Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
як я накінуўся на пакінутыя прысмакі, забыліся пра свае страты ад аслінага абжорства і пачалі сардэчна рагатаць. Клічуць аднаго, другога, сабралі цэлы натоўп сваіх таварышаў-нявольнікаў падзівіцца з пражэрлівасці бязглуздай уючнай жывёліны. Такі напаў на ўсіх рогат, што ён дайшоў да вушэй гаспадара, які паблізу праходзіў.
16. Зацікавіўшыся, з чаго смяецца чэлядзь, і даведаўшыся, у чым справа, ён таксама зазірнуў у тую шчыліну і, атрымаўшы немалое задавальненне, так доўга смяяўся, што аж забалела ягонае нутро. Пасля таго, адчыніўшы дзверы, ён увайшоў у пакой, каб паглядзець на мяне зблізку. А я, разумеючы, што лёс усміхаецца да мяне ласкавей, чым калі, бо вясёлая кампанія мяне падбадзёрвала, не збянтэжыўшыся, спакойна займаюся ядой далей. Гаспадар, развесяліўшыся такім небывалым відовішчам, не загадаў завесці мяне ў дом, а сам павёў мяне ў сваю сталовую і загадаў паставіць на стол усякай ежы. Хоць я ўжо добра пад’еў, аднак, жадаючы заслужыць ягоную ўвагу і прыхільнасць, накінуўся на пададзеныя прысмакі. Тады прысутныя пачынаюць прыдумваць, якія стравы будуць найменш адпаведныя аслінаму смаку, і, каб праверыць маю паслухмянасць і рахманасць, прапаноўваюць мне мяса з прыправамі, наперчаную птушку і далікатна прыгатаваную рыбу. Па ўсёй зале разлягаецца аглушальны рогат. Нарэшце нейкі жартаўнік крычыць: «Дайце ж нашаму сатрапезніку што-небудзь выпіць!» Гаспадар падтрымлівае яго: «А праўда! Можа, наш госць не адмовіцца асушыць келіх віна з мёдам!» А пасля дадае: «Гэй, малы, вымый добра гэты залаты келіх, напоўні яго мядовым віном і паднясі майму нахлебніку, ды перадай разам, што я ўжо выпіў за яго здароўе». Усе чакалі з нецярпеннем, што будзе далей. А я, зусім не спалохаўшыся, спакойна і нават гарэзліва падцягнуў ніжнюю губу, склаўшы яе на падабенства языка, і адным духам асушыў вялікую чарку. Тут узнімаецца крык, і ўсе ў адзін голас жадаюць мне здароўя.
17. Гаспадар быў вельмі задаволены, паклікаў нявольнікаў, якія мяне купілі, загадаў заплаціць ім учацвёра і перадаў мяне свайму любімаму вольнаадпушчанаму, чалавеку даволі багатаму, і загадаў яму клапаціцца пра мяне з вялікай стараннасцю. Той абыходзіўся са мной ласкава, карміў людской ежай і, каб яшчэ лепш дагадзіць патрону, вучыў мяне розным штукам, якія прыводзілі гаспадара ў захапленне. Найперш навучыў ляжаць за сталом, абапёршыся на локаць, пасля барукацца і нават, стаўшы на заднія
ногі, танцаваць. А што было найбольш дзіўным, дык гэта ўменне адказваць кіўкамі галавы на пытанні — у выпадку майго жадання нагінаючы галаву наперад і ў адваротным выпадку адкідаючы яе назад. Калі мне хацелася піць, дык я глядзеў на падчашага і падміргваў яму то адным, то другім вокам.
Зразумела, што навучыцца ўсяму гэтаму было мне зусім не цяжка, каб нават мне ніхто і не паказваў. Аднак я баяўся, што калі б без настаўніка пачаў засвойваць чалавечыя звычкі, дык большасць маіх учынкаў маглі б палічыць благім прадвесцем і, пасекшы мяне на кавалкі, як якое-небудзь страшыдла, выкінуць каршунам на спажыву.
Навокал пайшла пагалоска пра мае дзівосныя здольнасці, і гэта прынесла гонар і славу майму гаспадару. Пра яго казалі, што ён уладальнік такога асла, які з ім разам есць, які ўмее дужацца, танцаваць і разумее людскую мову, адказваючы на яе адпаведнымі знакамі.
18. Хоць цяпер трэба мне сказаць тое, што павінен быў зрабіць напачатку, хто быў мой гаспадар і адкуль родам. Зваўся ён Тыяз і паходзіў з Карынфа, сталіцы Ахайскай правінцыі. Згодна свайму паходжанню і высокаму становішчу ён пераходзіў ад пасады да пасады і нарэшце атрымаў на пяцігоддзе магістратуру. Каб годна прыняць такую важную пасаду, ён паабяцаў наладзіць трохдзённыя гладыятарскія змаганні і шырока паказаць сваю шчодрасць.
Клапоцячыся аб сваёй славе і папулярнасці, ён падаўся ў Фесалію закупіць найлепшых звяроў і знакамітых гладыятараў.
Выбраўшы ўсё на свой густ, накіраваўся ў зваротнае падарожжа. Аднак ён не захацеў карыстацца ні сваімі багатымі калясніцамі, ні прыгожымі адкрытымі і закрытымі павозкамі, што пустыя цягнуліся ў канцы абозу, не захацеў нават ехаць на фесалійскіх скакунах і на іншых сваіх верхавых конях, гальскіх жарабцах, патомства якіх цэніцца вельмі высока. Упрыгожыўшы мяне залатымі фалерамі, каляровым чапраком, пурпурнай папонай, сярэбранай вуздэчкай, вышытай падпругай і галасістымі званочкамі, сеў на мяне. Едучы, ён ласкава прыгаворваў, што найбольшую прыемнасць прыносіць яму тая акалічнасць, што я магу яго везці і дзяліць з ім застолле.
19. Калі, закончыўшы, часткова па сушы, часткова па моры, сваё падарожжа, мы прыбылі ў Карынф, дык натоўпы гараджан пачалі збірацца, як мне здалося, не столькі дзеля таго, каб ушанаваць Тыяза, колькі з жадання падзівіцца на мяне.
Дзеля таго, што аж сюды дайшла пагалоска пра мяне, я аказаўся для свайго наглядчыка крыніцай немалога даходу. Ён, як заўважыў, што шмат людзей вельмі хоча падзівіцца на мае штукі, запёр дзверы і пачаў упускаць іх па адным за грошы, заграбаючы штодня немалую суму.
Здарылася так, што ў натоўпе зацікаўленых была адна знакамітая матрона. Заплаціўшы, як і іншыя, за ўваход і налюбаваўшыся рознымі маімі штукарствамі, яна паступова перайшла ад здзіўлення да незвычайнай пажадлівасці і, не знаходзячы супакаення сваёй неразумнай немачы, горача пажадала маіх абдымкаў, як асліная Пасіфея. За значную ўзнагароду яна згаварылася з маім вартаўніком і атрымала дазвол правесці са мной адну ноч. Ён згадзіўся, думаючы не пра тое, якую прыемнасць можа яна ад мяне атрымаць, а пра сваю карысць.
20. Папалуднаваўшы, мы перайшлі з гаспадарскай сталовай у маё памяшканне, дзе засталі матрону, якая ўжо даўно мяне чакала. Добрыя багі! Якая ж цудоўная была зроблена падрыхтоўка! Тут жа чатыры еўнухі раскладваюць нам на ложа мноства пышна ўзбітых невялікіх падушачак з далікатнага пуху, старанна рассцілаюць залатое пакрывала, упрыгожанае пурпурам, а па ім раскідаюць іншыя падушачкі, маленькія, надзвычай мяккія і ў вялікай колькасці. Звычайна любяць іх жанчыны распешчаныя падкладваць сабе пад шчокі ці пад патыліцу.
Каб сваёй доўгай прысутнасцю не скарачаць хвілін панінай асалоды, яны хутка замыкаюць дзверы і адыходзяць. А ўнутры ясны свет бліскучых свечак разганяў для нас начны змрок.
21. Тады яна, скінуўшы ўсё адзенне, распусціўшы нават стужку, якая падтрымвала яе цудоўныя грудзі, становіцца бліжэй да святла і націраецца з алавянай скрыначкі духмянай памадай, а пасля намасціла й мяне па ўсіх месцах, нацёрла нават ноздры... Пасля гэтага моцна мяне пацалавала, не так, як звычайна ў публічным доме цалуе карыслівая дзеўка скупога госця, а ад чыстага сэрца, прыгаворваючы: «Люблю, хачу, адзін ты мне мілы, не магу без цябе жыць» і іншае, чым жанчыны выказваюць свае пачуцці і будзяць у партнёраў пажадлівасць. Затым, узяўшы мяне за вуздэчку, без цяжкасці прымушае легчы, як я быў ужо прывучаны. Я не думаў, што мне прыйдзецца рабіць нешта цяжкае і непрывычнае, тым больш пры сустрэчы пасля такога доўгага ўстрымання з такой прыгожай і палкай жанчынай. Да таго ж і цудоўнае віно, выпітае ў значнай
колькасці, ударыла мне ў галаву, і палымяная мазь пабуджала маю сладастраснасць.
22. Аднак на мяне напаў немалы страх пры думцы, якім спосабам я змагу з такімі вялікімі грубымі нагамі ўзабрацца на кволую матрону, як загарну ў абдымкі сваімі капытамі такое беласнежнае далікатнае цела, быццам з малака і з мёду створанае? Як тыя маленькія губкі, што ружавеюць духмянай расой, буду цалаваць велічэзным ротам з пачварнымі, як камяні, зубамі і, нарэшце, якім спосабам зможа жанчына, як бы ні распальвала яе пажадлівасць, прыняць такіх памераў дзетародны член? Бяда мне! Відаць, прыйдзецца мне за нанесенае высакароднай грамадзянцы калецтва быць аддадзенаму на расшматаванне дзікім звярам і такім чынам удзельнічаць у свяце майго гаспадара.
А тым часам яна зноў абсыпае мяне пацалункамі і ласкавымі імёнамі, далікатна шчабеча, зжыраючы мяне вачыма, і закончвае выкрыкам: «Трымаю цябе, трымаю, мой галубок, мой верабейка!» I з гэтымі словамі даказвае мне, што мае сумненні і мой страх былі зусім беспадстаўныя. Цесна прыціснуўшыся да мяне, яна прыняла мяне ўсяго без рэшты. I нават тады, калі, зберагаючы яе, я злёгку адсоўваўся, яна ў раз’юшаным парыве кожны раз сама да мяне прыціскалася і, абхапіўшы маю спіну, спляталася цясней...
Клянуся Геркулесам, што мне пачало здавацца, быццам у мяне нечага не хапае, каб поўнасцю заспакоіць яе палкасць, і я зразумеў, што нездарма сыходзілася маці Мінатаўра са сваім палюбоўнікам. Так усю ноч правялі мы без сну ў рабоце, а світаннем, пазбягаючы позірку зары, жанчына аддалілася, дагаварыўшыся за тую самую цану наконт наступнай ночы.
23. Мой выхавацель быў не супраць яе жадання працягваць гэтыя палкія любоўныя заняткі, часткова дзеля вялікага барышу, які яму даставаўся, а часткова, каб падрыхтаваць свайму гаспадару новае відовішча. I ён неадкладна адкрывае яму карціну нашага кахання. А той, шчодра ўзнагародзіўшы свайго вольнаадпушчаніка, прызначае мяне для публічнага прадстаўлення. Аднак з прычыны таго, што высакасвецкае становішча маёй партнёркі не дазваляла ёй прымаць удзел у такім відовішчы, а іншай нельга было ні за якія грошы знайсці, дык вышукалі нейкую мізэрную злачынку, асуджаную прыгаворам намесніка на спажыву звярам. Яна мусіла разам са мной з’явіцца ў тэатры на вачах усяго народа. Я даведаўся, у чым было яе злачынства.
Быў у яе муж, бацька якога, выпраўляючыся калісьці ў падарожжа і пакідаючы сваю жонку, маці гэтага маладога чалавека, цяжарнай, загадаў ёй, калі ў яе народзіцца дзіця жаночага полу, неадкладна яго знішчыць. Нарадзіўшы ў адсутнасць мужа дзяўчынку, яна, падуладная натуральнаму мацярынскаму пачуццю, не выканала мужавага загаду і аддала немаўля суседзям на выхаванне, а як муж вярнуўся, сказала, што дачка забітая. I вось дзяўчына становіцца дарослай, і настаў час аддаваць яе замуж. Тады маці, разумеючы, што муж, які нічога пра дачку не ведае, не можа даць ёй адпаведнага іх паходжанню пасагу, і адкрывае таямніцу сыну. Апроч таго, яна вельмі баялася, каб часам юрлівы сын не зрабіў памылкі і па прычыне ўзаемнага няведання не пачаў заляцацца да роднай сястры. Малады чалавек, як і належыць прыкладнаму сыну, свята захоўваў таямніцу маці і добрасумленна адносіўся да сястры. 3 годнасцю захаваўшы сямейную таямніцу, прыкідваючыся, што валодае ім звычайнае спачуванне, ён выконвае абавязкі кроўнай роднасці, прыняўшы пад апеку нібыта горкую суседскую сірату. У хуткім часе ён аддае яе замуж за свайго ліобімага сябра, надзяліўшы з уласных сродкаў багатым пасагам.