• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    16.	Аднаго дня данесліся да маіх вушэй такія словы гэтай плюгавенькай бабкі: «Ты сама памяркуй, гаспадынька, трапіўся табе з маёй рады сябра і гультаяваты, і палахлівы. Варта толькі твайму абрыдламу і ненавіснаму мужыку насупіць бровы, як у таго ўжо душа ў пятках. Ён толькі трывожыць гэтым тваю любоўную прагу. Наколькі ж лепшы Філезітар! Ён і малады, і прыгожы, і шчодры, і не ведае стомы. А як ён спрытна мужоў абалваньвае, скажу табе, што ўсе іхнія меры засцярогі дарэмныя! Клянуся Геркулесам, што ён адзін варты карыстацца прыхільнасцю ўсіх жанчын, адзіны варты залатога вянка, хоць бы за тую незвычайную штуку, якую ён падстроіў гэтымі днямі вельмі спрытна аднаму зайздроснаму мужу. Дык вось паслухай і параўнай, ці ўсе палюбоўнікі аднолькавыя.
    17.	Ты ж ведаеш, Барбара, дэкурыёна нашага горада, якога за зласлівасць і жорсткасць народ празваў Скарпіёнам? Ён сваю вельмі прыгожую, высакародную жонку так сцеражэ, што амаль не выпускае з дому...»
    Тут млынарыха перабівае яе: «А як жа, вельмі добра ве-
    даю. Ты маеш на ўвазе Арэту, мы з ёй разам вучыліся ў школе!» «Дык ты, напэўна, ведаеш і ўсю яе гісторыю?» — кажа старая. «Зусім не,— адказвае,— але вельмі жадаю ведаць і прашу цябе, маці, раскажы мне ўсё па парадку.» Нястомная пляткарка не прымусіла сябе доўга прасіць і пачынае так:
    «Надарылася гэтаму Барбару выправіцца ў дарогу, і ён захацеў як найлепш ахаваць ад небяспекі цнатлівасць сваёй жонкі. Кліча ён да сябе нявольніка Мірмекса, які вызначаўся надзвычайнай вернасцю, і яму аднаму даручае нагляд за гаспадыняй, прыгразіўшы турмой, аковамі, а нават і «raneeHaft смерцю», калі які-небудзь мужчына нават мімаходам дакранецца да яе хоць пальцам. Загад гэты ён падмацоўвае клятвай, успамінаючы ўсіх багоў. Пакінуўшы напалоханага Мірмекса за неадступнага павадыра гаспадыні, спакойна рушыць у дарогу. Неўгамонны Мірмекс, моцна запомніўшы настаўленні, не дазваляў зрабіць гаспадыні ні кроку. Ці сядзе яна за прасціну, ці зоймецца якой іншай хатняй работай, ён сядзіць пры ёй неадступна. А як ёй трэба было памыцца на ноч, толькі тады яна выходзіла з дому, а ён ідзе за ёй па пятах, быццам прыліп, трымаючыся рукой за край яе сукні. Гэтак старанна выконваў ён даручаны яму абавязак.
    18.	Аднак ад палкіх вачэй Філезітара не магла схавацца слынная прыгажосць гэтай жанчыны. Падбухтораны і распалены гутаркамі аб яе цнатлівасці і вельмі пільным наглядзе, ён вырашыў пусціць у ход усе сродкі, каб заваяваць гэты дом з яго непарушна строгімі парадкамі.
    Упэўнены ў нетрываласці людской вернасці і ведаючы, што грошы пракладваюць сабе дарогу праз усе перашкоды і што нават сталёвыя дзверы можна зламаць золатам, ён знайшоў спосаб сустрэцца з Мірмексам сам-насам, расказаў пра сваё каханне і прасіў уважыць яго пакуты. Ён казаў, што развітаецца з жыццём, калі не даб’ецца свайго ў самы кароткі тэрмін. А няволыііку няма чаго баяцца, вечарам, як сцямнее, ён падбярэцца ў дом і хутка выйдзе. Гэтыя свае ўпрошванні ён падмацоўвае абяцаннем немалога хабару. Прасцірае руку і паказвае новенькія бліскучыя залатоўкі, з якіх дваццаць былі прызначаны жанчыне, а дзесяць ахвяроўвалася яму.
