Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
21. Ад таго, як ён прасіў, ірвучы свае сівыя валасы, усіх ахапіў жаль. I адзін з пастухоў, адважнейшы, маладзейшы і мацнейшы целам, прытым адзіны, хто выйшаў непакалечаны з апошняй сутычкі, хутка падымаецца і, запытаўшы, дзе зваліўся хлопчык, без хістання ідзе за старым да густых кустоў, куды той паказаў яму пальцам.
Тым часам усе адпачылі, залячылі раны, накармілі нас і, сабраўшы рэчы, пачалі рыхтавацца ў дарогу. Спачатку доўга клікалі па імю таго юнака, нарэшце, занепакоіўшыся яго доўгай адсутнасцю, выправілі чалавека шукаць таварыша, напомніць яму, што пара ў дарогу, і прывесці з сабой.
Праз нейкі час вяртаецца пасланы, смяртэльна бледны, увесь дрыжыць і расказвае дзіўныя справы пра свайго сябра, быццам ён ляжыць дагары амаль увесь з’едзены, над ім сядзіць велічэзны дракон і абгрызае яго цела, а таго старога і след прапаў. Пачуўшы гэта і параўнаўшы расказ пасланага з тым, што казаў пастух, нашы важакі зразумелі, што дракон і з’яўляецца тым лютым жыхаром гэтай мясцовасці. Дык, пакінуўшы небяспечную ваколіцу, шпарка пускаюцца наўцёкі, падганяючы нас частымі ўдарамі кіёў.
22. Паспешліва прайшоўшы даволі значную адлегласць, спыніліся мы ў нейкай вёсцы, дзе і адпачывалі ўсю ноч. Там адбылося вартае ўспаміну здарэнне, пра якое я хачу расказаць.
Нейкі нявольнік, які з даручэння гаспадара кіраваў усёй яго гаспадаркай і, апроч таго, загадваў вялікім маёнткам, тым самым, дзе мы спыніліся, жыў тут і быў жанаты з нявольніцай з таго самага дому, але меў гарачую схільнасць да нейкай вольнай жанчыны ў суседстве. Яго жонка, пакрыўджаная здрадай, спаліла ўсе яго рахунковыя кнігі і ўсё, што захоўвалася ў свірне. Аднак, не адчуваючы сябе яшчэ цалкам задаволенай і палічыўшы, што такая страта
з’яўляецца недастатковай помстай за апаганенне яе шлюбнай пасцелі, звярнула гнеў супраць самой сябе. Усунуўшы галаву ў пятлю і прывязаўшы да сябе народжанае ад таго ж мужа дзіця, яна разам з ім кінулася ў глыбокую студню.
Гаспадар, даведаўшыся пра гэту смерць, вельмі разгневаўся на свайго нявольніка, які давёў жонку да такога ўчынку, загадаў схапіць яго, распрануць, вымазаць усяго мёдам і моцна прывязаць да фігавага дрэва. А ў дупле гэтага дрэва быў мурашнік, і мурашкі там, снуючы туды і сюды, аж кішэлі. Як толькі дайшоў да іх салодкі мядовы водар ад цела прывязанага чалавека, яны пачалі глыбока ўпівацца ў яго хоць дробнымі, але незлічснымі і няспыннымі ўкусамі. Доўга рвалі яны яго і, з’еўшы мяса і ўсе вантробы, начыста абгрызлі ўсяго. I застаўся прывязаны да дрэва толькі сляпучай белізны шкілет.
23. Пакінуўшы гэту агідную мясцовасць, дзе засталіся засумаваныя людзі, мы падаліся далей і, вандруючы цэлы дзень па раўніннай дарозе, вельмі стомленыя, дайшлі да нейкага шматлюднага славутага горада. Тут тыя пастухі, спакушаныя чуткамі аб багацці прадуктаў і спадзеючыся знайсці бяспечнае сховішча ад магчымых праследаванняў, вырашылі асталявацца назаўсёды. Далі сваёй уючнай жывёле тры дні адпачынку, каб мы аднавілі сілы, набылі лепшы выгляд і каб лягчэй было нас прадаць, а пасля вывелі на рынак. Калі вяшчальнік гучным голасам назваў цану кожнага з нас, коні і аслы былі раскуплены багатымі грамадзянамі, а каля мяне, які застаўся ў адзіноце, праходзілі з пагардай. Мне надакучыла абмацванне пакупнікамі, якія па зубах хацелі пазнаць мой узрост, дык калі адзін з іх пачаў ужо каторы раз пароцца смярдзючымі рукамі ў маіх дзяснах, я схапіў зубамі яго брудную смуродную руку і моцна скалечыў. Гэта здарэнне адштурхнула ад куплі людзей, якія мяне акружалі, бо яны палічылі мяне дзікай жывёлінай.
