• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    5.	«Вось перад табою, Луцый, узрушаная тваімі ўмольваннямі, я, маці прыроды, пані ўсіх стыхіяў, першапачатковае нараджэнне часу, найвышэйшая паміж бостваў, валадарніца душ памерлых, першая сярод нябесных жыхароў, адзінае адлюстраванне ўсіх багоў і багіняў, знаку якой падуладныя нябёс блакітнае скляпенне, гаючыя подыхі мора, плакучая бязмоўнасць апраметнай. Мяне, адзіную ўладарніцу, ушаноўвае пад шматлікімі вобразамі рознымі абрадамі, пад рознымі імёнамі ўвесь свет. Фрыгійцы, першынцы чалавецтва, называюць мяне Песінуцкай маці багоў, спрадвечныя жыхары Атыкі — Мінервай Кекраніцкай, кіпрыёты, абмываныя морам,— Пафійскай Венерай, крыцкія стральцы — Дыянай Дыктынскай, трохмоўныя сіцыльцы — Стыгійскай Празерпінай, элеўсінцы — Цэрэрай, старадаўняй багіняй, адны — Юнонай, іншыя — Белонай, тыя — Гекатай, гэтыя — Рамнузіяй, а эфіопы, якіх асвятляюць першыя промні сонца на ўсходзе, арыі і багатыя старажытнай вучонасцю егіпцяне ўшаноўваюць мяне так, як і трэба, называючы мяне маім сапраўдным імем — царскай Ізідай.
    Вось я перад табой, спачуваючы тваім бедам, вось я, добразычлівая і міласэрная. Пакінь плач і скаргі, гані прэч скруху, ужо па маім жаданні займаецца для цябе дзень збаўлення. Дык слухай уважліва ўсе мае наказы. Дзень, які народзіцца з гэтай ночы, здаўна прысвячаецца мне. Зімнія непагоды супакойваюцца, бурныя хвалі заціхаюць, мора робіцца даступным для плавання, і мае жрацы, спускаючы судна на ваду, прысвячаюць яго мне ў якасці першынца мараходства. Чакай гэтага абраду спакойна і набожна.
    6.	Ведай, што паводле майго навучання, якраз у час працэсіі ў жраца ў правай руцэ будзе вянок з руж. Дык не марудзь ні хвіліны, а, рассунуўшы натоўп, бадзёра далучайся да працэсіі, кіруючыся маімі дазволамі, і, падышоўшы зусім блізка, асцярожна, быццам ты хочаш пацалаваць жрацову руку, сарві ружы і скінь з сябе ў той жа момант гэту мярзотную і ўжо даўно мне ненавісную звярыную шкуру. Нічога не бойся, бо выпаўніць мае настаўленні цяжка не будзе. У гэту ж самую хвіліну, калі я з’яўлюся табе, я знаходжуся і ў іншым месцы, каля майго жраца, і папярэджваю яго ў сне аб тым, што здарыцца, і навучаю, як трэба дзейнічаць. Па маім загаду густы натоўп расступіцца і дасць табе дарогу, твая пачварная знешнасць нікога не збянтэжыць у час вясёлага шэсця і святочных відовішчаў, а тваё нечаканае ператварэнне не выкліча ніякага падазрэння і варожасці. Але запомні чым наймацней і назаўсёды захавай у сваім сэрцы, што рэшту свайго жыцця аж да апошняга ўздыху ты прысвяціш мне. Справядлівасць вымагае, каб той, чыё дабрадзейства верне цябе да людзей, належала ўсё тваё жыццё. Ты будзеш жыць шчасліва, ты будзеш жыць пад маёй апекай і калі, закончыўшы свой жыццёвы шлях, сыдзеш у краіну мёртвых, ды, як бачыш мяне сягоння тут, так і там, у тым падземным паўкрузе знойдзеш мяне, якая прасвятляе змрок Ахеронта, уладарніцай Стыгійскіх тайнікоў і сам, знаходзячыся на Элізейскіх палях, будзеш мне, міласэрнай да цябе, старанна пакланяцца. Калі ж прыкладнай паслухмянасцю, выкананнем абрадаў, непахіснай цнатлівасцю ты дагодзіш нашай боскай волі, дык ведай, што толькі я маю ўладу прадоўжыць тваё жыццё звыш вызначанага тэрміну».
    7.	Давёўшы да канца сваё поўнае зычлівасці прадказанне, непераможная багіня знікла. Разам са сном пакідае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступіў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутна-
    сцю багіні, я зноў апускаюся ў марскую ваду і, каб не забыць яе вялікіх наказаў, абнаўляю ў памяці па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.
    Неўзабаве знік туман цёмнай ночы, усходзіць залатое сонца, і вось ужо ўсе вуліцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як і ў час трыумфальнага шэсця. He гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што і ўсё навокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёліна, кожны дом і сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымі радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулі прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якія далікатнымі трэлямі ўслаўлялі маці зор і пораў года, валадарніцу ўсяго свету. Нават дрэвы, і пладаносныя, якія прыносяць багаты ўраджай, і бясплодныя, якія абмяжоўваюцца толькі тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру пабліскваюць свежымі лісточкамі, ціха калышуць галінкамі і выдаюць мяккі шэлест. Заціх шум навальніц, улягліся раз’юшаныя хвалі, мора спакойна набягае на бераг, разышліся цёмныя хмары і ззяе блакітам чыстае і яснае неба.
