Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
4. Аднак сярод гэтых скрушлівых думак адзін клопат турбаваў мяне больш за ўсё. Як толькі ўспамінаў, што рашэннем разбойнікаў павінен буду стаць пахавальнай ахвярай для закатавання дзяўчыны, кожны раз аглядаў свой жывот, і мне здавалася, што я ўжо быў гатоў вызваліць з сябе гэту няшчасную дзяўчыну.
А тым часам той чалавек, які толькі што паведамляў пра мяне ілжывыя весткі, выцягнуў тысячу залатых, што былі ў крысе ягонай апранахі, забраныя, як ён казаў, у розных сустрэчных, і, як чалавек справядлівы, здаў іх у агуль-
ную касу. Пасля таго пачаў распытваць пра здароўе сваіх таварышаў. Даведаўшыся, што некалькі з іх, прытым самых адважных, загінулі па-геройску ў розных абставінах, пачаў угаворваць даць на нейкі час спакой дарогам і спыніць крывавыя сутычкі, каб заняцца папаўненнем атрада да ранейшага ліку за кошт новых маладых, здаровых і адважных мужчын. Тых, якія будуць адмаўляцца, можна запалохаць, а іншых завабіць узнагародамі. Ды нямала знойдзецца людзей, якія, зненавідзеўшы парадкі паднявольнага жыцця, ахвотна прыйдуць у нашу шайку, бо тут у нас усе роўныя і кожны мае ледзь не тыранічную ўладу. Сам ён даўно ўжо знайшоў аднаго чалавека і высокага ростам, і маладога гадамі, і моцнага целам, і на руку спрытнага, якога доўга пераконваў і нарэшце пераканаў, каб той прыклаў свае аслабелыя ад бяздзейнасці рукі да якойнебудзь карыснай справы, напрыклад, пакуль ёсць магчымасць, здабываць золата, а не выцягваць рукі па міласціну.
5. Усе згаджаюцца з яго словамі і пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства іншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвіліну і прыводзіць нейкага, як і абяцаў, высокага юнака, з якім наўрад ці мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. He гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсіх, хоць на яго твары ледзь толькі прабіваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якія прасвечваліся магутныя грудзі і жывот. I вось гэты новы знаёмы гаворыць: «Прывітанне вам, кліенты наймацнейшага бога Марса, якія сталі мне ўжо вернымі паплечнікамі. Мужа велікадушнага і палкага, які з радасцю да вас прыходзіць, з радасцю прыміце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзі пад удары, чым здабываю золата, і сама смерць, якая палохае іншых, мне толькі дадае адвагі. He лічыце мяне жабраком ці даведзеным да адчаю і не мяркуйце аб маіх якасцях па гэтых лахманах. Я стаяў на чале магутнай шайкі і пустошыў усю Македонію. Я — славуты рабаўнік, той самы Гем, чыё імя наводзіць страх на ўсе правінцыі. Я парастак бацькі Ферона, у сваю чаргу праслаўленага разбойніка, успоены чалавечай крывёй, выхаваны на ўлонні шайкі, нашчадак і сапернік бацькавай доблесці.
6. Аднак усё мноства маіх даўнейшых адважных сяброў і ўсё маё вялікае багацце было страчана мною за кароткі час. Здарылася так, што я зрабіў напад на імператарскага пракуратара, які атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэр-
цыяў, але пазней яго справы пахіснуліся, і ён апынуўся ў беднасці. Боскі гнеў скрыжаваў нашы шляхі... зрэшты, дзеля таго, што гэта гісторыя вам невядомая, пачму па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмі вядомы сваім высокім становішчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамі некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плаціна, жанчына рэдкай вернасці і выключнай цнатлівасці, нарадзіўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамі сталічнага жыцця і зненавідзеўшы раскошу, гэта паплечніца ў выгнанні і сяброўка ў няшчасці абстрыгла валасы, змяніла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якім былі зашытыя каштоўныя нашыйнікі і залатыя манеты, і пераносіла небяспекі і нязручнасці сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку і выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так і на сушы, набліжаліся яны да Закінфа, дзе бязлітасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.