    19.	Спачатку Мірмекс, напалоханы жудасным, нечуваным намерам, заткнуў вушы і пабег прэч. Але перад яго вачыма ўвесь час стаяў зіхатлівы бляск золата. I нават калі быў ужо далёка і хуткім крокам набліжаўся да дому, у яго
    вачах стаяла цудоўнае ззянне манет. Багатая здабыча, якой ён у сваіх думках ужо валодаў, прывяла ягоны розум у страшэнны разлад. Думкі яго разбегліся ў розныя бакі і разрывалі на часткі: там вернасць, тут нажыва, там пакуты, тут асалода. Урэшце золата перамагло страх смерці. Цяга да цудоўных манет не толькі не зменшылася з часам, а нават сны былі запоўненыя згубнай прагнасцю. I хоць гаспадаровы словы пагрозы не дазвалялі яму выходзіць з дому, золата клікала яго за дзверы. Перамогшы сваю сарамлівасць і адкінуўшы нерашучасць, ён знаёміць з прапановай гаспадыню. Тая ў сваёй жаночай легкадумнасці хутка згаджаецца прадаць цноту за ненавісны метал. Узрадаваны Мірмекс вырашае канчаткова загубіць сваю вернасць і марыць калі не атрымаць, то хоць дакрануцца да тых грошай, якія ён на сваё гора ўбачыў. 3 радасцю паведамляе ён Філезітару, што ягонымі вялікімі намаганнямі жаданне маладога чалавека можа быць здзейснена, і патрабуе плату неадкладна.
    I вось у яго руцэ, у якой ніколі не было нават медзякоў, залатыя манеты.
    20.	Як зусім сцямнела, павёў ён палымянага каханка з захутанай галавой у дом, а пасля і ў спальню гаспадыні.
    I толькі пачалі яны аддаваць пашану нованароджанаму каханню, толькі раздзетыя дагала змагальнікі распачалі сваю службу пад сцягам Венеры, як раптам, зусім неспадзявана, выкарыстаўшы начны змрок, з’яўляецца муж.I вось ён ужо стукае, крычыць, кідае каменне ў браму, а дзеля таго, што прамаруджванне пачынае здавацца яму падазроным, пагражае Мірмексу жорсткай расправай. А той, смяртэльна перапалоханы, не мог нічога іншага прыдумаць, як толькі тое, што старанна’ схаваў некуды ключ і цяпер упоцемку не можа знайсці.
    Тым часам Філезітар, пачуўшы гоман, накінуў паспешліва туніку і, забыўшыся з перапуду абуцца, босы выскачыў са спальні. Нарэшце Мірмекс устаўляе ключ у адтуліну, адчыняе браму і ўпускае раз’юшанага гаспадара. Той адразу кідаецца ў спальню, а ў гэты момант Мірмекс ціхенька выпускае Філезітара. Адчуўшы сябе пасля таго, як юнак пераступіў парог, беспячнейшым, ён замкнуў дзверы і зноў лёг спаць.
    21.	Ледзь толькі стала світаць, Барбар выходзіць са свайго пакоя і бачыць пад ложкам чужыя сандалі, тыя, у якіх прыходзіў Філезітар. Здагадваючыся, якім спосабам яны тут апынуліся, ён, нікому нічога не кажучы, узяў гэтыя
    сандалі і схаваў сабе за пазуху. А сваім нявольнікам загадаў звязаць Мірмекса і вывесці на гарадскую плошчу. Сам таксама падаўся туды, штохвіліны стрымліваючы выбухі злосці, якія вырываліся з ягоных грудзей. Ён быў упэўнены, што па гэтых сандалях зможа трапіць на след жончынага любоўніка.
    Ідуць яны па вуліцы — гнеўны, з перакошаным ад злосці тварам Барбар, а за ім звязаны Мірмекс, які хоць не быў злоўлены на яўнай здрадзе, аднак мучыўся дакорамі сумлення. Плача ён горкімі слязьмі і дарма стараецца ўлітасцівіць гаспадара.
    На шчасце, спатыкаюць яны Філезітара, які ішоў па сваіх справах. Усхваляваны, але не напалоханы нечаканым відовішчам, успомніў ён, якую зрабіў у паспешлівасці памылку, адразу зразумеў, якія могуць быць з гэтага вынікі, дык, не трацячь; адвагі, распіхаў нявольнікаў і з крыкам накідваецца на Мірмекса, б’е яго кулакамі па твары (але не вельмі балюча) і прыгаворвае: «Ах ты нягоднік, ах ты зладзюга! Няхай цябе твой гаспадар і ўсе нябесныя багі, якіх ты абражаеш ілжывымі клятвамі, загубяць цябе, падлюгу, подлай смерцю! Гэта ты ўчора ў лазні ўкраў мае сандалі! Клянуся Геркулесам, што ты заслужыў, каб на табе згнілі гэтыя вяроўкі і ты сам каб не бачыў у цямніцы свету!»
    Пры дапамозе гэтага спрытнага ашуканства маладога чалавека Барбар быў абмануты, уцешаны і да яго вярнуўся давер. Прыйшоўшы дамоў, ён паклікаў Мірмекса, аддаў яму сандалі і сказаў, што даруе яму, а ўкрадзеную рэч неабходна вярнуць уладальніку».
    22.	Старая яшчэ прадаўжала сваю балбатню, калі жанчына яе спыніла: «Шчаслівая тая, у якой такі моцны і бясстрашны сябра, а ў мяне такі, што ўсяго баіцца, нават калі жорны загудуць ці гэты асёл морду пакажа...» А баба адказвае на гэта: «Я дастаўлю табе, як па судовай позве, такога любоўніка, які будзе надзейным, адважным і нястомным». Пасля гэтага выходзіць з пакоя, паабяцаўшы, што пад вечар прыйдзе зноў.
    А жонка тым часам пачала рыхтаваць сапраўдную каралеўскую вячэру, працэджваць дарагія віны, прыпраўляць каўбасы свежымі падліўкамі. Нарэшце, сабраўшы багаты стол, пачала чакаць палюбоўніка, быццам якоганебудзь бога, балазе муж адлучыўся з дому на вячэру да суседа-сукнавала.
    Калі падышоў канец маёй працы і я быў вызвалены з лямкі, атрымаўшы магчымасць без клопату падмаца-
    вацца, клянуся Геркулесам, цешыўся я не столькі таму, што вызваляўся ад работы, колькі таму, што мог без павязкі назіраць за ўсімі выхадкамі гэтай паганай жанчыны. Сонца, апусціўшыся ў акіян, асвятляла ўжо іншыя часткі свету, калі з’явілася тая агідная старая разам з бесталковым палюбоўнікам, які не паспеў яшчэ выйсці з юнацкага ўзросту. Яго безбароды твар быў настолькі прыгожы, што ён сам мог бы спакусіць адпаведна настроеных каханкаў. Жанчына, спаткаўшы яго незлічонымі пацалункамі, адразу запрасіла да стала.
    23.	Але не паспеў юнак прыгубіць першай уступнай чаркі і паспытаць смак віна, як з’яўляецца муж, вярнуўшыся шмат раней, чым яго чакалі. Тут верная жонка, праклінаючы свайго мужыка і жадаючы яму, каб паламаў сабе ногі, хавае збялелага і дрыготкага ад страху палюбоўніка пад драўляны чан для ачысткі збожжа, які выпадкова там быў.
    Пасля таго хітра, не збянтэжыўшыся, са спакойным тварам пытаецца ў мужа, чаму ё.ч так рана вярнуўся з вячэры ў свайго вернага сябра. А той, не перастаючы горка ўздыхаць, адказвае:
    «Не мог я сцярпець грэшнага і нечуванага ўчынку гэтай прапашчай жанчыны і проста ўцёк! Добрыя багі! Гэтакая паважаная матрона, гэтакая верная, гэтакая сціплая і якім гнюсным сорамам сябе запляміла! Гэтакая жанчына!..
    He, клянуся вось гэтай багіняй Цэрэрай, што я нават і цяпер не веру сваім вачам!»
    Зацікаўленая здарэннем, якое так усхвалявала мужа, і жадаючы даведацца, што сталася, гэта нахабніца не адстала да той пары, пакуль не дабілася, што муж расказаў ёй усю гісторыю з самага пачатку.
    He ведаючы пра свае, ён пачаў расказваць пра чужыя беды:
    24.	«Жонка майго сябра сукнавала, жанчына, як здавалася дагэтуль, несумненнай цнатлівасці і агульнапрызнаная захавальніца хатняга парадку, раптам аддалася тайным зносінам з палюбоўнікам. Сакрэтныя сустрэчы адбываліся ў іх пастаянна, і нават у той час, калі мы пасля лазні прыйшлі на абед, яна практыкавалася ў каханні з гэтым маладым чалавекам. Устрывожаная нашым з’яўленнем, кіруючыся першай думкай, якая прыйшла ёй у галаву, яна садзіць свайго каханага пад высокую лазовую кашолку, абвешаную з усіх бакоў тканінай, якую адбельваў дым паленай серкі, закладзенай знізу. Палічыўшы, што юнак
    надзейна схаваны, яна сядае з намі вячэраць. А тым часам малады чалавек, нанюхаўшыся серкі, невыносны смурод якой акружыў яго хмарай, ужо не мог дыхаць і пад уздзеяннем гэтага едкага рэчыва пачынае раз за разам чхаць.