Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
У тую ж хвіліну, калі ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца і дзівяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьці з віннага склепа і дакладвае, што віно, даўно паразліванае ў бочкі, нагрэлася, забурліла і пачало кіпець, быццам на моцным агні. Заўважылі таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнічага сабакі выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накінуўся баран, які быў непадалёку, схапіў яго за горла і адразу задушыў.
Гэтулькі розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара і ўсіх жыхароў дома, яны не ведалі, што рабіць, якога бога прасіць больш, якога менш, каб адхіліць ім пагрозы, колькі і якіх ахвяр трэба прынесці?
35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалі самага страшнага няшчасця, прыбягае нейкі нявольнік і дакладвае аб вялікіх страшных бедах, якія зваліліся на ўладальніка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былі тры дарослыя сыны, сціплыя і адукаваныя. Гэтыя юнакі сябравалі здаўна з адным бедным чалавекам, які жыў у маленькай хаціне. Гэта хатка межавала з шырокімі ўгоддзямі ўплывовага
і багатага суседа, які, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабіў у акрузе, што толькі хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхільнікаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа і разбураў яго ўбогую сялібу, забіваў дробную жывёлу, забіраў валоў, нішчыў яго няспелае збожжа.
Селянін быў чалавекам сціплым, але, калі прагавітасць багацея пазбавіла яго ўсёй маёмасці, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магілы на родным полі, у вялікім страху паклікаў сваіх сяброў у сведкі па справе размежавання зямлі. Сярод іншых прыйшлі і гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.
36. Але той шаленец зусім не спалохаўся і нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькі грамадзян, і не толькі не адмовіўся ад сваіх разбойніцкіх намераў, а нават не пажадаў спыніць свой язык.
Калі тыя спакойна выказалі сваё жаданне і мірнымі словамі стараліся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсімі багамі і жыццём дарагіх яму асоб, што яму няма ніякай справы да прысутнасці гэтулькіх пасрэднікаў, а свайго суседа загадвае нявольнікам узяць за вушы і як найдалей выкінуць з ягонай халупы.
Гэтыя словы вельмі абурылі ўсіх прысутных. Адзін з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багацці, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо і бедакі знаходзяць абарону ў справядлівых законах. Яго словы аказаліся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, біч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступені вар’яцтва, ён закрычаў, што загадае павесіць усіх сабраных і разам з імі ўсе законы. I тут жа загадаў спусціць з ланцугоў велічэзных, кормленых падлай аўчарак, якія не раз нападалі на падарожных, і пусціць іх на сабраных.
Як толькі пачулі сабакі прывычнае цкаванне пастухоў, раз’юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кідаюцца на людзей і рвуць іх на кавалкі, наносячы крывавыя раны, не мілуючы і тых, хто ратуецца ўцёкамі, а наадварот, праследуюць іх з яшчэ большым шаленствам.
37. У самай сярэдзіне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збіўшы пальцы ног, падае на зямлю і становіцца ахвярай раз’юшанай зграі. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалі няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкі, кінуліся яму на ратунак і, закруціўшы левую руку крысом плашча, стараліся каменнем адбіць брата ў сабак і адагнаць іх. Але ні суцішыць раз’юшаных сабак, ні разагнаць іх ім
не ўдалося, і няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцілі багацею за яго смерць, гіне, разарваны на кавалкі. I браты, што засталіся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькі зняверыўшыся ў сваім выратаванні, колькі не дбаючы аб ім, кідаюцца на багацея ў палкім безразважным парыве і абсыпаюць яго каменнямі. Але гэты крыважэрны разбойнік, які і раней нарабіў нямала злачынстваў, ударам дзіды ўсярэдзіну грудзей прабівае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап’ё, прабіўшы яго і выйшаўшы праз спіну, уваткнулася ў зямлю і, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокі і дужы нявольнік прыскочыў забойцу на дапамогу і, размахнуўшыся, запусціў у трэцяга юнака камене.м, аднак камень закрануў яму толькі пальцы і ўпаў, не зрабіўшы ніякай шкоды.
38. Гэты зручны момант даў кемліваму маладому чалавеку нейкую надзею на выратаванне ці на адплату. Прыкінуўшыся, што рука ў яго пашкоджана, гаворыць ён таму бязлітаснаму чалавеку: «Цешся загубай нашай сям’і, насычай сваю бясконцую лютасць крывёй трох братоў, праслаўляйся забойствам сваіх аднасяльчан, усё роўна, наколькі б ты ні расшыраў свае межы, колькі б зямлі ні адбіраў ты ў беднаты, нейкі сусед у цябе знойдзецца. О, каб гэта рука па несправядлівасці лёсу не выйшла са строю, яна б табе хутка знесла тваю галаву!»
