• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    Чытаючы раман, бачыш, як аўтар заўсёды рупіцца падкрэсліць у сваіх герояў добрае, годнае падтрымкі, ухвалы.
    Калі канчаецца варажнеча між Мітыленаю і Метымнаю, аўтар усцешна зазначыць, што мітыленцы, маючы на выбар вайну і мір, знайшлі зручнейшым для сябе мір.
    Ламан, убачыўшы падкінутае дзіця з дарагімі прыкметнымі знакамі, спярша думае забраць гэтыя знакі, а дзіця кінуць, але тут жа стрымлівае, глушыць у сабе пачуццё і сам дакарае сябе — а ў творы гэта ж заўсёды перад чытачом і яму навука! — асуджае сваю прагнасць, бо нават каза, якая бескарысліва корміць малога, зазначае ён, выглядае больш спагадліваю, чалавечнай, чым ён, чалавек.
    У старажытнасці і ў Грэцыі, і ў Рыме быў нярэдкі звычай выкідаць дзяцей. На людным месцы — ці гэта была вуліца, тэатр або капліца — раптам знаходзілі ў кашы ці вялікім гліняным гаршку, у якім звычайна прыносілі багам ахвярныя пачаткі новага ўраджаю,— немаўля. Розная доля чакала такога ці такую знайду.
    Былі і такія людзі, пра гэта радком згадваецца і ў творы, што радаваліся свайму мажліваму бацькоўству. Аднак нярэдка бралі на ўзгадаванне і з карысліваю мэтаю: каб зарабіць на прыёмышы, прадаўшы пасля ў рабства.
    I таму, што ў рамане адразу два падкідышы — Дафніс і Хлоя,— тут добра праглядваецца і такая добрая аўтарская думка, звернутая да свайго сучасніка: няма лішніх дзяцей, каб можна было кідаць іх, адракацца. Усё ў гэтым свеце праходзіць — бяда, няшчасце, нават беднасць. Бывае ў жыцці і такое: падупалы зноў багацее, як гэта засведчыць у творы сваёю доляю Мегакл. I дзіця, якое сталася лішнім ротам у маладыя гады бацькоў, зможа стаць такою патрэбнаю апораю ім у старасці.
    А сярод многіх дзяцей — аказацца ці не адзіным. Дафнісавы бацькі, меўшы чацвёра малых, былі ўпэўненыя, што апошняе дзіця не такое і патрэбнае, а кошт, каб падняць яго на ногі, ва ўсе часы дарагі, і немаўля адкінута. Але неспадзявана хвароба адначас забірае дваіх. I ў доме чуваць ужо толькі адзін галасок.
    Лёс непрадбачаны, і чалавек не можа замахвацца на жыццё другога, бо замахваецца тады на сябе...
    Лонг пазбягае падаваць у творы сцэны жорсткасці, якімі, бясспрэчна, было багатае тагачаснае грамадства. У змаляванай ідыліі, здаецца, і не вельмі адчуваецца рабства.
    Але варта вясковаму ліхадзею патаптаць кветкі ў панскім садзе, і мы ўбачым, што пагражае рабу-слузе, які не ўпільнаваў іх,— пятля, у лепшым разе — суровая лупцоўка. У рамане — падкрэслім — усё складваецца як найлепш: добры панскі сынок, да таго ж загоджаны багатымі падарункамі, ускладае віну за здратаваныя кветкі на сваіх коней, якія нібыта сарваліся з прывязі. Але як лёгка ён згаджаецца на распусную просьбу Гнатана падарыць яму Дафніса — таго толькі і ўратавала неспадзявана выкрытае паходжанне: ён з Астылам — браты!..
    Мы ведаем з гісторыі пра тыя няспынныя войны, якімі адзначаны канец антычнасці, пра тыя страшныя эпідэміі, якія касілі людзей. I зразумелая тая казка, у якой нібы ратаваўся Лонг, зразумелае тое замілаванне, з якім апісвае ў рамане аўтар сельскае жыццё, лагоднасць звычаяў, мяккасць характараў. Толькі яно, паводле Лонга, вартае ўхвалы. Усяго на нейкі час уварвуцца сюды гарадскія лотры, а колькі мітусні, непатрэбшчыны і нават зачэпку для ваеннае свары ўнясуць яны ў гэтае размеранае, справядлівае жыццё!