Тады вяшчальнік, надрываючы горла да хрыпаты, пачаў жартаўлівымі прымаўкамі ўслаўляць мае якасці: «Ці доўга яшчэ давядзецца нам выводзіць на продаж гэтага каня, старога, слабога, з разбітымі нагамі, пачварнага ад хвароб і ўсё ж, нягледзячы на яго тупасць і гультайства, наравістага, прыдатнага хіба што на рэшата для жвіру? Калі б яго камунебудзь аддаць задарма, дык шкада на яго кармоў!»
24. Такім лямантам выклікаў вяшчальнік у нрысутных рогат. Аднак мой бязлітасны лёс, ад якога я не мог уцячы, куды б ні кідаўся, гневу якога не мог аслабіць раней перанесенымі пакутамі, зноў скіраваў на мяне свае сляпыя вочы
і цудоўным спосабам прыслаў самага адпаведнага для маіх жорсткіх выпрабаванняў пакупніка. Толькі паслухайце: распусніка, старога лысага распусніка, упрыгожанага вісячымі кудзеркамі, аднаго з тых адкідаў натоўпу, якія, пастукваючы ў кастаньеты і сістры, жабруюць па гарадах і вёсках, возячы з сабой выяву Сірыйскай багіні. Загарэўшыся жаданнем мяне купіць, ён пытаецца, адкуль я родам. Той адказвае, што я з Кападакіі і даволі мацнаваты. Пакупнік далей цікавіцца маім узростам, а ацэншчык адказвае жартам: «Нейкі астролаг, складваючы ягоны гараскоп, лічыў яго п'яцігадовым, зрэшты, аб гэтым найлепш ведае ён сам па запісах, зробленых яго бацькамі ў спісе грамадзян. Хоць я рызыкую саграшыць супраць Карнеліевага закону, калі замест нявольніка прадам табе рымскага грамадзяніна, але ты купіш вернага слугу, які і ў дарозе і дома можа табе спатрэбіцца».
Але тут ненавісны пакупнік пачаў задаваць пытанне за пытаннем і нарэшце з трывогай пацікавіўся, ці спакойны я.
25. А вястун адказвае: «Авечка перад табой, а не асёл, усякую працу выконвае спакойна, не кусаецца, не брыкаецца, можна сказаць, проста сціплы чалавек у аслінай шкуры. Гэта і праверыць не цяжка. Усунь твар паміж яго кумпякоў і ўбачыш, якую пакажа ён рахманасць».
Гэтак кпіў вяшчальнік з распусніка, а той, зразумеўшы, што з яго насміхаюцца, абурыўся і выкрыкнуў:
«А цябе, падлу, няхай зробіць усемагутная ўсёнараджальніца Сірыйская багіня, святы Сабадзі, Белона, ідэйская маці і валадарка Венера са сваім Адонісам сляпым, глухім і дурнаватым крыкуном за тое, што столькі часу ты дурыш мне галаву сваімі бязглуздымі жартамі! Што ты думаеш, дурань, што я магу даверыць багіню непакорлівай уючнай жывёліне, каб яна раптоўным штуршком скінула боскае адлюстраванне, а я, няшчасны, буду змушаны бегаць з раскудлачанымі валасамі і шукаць лекара маёй знявечанай багіні?»
Пачуўшы гэта, я раптам уздумаў падскочыць па-вар’яцку, каб мяне палічылі непакорлівым і дзікім і каб торг не адбыўся. Аднак маю задуму папярэдзіў неспакойны пакупнік, які паспешліва заплаціў за мяне семнаццаць дынараў, а гаспадар рад быў ад мяне пазбавіцца і з прыемнасцю забраў грошы. Ён узяў мяне за вуздэчку, сплеценую з альфы, і перадаў повад Філебу — так зваўся мой новы ўладальнік.
26. А той, атрымаўшы новага слугу, павёў мяне да свайго жылля і, ледзь ступіўшы на парог, закрычаў: «Дзяўчаткі, вось я вам з рынку нявольніка прывёў!» А дзяўчаты тыя ака-
заліся гуртам распуснікаў, якія ўмомант загаманілі нястройным хорам ламаных, хрыплых і пісклівых галасоў, думаючы, што з’явіўся для іхніх паслуг сапраўдны нейкі раб. Убачыўшы, што не дзева падменена ланню, а мужчына аслом, яны наморшчылі насы і пачалі ўсяк кпіць са свайго настаўніка, кажучы, што ён купіў не раба, а сабе мужа.