7. Але, як толькі дабраліся яны да' актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македоніі, былі на здабычы, і з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкі, размясціліся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблізу свайго карабля, мы напалі на іх і ўсё забралі. Аднак нельга сказаць, што мы адплаціліся нязначнай рызыкай. Як толькі пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоі, клічучы сваіх слуг і вартаўнікоў, і сваім крыкам усіх напалохала так, што, каб яны не пахаваліся хто куды, мы не выйшлі б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлівасць, годная жанчына, якая сваімі выключнымі якасцямі заслужыла прыхільнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай і дабілася для свайго мужа хуткага вяртання і загаду на помсту за напад. I як толькі Цэзар пажадаў, каб перастала існаваць брацтва разбойніка Гема, адразу яго не стала — такую ўладу мае адзін узмах рукі імператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамі вексіларыяў, аказалася рассеянай і выбітай, і толькі я адзін, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.
8. Апрануўшы квяцістую жаночую сукню, якая ападала незлічонымі складкамі, накрыўшы галаву тонкай хусцінкай, абуўшыся ў белыя далікатныя жаночыя туфлі і схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, і праехаў праз самую сярэдзіну варожага атрада.
Жаўнеры палічылі мяне за паганятага аслоў і прапусцілі без ніякай затрымкі. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым і мае шчокі ззялі юнацкай свежасцю. Пры ўсім гэтым я не зганьбіў ні бацькавай славы, ні сваёй доблесці, хоць і давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.
I ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзіночку нападаў на двары і сёлы і змог назбіраць сабе грошыкаў на дарогу».
I, расхінуўшы свае лахманы, ён дастаў з іх дзве тысячы залатых. «Вось,— кажа,— ад усяго сэрца падарунак вашай кампаніі, ці, правільней кажучы, мая доля, і адначасова прапаную вам сябе самога, калі вы не супраць, у самыя верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмі кароткі час зраблю гэта ваша каменнае жытло залатым».
9. Без затрымкі і прамаруджвання разбойнікі аднагалосна выбралі яго сваім важаком і прынеслі яму даволі багатую прыгожую вопратку, якую ён апрануў, скінуўшы свае лахманы. Перамяніўшыся такім чынам, ён пацалаваўся з усімі і разлёгся на ганаровым месцы ля стала. Яго выбранне было адсвяткавана вячэрай са шчодрай выпіўкай.
Даведаўшыся з гутаркі разбойнікаў, якую яны вялі між сабой, пра спробу паланянкі ўцячы, і пра маё хаўрусніцтва, і аб прызначанай нам жахлівай смерці, ён запытаўся, дзе знаходзіцца дзяўчына. Калі яе прывялі і ён убачыў яе закаванай, то, зморшчыўшы незадаволена нос, гаворыць: «Вядома, я не такі нявыхаваны і самавольны, каб спыняць вас ад выканання вашага прысуду, аднак лічыў бы бессаромным, меўшы сваю думку, схаваць ад вас тое, што мне здаецца правільным. Перш за ўсё прашу мне верыць, што кіруе мною выключна ваша карысць, прытым, калі мая думка вам не спадабаецца, вы зноў можаце вярнуцца да свайго намеру. Я лічу, што для разбойнікаў, для тых, хто ясна разумее сваю справу, вышэй за ўсё павінен стаяць прыбытак, нават вышэй, чым жаданне помсты, здзяйсненне якой бывае звязана са стратамі. Калі вы загубіце гэту дзяўчыну ў гэтым асле, дык вы толькі заспакоіце сваё пачуццё абурэння без ніякай кампенсацыі. Таму я думаю, што яе трэба завезці ў які-небудзь горад і там прадаць. Дзяўчына ў яе гадах не можа пайсці па нізкай цане. У мяне самога, калі я яшчэ вадзіўся са зводнікамі, быў знаёмы, які, думаю, не мала даў бы талантаў за такую дзяўчыну з высокага роду, каб далучыць яе да рамяства распусніцы. Ад яго ўжо яна не ўцякла б, а ваша жаданне помсты было б у нейкай
ступені задаволеным, калі б яна трапіла ў публічны дом. Я вам выказваю тое, што мне прыйшло ў галаву, а вы ў сваіх намерах і ўчынках свабодныя».
10. Так гэты руплівец аб разбойніцкім прыбытку бараніў і нашу справу — ратаваў асла і дзяўчыну. Пасля доўгага абмеркавання, якое выматала мне ўсю душу, усе ахвотна далучыліся да думкі разбойніка-навічка і зараз жа вызвалілі дзяўчыну ад кайданоў.
А тая, убачыўшы гэтага юнака і пачуўшы гутарку пра распусніц і зводнікаў, пачала радасна смяяцца, што прымусіла мяне асудзіць увесь жаночы пол: гэта ж на маіх вачах разыгрывала дзяўчына каханне да маладога жаніха і імкненне да святыні чыстага шлюбу, і вось пры адным успаміне пра публічны дом яна прыходзіць у захапленне. Такім чынам, у той момант увесь жаночы род і ягоны нораў залежалі ад аслінага асуджэння.
А малады чалавек зноў гаворынь да разбойнікаў: «Чаму б нам не наладзіць малебства Марсу Паплечніку, каб ён дапамог нам і дзяўчыну прадаць, і набраць новых сяброў? Ды, як бачу, няма ў нас ніякай жывёліны, каб прынесці ахвяру, і столькі віна, каб можна было ўдосталь выпіць. Дайце мне з дзесятак спадарожнікаў, гэтулькі мне хопіць, і я пайду ў бліжэйшую сялібу і навалаку вам адтуль харчоў і віна на цэлы салійскі банкет».
I ён пайшоў, а тыя, што засталіся, расклалі вялікае вогнішча і нарыхтавалі з зялёнага дзёрну богу Марсу алтар.
11. Неўзабаве тыя, што пайшлі, вяртаюцца, несучы мяхі з віном і гонячы перад сабой цэлы статак жывёлы. Выбраўшы вялікага старога калматага казла, прыносяць яго на ахвяру Марсу Паплечніку і Спадарожніку і тут жа рыхтуюць багаты банкет.
А той новы кажа: «Вы павінны пераканацца, што атаман не толькі ў вылазках і захопе здабычы спрытны, але ўмее і павесяліцца». I, узяўшыся за работу, усё вельмі ўмела рыхтуе. Ён мяце, накрывае, варыць, смажыць каўбасу, прыгожа падае на стол, а галоўнае, усіх поіць вялікімі чаркамі віна. У той жа час, робячы выгляд, што яшчэ нешта трэба прынесці, штораз заходзіць да дзяўчыны і то дасць ёй узятую са стала ежу, то з вясёлым выглядам паднясе віна, памачыўшы перш у той жа чарцы губы. Дзяўчына ўсё гэта прымала з прагнасцю і, здаралася, калі той хацеў яе пацалаваць, сама хуткімі пацалункамі папярэджвала гэта жаданне.
Такія яе паводзіны мне зусім не спадабаліся. Ах, нявін-
ная дзяўчына, як магла ты забыцца пра свой шлюб і пра свайго жаданага жаніха? Як магла ты аддаць перавагу гэтаму прыблуду і крываваму забойцу перад такім, які толькі што стаў тваім мужам, прыгожым знатным невядомым мне юнаком? Няўжо не мучыць цябе сумленне і ахвота табе, забыўшыся пра пачууці, аддацца блуду сярод гэтых мячоў і пік? А што будзе, як іншыя разбойнікі пра гэта знюхаюць? Зноў тады да асла вернешся, зноў падвядзеш мяне пад смяртэльны ўдар! Праўду сказаць, ты адыгрываешся на чужой спіне...