Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якія людзі вялі паміж сабой. Аднак у якіх выразах нападаў абвінаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвінавачаны і, наогул, якія былі спрэчкі бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запісваю толькі тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусія юрыстаў, было вырашана, што справядлівасць абзінавачання павінна быць пацверджана цвёрдымі доказамі і што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклікаць таго нявольніка, які адзін толькі напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга ані не быў збянтэжаны ні сумненнямі ў ходзе гэтай справы, ні відам сената ў поўным зборы, ні нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесці свае выдумкі, нібы чыстую праўду.
Ён казаў, што яго паклікаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхі, і, каб адпомсціць за абразу, даручыў яму забіць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплаціць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакінуў
пасудзіну як рэчавы доказ, і пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзіва падобнае на праўду, і пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.
8. He было між дэкурыёнаў ні аднаго, хто б застаўся прыхільным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана і прыгавор можа быць толькі адзін: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусціь у урну свае аднолькавыя рашэнні, бо кожны напісаў тое самае. А калі галасы сабраныя — лёс падсуднага вырашаны, нічога змяніць нельга, і ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукі ката.
I раптам адзін са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлівасці, які карыстаўся вялікім уплывам, закрыў рукой адтуліну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважліва свайго прысуду, і звярнуўся да сената з такой прамовай:
«Я ганаруся, што за ўсё сваё жыццё здабыў ваша прызнанне, і не магу дапусціць, каб, асудзіўшы абылганага падсуднага, мы здзейснілі яўнае забойства і каб вы, звязаныя прысягай судзіць справядліва, будучы ўведзенымі ў зман ілжывым рабом, зрабіліся клятвапарушальнікамі. I я сам, вынесшы заведама несправядлівы прысуд, патаптаў бы сваю пашану да багоў і саграшыў бы супраць свайго сумлення. Дык даведайцеся ж ад мяне, як усё адбылося.
9. He вельмі даўно гэты нягоднік прыйшоў да мяне, каб купіць моцнай атруты, і прапанаваў мне ў плату сто наважкіх залатых. Ён мне тлумачыў, што яд патрэбен для нейкага хворага, які знемагае ад цяжкой невылечнай хваробы і хоча пазбавіцца ад пакутлівага існавання. Балбатня гэтага падлюгі і яго няскладныя тлумачэнні выклікалі ў мяне падазрэнне, дык, зразумеўшы, што рыхтуецца нейкае злачынства, атруту я даў, але ў прадбачанні ў будучым магчымасці допыту прапанаваную плату ўзяў не адразу, а сказаў яму: «Каб паміж тых залатнікоў, якія ты мне даеш, не аказалася фальшывых, ты пакладзі іх у гэту торбачку і запячатай сваім пярсцёнкам, а заўтра мы іх у якога-небудзь мянялы праверым». Ён згадзіўся і запячатаў грошы. Як толькі прывялі яго ў суд, я адразу выправіў аднаго свайго слугу конна дахаты па тыя грошы. Цяпер іх прынеслі, і я магу вам іх паказаць. Скажыце, як можна абвінавачваць брата ў гатаванні атруты, якую купляў гэты подлы раб?»
10. Тут на гэтага нягодніка нападае немалы страх, натуральны колер твару зменьваецца смяротнай бледнасцю,
па ўсім целе выступае халодны пот. А ён то няўпэўнена пераступае з нагі на нагу, то чэша лоб, то патыліцу, мармыча праз зубы нейкія незразумелыя словы...
Цяпер ужо ні ў кога не заставалася сумнення, што ён замяшаны ў злачынстве.
Аднак хутка загаварыла ў ім хітрасць, і ён напорыста пачаў ад усяго адмаўляцца і даказваць, што сведчанні лекара ілжывыя. А той, убачыўшы, як нішчыцца годнасць правасуддзя і ўсенародна пляміцца ягоны гонар, з падвоенай энергіяй пачаў абвяргаць нягодніка, пакуль па загаду начальства службовыя асобы не агледзелі рук подлага раба, не адабралі ў яго жалезнага пярсцёнка і не зверылі яго з пячаткай на торбачцы. Гэта параўнанне ўмацавала папярэдняе падазрэнне. He пазбегнуў ён ні кола, ні дыбы, аднак з небывалай цярплівасцю вытрымаў усе ўдары і нават муку агнём.
11. Тады доктар кажа: «Не дапушчу, каб, клянуся Геркулесам, вы насуперак боскім устанаўленням пакаралі гэтага ні ў чым не вінаватага юнака, а таксама, каб раб здзекаваўся з нашага судаводства і пазбегнуў пакарання за сваё гнюснае злачынства. Зараз я дам вам відавочны доказ яго віны. Калі гэты падлюга хацеў купіць у мяне смяротны яд, я падумаў, што несумяшчальна з маёй прафесіяй каму б ні было шкодзіць, бо цвёрда ведаю, што медыцына заклікана ратаваць людзей, а не губіць іх. Аднак, баючыся, што калі я не згаджуся выканаць яго просьбу, дык нехта іншы дасць яму смяротны напітак і я сваёй адмовай адкрыю шлях да злачынства або ён сам выкарыстае для забойства меч ці іншую зброю, я даў яму зелле, але соннае, вядомую мандрагору, якая выклікае глыбокі сон, падобны на смерць. Нічога дзіўнага, што гэты разбойнік, даведзены да мяжы адчаю, выцерпеў мукі, якія здаліся яму лягчэйшымі за тую непазбежную кару, што паводле старога закону яму пагражае.
Калі хлопчык выпіў напітак, падрыхтаваны маімі рукамі, дык ён жывы, спачывае, спіць і ў хуткім часе, скінуўшы млявасць, вернецца на белы свет. А калі ён загінуў, калі яго панесла смерць, тады прычыну ягонай загубы трэба будзе шукаць у іншым месцы».
12. Гэта прамова старога лекара здалася ўсім вельмі пераканаўчай, дык адразу з вялікай паспешлівасцю накіроўваюцца да грабніцы, у якой было пакладзена цела хлапчука.
He было ні аднаго чалавека з сенатараў, са знакамітасцяў, ні з простага народу, хто б з цікавасцю не паспя-
шаўся на тое месца. Вось бацька адчыняе века труны якраз у тую самую хвіліну, калі сын, стросшы з сябе смяротаую нерухомасць, вяртаецца з краіны смерці, моцна абымае хлопчыка і, не знаходзячы слоў, вартых гэткай радасці, выводзіць яго да народу. I як быў хлопец абвіты пахавальнымі палотнамі, так і нясуць яго ў судзілішча. Злачынства паганага раба і гнюснейшай за яго жанчыны было ясна даказана, рэчаіснасць паўстае ва ўсім сваім непрыкрытым выглядзе.
Суд вынес прыгавор: мачысе вечнае выгнанне, а раба прыбіваюцьда крыжа. Грошы, паводле аднадушнага рашэння, былі пакінуты лекару як плата за такое цудоўнае соннае зелле.
Такі канец атрымала гэта знамянальная гісторыя старога чалавека, які за вельмі кароткі час, ледзь не за нязначны момант, перажыўшы пагрозу застацца бяздзетным, нечакана стаў бацькам двух сыноў.
13. А мяне тым часам вось як кідалі хвалі лёсу. Той салдат, што мяне купіў, не пытаючыся ў прадаўца, і прысвоіў без ніякай платы, па загаду свайго трыбуна, выконваючы службовы абавязак, павінен быў завезці пісьмы важнаму начальніку ў Рым. Ён прадаў мяне за адзінаццаць дынараў суседзям, нейкім двум братам, якія былі нявольнікамі вельмі багатага пана. Адзін з іх быў кандытарам і выпякаў хлеб і розных сартоў мядовае пячэнне, а другі быў кухарам, які ўмеў рыхтаваць сакавітыя мясныя стравы з надзвычай смачнымі прыправамі. Жылі яны разам, вялі агульную гаспадарку, а я павінен быў вазіць розны посуд, які неабходны быў іхняму гаспадару ў яго шматлікіх падарожжах.
Так я ўступіў у гэта таварыства двух братоў у якасці трэцяга, і ніколі дагэтуль лёс не быў да мяне такі прыхільны. Mae гаспадары мелі звычку прыносіць у сваю каморку кожны вечар мноства ўсякіх астаткаў ад шчодрых і багатых банкетаў. Адзін прыносіў вялікія кавалкі свініны, кураціны, рыбы і іншых страў гэтага гатунку, а другі — хлеб, піражкі, бліны, булачкі, пячэнне і мноства мядовых прысмакаў.
Замкнуўшы сваё памяшканне, яны ішлі ў лазню асвяжыцца, а я дасыта наядаўся ежай, якая быццам звалілася мне з неба. Бо не быў жа я такім дурным аслом, каб, не дакрануўшыся да гэтых прысмакаў, вячэраць калючым сенам.
14. Даволі доўга мне гэтыя махлярскія хітрыкі ўдаваліся, бо з’ядаў я не так многа з вялікіх запасаў і гаспадары
не маглі западозрыць асла ў такіх штуках. Аднак я, цвёрда перакананы ў немагчымасці выкрыцця, пачаў павялічваць сваю порцыю, выбіраў самае найлепшае, з’ядаючы тлусцейшыя кавалкі і ласуючыся салодкімі прысмакамі.
Братоў пачало трывожыць моцнае падазрэнне, і хоць ім на думку не прыходзіла, каб я быў да нечага падобнага здатны, яны пастараліся высачыць віноўніка штодзённых прапажаў. Пачалі падазраваць адзін аднаго ў гнюсным крадзяжы, узмацнілі сачэнне, падвоілі пільнасць і нават пералічылі кавалкі. Нарэшце адзін з іх перастаў саромецца і кажа другому:
«3 твайго боку так рабіць не вельмі справядліва і чалавечна — красці лепшыя часткі і, прадаўшы іх, цішком збіраць грошыкі, а пасля патрабаваць, каб тое, што застанецца, дзяліць пароўну. Калі табе не падабаецца весці супольную гаспадарку, дык можна ў гэтым пункце раздзяліцца, а ў астатнім захаваць братнія адносіны. Бо калі мы будзем так доўга дзьмуцца адзін на аднаго з-за гэтых прапажаў, дык можам зусім пасварыцца». А другі адказвае: «Клянуся Геркулесам, мне падабаецца такое нахабства, ты ў мяне з языка сарваў гэтыя скаргі на штодзённыя крадзяжы. Хоць я і быў засмучаны, але маўчаў увесь час, бо мне было сорамна вінаваціць роднага брата ў дробным зладзействе. Выдатна выказалі мы абодва свае думкі, а цяпер трэба шукаць спосабу, як памагчы бядзе, каб наша маўклівая варожасць не давяла нас да баёў Этэокла і Палініка».
15. Абмяняўшыся такімі папрокамі, абодва пакляліся, што не займаліся ашуканствам, не кралі, і пастанавілі агульнымі сіламі знайсці шкодніка, які прычыняе ім страты. Нельга было падумаць, каб асёл, які толькі адзін заставаўся дома, мог харчавацца такой ежай ці каб у іхнюю каморку заляталі гарпіі такой велічыні, як гарпіі, што выкрадалі некалі ежу ў Фінея. А вось лепшыя кавалкі штодня знікалі.
Тым часам, наядаючыся ўдосталь людскіх харчоў, я пачаў відавочна папраўляцца на целе, шкура ад тукаў стала мякчэць, шэрсць прыгожа заільснілася. Аднак гэта паляпшэнне майго выгляду паслужыла не на карысць майму сумлсннаму імю. Звярнуўшы ўвагу на незвычайную шырыню маіх плячэй і на тое, што сена застаецца кожны дзень некранутым, яны пачалі за мной пільна сачыць. У звычайны час яны замкнулі дзверы і, зрабіўшы выгляд, што ідуць у лазню, пачалі праз нейкую шчылінку назіраць. Убачыўшы,