Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
20. Адна з іх гаворыць: «Дзеля таго што кроўныя повязі змушаюць нас забыцца пра якую б ні было небяспеку, мы даўно прыдумалі для твайго выратавання адзін спосаб. Вазьмі навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, і з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялікім сакрэце, а тады, як ён, вывіваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца і засне глыбокім сном, ссунься з ложка босая, і, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, і пры святле высока ўзнімі правую руку з двухбаковавострай брытвай, і моцным ударам адсячы галаву ненавіснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькі выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбіраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як і ты».
21. Гэтымі палымянымі словамі распальваюць яны душу збянтэжанай сястры і, баючыся аказацца занадта блізка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешліва ўцякаюць і тут жа, сеўшы на караблі, адплываюць.
А Псіхея, застаўшыся адна, праўда, злыя фурыі не пакідалі яе ўвесь час і вельмі трывожылі, хвалюецца ў скрусе, як бурлівае мора. I хоць настаўленне зроблена і душа непахісная, усё ж, рыхтуючыся да злачынства, яна яшчэ вагаецца ў няўпэўненасці, і супярэчлівыя пачуцці адцягваюць яе ад благога ўчынку. Яна спяшаецца, адкладвае, адважваецца, дрыжыць, рашаецца, гневаецца і, нарэшце, у адным і тым жа целе ненавідзіць пачвар}' і любіць мужа...
Але надыходзіў ужо вечар, і Псіхея паспешліва рыхтуецца да бязбожнага злачынства. Вось і ноч прыйшла, з’явіўся муж і, аддаўшыся спярша любоўнаму змаганню, праз некаторы час упаў у глыбокі сон.
22. Тут Псіхея адольвае сваю слабасць і кволасць, збіраецца з сіламі і, дастаўшы свяцільнік і ўзяўшы ў рукі брытву, рашуча перамагае жаночую нясмеласць.
Але, як толькі ад адкрытага агню асвяцілася таямніца пасцелі, яна бачыць найдалікатнейшае і найпрыгажэйшае за
ўсе на свеце істоты відовішча, бачыць самога Купідона, цудоўнага бога, які спакойна адпачываў, ад выгляду якога ярчэй пачала свяціць лямпа і мацней бліснула лязо святатацкай зброі...
I Псіхея, збянтэжаная ўбачаным, не можа авалодаць сабой, пакрываецца смяротнай бледнасцю і з трымценнем апускаецца на калені, збіраючыся ўтапіць зброю ў сваіх грудзях. Яна і зрабіла б гэта, каб зброя ад страху перад гэтакім злачынствам не выпала з яе дрыготкіх рук. Знясіленая, страціўшы ўсякую надзею, чым больш углядаецца яна ў прыгажосць боскага твару, тым больш падбадзёрваецца. Вось бачыць яна залатую галаву з пышнымі, пахучымі ад амброзіі валасамі, якія акружаюць малочную шыю і ружовыя шчокі, глядзіць на прыгожа распушчаныя завіткі, што спускаюцца з патыліцы і з ілба. Ад незвычайна прамяністага бляску твару аж закалыхалася святло ў лямпе. За плячамі лятаючага бога беллю кветкі рдзелі пёры, і хоць крылы былі ў супакоі, кончыкі кволых і тоненькіх пярынак неспакойна трапяталі. Усё цела было гладкім і зіхатлівым, так што Венера не магла каяцца, што пусціла яго на свет. Каля пасцелі на падлозе ляжалі лук і калчан са стрэламі — благаслаўлёная зброя вялікага бога.
23. Нястрымнае жаданне ахоплівае Псіхею. 3 цікавасцю глядзіць яна на мужава ўзбраенне, абмацвае яго, вымае з калчана адну стралу і кончыкам пальца прабуе вастрыню, але, зрабіўшы мацнейшы рух дрыготкім суставам, глыбока наколвае сябе, аж на паверхні скуры выступаюць кропелькі крыві. Такім чынам, сама таго не ведаючы, загарэлася Псіхея каханнем да бога кахання. Распальваючыся ўсё большай і большай страсцю да бога страсці, яна, поўная пажадлівасці, схілілася над ім і пачала паспешліва абсыпаць яго гарачымі і доўгімі пацалункамі, баючыся пры тым, каб не разбудзіць. I пакуль яна, ахопленая такой асалодай, не валодаючы сваім розумам, хвалюецца, лямпа яе ці то ад здрады, ці з зайздрасці, ці мо сама захацела дакрануцца і пацалаваць такое пышнае цела, пырскае з канца кнота гарачым алеем богу на правае плячо. Ох ты, нахабная і бязглуздая лямпа, прыслужніца кахання! Ты апякла бога, які сам з’яўляецца валадаром усяго агню! А стварыў цябе напэўна нейкі закаханы, каб даўжэй карыстацца прадметам сваіх жаданняў.
