорыць свае ўцёкі, перакладуць груз з маёй спіны на двух іншых уючнікаў, а мяне для найвышэйшай кары кінуць на здабычу ваўкам і груганам.
5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлітасны лёс. Другі асёл, адгадаўшы мае думкі, паваліўся раптам ад прытворнай стомленасці і заставаўся ляжаць з усімі манаткамі, як ні цягалі яго ў розныя бакі за хвост, за вушы і за ногі. Тады, стаміўшыся і страціўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзіліся між сабой, што не варта