    У аўтары ўгадваецца туга гарадскога чалавека па мілых воку сельскіх мясцінах, дзе адпачывае душа ў прасторы палёў і пашаў, дзе ёсць месца рэху, дзе цешыць вуха бляянне авечак і мэканне коз, дзе празрыстае паветра, здаровая яда — даспелы вінаград, свежы далікатны сыр...
    Вечная кніга! 3 вечна жывою тугою па прыродзе, ад якой яшчэ і сёння адлучае чалавека горад, і з вечнаю мараю быць з ёю заадно — не часова, не выпадкова, не наездам... Нездарма і Дафніс і Хлоя ў канцы рамана, ужо адшукаўшы сваіх бацькоў, не застаюц-
    ца ў горадзе, а вяртаюцца ў вёску, каб жыць здаровым жыццём, праўдзіваю, а не прыдуманаю працаю і кахаць... Ці не гэтаму раману будзе пасля праз цэлыя тысячагоддзі адгукацца тугою гарадскіх пакаленняў еўрапейская літаратура, а чытач шукаць і ніколі ўжо не знаходзіць такога кахання?! Дафніс і Хлоя зробяцца імёнамі закаханых на ўсе часы.
    У творы бачыцца ўраўнаважанасць кампазіцыі, стройнасць разгортвання сюжэта: кожная з’ява ў жыцці аднаго героя мае сваю адпаведнасць у становішчы другога, і гэтыя раўналежныя пасля зліваюцца ў новым сінтэзе. Гэта вытрымана з самых першых старонак. Вось Ламан знаходзіць хлопчыка, якога карміла каза, і бярэ да сябе. Праз два гады Дрыяс гэтак жа знаходзіць дзяўчынку, якую карміла авечка, і бярэ сабе на ўтрыманне; пазней мы бачым, як, падросшы, гэтыя пастушкі разам пасуць чароды...
    Пэўна, як і большасць літаратараў напрыканцы антычнасці, Лонг быў вучоны — рытар ці граматык. У аўтара твора відаць майстэрскае валоданне прыёмамі антычнай рыторыкі. Твор разгортвае перад чытачом ці не ўсю тагачасную класіфікацыю апісанняў: малюнкаў, краявідаў, мясцін, садоў, пораў года, асоб. Тут сустракаеш прамовы самых розных відаў, у тым ліку і судовыя, дыялогі, маналогі, скаргі.
    Кожны эпізод у рамане добра абдуманы, узважаны. Дафніс, напрыклад, знойдзе на беразе мора каля мёртвага дэльфіна немалыя грошы, вынесеныя марскою хваляю і якія акурат патрэбныя яму, каб загадзіць Хлоінага бацьку. Для Дафніса гэты скарб — цуд. Для чытача зусім верагодны выпадак, добра абгрунтаваны ўсімі ранейшымі падзеямі яшчэ ў першай кнізе: напужаныя сабакамі козы ўцякаюць на бераг мора і, не знайшоўшы спажытку, аб’ядаюць лазу, якою гарадскія нядбайнікі наспех прывязваюць свой карабель з вялікім багаццем на ім, і яго пасля ветрам адносіць у мора...
    Выразна выступае ў творы паралелізм падачы матэрыялу, вытрыманая сіметрыя ў будове сказаў. Фраза звычайна распадаецца на тры асобныя сказы, так званы трыколан. Празаічная плынь часам нібы пераходзіць у верш, месцамі нават узнікае рыфмоўка.
    3 тонкім разуменнем чытацкага ўспрымання раздзельчыкі часта канчаюцца важнаю фразаю ддя эмацыянальнага замацавання ўсяе сцэнкі ці развагі «пад заслону»: сказ закончыўся, a тэкст усё яшчэ ў табе гучыць...
    Аўтар паказвае добрую дасведчанасць у грэцкай літаратуры. Пэўна, старажытныя папірусы і пергаменты, над якімі схіляўся ён, робячы каментарыі, пакідалі ў яго памяці незабыўны след. А можа, ён і спецыяльна выпісваў на васковыя таблічкі ўпадабаныя апісанні, сказы, выразы з гэтых пісьменнікаў (а знаўца антычнасці лёгка называе іх — Феакрыт, Сафо, Мосх, Біён, Алкіфран), і яны пасля клаліся трывалымі камянямі ў мур рамана.
    Лёс ашчадзіў выдатны твор антычнасці — ён у ліку шасці
    раманаў цалкам дайшоў да нас, захаваўшыся ў некалькіх спісках, што зберагаюцца ў бібліятэках Фларэнцыі і Рыма.
    Праўда, сярэднявечча пра яго забылася, твор як бы сышоў у няпамяць. Але эпоха Адраджэння нанова адшукала яго, хоць тэкст быў няпоўны, Раман у выдатным французскім перакладзе Жака Аміё атрымаў шырокі розгалас. Ім зачытваліся, у еўрапейскіх літаратурах узніклі многія пастаралі-наследаванні.
    У 1809 годзе ў Фларэнцыі ў бібліятэцы Св. Лаўрэнція афіцэр напалеонаўскай арміі Поль Луі Кур’е знайшоў поўны рукапіс «Дафніса і Хлоі» і ўзнавіў каля сямі старонак, якіх бракавала ў перакладзе Аміё (зараджэнне кахання Дафніса і Хлоі).
    Вялікі Гётэ, для якога Лонг быў адным з улюбёных антычных пісьменнікаў, яшчэ раз перачытаў раман і пакінуў красамоўнае сведчанне свайго ўзрушэння: «Увесь гэты твор сведчыць пра найвышэйшае мастацтва і культуру... Трэба напісаць цэлую кнігу, каб поўнасцю ацаніць па годнасці ўсе перавагі яго. Яго карысна чытаць штогод, каб вучыцца ў яго і кожны раз нанова адчуваць яго красу».
    Анат оль К лышкa
    ПАСТУШЫНАЯ ГІСТОРЫЯ ПРА ДАФНІСА I хлою
    
    УСТУП
    Ha Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаі, прысвечаным німфам, найпрыгажэйшае відовішча, якое калі-небудзь бачыў: маляўнічую выяву, гісторыю аднаго кахання. Прыгожы быў і сам гай — шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крыніца ўсё жывіла, і кветкі, і дрэвы; але прывабнейшы быў абраз — тут і адменнае майстэрства, і праўда кахання; так што і шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, ішло сюды, німфам маліліся, абразам дзівіліся. А на ім жанчыны — адны нараджаюць, другія — немаўлят у пялёнкі завінаюць; дзеці пакінутыя і авечкі ды козы, што кормяць іх, пастухі, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнікаў, уварванне захопнікаў. Шмат іншага, але ўсё пра каханне бачыў я і здзівіўся, і прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. I, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнігі ў ахвяру Эрасу, німфам і Пану, у дарунак усім людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкі абудзіць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.
    Бо ўвогуле ніхто ж ад кахання не ўцёк і не ўцячэ, пакуль ёсць краса і вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне іншых людзей апісаць.
    КНІГА ПЕРШАЯ
    1
    Горад на Лесбасе ёсць — Мітылена, вялікі, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, a востраў. Ад гэтага горада Мітылена прыблізна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзічына ў гарах, пшаніца ў палях, вінаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, і мора набягае на мяккі пясок разлеглага ўзбярэжжа.
    2
    У гэтым маёнтку казапас, на імя Ламан, пасвячы, знайшоў дзіця, якое карміла адна з яго коз. Быў там лес і гушчар з цярніны, якую абвіваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй і ляжала дзіця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знікаючы і пакідаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды і назад, шкада ж яму было пакінутага казлянятка; і аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назіркам і бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзіця, каб не пашкодзіць яго капытцамі, і як малое, нібы з матчынай цыцы, ссе струменістае малако. Поўны здзіўлення, ён, вядома, падыходзіць бліжэй і знаходзіць хлопчыка, моцнага і прыгожага, і пры ім рэчы, зараскошныя як на долю падкідыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпілька залатая і ножык з тронкам са слановай косці.
    Спярша ён намерыўся забраць толькі прыкметныя знакі, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою і то не зраўняўся ў спагадлівасці, і дачакаўшыся ночы, прыносіць усё да свае жонкі Мірталы — і прыкметныя знакі, і дзіця, і самую казу. Жонка здзівілася, што козы прыводзяць на свет і хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкінутага, як бачыў, што дзіця ссала казу, як сорамна стала кінуць яго на пэўную смерць. Яна з ім згадзілася, яны хаваюць усё, што ляжала пры ім пакінутае, а дзіця прызнаюць сваім і аддаюць казе карміць яго. I каб імя дзіцяці здавалася пастушыным, вырашылі назваць яго Дафнісам.