«Глядзі толькі,— казалі,— не зжары адзін такога дзівоснага кураняці, дай і нам, сваім галубкам, часам ім пакарыстацца».
Г’этак пустасловячы між сабой, яны прывязалі мяне на дварэ да ясляў. Быў сярод іх нейкі юнак дзябёлага целаскладу, умелец ігры на флейце, куплены імі на рынку за ахвяраванні, якія яны збіралі. Калі яны насілі па ваколіцах статую багіні, ён хадзіў разам з імі, іграў на трубе, а дома служыў усім без разбору прадметам заспакаення ненармальнага юру.
Як толькі ён мяне ўбачыў, ахвотна і шчодра насыпаў мне корму і весела загаварыў: «Нарэшце ўсё ж з’явіўся намеснік у няшчаснай маёй працы! Жыві толькі чым найдаўжэй і дагадзі гаспадарам, каб адпачылі мае стомленыя бакі».
Пачуўшы гэта, я задумаўся аб тых, што чакалі мяне, пакутах.
27. На другі дзень, прыбраныя ў рознакаляровыя пярэстыя вопраткі, бязглузда размаляваўшы твары фарбай брудна-бурага колеру і па-майстэрску падвёўшы вочы, выступілі яны, прыхарашыўшыся жаночымі наміткамі і шафранавымі сукенкамі з палатна і шоўку. На некаторых з іх былі белыя тунікі, падперазаныя паясамі, размаляваныя ў вузкія пурпурныя палоскі на падабенства маленькіх коп’яў у палёце, на нагах былі жоўтыя туфлі.
Фігуру багіні, захутаную ў шаўковае пакрывала, яны ўзлажылі на мяне, а самі, агаліўшы рукі да плячэй, неслі вялікія мячы і сякеры і, узбуджаныя гукам флейты, з падскокамі выконвалі свой шалёны святы танец. Мінуўшы шмат хацін, яны спыніліся каля дома багатага гаспадара, і ў той жа момант паветра напоўнілася непрыстойным лямантам, а яны пачалі насіцца, апусціўшы галовы, хуткімі рухамі паварочваючы шыі, так што звіслыя валасы развяваліся, утвараючы кола. Некаторыя на бягу кусалі свае плсчы і нарэшце двухсечнымі нажамі, якія мелі пры сабе, пачалі паласаваць свае рукі. Асабліва стараўся адзін: з глыбіпі яго грудзей вырывалася парывістае дыханне, і ён выяўляў дзікую непрытомнасць, быццам на яго сышоў святы
дух, нібыта божая прысутнасць, замест удасканальваць чалавека, робіць яго хворым і нядужым.
28. Ды вось глядзі, якую ўзнагароду атрымаў ён ад нябеснага наканавання! Прыкідліва гучным голасам пачаў ён вінаваціць самога сябе ў тым, што быццам ён нейкім спосабам пераступіў святыя законы рэлігіі і пасля таго крычыць, што павінен атрымаць з уласных рук справядлівае пакаранне. Нарэшце хапае бізун, асаблівую зброю гэтых напалову мужчын, з воўны з доўгімі махрамі і з рознай велічыні авечымі костачкамі на канцах і пачынае сам сябе сцябаць, спыняючы незвычайнай сілай волі боль. Можна было бачыць, як ад парэзаў мячом і ад удараў бізуна зямля пакрылася нячыстай крывёю гэтых скапцоў.
Гэта відовішча абудзіла ўва мне немалую трывогу. Убачыўшы столькі крыві, выцеклай са шматлікіх ран, я падумаў, што можа здарыцца, што страўнік вандроўнай багіні зажадае аслінай крыві, як некаторыя людзі бываюць ласыя на аслінае малако.
Урэшце, ці то стаміўшыся, ці то здаволіўшыся лупцаваннем, спынілі яны кровапраліцце і пачалі збіраць і складваць за пазуху, дзе месца хапала, медныя, а нават сярэбраныя грошы, якія ім наперабой падавалі шматлікія ахвярадаўцы. Апроч таго, далі ім бочку віна, малака, сыру і розных гатункаў мукі, а некаторыя прынеслі і ячменю насільшчыку багіні. Усё гэта яны прагавіта пабралі і, пазапіхаўшы ў спецыяльна на гэта падрыхтаваныя мяхі, узвалілі мне на спіну. Такім чынам, выступаючы пад цяжарам двайной паклажы, я быў адначасова і святыняй і свірнам.