Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
чаго ўсё ўсчалося, і што сяляне і пастухі проста асадзілі нахрапістых дзецюкоў, то тады ў Метымне людзе раскаяліся, бо рашыліся выступіць супроць суседняга горада болып з асляплення, чым з розуму; а таму яны спяшаліся аддаць усё нарабаванае, каб спакойна зноў сустракацца і на зямлі, і на моры.
Гэтага пасланца Гіпас, хоць і быў выбраны паўнамоцным ваяводаю, паслаў да мітыленцаў, а сам за стадыяў дзесяць да Метымны стаў лагерам і чакаў загадаў са свайго горада. Мінула два дні, прыйшоў ганец з наказам прыняць назад нарабаванае і, не чынячы шкоды, вярнуцца дадому; маючы на выбар вайну і мір, яны прызналі больш карысным мір.
3
I вось вайна між метымнейцамі і мітыленцамі як неспадзявана пачалася, так і закончылася.
Надышла зіма, і была яна для Дафніса і Хлоі больш гаротлівая, чым вайна; бо раптоўна выпаў глыбокі снег, усе дарогі адцяў, а ўсіх сялян у хаты загнаў. Бурна спадалі з гор патокі і скоўваліся ў даліне лёдам; дрэвы, пацяжэўшы, паніклі; уся зямля схавалася пад снегам, выступаючы дзе-небудзь ля крыніц і рэчак. Ніхто не гнаў статка на пашу, ні сам не выходзіў за дзверы, а як запявалі пеўні, раскладалі вялікі агонь, і адны пачыналі прасці лён, другія — круціць казіную воўну, трэція — рабіць сілы на птушак. Тады ўжо была турбота быдлу ў яслі мякіны падкінуць, козам і авечкам у стойлы — галінак з лісцем, свінням у свінушнікі — жалудоў ды букавых арэшкаў.
4
Пры гэтым вымушаным сядзенні ў хаце ўсе іншыя земляробы і пастухі былі рады, што хоць на кароткі час ім не трэба нічога рабіць і яны могуцв спакойна паснедаць і доўга паспаць; так што зіма ім здавалася мілейшаю, чым лета і восень і нават чым вясна. А Хлоя і Дафніс, успамінаючы мінулыя ўцехі: як яны цалаваліся, як абдымаліся, як разам спажывалі сваю яду — сумавалі і не спалі начамі і чакалі вясновай пары як новага нараджэння пасля смерці. Іх сум агортваў, калі ім траплялася ў рукі
пастухова торба, з якой яны елі, або калі яны бачылі даёнку, з якой яны разам пілі, або нядбала кінутую сірынгу, якая была дарункам кахання.
Таму яны малілі німфаў і Пана збавіць іх ад гэтых пакут і нарэшце зноў паказаць ім і іх статкам сонца; молячыся, яны шукалі рады, як ім адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусім нічога не магла тут ні зрабіць, ні прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая маці, вучыла яе часаць воўну, круціць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафніс быў вольны і больш здатны на выдумкі, чым дзяўчына, таму і знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.
5
Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслі два вялікія мірты і плюшч. Мірты стаялі побач, а пасярод іх — плюшч, так што ён раскідваў, як вінаградная лаза, свае парасткі на абодва бакі і сваім пераплеценым лісцем нібы ўтвараў пячору; і шмат буйных ягад, як вінаградныя гронкі, звісала з галінак. Там збіралася шмат зімовага птаства, якому не ставала ў полі спажывы: шмат чорных і шэрых драздоў, туркавак, шпакоў і розных іншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збіраецца паляваць на гэтых птушак, і падаўся з хаты Дафніс, напоўніўшы сваю пастуховую торбу мядовымі коржыкамі, а каб больш далі веры, узяў з сабою птушыны клей, сілкі. Дарогі было ад сілы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў і шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда — ні агонь, ні вада, ні нават скіфскі снег.