    8.	Вось з’яўляюцца першыя ўдзельнікі велічнай працэсіі, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ і выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалі і рагаціна ператварылі ў паляўнічага, іншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убранні, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымі ў косы валасамі плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом і мячом, быццам вось толькі прыйшоў з гладыятарскіх спаборніцтваў. Быў і такі, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскімі адзнакамі іграў ролю дзяржаўнага дзеяча, і такі, што строіў з сябе філосафа ў шырокім плашчы, у плеценых сандалях, з посахам і казлінай бародкай. Былі тут і птушкалоў, і рыбак, абодва з трысцінкамі, у аднаго з іх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамі на канцах. Тут жа неслі на насілках і свойскую мядзведзіху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку і ў фрыгійскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганімеда. Побач са старым дзедам ішоў асёл з прымацаванымі крыламі, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, і абодва выклікалі рогат.
    9.	У той час, як гэтыя забаўнь.ія маскі пераходзілі з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла і спецыяльнае шэсце багіні-збавіцелькі. Жанчыны, ззяючы беласнежнымі сукнямі, радуючы вочы рознакаляровымі ўборамі, упры-
    гожаныя вяснобымі вянкамі, усыпалі дарогу кветкамі, сыплючы іх з падалоў на шлях, па якім ішла свяшчэнная працэсія. У іншых былі прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркі, каб багіня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабяні са слановай косці, рухамі рук і згінаннем пальцаў рабілі выгляд, быццам расчэсваюць і прыбіраюць валасы ўладарніцы. Былі і такія, што акраплялі вуліцу дзіўным бальзамам і іншымі пахучасцямі.
    Адначасова вялікі натоўп людзей абодвух полаў з ліхтарамі, з факеламі, са свечкамі і з рознымі нарыхтаванымі свяцільнікамі ў руках услаўляў крыніцу ззяння нябесных зорак. Жалейкі і флейты гучалі прыемнымі мелодыямі, а за музыкамі ішоў чароўны хор з адборных юнакоў у зіхотка белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралі строфы цудоўнай песні, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велічнага гімна з малітвамі і ахвяраваннямі.
    Ішлі таксама і трубачы, і флейцісты — паклоннікі вялікага бога Сарапіса, якія на сваіх выгнутых трубах, што ўзнімаліся ўгору да правага вуха, выконвалі па некалькі разоў мелодыі, прынятыя ў святыні іхняга бога. А далей мітусілася мноства прыслужнікаў, якія крыкамі заклікалі ачысціць шлях святочнаму шэсцю.
    10.	Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямніцы — мужчыны і жанчыны ўсякага стану і ўзросту, апранутыя ў бліскучыя белыя ільняныя вопраткі. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымі накідкамі, у мужчын блішчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялікай рэлігіі патрасалі мядзянымі, сярэбранымі і нават залатымі бразготкамі, здабываючы з іх пранізлівы звон. На канцы ідуць вышэйшыя служыцелі таямяіц у белых ільняных вузкіх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмі. Яны нясуць адзнакі годнасці служыцеляў самых магутных багоў. Першы з іх трымаў лямпу, якая гарэла яркім святлом, але зусім не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулінай пасярэдзіне, праз якую выходзіў вельмі шырокі язык полымя.
    Другі быў апрануты так, як і першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, які называўся «памочнікам». Гэта імя даў ім хуткі на дапамогу дух вярхоўнай багіні.
    За імі ішоў трэці, несучы пальмавую галіну з тонка вырабленымі з золата лістамі, а таксама кадуцэй Меркурыя.
    Чацвёрты выяўляў сімвал справядлівасці ў выглядзе левай рукі з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая ні спрытам, ні хітрасцю, і таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлівасць. Ён нёс таксама залатую судзінку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якой паліваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымі галінкамі, а апошні нёс амфару.
    11.	Неўзабаве паказалася і працэсія багоў, якія ласкава карысталіся для перамяшчэння чалавечымі нагамі. Вось Анубіс, які наводзіць жах сваім велічным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым абліччам. Ён пасрэднік паміж нябесным і падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галінай. Следам за ім ідзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлівасць багіні-ўсёнараджальніцы. Несучы яе на плячах, адзін са свяшчэннаслужыцеляў лёгка і прыгожа крочыў пад святой ношай. Другі нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзілася непарушная таямніца вялікага вучэння. Трэці прыняў на сваё шчаслівае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. He было яно падобнае на свойскую жывёліну, ні на птушку, ні на дзікага звера, ні нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павінна было выклікаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклівасці. Зроблена яно было з ярка-бліскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзіўнымі егіпецкімі фігурамі. Над яе адтулінай узнімалася не вельмі высокае горла з доўгім, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцілася ў клубок гадзіна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамі.
    12.	I вось настае момант выканання абяцаньіх мне найлітасцівейшай багіняй дабрадзействаў, надыходзіць жрэц, які нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб’яўлена боскім абяцаннем, цудоўны сістр для багіні і вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькі пакут, перажыўшы гэтулькі пагроз, цяпер з дазволу вялікай багіні я ў барацьбе з бязлітасным лёсам выходзіў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кідаюся з усіх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з’яўленне чатырохногай жывёліны не парушыла ўзнёсласці свяшчэннадзейства, а ціха, памалу, пераймаючы чалавечы крок,