Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
За той, якую ваяўнічыя даспехі перастварылі ў Мінерву, ішла варта з двух юнакоў-збраяносцаў ваяўнічай багіні — Страх і Жудасць. Яны прытанцоўвалі, трымаючы ў руках аголеныя мячы. Ззаду за ёй ішоў фляйціст, які выконваў дарыйскую баявую мелодыю, і, чаргуючы нізкія гукі са свістам высокіх тонаў, наследаваў сваім іграннем трубу,
якая пабуджала да жывога танца. Патрасаючы нецярпліва галавой, яна выразнымі жэстамі, рэзкімі і хуткімі, паказала Парысу, што калі яе ён зробіць пераможцай у гэтым спаборніцтве прыгажунь, дык стане героем і знакамітым заваёўнікам.
32. А вось Венера, суправаджаная захопленымі крыкамі натоўпу, акружаная роем гарэзлівых малых, ветліва ўсміхаючыся, спынілася ў цудоўнай позе пасярод сцэны. Можна было падумаць, што гэтыя круглатварыя і малочнабелыя хлопчыкі сапраўды з’явіліся з неба або з мора. Сваімі крылцамі і стрэламі і наогул усім сваім выглядам яны вельмі напаміналі купідонаў. У іх руках ярка гарэлі факелы, быццам яны асвятлялі сваёй пані шлях на нейкі вясельны банкет. Тут жа збягаюцца чароды цудоўна-цнатлівых дзяўчатак, адгэтуль — самыя зграбныя Грацыі, адтуль Оры найпрыгажэйшыя кідаюць кветкі і гірлянды, сплятаюць сваёй багіні мілы карагод, ушаноўваючы паню асалод кучарамі вясны. А флейты з многімі адтулінамі квола гучаць лідыйскімі напевамі.
Соладка разварушыліся сэрцы гледачоў, а Венера непараўнальна прыцягальна пачынае памалу варушыцца, замаруджвае крок, злёгку паводзіць плячамі і, ледзь прыкметна пакалыхваючы галавой, пачынае ўторыць флейце зграбнымі жэстамі і паводзіць вачамі, то млява прыплюшчанымі, то страсна адкрытымі, так што часам адны толькі вочы прадаўжалі танец.
Апынуўшыся перад абліччам суддзі, рухам рук, напэўна, абяцала, што калі Парыс аддасць ёй першынство перад іншымі багінямі, дык атрымае за жонку цудоўную жанчыну, падобную да яе самой. Тады фрыгійскі юнак, нібы галасуючы за перамогу дзяўчыны, перадаў трыманы ў руках залаты яблык ёй.
33. Чаго вы дзівіцеся, бязмозгія галовы, не, жывёліны судзейскія, ды дзе там! — каршуны ў тогах, што цяпер усе суддзі гандлююць сваімі рашэннямі, калі на пачатку свету ў справе, што ўзнікла паміж людзьмі і багамі, была замяшана неаб’ектыўнасць? Суддзя, выбраны з парады вялікага Юпітэра, чалавек вясковы, пастух, паквапіўшыся на асалоды, прадаў, асудзіўшы разам з гэтым на загубу, увесь свой род. I пазней, клянуся Геркулесам, здаралася не інакш. Возьмем, напрыклад, знакамітае судзілішча праслаўленых ахайскіх камандзіраў. Хоць бы тады, як яны па ілжывых нагаворах абвінавацілі ў здрадзе наймудрэйшага і самага вучонага Паламеда або калі ў пытаннях ваеннай доблесці
аддалі перавагу не велічнаму Аяксу, а непрыкметнаму Улісу. А што можна сказаць пра тое славутае рашэнне, прынятае законалюбівымі афінянамі, людзьмі тонкімі, настаўнікамі ў кожнай галіне навук? Ці ж той стары боскай мудрасці, якога сам дэльфійскі бог абвясціў наймудрэйшым спаміж смяротных, па зласлівай абмове бессумленнай шайкі не пераносіў ганенняў за разбэшчанне моладзі, той маладзі, якую ён паўстрымоўваў ад усяго лішняга? Ці ж не быў ён загублены смяротным сокам атрутнай травы, пакінуўшы нязмыўную пляму на сваіх суайчынніках.
