• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    22.	Дапаўняючы гэту ману і іншымі выдумкамі, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзін са слухачоў выкрыкнуў: «А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносін, гэтага прынароднага самца ці, да-
    кладней кажучы, вельмі небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кішкі кінь нашым сабакам, мяса прыхавай работнікам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясі гаспадарам, без цяжкасці зваліўшы віну на ваўка».
    I вось тут жа няўрымслівы мой абвінаваўца і ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маім няшчасцем і не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.
    23.	Але тут адзін з вясковай кампаніі гаворыць: «Не выпадае дарма губіць такога вынослівага асла толькі за тое, што ён абвінавачваецца ў празмернай мужчынскай сіле і любоўнай нясталасці. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работніка, калі толькі варта вылегчаць яго, і ён не толькі не зможа распальвацца, а зробіцца гладзейшым і сыцейшым, і вам не трэба будзе баяцца ніякіх непрыемнасцяў. Даводзілася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але і дзікіх, вельмі гарачых жарабцоў, якія пасля лягчання рабіліся спакойнымі, рахманымі, здатнымі да перавозкі грузаў і да любой іншай працы. Дык калі вы не супраць маёй прапановы, тады трохі пачакайце, мне трэба схадзіць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы інструменты і зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўніку ляжкі, я вылегчаю яго, і ён зробіцца спакайнейшым за ягня».
    24.	Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў і пачаў аплакваць страту крайняй часткі свайго цела як поўную сваю пагібель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай ці скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такім спосабам я, вядома, загіну, але хоць не зазнаю абразлівага калецтва.
    Пакуль я так у думках выбіраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўранні звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нізкай галіны вялікага дуба, адышоўся трохі далей, каб насекчы сукоў, якія трэба было яму везці. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля і ўся вылезла вялікая мядзведзіха. Як толькі я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога відовішча страху, усім цяжарам цела асеў на заднія ногі, задраў высока галаву і, парваўшы рэмень, якім быў прывязаны, кінуўся з усіх ног на ўцёкі, пусціўшы ў ход не толькі капыты, але і ўсім целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полі, якое рассцілалася пад гарой, імчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькі ад
    страшнай мядзведзіхі, але і ад горшага за яе паганага падлетка.
    25.	А тут нейкі прахожы, убачыўшы, што я бягу адзін без нагляду, злавіў мяне і, спрытна ўскочыўшы мне на спіну, кіем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавіў кроку, аддаляючыся ад бязлітаснага нажа, які пагражаў мне пазбаўленнем мужчынскасці. А што датычыць удараў, дык яны не вельмі мяне, прызвычаенага ў аслінай службе да пабояў, трывожылі.
    Аднак Фартуна, якая настойліва мяне праследавала, надзіва хутка павярнула мне на шкоду магчымасць выратавання і пачала рыхтаваць новыя падкопы. У маіх пастухоў прапала цялушка, і яны ў пошуках яе, абыходзячы наваколле, выпадкова натрапілі на нас. Яны пазналі мяне і, схапіўшы за аброць, пачынаюць цягнуць у свой бок. Але мой новы гаспадар напорыста пярэчыць, заклікае багоў і людзей у сведкі: «Чаму хапаеце мяне? Чаго на мяне нападаеце?» «А мы з табой,— адказваюць яму,— так няветліва абыходзімся таму, што ты ўкраў нашага асла і зводзіш яго. Лепш скажы, куды ты падзеў хлапчука, яго паганятага. Можа, ты яго забіў?»
    Зараз жа сцягнулі яго на зямлю і пачалі акладваць кулакамі, таўхаць нагамі, а ён клянецца і божыцца, што ніякага паганятага не бачыў, а сустрэўшы мяне нестрыножанага і без нагляду, хацеў, спадзеючыся на ўзнагароду, вярнуць законнаму ўладальніку. «Ах, каб гэты асёл,— сказаў ён,— валодаў людской мовай! Лепш бы ніколі мне з ім не сустрэцца! Ён апраўдаў бы маю невінаватасць, і вам было б сорамна за такое абыходжанне са мной».
    Аднак усе яго апраўданні яму не памаглі. Незгаворлівыя пастухі накінулі яму на шыю пятлю і павялі ў той лес на гару, адкуль звычайна хлапец вазіў дровы.
    26.	Нідзе яго не ўбачылі, а толькі знайшлі параскіданыя кавалкі цела. Я разумеў, што гэта работа мядзведзіхі, і, клянуся Геркулесам, каб мог гаварыць, дык расказаў бы ўсё, што ведаў. Толькі адно мог я рабіць — моўчкі радавацца хоць і запозненай адплаце. Тым часам параскіданыя часткі трупа былі сабраны, састаўлены і тут жа пахаваныя. А майго Белерафонта, канакрадства якога не выклікала ніякіх сумненняў і якога, апроч таго, абвінавацілі ў крывавым забойстве, пастухі павялі звязанага да сваіх буданоў, каб назаўтра зранку завесці, як казалі, уладам на пакаранне.
    У тым часе, пакуль бацькі хлапчука бедавалі, плачучы і галосячы, з’яўляецца той селянін, верны свайму абяцанню,
    і патрабуе, каб была зроблена мне прысуджаная рапей аперацыя. Але нехта яму адказвае: «Не, сягоння напаткала нас бяда, і асёл тут ні пры чым. А вось заўтра, калі ласка, можаш адрэзаць гэтаму праклятаму аслу не толькі мужчынскія прылады, але і галаву. I памочнікі табе ў гэтай справе знойдуцца».
    27.	Гэтым было дасягнута тое, што маё акалечванне адклалі на другі дзень. I я быў удзячны добраму хлапчуку за тое, што ён сваёй смерцю адтэрмінаваў на адзін дзянёк маю пакуту. Але нават і такога кароткага часу, каб парадавацца і адпачыць, мне не далі. Маці падлетка, аплакваючы трагічную смерць свайго сына, абліваючыся горкімі слязьмі, апранутая ў жалобнае адзенне, раздзіраючы рукамі пасыпаныя попелам сівыя валасы, з галашэннем і крыкамі, б’ючы сябе ў грудзі, урываецца ў маё стойла і пачынае:
    «А гэты вось, зірніце на яго, у поўнай бяспецы ўпёрся ў яслі і толькі ведае, што набіваць сваё ненажэрнае бяздонне трыбуха, не спачувае майму ropy і пра свайго нябожчыка гаспадара нават і не ўспомніць. He, ён насміхаецца з маёй старасці і беднасці і думае, што дарма яму пройдзе гэта злачынства! Ён, відаць, не лічыць сябе вінаватым, злачынцам уласціва пасля самых цяжкіх учынкаў, нягледзячы на папрокі нячыстага сумлення, спадзявацца на беспакаранасць. Заклікаю багоў у сведкі, паганая ты жывёліна, што каб ты на нейкі час мог загаварыць, дык нікога не пераканаў бы, што ты тут ні пры чым. Які дурань паверыў бы табе, што ты ўдарамі капытоў ці кусаннем не мог адагнаць ад майго хлопчыка таго ворага? Ты павінен быў узяць яго на свой хрыбет і ўцячы з ім ад гэтага крыважэрнага разбойніка, ты не павінен быў, кінуўшы свайго таварыша, спадарожніка, пастыра, уцякаць, Ці ж ты не ведаеш, хто адмаўляецца дапамагчы таму, хто памірае, падлягае пакаранню за зганьбаванне добрых нораваў? Але не доўга будзеш ты, забойца, цешыцца з майго гора! Зараз я дам табе адчуць, якой сілай надзяляе прырода няшчасных пакутнікаў!..»
    28.	Сказаўшы гэта, яна распусціла пад грудзьмі сваю павязку і, звязаўшы ёю мае ногі, сцягнуўшы моцна заднюю з задняй і пяроднюю з пярэдняй, каб не даць мне абараняцца, схапіла кол, якім звычайна падпіралі дзверы хлява, і пачала дубасіць мяне, пакуль сілы яе не скончыліся і палка сама не вывалілася з яе рук. А тады, шкадуючы, што так хутка аслабелі яе пальцы, падбегла да вогнішча і, выхапіўшы галавешку з агню, пачала сунуць мне яе ў пахвіну. У мяне не было іншага спосабу абароны, як толькі пусціць ёй у твар
    і ў вочы струмень рэдкага калу. Ледзь не аслепленая, задыхаючыся ад смуроду, адстала нарэшце ад мяне гэта зараза, a то загінуў бы асліны Мелеагр ад галавешкі звар’яцелай Алфеі.
    КНІГА ВОСЬМАЯ
    1.	Досвіткам, з першымі пеўнямі, прыйшоў нейкі юнак з горада, як мне здалося, слуга Харыты, той дзяўчыны, якая разам са мной пакутавала ў разбойнікаў. Ён прынёс дзіўныя і жудасныя звесткі пра смерць Харыты і пра гора, якое напаткала яе сям’ю. Падсеўшы да агню, акружаны прысутнымі, ён казаў так:
    «Вы, конюхі, аўчары і валапасы! Няма ўжо ў нас Харыты. Страшнай смерцю загінула нябога і не без спадарожнікаў пайшла на той свет. Але, каб усё было вам ясна, пачну спачатку. А здарэнне гэта такое, што каб даведаліся пра яго людзі адукаваныя, якіх лёс надзяліў пісьменніцкімі здольнасцямі, дык яны маглі б напісаць пра гэта цэлую аповесць.
    У суседнім горадзе жыў малады чалавек высакароднага паходжання, багацце якога было роўнае яго славутасці, які, аднак, з’яўляўся прыхільнікам распусты, разбэшчанасці і п’янства. Таму не дзіва, што ён звязаўся з разбойніцкай шайкай і нават быў замешаны ў забойстве. Зваўся ён Тразіл. Як ён сябе паводзіў, такая ішла аб ім слава.
    2.	Як толькі Харыта даспела да замужжа, ён апынуўся ў ліку самых настойлівых шукальнікаў яе рукі і з вялікай настырнасцю дамагаўся сваёй мэты. Аднак, хоць ён далёка за сабой пакінуў сваіх сапернікаў і багатымі падарункамі стараўся схіліць бацькоў на згоду, благая слава шкодзіла яго справе, і ён, на вялікую сваю крыўду, атрымаў адмову. А калі гаспадарская дачка выйшла за добрага Тлепалема, Тразіл, не перастаючы падтрымоўваць у сабе страчанае для яго каханне, да якога дамяшалася пачуццё рэўнасці, задумаў крывавае злачынства. Знайшоўшы магчымасць пранікнуць у дом, ён распачаў здзяйсненне свайго даўно абдуманага плана. У той дзень, калі дзяўчына дзякуючы спрыту і адвазе свайго жаніха была вызвалена ад крыважэрных разбойнікаў, Тразіл, выказваннем радасці звяртаючы на сябе ўвагу, умяшаўся ў натоўп віншавальнікаў. Быццам вельмі рады шчасцю маладых і іхняму будучаму патомству, ён быў
    з увагі да яго знакамітага паходжання прыняты ў доме побач з самымі ганаровымі гасцямі. Тым часам, схаваўшы свой злачынны намер, ён рабіў выгляд, што напоўнены найлепшымі сяброўскімі пачуццямі. Бясконцымі гутаркамі і сустрэчамі, а таксама ўдзелам у застоллях і банкетах ён зблізіўся з сям’ёй і непрыкметна самому сабе штораз глыбей апускаўся ў бездань кахання. I праўда, ці ж полымя палкага кахання не саграе нас першым сваім цяплом, a пасля, калі знаёмства, прыносячы толькі часовае палягчэнне, раздзьмухае пачуцці, ці ж не спапяляе яно нас сваім жарам?
    3.	Шмат часу страціў Тразіл на свае думкі, не ведаючы, што рабіць яму далей. Магчымасці пагаварыць сам-насам не надаралася, усё меншай станавілася надзея на прыхільнасць жанчыны, і, маючы на сваім шляху шматлікую варту, не знаходзіў ён спосабу супакоіць сваё ўвесь час свежае і штораз мацнейшае пачуццё. Дый нявіннасць і недасведчанасць маладой жанчыны, калі б яна і згадзілася на тое, на што згадзіцца не магла, служылі б немалой перашкодай у парушэнні яе жаночай вернасці.