• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волі ўсякі цень неакрэсленасці знік, і я зразумеў, у чым справа, і адразу пасля ранішніх малітваў багіні пачаў уважліва назіраць за кожным жрацом, ці няма ў яго такой паходкі, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькі паходка, але на дадатак і стан, і знешнасць якраз супадалі з маёй начной з’явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азініем Марцэлам, і гэта імя не было чужым у маіх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзіць і падышоў да яго, а ён і сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку і даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямніцы. Перад гэтым яму прыснілася ўночы, што, калі ён ускладаў вянкі на статую вялікага бога, з яго вуснаў, якія прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмі бедны, над якім трэба неадкладна правесці свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волі і пасвячоны праславіцца сваімі подзвігамі, і пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.
    28.	Прызначаны такім чынам для боскага пасвячэння, я марудзіў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнія рэшткі маёй спадчыны разышліся на падарожжа, ды і сталічныя выдаткі значна перавышалі расходы тых дзён, калі я жыў у правінцыі. У сувязі з тым, што на маім шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялі, дык я апынуўся, паводле прыказкі, «паміж молатам і кавадлам». Усё часцей і часцей пабуджаны боствам, я траціў супакой, урэшце намовы перайшлі ў загады. Тады я, распрадаўшы даволі сціплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. «Няўжо ты,— было мне сказана,— пашкадаваў бы сваёй адзежы, калі б справа датычыла якіх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такіх цырымоній, ты не адважваешся застацца ў беднасці, у якой раскайвацца не будзеш?»
    I вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасці, ізноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы і на дадатак нават абгаліў галаву. Нарэшце настаўлены начнымі бяссоннямі, аддаўся я з усім даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлігіі. Яна не толькі служыла мне вялікім суцяшэннем у маім становішчы іншаземца, а нават здабыла мне даволі значныя сродкі для жыцця. На самай справе, кім, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкі заробак, які я атрымаў, ведучы справы на лацінскай мове?
    29.	I вось мінула ўсяго некалькі дзён, як нечакана, на вялікае маё здзіўленне, ізноў аклікнуўся голас з вышыняў, які загадваў мне паддацца пасвячэнню трэці раз. Занепакоены немалым коштам і моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хіліцца гэты новы і нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? «Тут,—■ думаў я,— і той і другі жрацы дапусцілі якую-небудзь памылку ці нечага недавыканалі». I, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў іхняй сумленнасці. Начное з’яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якія выглядалі, як разважанні вар’ята.
    «Няма чаго табе,— было мне сказана,— баяцца шматлікіх пасвячэнняў і думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай міласэрнасці да цябе і цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго іншыя бываюць удастоены толькі адзін раз. А ты з самой колькасці пасвячэнняў павінен набырь пэўнасць у сваім вечным шчасці. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклікана крайняй неабходнасцю. Успомні толькі, што адзенне багіні, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правінцыі, там і засталася ляжаць, і ў Рыме ты не зможаш удзельнічаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калі патрэбнае гэта адзенне, і не ўпрыгожыш сябе той шчаслівай рызай, калі атрымаеш такі загад. Дык з радаснай душой прыступай з волі вялікіх багоў да новага пасвячэння, і няхай будзе яно табе на дабро, шчасце і збаўленне».
    30.	А потым боская з’ява, мой вялікі настаўнік, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабіць. I адразу пасля гэтага, не адкладваючы і не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасці добраахвотна павялічыўшы дзесяцідзённы тэрмін посту, вызначаны вечным законам, і, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кіруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.
    I, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў і выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхільнасці багоў, выступленні ў судзе пачалі прыносіць мне значны даход. Нарэшце праз некалькі дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азірыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваім уласным боскім выглядзе ўшанаваў мяне сваім з’яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна
    працягваў свае слаўныя заняткі ў судзе, не баючыся плётак нядобразычліўцаў, якія выкліканы маёй стараннасцю і вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам іншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегію сваіх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцігадовых дэкурыёнаў.
    Зноў агаліўшы галаву, я ўступіў у гэту старадаўную калегію, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, і хаджу цяпер, нічым не засланяючы сваёй пляшывасці, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.
    КАМЕНТАРЫІ
    К Н I Г А ПЕРШАЯ
    Стар. 97. Мілецкія казкі.— Мілецкімі называліся зборнікі любоўных і авантурных навел, аб’яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты літаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборніка Арыстыда Мілецкага (канец II ст. да н. э.).
    Папірус, спісаны завостранай нільскай трысцінкай.— Востра адточаная трысцінка служыла старажытным за пяро.
    Гімет — невысокая гара паблізу Афін.
    Эфірэйскі перашыек — тое самае, што і Карынфскі перашыек. Эфіра — старадаўняя назва Карынфа.
    Танар, цяпер Матапан — мыс на Пелапанескім паўвостраве на поўдзень ад Спарты.
    Квірыды — паўнапраўныя рымскія грамадзяне.
    Плутарх — грэчаскі пісьменнік, філосаф-мараліст (канец I — пач. II ст. н. э.).
    Секст — філосаф II ст. н. э., настаўнік імператара Антаніна Пія.
    Стар. 98. Пярэсты порцік у Афінах упрыгожаны насценнымі малюнкамі знакамітага мастака V ст. да н. э. Палігнета.
    Змяя бога лекараў.— Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвітай вакол яго змяёй.
    Стар. 99. Эгіна — востраў у Сараніцкай затоцы паблізу Афін.
    Стар. 100. Ларыса — вялікі горад у Фесаліі.
    Стар. 102. Каля трэцяй варты...— Ноч дзялілася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблізна каля поўначы.
    Эндзіміён — паводле падання, укаханы багіні Лўны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.
    ...пакінутая Каліпса...— Адысей пакінуў німфу Каліпса на загаду багоў («Адысея», V).
    Стар. 105. Ламіі — казачныя злыя духі, якія ўночы жаруць целы маладых хлопцаў і п’юць іхнюю кроў.
    Фурыі — рымскія багіні праклёну, помсты і кары.
    Стар. 106. Этолія — вобласць у Сярэдняй Грэцыі на паўночны захад ад Атыкі.
    Стар. 108. Тэзея, ..лкі не пагрэбаваў гасціннасцю старой Гекалы.—■ Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькі Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветліва і гасцінна.
    К НІГА ДРУГАЯ
    Стар. 111. Актэон — паводле міфу, паляўнічы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багіняй у аленя і разарваны ўласнымі сабакамі.
    Стар. 113. Грацыі — багіні прыгожасці, весялосці, радасці.
    Кінамон — дрэва, з якога здабывалі пахучы алей з той самай назвай.
    Бальзамам называлі пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.
    Стар. 120. Лінцэй— герой шматлікіх грэцкіх міфаў, які мог бачыць скрозь зямлю.
    Аргус—казачны стовокі герой, якога раўнівая Гера прыставіла да ператворанай у карову Іо, каханкі Зеўса.
    Стар. 122. Аанійскі юнак — Пенфей, кароль горада Фівы ў Беоцыі. (Аанія — паэтычная назва Беоцыі).
    Сын піплейскай музы — легендарны фракійскі спявак Арфей. (Піпла або Пімпла — горад у Фракіі). Расшматаны жанчынамі за адмову прыняць удзел у вакхічнай оргіі.
    Стар. 123. Сістр — музычны інструмент.
    Лета і Стыкс — рака і возера ў краіне памерлых.
    Стар. 125. Герыён — казачны герой з трыма тулавамі і трыма галовамі. Геракл захапіў статак Герыёна і забіў яго самога ў баі.
    КНІГА ТРЭЦЯЯ
    Фалеры — металёвыя бляхі, якія ўпрыгожваюць конскую вупраж.
    Стар. 126. Архестра — паўкруглая роўная плошча ўсярэдзіне амфітэатра.
    Стар. 129. Орк — рымскі бог падземнага царства (у грэкаў — Плутон).
    Стар. 132. Маны — душы памерлых.
    Стар. 133. Аякс.— Міф пра Аякса, сына Тэламона, вялікага грэцкага героя, які ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калі пасля смерці Ахіла, камандзіра ахайцаў, аддалі яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды стра-
    ціў розум і ў шаленстве перабіў статак авечак, уяўляючы, што забівае сваіх крыўдзіцеляў.
    Стар. 134. Цэрбер — казачны трохгаловы сабака, вартаўнік падземнага царства. Геркулес, спусціўшыся ў краіну памерлых, звязаў Цэрбера і вынес яго наверх.
    Стар. 137. Эпона — багіня, патронка коней, аслоў і мулаў. Яе выявы ставіліся ў стайнях.
    КНІ Г А ЧАЦВЁРТАЯ
    Стар. 144. Платэя — невялікі горад у Беоцыі.
    Стар. 148. Саліі — танцоры, калегія жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалі таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькі дзён, яны з танцамі праходзілі па ўсім Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць і багацце якога сталі прымаўкай.
    Стар. 150. Аціс, поводле падання, аскапіў сябе на сваім вяселлі.
    Пратазілай — легендарны цар горад Філака ў Фесаліі, першы з грэкаў, якія загінулі пад Трояй; пакінуў маладую жонку, з якой прабыў толькі адзін дзень.
    Стар. 151. Пафас — горад на востраве Кіпр.
    Кнід — прыморскі горад у Малой Азіі.
    Кіфера — востраў каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанеса. У гэтых мясцовых знаходзіліся самыя слаўныя храмы Афрадыты.
    Стар. 152. Слаўны пастыр — Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благімі прыкметамі, і бацька загадаў кінуць немаўля на гары Ідзе, але яго падабраў пастух і выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афіны і Афрадыты аб тым, каторая з іх найпрыгажэйшая.
    Нерэіды — марскія німфы, дочкі марскога цара Нерэя.
    Партун — рымскі бог портаў і прыстаняў.
    Салацыя — багіня бурнага мора.
    Фурман дэльфінаў Палемон.— Міф расказвае, што цар Атамант, якога багіня Гера пазбавіла розуму, хацеў забіць сваю жонку Іно, але яна разам з сынам Мелікертам кінулая ў мора. Абое ўшаноўваліся як марскія багі-выратавальнікі, Мелікерт — пад імем Палемона. Фурманам дэльфінаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфінам.