Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
На гэта старая зазлавалася і запатрабавала з грознай мінай, каб тая растлумачыла ёй, чаго гэта яна, перш супакоіўшыся, раптам зноў пачала разводзіць свае бясконцыя жальбы. «Відаць,— кажа,— ты вырашыла пазбавіць маіх хлопцаў выкупу; калі будзеш так далей сябе паводзіць, дык я
не пагляджу на твае слёзы, якія ў разбойнікаў не дорага каштуюць, і спалю цябе жыўцом».
26. Напалоханая такой пагрозай, дзяўчына цалуе старой рукі і кажа: «Злітуйся, родная, абудзі ў сабе людское спачуванне і памажы мне ў цяжкой маёй нядолі хоць крыху. .Я спадзяюся, што ў табе, якая дажыла да святой сівізны, жаль да людзей не патух. Зірні на маё гора. Ёснь цудоўны юнак, першы між сваімі равеснікамі, аднагалосна выбраны сынам горада, ён мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на тры гады. 3 дзяцінства гадаваліся мы разам, выхоўваліся ў адным доме, нават адзін у нас з ім быў пакой і адна пасцель. Мы звязаныя з ім узаемным пачуццём кахання, і ён здаўна быў прызначаны мне ў нарачоныя і за згодай бацькоў запісаны маім мужам. Ужо ён прыносіў у святых месцах перадшлюсныя ахвяры ў акружэнні блізкіх і знаёмых, увесь дом быў упрыгожаны лаўровымі вянкамі, блішчаў паходнямі, грымеў вясельнымі песнямі. Вось мая бедная маці ўпрыгожвае мяне шлюбнымі ўборамі і, асыпаючы пацалункамі, марыць у трывожных думках пра нашчадкаў, ды раптам, быццам у час вайны, пагрозліва блішчаць павыманыя мячы. Аднак бандыты не імкнуцца забіваць і займацца рабаваннем, а цесным строем нападаюць на нашу спальню. Ніхто з нашых хатніх не аказаў ім супраціўлення, ніхто не асмеліўся нават абараняцца, і няшчасную мяне, самлелую ад страху і дрыготкую ад небывалай жудасці, хапаюць, адарваўшы ад матчынага ўлоння. Гэтак было расстроена, быццам у Аціса ці Пратазілая, маё вяселле.
27. I вось бязлітасны лёс аднавіў і нават павялічыў маё няшчасце. Прыснілася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў і нават са спальні, апынулася ў пустыні і клічу па імю свайго няшчаснага мужа, які так і не пацешыўся маімі абдымкамі і яшчэ вільготны ад націранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. I пакуль ён бяжыць і роспачна крычыць, каб людзі памаглі яму адабраць жонкупрыгажуню, нейкі з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапіўшы з-пад ног вялікі камень, кідае ў майго беднага маладзенькага мужа і забівае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялікім жаху ўсхапілася ад злавеснага сну».
Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямі, старая гаворыць так: «Не трывожся, дзіця маё, і не палохайся пустых прывідаў. He кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык і начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад,
сасніць слёзы, пабоі і нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца і наядацца смачнай ежай; і наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць і іншыя непрыемнасці. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай». 1 пачала так:
28. «У адной дзяржаве жылі цар з царыцай, і было ў іх тры дачкі-прыгажуні. Аднак, хоць старэйшыя былі вельмі прыгожыя, яны, як у цені, знікалі перад прыгажосцю малодшай, якой красу апісаць не хапіла б у людской мове слоў. Шмат хто з мясцовых грамадзян і мноства чужаземцаў, якіх прагнымі натоўпамі збірала чутка пра небывалае відовішча, здзіўленыя і ўсхваляваныя недасягальнай прыгажосцю, прыкрывалі рот правай рукой, палажыўшы свой указальны палец на выцягнуты вялікі, быццам аддавалі пашану самой Венеры. I па ўсёй акрузе панеслася чутка, што багіня, якую нарадзіла марская стыхія і ўзняла пеністая хваля, па сваёй добрай волі выяўляе сваю прыхільнасць да народа, зносіцца з людзьмі. А мо зноў з новага насення нябесных свяцілаў не мора, а зямля нарадзіла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасці.
29. Такая думка штораз умацоўвалася, і пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах і па бліжэйшых правінцыях.
Натоўпы людзей, не баючыся ні далёкай дарогі, ні марской стыхіі, збягаліся да знакамітага цуду. Людзі перасталі ездзіць у Пафас, каб пакланіцца Венеры, не падарожнічалі ў Кнід і нават на востраў Кіферу. Ахвяры станавіліся радзейшымі, святыні заняпалі — святыя падушкі параскіданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гірляндамі, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малітвамі і пад смяротнымі рысамі ўшаноўваць веліч несмяротнай магутнай багіні. Калі з’яўлялася дзяўчына, людзі прыносілі ёй дары і ахвяры ў імя адсутнай Венеры. А калі яна праходзіла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамі і кветкамі.
Гэта залішняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплівым абурэнні, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:
30. «Як я, старажытная маці прыроды, родапачынальніца стыхіяў, маці ўсяго свету, Венера, зношу такое абыхэджанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной Kapa-
леўскую пашану і маё імя, запісанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Ці ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступніцай, якая пад маім імем прымае збаўчыя ахвяры? Ці ж магу згадзіцца, каб смяротная жанчына насіла мой вобраз? Ці ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога і справядлівасць пацвердзіў сам Юпітэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць між іншых цудоўных багінь? Ды не на радасць сабе прысвоіла тая самазванка, хто б яна ні была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосці!»
I тут жа кліча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмі смелага хлапца, які, згодна са сваім норавам, грэбуючы ўсталяванымі парадкамі, узброены стрэламі і паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем’і і беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нічым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды і неўтаймаванага, пабуджае нагаворамі, вядзе ў той горад і паказвае яму Псіхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гісторыю аб спаборніцтве ў прыгажосці і, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:
31. «Заклінаю цябе повязямі матчынай любові, сціплымі ранамі тзаіх стрэл, салодкімі апёкамі твайго факела, адпомсці за сваю маці. Аддай поўнай мерай і жорстка адплаці нахабнай прыгажуні. Зрабі тое адзінае, чаго мне больш за ўсё хочацца: няхай гэтая дзяўчына палымяна закахаецца ў апошняга з людзей, якому лёс адмовіў у паходжанні, і ў маёмасці, і ўва ўсім іншым, у такую мізэрнасць, што большай не знойдзеш на ўсім свеце».
Сказаўшы гэта, яна доўга і моцна цалуе сына і ідзе да блізкага берага, абмыванага морам. I ледзь толькі ступіла ружовымі ступнямі ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на ціхай вадзе глыбокага мора. I ледзь толькі пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з’явілася марская світа: дочкі Нерэя, спяваючы хорам, і Партун з ускалмачанай сіняй барадой, і Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамі, і маленькі фурман дэльфінаў Палемон. Тут і там скачуць па моры трытоны, адзін далікатна трубіць у ракавіну, другі распасцірае ад сонечнай спёкі шаўковае пакрывала, трэці падносіць да вачэй валадарніцы люстэрка, а іншыя плаваюць на двухконных калясніцах. Гэтакі натоўп праводзіў Венеру, калі яна рушыла ў бок Акіяна.
32. Тым часам Псіхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе ніякай карысці. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але ніякі
цар, ні каралевгч, ні нават хто-неоудзь з простага люду не ідзе да яе ў сваты. Дзівяцца толькі на яе, як на боскую статую ці няземскую з’яву. Старэйшыя сёстры, якія не вельмі славяцца прыгажосцю, даўно выйшлі замуж за прадстаўнікоў царскага роду, а Псіхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзіноту, недамагаючы целам, з болем у душы і зненавідзеўшы сваю прыгажосць, якая так усіх вабіла.
Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхільнасці і баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мілецкага бога і просіць у вялікай святыні малітва.мі і ахвярамі мужа сваёй абяздоленай дачушцы. I вось Апалон, хоць і грэк і нават іаніец, дае прароцтва, з увагі на складальніка мілецкага апавядання, на лацінскай мове:
33. «Пастаў няшчасную дачку на ўскрай скалы высокай
I, як на пахаванне, на вяселле апрані.
He знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны, Ён будзе дзікі і надзвычай люты, як дракон.
На крылах аблятае ён эфір і ўсіх стамляе,
Наносіць раны ўсім і полымем гарачым паліць.
Дрыжыць Юпітэр перад ім, багі яго баяцца, Наводзіць страх ён і на Стыкс, на змрочную падземную раку».
Пачуўшы такі адказ найсвяцейшага прадказальніка, раней шчаслівы кароль едзе назад незадаволены, сумны і расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны і плачуць даволі доўгі час. Аднак нічога не зробіш, даводзіцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.
Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць і чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзіць у жалобны лідыйскі напеў, і вясёлыя гіменеі канчаюцца жаллівымі выкрыкамі, а маладая выцірае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долі збедаванай сям’і, і з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.
34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волі неба заклікае бедную Псіхею да наканаванай пакуты. А калі ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсім народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. I заплаканую Псіхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. 1 калі збедаваныя і згараваныя бацькі замаруджвалі шэсце, сама
дачка падбадзёрвае іх такімі словамі: «Навошта стамляеце сваю старасць доўгім плачам? He скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссільныя слёзы, якімі абліваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! He рабіце болю маім вачам праз шкоду сваім. Паберажыце свае сівыя валасы і вашы такія мне дарагія грудзі. Іншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглі. Позна апомніліся вы, прабітыя смяротнымі ўдарамі ганебнай зайздрасці. Калі народы і краіны выказалі нам боскую пашану, калі ўсе ў адзін голас называлі мяне Венерай, тады трэба было ліць слезы, тады трэба было аплакваць мяне як загінуўшую. Бачу і адчуваю, што загубіла мяне імя Венеры. Вядзіце мяне на скалу і пакіньце там, як прысудзіў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзіць, адцягваць прыход таго, што павінна адбыцца?»