• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    26
    Калі ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкі, якая хацела яе злавіць, упала Хлоі на грудзі; ластаўка — за цыкадаю, і хоць не змагла яс злавіць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блізка, што кранулася сваім крыллем Хлоінай шчакі. He ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула і прахапілася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку і Дафніса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоілася і працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоі на грудзях, адазвалася, нібы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафніс засмяяўся. I, карыстаючыся
    нагодаю, прасунуў руку між грудзей і выняў добрую цыкаду, якая і ў яго руцэ не маўчала, Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, і пацалавала, і зноў пасадзіла стракатліўку сабе на грудзі.
    27
    Усцешыла іх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. I калі Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафніс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: «Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, і пасвіла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, і кароўкі радаваліся яе спевам, пасвячы іх, яна не мела патрэбы ні біць іх пастуховым кіем, ні пароць ражном; а садзілася пад хвойкаю, прыбіралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана і Пітыс, і каровы, зачараваныя спевам, не адыходзіліся ад яе. Адзін хлопец, што непадалёк пасвіў кароў і ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысіў свой голас, моцны, як у мужчыны, і мілы, як у дзіцяці, завабіў у свой статак восем яе найлепшых кароў і пагнаў іх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы і няўдачаю ў спевах, моліць багоў, каб далі ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багі слухаюцца і ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах і гэтак жа прыгожа спявае, як яна. I сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсці сваіх заблуканых кароў».
    28
    Такія ўцехі даравала ім лета. Але калі была восень у самым росквіце і саспеў вінаград, прысталі ў тыя мясціны тырыйскія піраты на лёгкім карыйскім судне (каб іх за варвараў не палічылі), высадзіліся, узброеныя мячамі і ў паўпанцырах, пачалі рабаваць усё, што траплялася пад рукі: духмянае віно, шмат збожжа, скрылі мёду; пагналі яны і некалькі кароў з Дорканавага статка. Схапілі яны і Дафніса, які блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнікі не сталі траціць больш намаганняў
    ні на коз, ні на іншае дабро ў ваколіцы, а пагналі яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы і моцна клікаў Хлою. Яны хутка адвязалі канат і, хапіўшы ў рукі вёслы, адплылі ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сірынгу ў падарунак Дафнісу. Але бачачы коз, якія ў бязладдзі разбегліся, і чуючы, як Дафніс мацней і мацней гукае яе, яна, не думаючы болып пра коз і авечак, кінула сірынгу і памчала бегма да Доркана прасіць дапамогі.
    29
    Але той ляжаў цяжка збіты разбойнікамі, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе іскру даўнейшага кахання і прамовіў: «Хлоя, я зараз памру; бязбожныя піраты, калі я змагаўся за сваіх валоў, мяне самога забілі, як вала. Але ты павінна ўратаваць для сябе Дафніса, папомсціцца за мяне, знішчыць іх. Я прывучыў сваіх кароў слухацца гукаў сірынгі і збягацца на яе поклік, нават калі б далёка яны дзе пасвіліся. Дык ідзі ж і, узяўшы гэтую сірынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалі навучыў Дафніса, а Дафніс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сірынга і мае каровы, што апынуліся там. Я дару табе гэтую сірынгу, з якою ў змаганні, хто лепшы, шмат валапасаў і аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, і аплач мяне, калі памру. А калі ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвіць гэтыя кароўкі, успомні пра мяне».
    30
    Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошні раз,і разам з гэтым пацалункам і гэтымі словамі адляцела яго душа.
    А Хлоя, узяўшы сірынгу і прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькі магла; і каровы чуюць песню, пазнаюць і, равучы, кідаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахіляецца на адзін бок, і пад цяжарам кароў марская бездань завірыла, карабель пераварочваецца і тоне, хвалі сышліся над ім. Тыя, што былі там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У піратаў на поясе былі мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногі аж да паловы прыкрывалі накаленнікі, а Дафніс, які толькі што пасвіў на лузе коз, быў босы і
    напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкі час піраты яшчэ плылі, але цяжкае ўзбраенне пацягнула іх у бездань; Дафніс жа сваё адзенне лёгка скінуў, але, плывучы, зазнаў мукі, бо раней плаваў толькі ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабіць; ён ірвануўся ў сярэдзіну кароў і, ухапіўшы аберуч дзвюх іх за рогі, рухаўся так без клопату і турбот, нібы кіруючы павозкаю.
    Гавяда ж плавае так, як ніводзін чалавек, толькі ўступае вадзяным птушкам і самім рыбам. Ніводная карова пры плаванні не гіне, хіба толькі рог у яе на капытах размокне і адваліцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду».
    31
    Такім чынам Дафніс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекі: і ад разбойнікаў адрабіўся, і ў моры не ўтапіўся. Выбраўшыся на сушу і знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася і плакала, кінуўся ёй на грудзі і спытаўся, чаму яна на сірынзе іграла; і яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, і як яго каровы навучаныя былі, як ён загадаў ёй зайграць, і што Доркан памёр, толькі, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавілі яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымі родзічамі пахавалі няшчаснага. Яны шмат зямлі нанасілі на яго магілу, абсадзілі яе многімі садовымі дрэвамі і павесілі ў гонар яго пачаткі свае працы; потым і малака ўзлілі, расціснулі вінаградных гронак, паламалі шмат сірынгаў. Чуваць было і жаласлівае рыканне кароў, і відаць было ім пры гэтым, як трывожна кідаліся яны туды і сюды, і, як разважылі аўчары і казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваім мёртвым валапасе.
    32
    Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафніса, да німфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба і купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбіраўшы кветак, якіх толькі можна было знайсці тою парою, прыбралі ў вянкі статуі, а Дорканаву сірынгу ў ахвяру прывесілі да скалы. Пасля гэтага яны пайшлі паглядзець сваіх коз і
    авечак. Але тыя ўсе ляжалі, ні травы не бралі, ні голасу не падавалі, а, як я думаю, яны, не бачачы Дафніса і Хлоі, па іх сумавалі. Калі ж жывёла зноў убачыла іх, пачула, як заўсёды, іх воклік і гукі сірынгі, авечкі падняліся і пачалі пасвіцца, а гарэзлівыя козы скакаць наўкол, нібы цешыліся ратунку свайго звыклага пастуха. Але ў душы ў Дафніса не было радасці, калі ён пабачыў Хлою голую, красу, дагэтуль прыкрытую,— адкрытаю. Сэрца яго балела, нібы яго нейкая атрута грызла, ён то парывіста дыхаў, нібы нехта за ім гнаўся, то задыхаўся, нібы занямогся ад гэтай пагоні. Яму купанне ў ручаіне здалося страшнейшым за нядаўняе ў моры. Думаў, што душа ў яго ўсё яшчэ астаецца ў разбойнікаў, бо быў малады, з вёскі і не ведаў яшчэ аб Эрасавым разбоі.
    КНІГА ДРУГАЯ
    1
    Восень была ўжо ў самай красе, надыходзіў збор вінаграду, і ў палях усё было ў рабоце; хто рыхтаваў націсі, хто чысціў бочкі, хто кашы плёў. Той рупіўся аб маленькіх сярпах, каб зразаць вінаградныя гронкі, а той — пра камень, каб выціскаць з гронак сок, а яшчэ інціы — пра сухія галінкі, ачышчаныя ад кары, каб уночы запаліць іх і пры святле несці дадому вінаграднае сусла.
    He зважаючы на сваіх коз і авечак, Дафніс і Хлоя памагалі пры рабоце. Ён прыносіў гронкі ў кашах і, ссыпаючы ў націсі, таптаў і разліваў віно ў бочкі, а яна гатавала ўсім яду, налівала ім піць леташняга віна, зрэзвала з невысокіх лоз гронкі. Бо на Лесбасе ўвесь вінаград невысокі, не цягнецца ўгару, не лезе на дрэва, лозы сцелюцца і паўзуць, як плюшч; нават дзіця, якое толькі што з пялёнак выбавіла рукі, магло б дацягнуцца да гронак.
    2
    Як водзіцца на свяце Дыяніса і нараджэння віна, жанчыны, што былі запрошаны з навакольных вёсак дапамагчы сабраць вінаград, кідалі вокам на Дафніса і хвалі <і яго,
    кажучы, што красою ён падобны да Дыяніса. А адна адважнейшая нават так пацалавала, што ён успыхнуў, і Хлою гэта засмуціла. Мужчыны, што рабілі пры націсях, кідалі Хлоі не адно жартоўнае слоўца, і скакалі, звар’яцеўшы, нібы сатыры перад вакханкаю, і запэўнівалі, што хацелі б зрабіцца авечкамі, абы толькі іх пасвіла такая пастушка; і на гэты раз яна радавалася, а ён сумаваў. I абаім хацелася, каб як мага хучэй скончыўся збор вінаграду і яны змаглі зноў вярнуцца ў свае звычайныя мясціны і замест буйных выкрыкаў пачуць сірынгу ды бляянне авечак. I калі праз некалькі дзён вінаград быў сабраны, і сусла было ў бочках, і не было патрэбы ў мностве рук, яны зноў пагналі ў поле свае чароды; поўныя радасці, яны пакланіліся німфам, прынёсшы ім у ахвяру гронкі на лозах,— з зажынак. Яны і раней ніколі не праходзілі безуважна паўз іх , а заўсёды, выганяючы на пашу, ушаноўвалі іх, і, з пашы вяртаючыся, пакланяліся ім, і заўсёды што-небудзь прыносілі: ці кветку, ці плод, ці зялёную галінку, ці вылівалі ў ахвяру малака. Затое пазней багіні адплочвалі ім; тады ж абое, як кажуць, нібы спушчаныя з прывязі сабачкі, скакалі, ігралі на сірынзе, спявалі, барукаліся з казламі, баранамі.
    3
    Калі яны так весяліліся, да іх падышоў стары, апрануты ў казліную шкуру, абуты ў хадакі, на ім вісела пастушыная торба, ды і тая старая. Ён прысеў да іх і так сказаў: «Я, дзеткі, стары Філет, шмат спяваў тут німфам, шмат разоў Пану там іграў на сірынзе і толькі ігрою пасвіў вялікі статак. А прыйшоў да вас, каб тое, што бачыў я, расказаць, тое, што чуў я, перадаць вам. Я садок сваімі рукамі заклаў, даглядаю і цяпер, калі ўжо з-за старасці перастаў пасвіць; што кожная пара года прыносіць, тое я і маю там: увесну ружы і лілеі, гіяцынты і фіялкі дваякага роду; улетку мак і дзікія грушы і яблыкі ўсялякіх гатункаў; цяпер вінаград і фігі, гранаты і зялёныя мірты. Уранку ў гэтым садку збіраюцца чароды птушак — адны яды пашукаць, другія — каб паспяваць; густы, цяністы ён, тры крыніцы яго арашаюць; калі б хто агароджу прыняў, то мог бы падумаць, што бачыць гай.