6
Дабегшы пад Дрыясаву хату і абтросшы ногі ад снегу, ён расставіў сілкі і намазаў доўгія галінкі клеем: тады прысеў, чакаючы птушак і Хлою. Птушкі зляцеліся вялікімі чародамі, і шмат іх злавілася, так што нямала яму было работы, іх збіраючы, забіваючы і аскубаючы пер’е. Але з жылля ніхто не выходзіў, ні гаспадар, ні жонка, ні свойская птушка — усе аставаліся пры агні ўсярэдзіне замкнуўшыся; так што Дафніс зусім разгубіўся, быццам злавесныя птушкі яго сюды прывялі; і надумаўся ён прывесці якую прычапку, каб адчыніць дзверы, і пачаў перабі-
раць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося.«Я прыйшоў агню ўзяць».—«А хіба няма суседзяў за стадый ад цябе?» — «Я прыйшоў хлеба пазычыць».— «Але ж у цябе торба поўная яды». —«Мне трэба віна».— «Але толькі ўчора ці заўчора збіраў вінаград».— «За мною гнаўся воўк».— «А дзе ж воўчыя сляды?»— «Прыйшоў я птушак палавіць».— «Чаго ж дадому не ідзеш, калі нешта ўпаляваў».— «Я хачу Хлою ўбачыць».— «Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку і мацеры дзяўчыны?» Усюды непярэліўкі. Што ні сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзімку».
Так паразважаўшы, сабраў ён паціху сваю здабычу і хацеў ужо ісці; але злітаваўся над ім Эрас, і вось што адбылося.
7
Дрьіясава сям’я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, віно разбаўлена ў кратэры. Адзін з аўчароў, улучыўшы хвіліну, калі яго ніхто не бачыў, ухапіў кавалак мяса і ўцёк з ім праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапіў кія і сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за ім, ён апынуўся каля плюшча і ўбачыў Дафніса, які, узваліўшы сваю здабычу на плечы, якраз збіраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса і пра сабаку, стары голасна ўсклікнуў: «Здароў, сынок!», абняў, пацалаваў яго і, узяўшы за руку, павёў у хату.
Убачыўшы адно аднаго, Дафніс і Хлоя ледзь не асунуліся долу; але авалодалі сабою і ўтрымаліся на нагах, прывіталіся, пацалаваліся; і ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлі, каб не ўпасці.
8
Атрымаўшы насуперак спадзяванню і пацалунак, і спатканне з Хлояю, Дафніс падсеў бліжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак і драздоў і расказаў, як ён, калі яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне і як ён налавіў птушак — адных сілкамі, другіх клеем, калі яны ласаваліся ягадамі міртаў і плюшча.
Усе пахвалілі яго руплівасць і запрасілі адведаць з таго, што не паспеў ухапіць сабака. А Хлоі сказалі наліць віна. I яна радасна падала ўсім, а Дафнісу пасля ўсіх; яна ўдавала, што гневаеццд на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубіла, перш чым яму паднесці, і толькі ўжо тады падала. А ён, хоць яго і даймала смага, піў паволі, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.
9
Хутка стол апусцеў ад хлеба і мяса. Але яны аставаліся яшчэ сядзець, распіятваючы пра Мірталу і Ламана, называлі іх шчаслівымі, бо доля паслала ім такую падпору на старасць. I ён быў рад пахвалам, іх жа чула Хлоя; калі ж яго папрасілі астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесці ахвяру Дыянісу, ён з радасці ледзь не схіліўся ў паклоне перад імі замест Дыяніса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў і злоўленых птушак, якіх і прыгатавалі на вячэру. Другі раз паставілі кратэр з віном і другі раз агонь распалілі. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалі розныя паданні, спявалі песні, пакуль нарэшце не разышліся спаць — Хлоя са сваёю маці, Дрыяс з Дафнісам. Хлоя не мела іншае радасці, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафніса, а Дафніс радаваўся сціплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоіным бацькам; так што ён абдымаў таго і не раз цалаваў, мроячы ў дрымоцг, што робіць усё гэта з Хлояй.
10
Надышоў дзень — мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзяніў. Яны ўсталі, прынеслі ў ахвяру Дыянісу гадавалага барана, развялі вялікі агонь і падрыхтавалі яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафніс і Хлоя, улучыўшы вольную часіну, выбеглі з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставіўшы сілкі і намазаўшы галінкі птушыным клеем, налавілі нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў і радасная гаворка. «Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя».— «Ведаю, Дафніс».— «Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў».— «Што ж
я павінна зрабіць для цябе?» — «Помні пра мяне».— «Помню, клянуся німфамі, якімі некалі паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькі растане снег».— «Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану».— «Мацуйся, Дафніс, сонца ўжо грэе».— «О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што паліць мне сэрца»,— «Жартуеш, дурыш мяне».— «Не, клянуся тымі козамі, якімі ты мне загадала клясціся».
11
Калі Хлоя Дафнісу так адклікалася, як Эхб, Напэ з дамашнімі паклікала іх, і яны прыбеглі, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлілі яны Дыянісу першыя кроплі з кратэра і пачалі банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкі з плюшчу. А калі надышоў час і адгучалі іх усклікі «Іакх!» і «Эвоэ!», яны правялі Дафніса, папоўніўшы мясам і хлебам яго пастухову торбу. Далі і туркавак і драздоў аднесці Ламану і Міртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавіць, пакуль трывае зіма і не скончыліся ягады на плюшчы. I ён пайшоў, пацалаваўшы ўсіх іншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.
I ён не раз яшчэ хадзіў гэтаю дарогаю пад рознымі прычапкамі, так што не ўся зіма прамінула ддя іх без кахання.
12
А ўжо калі надышла вясна, сышоў снег, выступіла зямля, адскочыла трава, пастухі пагналі статкі на пашы, а раней за ўсіх Хлоя і Дафніс, бо служылі яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглі яны да німфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку і нарэшце да дуба, пад якім яны і ўселіся, статкі пасвілі і адно аднаго цалавалі. Пачалі яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамі статуі багоў; а тых толькі што выманілі з зямлі зефір, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлі фіялкі, нарцысы, кураслеп і ўсіх іншых узгадаванцаў вясны. Хлоя і Дафніс надаілі з-пад некалькіх коз і авечак свежага малака, зрабілі ўзліванне, пасля чаго ўпрыгожылі вянкамі статуі багоў. I на сірынзе яны пачалі зноў іграць, як бы хацелі з салаўямі
ў спевах паспрачацца; і тыя адклікаліся з гушчарніку і пакрысе ўдасканальвалі свае жальбы пра Ітыса, нібы прыпаміналі сваю песню пасля доўгага маўчання.
13
Тут і там бляялі авечкі, тут і там падскоквалі ягняты і, залазячы пад маткі, ссалі вымя; за някотнымі авечкамі ганяліся бараны і, уздымаючыся на заднія ногі, пакрывалі іх — адзін адну, другі другую. Гэтак жа ганяліся казлы за козамі, скакалі ў нясцерпе вакол іх і змагаліся за коз; кожны меў сваіх і ахоўваў іх, каб ніякі іншы крадком не ўжыў з яго права.
Нават старых такое відовішча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафніс і Хлоя — маладыя, поўныя здароўя і сіл, і ўжо доўгі час прагнулі кахання; палымнелі яны, чуючы ўсё гэта, знемагалі, бачачы ўсё гэта, і самі шукалі чагосьці большага, чым пацалункі ды абдымкі, а найбольш Дафніс. Бо, вядома, прасядзеўшы зіму ў хаце, нічога не робячы, ён узмужнеў, і рваўся да пацалункаў, і ўспыхваў ад абдымкаў, і ва ўсім зрабіўся больш гарачым і адважным.