Апечаны бог ускочыў, і, убачыўшы парушанай прысягу, хутка вызваліўся з жаночых абдымкаў і пацалункаў, і, не сказаўшы ні слова, узняўся ў паветра.
24. А Псіхея, як толькі ён уздымаўся, хапілася абедзвюма рукамі за яго правую нагу, аднак, стаміўшыся вісець у захмарных вышынях, звалілася на зямлю. Закаханы бог не пакідае яе ляжаць на зямлі, а, зляцеўшы на блізкі кіпарыс, з яго высокай вяршыні ўсхвалявана гаворыць: «Гэта ж я, прастадушная Псіхея, насуперак волі сваёй маці Венеры, якая загадала мне закахаць цябе ў самага нікчэмнага, апошняга з смяротных і аддаць цябе замуж за бедняка, сам зрабіў легкадумна, але, знакаміты стралок, я сам сябе параніў уласнай зброяй і зрабіў цябе сваёй жонкай ці ж для таго, каб ты палічыла мяне пачварай і хацела брытвай адрэзаць галаву за тое, што ў ёй знаходзяцца гэтыя закаханыя ў цябе вочы. Я ж неаднойчы пераконваў цябе асцерагацца, заўсёды па-сяброўску ўгаворваў. Твае паважаныя дарадчыцы неўзабаве адкажуць мне за сваю пачварную выдумку, а цябе пакараю сваім знікненнем». I, закончыўшы гутарку, узняўся ў вышыню.
25. А Псіхея, распасцёртая на зямлі, сачыла, пакуль было даступна зроку, за палётам мужа, надрываючы сабе душу балючым галашэннем. Калі ж далечыня схавала з вачэй каханага, які хутка адлятаў на крылах, рынулася да блізкай ракі і кінулася з берага ўніз. Але сціплая рака, несумненна, у гонар бога, які мог нават ваду ўспалымняць, а таксама з боязі за свой лёс, зараз жа вынесла яе на сваёй хвалі на бераг, пакрыты зелянінай і квеценню. А на другім беразе якраз сядзеў вясковы бог Пан, абняўшы горную багіню Эхо, якую вучыў спяваць на розныя галасы. Паблізу вады на шырокім лузе падбрыквалі козачкі, скубучы прыбярэжную травіцу. Казліны бог ласкава кліча стомленую ўсхваляваную Псіхею і дзеля таго, што яе гора было яму вядома, супакойвае ветлівымі словамі: «Мілая дзяўчынка, я вясковы жыхар, пасу статак, але дзякуючы сваёй глыбокай старасці маю вялікі вопыт. Дык вось, калі я мяркую правільна, а гэта разумныя людзі называюць дарам прадбачання, дык твая няроўная хісткая паходка, асаблівая бледнасць, частыя ўздыхі, а галоўнае, твае заплаканыя вочы гавораць, што ты пакутуеш ад празмернага кахання. Паслухай мяне і старайся надалей сябе не губіць, кінуўшыся ў ваду зноў або іншым спосабам самагубства. Пакінь сум, адкінь скруху і звярніся са сваімі малітвамі да Купідона, аднаго з найвялікшых багоў. А паколькі ён юнак распешчаны і капрызны, дык пастарайся ласкай і ветлівасцю выклікаць да сябе яго прыхільнасць».
26. Нічога не адказаўшы на словы бога пастухоў, Псі-
хея пакланілася яму і рушыла ў дарогу. Пад вечар, прайшоўшы даволі доўгую дарогу, стомленным крокам дайшла яна па нейкай сцяжынцы да таго горада, дзе быў каралём муж адной з яе сёстраў. Даведаўшыся аб гэтым, Псіхея захацела з ёй убачыцца. Як толькі сустрэліся, пасля радасных абдымкаў і прывітанняў на пытанне, які шчаслівы выпадак прывёў яе, яна адказала: «Ты помніш вашу параду, каб я тое страшыдла, што пад зманлівым імем бавіла са мной ночы, перш чым яно мяне зжарэ, зарэзала двухбаковавострай брытвай? Але як толькі пры святле лямпы зірнула я ў яго твар, бачу дзіўнае і сапраўды боскае відовішча — самога слаўнага сына Венеры, самога, паўтараю, Купідона, які спаў салодкім сном. I пакуль я, захопленая гэтай прыгажосцю, збянтэжаная, пакутавала ад невымоўнах папрокаў сумлення, у той час па нейкай благой выпадковасці запаленая лямпа пырснула гарачым алеем на яго плячо. Прачнуўшыся ад болю і ўбачыўшы мяне з лямпай і брытвай у руках, ён кажа: «За такое цяжкае злачынства ты неадкладна пакінь мой ложак і забяры свае рэчы, а я з’яднаюся ўрачыстым шлюбам з тваёй сястрой» і назваў тваё імя. Пасля таго загадаў Зефіру выдзьмуць мяне з дому».
27. He паспела Псіхея закончыць сваёй гутаркі, як тая, успалымнеўшы парывам безразважнага юру і згубнай зайздрасці, ашукаўшы мужа тут жа прыдуманай хлуснёй, быццам атрымала паведамленне аб смерці бацькоў, зараз жа села на карабель і накіравалася да вядомага скальнага абрыву. I хоць дзьмуў зусім не той вецер, усё ж яна, ахопленая сляпой надзеяй, крыкнула: «Прымай мяне, Купідон, тваю дастойную жонку, а ты, Зефір, падтрымай сваю паню!» I з усяго маху кінулася ў бездань. Аднак да месца прызначэння не дабралася нават у выглядзе трупа. Падаючы на каменне скал, цела яе разбілася і развалілася на кавалкі, рассыпаўшыся ў розныя бакі, і яна загінула, як таго і заслужыла, стаўшы лёгкай здабычай птушак і звяроў.
He замарудзіла і наступная кара. Пусціўшыся зноў у вандраваыне, Псіхея дайшла да другога горада, дзе так, як і першая, каралевзй была другая сястра. I гэта паддалася на прынаду роднай сястры, і саперніца Псіхеі памчалася да вядомай скалы на злачынны шлюб, але таксама звалілася, здабыўшы сабе немінучую смерць.
28. Тым часам, пакуль занятая пошукам Купідона Псіхея абыходзіла розныя краіны, ён сам, пакутуючы ад апёку, ляжаў і стагнаў у спальні сваёй маці. Тады беласнежная птушка чайка, якая плавае на крылах па марскіх хвалях,
паспешліва дае нырца ў глыбіні акіяна. Там, стаўшы ўмомант перад Венерай, якая купалася і плёскалася, дакладвае ёй, што яе сын апечаны, стогне ад болю, які прычыняе яму рана, ляжыць і невядома, ці ачуняе. А ў народаў вакол чуецца нараканне на Венеру і на ўсю яе радню, маўляў, сынок, займаючыся на паверхні каханнем, а яна сама, купаючыся ў акіяне, забыліся пра свае абавязкі. Праз гэта няма ніякай прыхільнасці, ні чароўнасці, ні вабнасці, а ўсё зрабілася несамавітым, грубым і дзікім. Няма ні шлюбаў, ні сяброўскіх яднанняў, ні пашаны ад дзяцей, а толькі агульная няслава, горыч і агіда ад брудных сувязяў.
Гэтак верашчала балбатлівая птушка ў Венерыны вушы і чарніла добрае імя яе сына. А Венера, моцна загневаўшыся, раптам запытала: «Дык, можа, у мілага майго сынка завялася якая-небудзь сяброўка? Ну, ты, якая толькі адна мне верна служыш, скажы, як завецца тая, што спакусіла майго высакароднага і чыстага хлопчыка? Можа, яна з роду Німфаў, ці з ліку Ораў, ці з карагоду Музаў або Грацыяў, маіх прыслужніц?»