А вось жа цяпер самыя знакамітыя філосафы прынялі яго найсвяцейшую навуку і клянуцца яго імем у сваім імкненні да найвышзйшага шчасця? Але, каб хто-небудзь не папракнуў мяне за ўзрыў абурэння, падумаўшы, што вось мы павінны яшчэ выслухоўваць асла-філосафа, вяртаюся да таго месца, на якім мы спыніліся.
34. Пасля таго як закончыўся Парысаў суд, Юнона з Мінервай, засумаваныя і аднолькава загневаныя, сыходзяць са сцэны, выражаючы жэстамі абурэнне за тое, што іх адхілілі. А Венера ў радасці і весялосці выказвае свой трыумф танцам з усім карагодам.
Тут праз нейкую патаемную трубку з самай вяршыні гары вырываецца ў паветра струмень віна, змяшанага з шафранам, і, разліўшыся шырока, арашае пахучым дажджом коз, якія былі на пашы, і іхнюю белую ад прыроды воўну фарбуе ў залаціста-жоўтую, шмат прыгажэйшую. Калі ўвесь тэатр напоўніўся салодкім водарам, драўляная гара правалілася скрозь зямлю.
Ды вось нейкі салдат выбягае на вуліцу і накіроўваецца ў бок гарадской турмы, каб ад імя ўсяго народа запатрабаваць прывесці ў тэатр тую жанчыну, пра якую я ўжо гаварыў, асуджаную за мноства злачынстваў на з’ядзенне звярам і прызначаную да слаўнага са мной палавога акта. Пачалі ўжо старанна рыхтаваць нам шлюбнае ложа, расквечанае шаўковымі пакрываламі, бліскучымі індыйскімі чарапкамі, узнятае гурбамі пухавікоў. А мне было не толькі сорамна публічна выконваць акт, не толькі агідна дакранацца да гэтай злачыннай і распуснай жанчыны, але і мучыў мяне страх смерці. А што, думаў я, калі ў хвіліну нашых любоўных абдымкаў будзе выпушчаны які-небудзь звер, адзін з тых, якім на спажыву прызначана гэта злачынніца? Нельга разлічваць на тое, што звер будзе такі кемлівы ад прыроды, ці так умела вывучаны, ці адзначацца такой устрыманасцю, што жанчыну, якая ляжа са мной,
разарве, а мяне самога, як не асуджанага і не вінаватага, не зачэпіць.
35. Я пачаў ужо клапаціцца не столькі аб сваёй сарамлівасці, колькі аб выратаванні жыцця. Тым часам мой настаўнік акунуўся ў клопаты аб тым, каб належным чынам наладзіць ложа, а іншая чэлядзь або была занята падрыхтоўкай да палявання, або ўзіралася на займальнае відовішча. Мне былі пакінуты ўсе магчымасці здзейсніць свае планы. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што за такім рахманым аслом патрабуецца нагляд.
Тады я асцярожна прабіраюся да бліжэйшых дзвярэй і, выскачыўшы, пускаюся з усяе сілы наўцёк. I гэтак прамчаўшыся цэлых шэсць міль, дабягаю да Кянхрэя, які лічыцца нейлепшай карынфскай калоніяй і абмываецца Эгейскім і Сараніцкім морамі. Гавань яго з’яўляецца вельмі надзейным прыпынкам для караблёў, і там заўсёды поўна народу. Аднак я пазбягаю шматлюддзя і, выбраўшы адасобленае месца на беразе каля самай вады, распасціраю стомленае цела на ўлонні мяккага пяску і падмацоўваю свае сілы. Калясніца сонца ўжо апошні слуп на іпадроме дня абагнула, калі ў вечаровай цішыні ахапіў мяне дабратворны сон.
КНІГА АДЗІНАЦЦАТАЯ
1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна бліскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскіх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямніцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багіні прасціраецца асабліва далёка і яе воля кіруе ўсім нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяціла прыводзяць у рух не толькі свойскую жывёлу і дзікіх звяроў, а нават і неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлі, на небе і на моры згодна з яго ўзрастаннем павялічваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палічыўшы, што лёс ужо здаволіўся маімі такімі шматлікімі і цяжкімі бедамі і дае мне надзею на выратаванне, хоць і спозненае, я надумаўся звярнуцца з малітвай да царскага аблічча свяшчэннай багіні, якое стаяла перада мной.
Без прамаруджвання, скінуўшы з сябе лянівую млявасць, я бадзёра ўскокваю і з жаданнем тут жа падпасці пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю. галаву ў марскую
тонь дзеля таго, што гэты лік быў яшчэ боскім Піфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлігійных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багіні свой зрошаны слязамі твар, так гавару:
2. «Уладарыца нябёсаў, ці ты, Цэрэра, святая маці раслін, якая, нарадзіўшы зноў дачку, з радасці ліквідавала жалуды, дзікія вясковыя харчы, паказаўшы людзям далікатную прыемную ежу, і жывеш ты ў Элеўсінскай зямлі; ці ты, нябесная Венера, якая, нарадзіўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы і, памнажаючы вечнай плоднасцю людскі род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; ці ты, сястра Феба, што з літасцівай дапамогай прыходзіш у час родаў і, вырасціўшы столькі народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святыні; ці ты, Празерпіна, якая начнымі завываннямі наводзіш жах, што трайным сваім выглядам утаймоўваеш націск злых духаў, над падземнымі цямніцамі валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленні прымаючы. О Празерпіна, якая сваім жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкімі праменнямі пасевы ўскормліваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам праліваеш! Як бы ты ні звалася, якімі абрадамі і ў якім выглядзе ні належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзі на дапамогу ў бясконцых маіх няўдачах, прышлі мне супакой і адпачынак, падтрымай мой хісткі лёс, спыні бязлітасныя беды! Здымі з мяне вобраз дзікай чацвераногай жывёліны, вярні мяне вачам маіх блізкіх, вярні мяне майму Луцыю! А калі мяне праследуе з няўмольнай лютасцю які-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калі не дадзена жыць».
3. Выліўшы такім спосабам сваю душу ў малітве, з жаласлівым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, і маю стомленую душу ахоплівае сон. Але не паспеў я стуліць павек, як раптам з сярэдзіны мора памалу ўзнімаецца боскае аблічча, якое сваім выглядам выклікае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тоні, з’явілася перада мной і ўся прамяністая постаць. Пастараюся перадаць і вам гэту дзіўную з’яву, калі не стане мне на перашкодзе беднасць людскіх слоў ці калі само боства сашле мне багаты і шчодры дар магутнага красамоўства.
Перш за ўсё густыя доўгія валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна і мякка рассыпаліся на цудоўнай шыі. Самы верх галавы акружаў вянок з усякіх стракатых кветак, а пасярэдзіне над лобам круглая пласцінка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка ці мо верная
ад :нака багіні Луны. Злева і справа завяршалі круг звівістыя гмеі, што цягнуліся ўгору, а таксама каласы збожжа, якія ўзнімаліся над усім. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавілася залаціста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразіў мяне яе чорны плашч, які адліваў цёмным бляскам. Абвіўшыся навакол цела і пераходзячы на спіне з правага клуба на левае плячо, як рымскія тогі, ён павісаў тугімі складкамі, а краі яго былі абшыты махрамі.
4. Уздоўж аблямоўкі і па ўсёй паверхні плашча то тут, то там былі вышыты мігатлівыя зоркі, паміж якімі месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямі гэта дзіўнае покрыва, з усіх бакоў была вышыта суцэльная гірлянда з усіх, якія існуюць, кветак і пладоў. У руках у яе былі зусім не падобныя адзін на адзін падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькімі пруточкамі, і ўсе разам яны пры патрасанні выдавалі пранізлівы звон. А на левай руцэ вісела чара ў выглядзе лодачкі, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспід з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступні былі абутыя ў сандалі, зробленыя з пераможных пальмавых лістоў. Вось у гэтакім выглядзе, у такім уборы, дыхаючы водарам Шчаслівай Арабіі, удастоіла яна мяне сваім боскім прадраканнем: