Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
25. Калі муж пачуў чханне першы раз, а яно даносілася з боку жонкі, з-за яе плячэй, дык падумаў, што чхнула яна, і, паводле звычаю, кажа «Будзь здарова!» Аднак гэты гук паўтараецца, пасля разлягаецца штораз часцей. Гэты залішні катар робіцца гаспадару падазроным, і ён, каб не рабіць больш здагадак, адсоўвае стол, прыпадымае кашолку і знаходзіць там ужо ледзь жывога мужчыну. Поўны абурэння ад такой ганьбы, ён патрабуе меч, збіраючыся забіць гэтага, што паміраў, чалавека. Ледзь стрымаў я яго ад гэтага вар’яцкага парыву, пераконваючы, што вораг і так хутка памрэ ад серкі і не навядзе на яго адказнасці за сваю гвалтоўную смерць. Памякчэўшы не столькі ад маіх угавораў, колькі змушаны абставінамі, у якіх апынуўся, ён выносіць ледзь жывога палюбоўніка ў блізкі завулак. Тады я пачаў пераконваць яго жонку і нарэшце давёў, што на нейкі час яна павінна пакінуць дом і перасяліцца да якой-небудзь знаёмай жанчыны, каб там перачакаць, пакуль астыне гнеў мужа. Можна было спадзявацца, што ён, разгарачаны нястрымнай злосцю, задумае што-небудзь благое супраць яе і самога сябе. Пакінуўшы з агідай такую сяброўскую вячэру, я вярнуўся дамоў».
26. Слухаючы расказ млынара, яго жонка, якая даўно ўжо акунулася ў бессаромнасць і нахабства, пачынае бязлітасна лаяць сукнавалаву жонку, што і падатная яна, несумленная, ганьба для ўсяго жаночага полу. «Забыўшыся на сорам і абавязкі жонкі, яна запляміла дом свайго мужа славай публічнага дома! Страціць гонар законнай жонкі, каб атрымаць імя прадажнай жанчыны! Такіх трэба паліць жыўцом!» — дадала яна. I ўсё ж затоеныя пакуты нячыстага сумлення не давалі ёй спакою. Каб хутчэй вызваліць свайго спакусніка са схованкі, яна некалькі разоў намаўляла мужа пайсці спаць.
Але ён, паспешліва пакінуўшы дом суседа, адчуваў голад і ветліва сказаў ёй, што хацеў бы павячэраць. Жонка хутка падае на стол, хоць і не вельмі ахвотна, бо ежа была нарыхтаваная іншаму.
А мяне да глыбіні душы абурала нядаўняе злачынства і цяперашняе нахабнае'ашуканства гэтай нягоднай жанчыны, і я ламаў галаву, як выкрыць подласць і, перавяр-
нуўшы чан, выставіць на ўсеагульны агляд таго, хто, як чарапаха, пад ім хаваўся.
27. На гэтыя мае пакуты за крыўды гаспадара нарэшце нябёсы звярнулі ўвагу. Настаў час, калі кульгавы стары, якому даручылі даглядаць уючную жывёлу, павёў нас усіх табуном на вадапой. Гэта акалічнасць паспрыяла здзяйсненню маёй помсты.
Праходзячы каля чана, я заўважыў, што канцы пальцаў каханка высоўваюцца з-пад берага, відаць, не памясціўшыся ў сховішчы. Збочыўшы са сцежкі, я наступіў са злосці капытом на тыя пальцы і раструшчыў іх. Крыкнуўшы жаласліва ад невыноснага болю, ён скідае з сябе чан, адкрыўшы і паказаўшы такім чынам сябе і ўсю подласць бессаромнай жанчыны.
А млынар, не вельмі ўсхваляваны парушэннем шлюбнай вернасці, ветліва, з ясным і зычлівым тварам звяртаецца да смяртэльна спалатнелага юнака: «Не бойся, сынок, з майго боку нічога благога. Я не варвар і не такі чэрствы мужык, каб за прыкладам сукнавальшчыка знішчаць цябе смертаносным дымам серкі ці абрынаць на галаву такога прыгожанькага і мілага хлопчыка суровую кару за пралюбадзейства. He, я проста падзялюся табой з жонкай. Я ўжыву не форму падзелу маёмасці, а спосаб агульнага карыстання, каб без спрэчак і папрокаў мы ўсе трое змясціліся ў адной пасцелі. Ды я заўсёды жыў з жонкай у такой згодзе, што ў нас, як у людзей разважных, густы заўсёды супадалі. Але сама справядлівасць вымагае, каб у жонкі не было перад мужам перавагі».
28. 3 такімі жартаўлівымі словамі ён завёў хлопца да пасцелі, а той хоць і неахвотна, але ішоў за ім. Тады, замкнуўшы ў асобным пакоі сваю цнатлівую жонку, лёг з маладым чалавекам і выкарыстаў найбольш прыемны спосаб адплаты за свае парушаныя правы мужа.
А калі нябеснае свяціла прывяло з сабой світанне, млынар паклікаў двух дужэйшых работнікаў і, загадаўшы падняць юнака чым вышэй, адсцябаў яго розгай па ягадзіцах, прыгаворваючы:
«Сам яшчэ хлапчаня, далікатны ды маладзенькі, пазбаўляеш каханкаў цвету сваёй маладосці, парушаючы законы шлюбу і заўчасна стараючыся прысвоіць сабе званне пралюбадзея».
Паўшчуваўшы яго такімі ды іншымі вымовамі і дастаткова пакараўшы розгамі, выкідае яго за дзверы. I вось ён, прыклад бясстрашнага каханка, які нечакана выйшаў
цэлым з небяспекі, калі не лічыць беласнежных ягадзіц, якія перанеслі здзек і ўночы, і зрання. А млынар паведаміў жонцы аб разводзе і ў той жа дзень выгнаў яе з дому.
29. А яна, будучы нягодніцай ад прыроды, а да таго разгневаная, хоць і заслужанай крыўдай, ды тым большай, зноў бярэцца за даўнейшае і, звярнуўшыся да звычайных бабскіх падкопаў, з вялікімі цяжкасцямі знаходзіць нейкую старую ведзьму, пра якую казалі, што яна сваімі чарамі можа зрабіць што захочаш. Прыстаўшы да яе з бясконцымі просьбамі і засыпаючы падарункамі, просіць яна ў яе аднаго з двух: або каб муж, памякчэўшы, зноў з ёю памірыўся, або, калі гэта немагчыма, дык нашкодзіць яму, наслаць на яго смерць праз якога-небудзь пякельнага духа. Тады тая ведзьма, надзеленая чарадзейнай уладай, спачатку пускае ў ход першыя спробы свайго злачыннага ўмельства і з усіх сіл стараецца ўлагодзіць дух моцна абражанага мужа і скіраваць яго да кахання. А калі справа павярнулася не так, як яна чакала, абурылася на багоў не толькі за неатрыманне абяцанай узнагароды, але і ў адплату за праяўленую да сябе абыякавасць. Цяпер яна задумвае згубу няшчаснаму мужу і для гэтага насылае на яго цень нейкай памерлай гвалтоўнай смерцю жанчыны.
30. Аднак ты, прыдзірлівы чытач, можаш спыніць маё апавяданне і запытацца: «Адкуль жа ты, хітры вослік, не выходзячы за тэрыторыю млына, мог даведацца, што прыдумвалі злачынныя бабы?» Дык вось паслухай, якім спосабам і пад постаццю ўючнай жывёліны, застаючыся дапытлівым чалавекам, я даведаўся, што рыхтуецца на пагібель майму гаспадару млынару. Апоўдні з’явілася ў млыне нейкая жанчына. Была яна босая, жоўта-бледная, худая, прыкрытая нейкім лахманом. Твар яе быў амаль цалкам закрыты абвіслымі валасамі, сівымі, бруднымі ад попелу, якім яны былі абсыпаныя. Рысы яе твару былі знявечаны слядамі злачынстваў і незвычайнай тугой. З’явіўшыся ў такім выглядзе, яна ціхенька кладзе млынару на плячо руку, быццам хоча з ім пагаварыць, заводзіць яго ў спальню і, запёршы дзверы, застаецца там доўгі час.
А работнікі, змалоўшы зерне, якое было ў іх пад рукамі, пайшлі ў пакой да гаспадара і пачалі яго клікаць, каб выдаў яшчэ збожжа. Некалькі разоў гучна крычалі, але гаспадар не адгукаўся. Прадчуваючы нейкую бяду, яны пачалі стукаць у дзверы, а пасля націснулі на іх мацней і выламалі. Ніякай жанчыны там не аказалася, а на бэльцы вісеў ужо без духу з пятлёй на шыі іхні гаспадар.
Яны знялі яго, выняўшы з пятлі, і з плачам абмылі цела. А пасля, выканаўшы хаўтурныя абрады, у суправаджэнні вялікага натоўпу пахавалі.
31. На другі дзень паспешліва прыбывае з суседняга сяла, куды нядаўна выйшла замуж, яго дачка ўся ў жалобе, ірвучы на сабе распушчаныя валасы і б’ючы сябе кулакамі ў грудзі.
Яна ўсё ведала пра няшчасце ў бацькоўскім доме, хоць ніхто ёй пра гэта не паведамляў. У сне з’явіўся перад ёй цень бацькі з пятлёю на шыі і адкрыў усе зладзействы мачыхі. Расказаў і пра любадзейства, і пра злыя чары, і пра тое, як, загублены прывідам, закончыў жыццё.
Доўга яна плакала і лямантавала, пакуль жыхары дома не ўгаварылі яе супакоіцца. Выканаўшы на дзевяты дзень законныя абрады, яна прадала з малатка ўсё: нявольнікаў, хатнія рэчы, млын і ўючную жывёлу. Такім чынам, капрызная выпадковасць раскідала ўсю гаспадарку ў розныя бакі. Мяне купіў нейкі бедны агароднік за 50 нумаў. Паводле яго слоў, для яго была гэта вялікая сума, але ён спадзяваўся з маёй дапамогай здабываць сабе сродкі на пражытак.
32. Ход апавядання, я думаю, патрабуе паведаміць, якія былі мае новыя абавязкі. Кожнай раніцы гаспадар нагружаў мяне рознай гароднінай і гнаў у суседняе сяло, пасля, пакінуўшы свой тавар гандлярам, сядаў мне на спіну і вяртаўся ў свой агарод. Пакуль ён капаў ды паліваў грады і займаўся іншай працай, я адпачываў і цешыўся супакоем.
Але вось разам з правільным ходам свяцілаў, чаргаваннем дзён і месяцаў, год, выкрэсліваючы свой круг, пасля багатай віном, радаснай восепі пачаў хіліцца ў бок зімовага інею Казярога. Увесь час ішоў дождж, начамі росы, а я, стоячы ў стойле пад адкрытым небам, вельмі пакутаваў ад холаду, бо ў майго гаспадара з прычыны крайняй беднасці не было ні падсцілу, ні страхі. Жыў ён у будане, складзеным з галля. Апроч таго, раніцамі даводзілася мне мясіць голымі нагамі вельмі халодную гразь, наступаючы на калючыя кавалачкі лёду, ды і не мог я напаўняць свой страўнік звычайнай ежай. У мяне і ў майго гаспадара была адна і тая ж страва. Мы елі стары і нясмачны латук, які быў пакінуты на насенне і з-за свайго празмернага ўзросту зрабіўся падобным да веніка з горкім, брудным і гнілым сокам.
33. Аднойчы здарылася, што нейкі паважны чалавек з суседням мясцовасці, заблудзіўшыся ў час ліўню цёмнай бязмесячнай ноччу, звярнуў свайго стомленага каня на наш
двор. За тое, што быў гасцінна прыняты і атрымаў хоць не вельмі выгодны, але патрэбны адпачынак, ён захацеў аддзячыць ветліваму гаспадару і абяцаў даць яму збожжа, алею і нават дзве біклагі віна. Мой гаспадар бярэ мех і пусты пасуд і, сеўшы на мяне без сядла, пускаецца ў дарогу за шэсцьдзесят стадыяў. Праехаўшы гэту адлегласць, мы апынуліся ў маёнтку, дзе зараз жа гасцінны гаспадар запрашае майго гаспадара на шчодрае снеданне. Калі яны заняліся келіхамі, раптам здарыўся сапраўдны цуд: па дварэ бегала, адбіўшыся ад іншых, і кудахтала курыца, як звычайна перад тым, калі збіраецца знесці яйцо. Глянуўшы на яе, гаспадар кажа: «Верная ты служка і пладавітая! Ужо колькі часу ты штодзённымі родамі даеш нам харчы, Відаць, і цяпер рыхтуеш нам закуску». А пасля крычыць: «Гэй, малы, пастаў, як заўсёды, у куток кошык нясушцы!» Парабак выканаў загад, але курыца, пагрэбаваўшы звычайным гняздом, знесла ля ног гаспадара плод, які мог незвычайна напалохаць. Яна знесла не яйцо, як можна было гэтага чакаць, а кураня з пер’ем, кіпцюрамі, вачыма, якое ўжо ўмела пішчаць і адразу пабегла за сваёй маці.
34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзіва, якое ўсіх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якім былі яшчэ рэшткі снедання, расчынілася зямля, і з глыбіні зафантаніла кроў і ажно запырскала ўвесь стол.