Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
17. Тут лепш чым калі адчула і зразумела Псіхея, што выпраўляюць яе на верную загубу і што настала яе апошняя часіна. Чаго ж болей чакаць, калі выпраўляюць яе ісці добраахвотна сваімі нагамі ў Тартар, у краіну памерлых.
He думаючы доўга, паднялася яна і пайшла ў бок нейкай высачэзнай вежы, збіраючыся адтуль кінуцца ўніз, каб такім чынам хутка і найбольш пэўна трапіць у замагільнае царства.
Але вежа раптам загаварыла: «Навошта табе, нябога, шукаць пагібелі ў бездані? Чаму новыя цяжкасці і небяспекі так цябе палохаюць? Як твой дух аддзеліцца ад цела, дык, вядома, сыдзеш ты ў глыбокі Тартар, але назад адтуль ніколі ўжо не вернешся. Вось лепш паслухай мяне.
18. Непадалёку адгэтуль знаходзіцца горад Ахаі, славуты Лакедэман. У суседстве з ім знайдзі закінуты сярод бязлюднай мясцовасці Танар. Там ёсць расколіна Дзіта, і праз яе зіхатлівыя вароты віднеецца непраходная дарога. Калі ты там пераступіш парог і пойдзеш па ёй, дык дабярэшся да Оркавага царства. Аднак у той змрок ты павінна ўступіць не з пустымі рукамі, а ў кожнай трымай па ячменным праснаку, замешаным на віне і мёдзе, а ў роце нясі дзве манеты.
Прайшоўшы значную частку той смертаноснай дарогі, ты сустрэнеш кульгавага асла, нагружанага дрывамі, а з ім кульгавага паганятага, які будзе прасіць цябе падняць некалькі паленаў, што вываліліся з вязанкі, але ты не адказвай яму і моўчкі ідзі далей. Неўзабаве дойдзеш да ракі памерлых, над якой валадарыць Харон. Ён патрабуе ад кожнага за перавоз на чоўне на другі бераг грашовую плату. Гэта значыць, што і ў асяроддзі памерлых працвітае
карысталюбства, бо нават такі бог, як Харон, збіральнік падаткаў ад Дзіта, нічога дарма не робіць, і бядняк, паміраючы, павінен запасціся грашыма, а калі няма ў яго медзі, дык яму і не дазволяць памерці. Гэтаму бруднаму старому ты і заплаціш за перавоз адзін з медзякоў, якія будзеш мець з сабой, толькі няхай ён сам сваёй рукой выме яго ў цябе з рота. Ды гэта яшчэ не ўсё. Як будзеш перапраўляцца праз тую павольную рэчку, выплыве на паверхню мёртвы стары і, працягнуўшы да цябе гнілую руку, будзе прасіць узяць яго ў лодку, але ты не паддавайся недазволенай табе літасці.
19. Калі ты пераправішся цераз раку і пройдзеш трохі далей, убачыш старых, якія ткуць на кроснах. Яны будуць прасіць, каб ты памагла ім, але ты не звяртай на іх увагі.
Усё гэта і шмат іншага будзе ўзнікаць праз каварства Венеры, каб ты выпусціла з рук хоць адзін праснак. А страціць гэтыя праснакі справа не пустая, бо, калі выпусціш з рук хоць адзін, свету больш не ўбачыш. Агромністы сабака з трыма вялікімі галовамі, які брэша громападобна і палохае памерлых, хоць інакш шкодзіць ім не можа, ляжыць каля самага парога чорных пакояў Празерпіны і пільна сцеражэ шырокае ўладанне Дзіта.
Даўшы яму адзін з двух сваіх праснакоў, ты лёгка пройдзеш ля яго і ў хуткім часе дойдзеш да Празерпіны, якая прыме цябе вельмі ветліва, прапануе мяккае сядзенне і запросіць на пышны пачастунак. Але ты сядзь на зямлі і вазьмі толькі скібку простага хлеба, пасля скажы, чаго прыйшла, і, узяўшы тое, што дадуць, вяртайся назад. Злосць сабакі спыні тым праснаком, што ў цябе застанецца, заплаці скупому перавозчыку манету і, пераправіўшыся праз раку, зноў узыдзі на ранейшую дарогу, адкуль убачыш карагод зорак. Толькі хачу цябе папярэдзіць, каб ты ні ў якім разе не адчыняла скрыначкі, не заглядала ў яе і не цікавілася сакрзтнымі скарбамі захаванай у ёй прыгажосці».
20. Гэтак празорлівая вежа выявіла ёй сваё прароцтва.
Забраўшы з сабой манеты і праснакі, выпраўляецца Псіхея ў Тартар і пускаецца ў замагільны шлях. Моўчкі мінуўшы паганятага аслоў, даўшы манету перавозчыку, пакінуўшы без увагі просьбы нябожчыка, што выплываў, і назойлівых ткачых і супакоіўшы праснаком страшную раз’юшанасць сабакі, трапляе ў памяшканне Празерпіны. He паквапіўшыся на прапанаванае гаспадыняй мяккае сядзенне і салодкі пачастунак, а сеўшы каля яе ног і задаволіўшыся адным хлебам, перадала яна даручэнне Венеры.
Схавала напоўненую і зачыненую скрыначку, утаймавала раз’юшанасць сабакі другім праснаком і, заплаціўшы перавозчыку манетай, што ў яе заставалася, выбралася яна з цёмнага каралеўства ў шмат лепшым настроі, чым ішла туды. А ўбачыўшы белы свет, пакланілася яму.
Аднак, хоць і спяшалася яна чым хутчэй выканаць даручэнне, авалодала ёю нястрымная цікавасць. «Якая я дурная,— сказала яна сама сабе,— нясу з сабой боскую прыгажосць і не вазьму з яе хоць трошачкі сабе, каб яшчэ больш падабацца свайму каханаму».
21. Сказаўшы гэта, адчыняе скрыначку, а там няма ніякай прыгажосці, толькі падземны сон. Вырваўшыся з-пад накрыўкі, ён адразу находзіць на яе. Па ўсім яе целе расплываецца густая аблачына безуладнасці і ахутвае яе. У той жа момант яна падае на той сцежцы, па якой ішла, і адразу засынае. I ляжала яна там нерухома, нібы мёртвая.
А Купідон, ачуняўшы ад сваёй раны і не могучы перанесці такой доўгай разлукі з Псіхеяй, вышмыгнуў праз высокае акно пакоя, у якім сядзеў замкнёны, і з падвоенай хуткасцю на адпачыўшых крылах памчаўся да сваёй Псіхеі. Тут ён старанна знімае з яе сон і хавае яго на тое самае месца, у скрыначку. Будзіць Псіхею бяспечным уколам стралы і кажа: «Вось ты, нябога, зноў ледзь не загінула праз сваю цікаўнасць. Але пакуль што выканай дакладна даручэнне маёй маці, а пра астатняе паклапачуся я сам».
3 гэтымі словамі ўзляцеў на крыллях боскі каханак, а Псіхея пайшла да Венеры, каб аддаць ёй Празерпінін падарунак.
22. Тым часам Купідон пад уплывам моцнага кахання і баючыся суровасці сваёй маці хапаецца за даўнейшыя хітрыкі. Дасягнуўшы на сваіх хуткіх крылах самай нябеснай вышыні, звяртаецца з пакорлівым тварам да Юпітэра і малітоўна выкладвае яму сутнасць сваёй справы. На гэта Юпітер, паляпаўшы Купідона па шчацэ і прыўзняўшы да твару яго руку, так кажа: «Хоць ты, сынок, пане мой, не выказваў ніколі належнай мне пашаны, прысуджанай мне на зборы багоў, а нават мае грудзі, дзе ствараюцца законы стыхіяў і чаргаванні свяцілаў, часта прабіваў ударамі стралы і нярэдка зневажаў грахамі зямной пажадлівасці і такім чынам пляміў мой гонар і добрае імя, змушаючы парушаць законы, асабліва закон Юлія, і грамадзянскую мараль ганебнымі пралюбадзействамі. Ты прымушаў мяне мяняць маё светлае аблічча на выгляд гадзюк, агню, звяроў, птушак і свойскай жывёлы. Аднак помнячы пра сваю па-
блажлівасць, а таксама пра тое, што ты вырас на маіх руках, я выканаю твае пажаданні, абы толькі ты здолеў аберагчыся ад сваіх нядобразычліўцаў. А яшчэ ў аддзяку за гэту маю спагаднасць ты павінен, калі ёсць на зямлі ў гэты час якая-небудзь непараўнанай прыгажосці дзяўчына, аддаць яе мне».
23. Сказаўшы гэта, загадвае Меркурыю склікаць усіх багоў на сход і аб’явіць, што на тых, хто не з’явіцца, будзе накладзены штраф дзесяць тысяч нумаў. Настрашаныя такой пагрозай, багі хутка запаўняюць пакой, і Юпітэр, седзячы на ўзнятым вышэй за іншыя сядзенні, робіць такую абвестку:
«Багі, занесеныя ў нашы спісы Музамі, усе вы ведаеце гэтага юнака, якога я выгадаваў гэтымі рукамі. Я вырашыў спыніць бурныя парыванні яго квяцістага юнацтва якойнебудзь вуздэчкай. Хопіць таго, што кожны дзень абвінавачваюць яго ў пралюбадзействе і розных іншых праступках. Трэба ліквідаваць падставы для гэтага і звязаць яго распушчанасць шлюбнымі повязямі. Ён выбраў сабе дзяўчыну і пазбавіў яе нявіннасці, дык няхай яна застанецца з ім, няхай ён валодае ёю і няхай у абдымках Псіхеі цешыцца каханнем». I, звярнуўшыся да Венеры, працягвае:
«А ты, дачка, адкінь усю скруху і не бойся, што твой знакаміты род і тваё становішча пацерпяць ад шлюбу сына са смяротнай жанчынай. Я зраблю так, што шлюб не будзе няроўным і стане законным, які адпавядае грамадзянскім пастановам».
Тут ён загадвае Меркурыю неадкладна даставіць на неба Псіхею і, падаўшы ёй келіх з амброзіяй, кажа: «Прымі, Псіхея, станься несмяротнай. Няхай ніколі не адлучаецца Купідон з тваіх абдымкаў і няхай гэта сувязь застанецца на векі вечныя».
24. Неўзабаве накрываюць багаты вясельны стол. На ганаровым месцы разлегліся жаніх з прытуленай да яго грудзей Псіхеяй, побач з імі Юпітэр са сваёй Юнонай, а за імі парадкам усе багі. Келіх з нектарам, які замяняе багам віно, падаваў Юпітэру падчашы, слаўны сельскі юнак, а іншым падносіў Лібер. Ежу рыхтаваў Вулкан, Оры абсыпалі ўсіх ружамі і іншымі кветкамі, Грацыі апырсквалі духмянасцямі, Музы напаўнялі паветра спевам, Апалон спяваў пад кіфару, а цудоўная Венера танцавала ў такт прыгожай музыкі ў такім суправаджэнні: Музы спявалі хорам, Сатыр іграў на флейце, а Паніск дзьмуў у свісцёлку. Так належным чынам была перададзена Псіхея
ва ўладу Купідона. А як прыйшоў тэрмін, нарадзілася ў іх дачка, якую мы называем Асалодай».
25, Так расказвала палоннай дзяўчыне п’яная бабулька, якая выжыла з розуму, а я, стоячы воддаль, клянуся Геркулесам, шкадаваў, што не было пры мне таблічкі і ражончыка, каб запісаць такую цудоўную аповесць.
I вось у той час, пасля нейкай небяспечнай сутычкі, вяртаюцца разбойнікі са здабычай, але некаторыя з іх, больш задзірыстыя, параненыя. Гэтых яны пакідаюць дома лячыцца, а самі вяртаюцца па тую частку здабычы, якая ў іх, як яны казалі, ляжыць прыхаваная дзесьці ў пячоры. Хутка праглынулі абед і, падганяючы кіямі, выводзяць мяне і каня на дарогу, каб выкарыстаць нас як уючную сілу. Вельмі стомленыя шматлікімі пераваламі і кручамі, дабіраемся пад вечар да нейкай пячоры. Там навальваюць на нас мноства ўсякай паклажы і, не даўшы хвіліны адпачынку, адразу гоняць назад, прытым вельмі спяшаюцца і так б’юць мяне кіямі і таўхаюць, што я паваліўся на прыдарэжны камень. Тут зноў пасыпаліся на мяне ўдары, каб я падняўся, хоць у мяне была паранена правая галёнка і пашкоджаны левы капыт.
26. Адзін з разбойнікаў гаворыць: «Ці доўга мы будзем дарма карміць гэтага ні на што не здатнага асла, які цяпер яшчэ закульгаў?» А другі: «Як толькі завёўся ў нас гэты пракляты асёл, ні ў чым няма ў нас удачы, самых адважных то раняць, то забіваюць». А яшчэ іншы: «Як ён сабе хоча ці не хоча, а данясе гэту паклажу, я буду не я, калі не скіну яго са скалы ўніз галавой, няхай дзяўбуць яго ястрабы».
Пакуль гэтыя добрыя людзі вялі гаворку пра маю смерць, мы дабраліся дамоў. А ў мяне ад страху быццам выраслі крылы. Зваліўшы з нас той груз і забыўшыся пра нас і нават пра маю смерць, выклікаюць тых, што заставаліся ў пячоры, параненых сяброў і спяшаюцца назад, каб рэшту здабычы перанесці на руках, бо, як казалі, надакучыла ім наша марудлівасць. А мяне ахапіў вялікі неспакой пры думцы аб рыхтаванай мне загубе. Дык я так сам сабе думаў: «Ну чаго ты, Луцый, стаіш і чаго яшчэ горшага чакаеш? Смерць, і прытым самая бязлітасная, прысуджана табе на нарадзе разбойнікаў. Выканаць ім іхняе рашэнне зусім проста: бачыш вунь тыя блізкія скалы, абсыпаныя вострымі камянямі, якія ўрэжуцца ў тваё цела і разарвуць цябе на кавалкі, перш чам ты паспееш памерці. Бо гэта твая магія, зрабіўшы цябе аслом, надзяліла цябе не аслінай скурай, а тоненькай