Яшчэ горш азвярэўшы ад гэтых слоў, звар’яцелы разбойнік схапіў меч і з жарам кінуўся на юнака. Аднак трапіў не на слабейшага за сябе. Зусім нечакана малады чалавек, схапіўшы яго за правую руку і вырваўшы меч, аказаў дастойнае супраціўленяе. Моцнымі ўдарамі мяча ён прымусіў яго развітацца з гнюсным жыццём, а сам, каб не трапіць у рукі чэлядзі, якая надбягала, перарэзаў сабе горла скрываўленым варожай крывёю лязом.
Вось што прадвяшчалі тыя цуды няшчаснаму гаспадару. А.ле стары, на якога навалілася столькі гора, не сказаў ні слова, не праліў нават слязы. Ён схапіў нож, якім разразаў для сваіх субяседнікаў сыр і іншую ежу, і, за прыкладам свайго бяздольнага сына, наносіць сабе некалькі ран у шыю, пасля чаго валіцца на стол і змывае сваёй крывёю тыя злашчасныя плямы.
39. Расхваляваныя гібеллю ў адну хвіліну цэлага дому і ўздыхаючы з прычыны ўласнай няўдачы, агароднік падзякаваў за снеданне слязьмі, і, часта ўспляскваючы пустымі рукамі, сядае на мяне, і вяртаецца дамоў па дарозе, якой
мы сюды прыбылі. Аднак вяртанне не адбылося без непрыемнасці. Сустрэўся нам нейкі бамбіза, мяркуючы з вопраткі і з выгляду салдат-легіянер, і напышліва-нахабна пытаецца: «Куды вядзеш асла без паклажы?» А мой гаспадар, яшчэ не супакоены ад гора ды і не разумеючы лацінскай мовы, едзе далей, нічога не адказаўшы. Тады салдат са злосці, палічыўшы абразай яго маўчанне і не стрымаўшы свайго жаўнерскага нахабства, стукнуў гаспадара па галаве кіем з вінаграднай лазы і скінуў яго з мяне.
Агароднік пакорліва апраўдваецца, што не ведае лацінскай мовы і не можа зразумець, што ён кажа. Тады салдат паўтарае па-грэцку: «Куды вядзеш гэтага асла?» Агароднік кажа, што накіроўваецца ў суседні горад. «А мне,— кажа той,— патрэбна яго дапамога. Трэба, каб ён разам з іншай уючнай жывёлай перавёз з суседняй крэпасці рэчы майго камандзіра». I ўраз хапае мяне за повад і цягне за сабой. Аднак агароднік, абцёршы з твару кроў, якая пацякла ў яго з раны на галаве пасля ўдару, пачынае ўпрошваць служаку быць ласкавым і літасцівым, заклінаючы надзеямі на шчаслівы лёс.
«Вослік жа гэты,— кажа ён,— ледзь ходзіць ды ад нейкай паганай хваробы штораз падае і ледзь дацягне з суседняга сяла некалькі бярэмаў гародніпы. Ён задыхаецца і ад такой працы, а каб вазіць што-небудзь, дык не можа быць пра гэта і мовы».
40. Убачыўшы, што не ўламае салдата ніякімі просьбамі, а яму самому пагражае яшчэ большая небяспека, бо салдат зусім раз’юшыўся і, павярнуўшы кій таўсцейшым канцом наперад, можа вось-вось расшчапіць галаву, ён зрабіў выгляд, што нахіляецца да яго калень, каб вымаліць сабе спагаду. I ў той жа момант хапае яго за абедзве нагі, падымае іх высока ўгору, і салдат валіцца з грукатам на зямлю. А тады мой гаспадар пачынае лупцаваць яго па твары, па руках, па баках, працуючы кулакамі, локцямі і зубамі і падхопленым з дарогі каменем.
А той, апынуўшыся на зямлі, не мог адбівацца ці нават бараніцца, а толькі няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкі. Агароднік не прапусціў пагрозы міма вушэй, а адабраўшы і адкінуўшы чым далей ягоны шырокі меч, зноў нападае на яго і дубасіць яшчэ мацней.
Салдат, лежачы дагары і знясілеўшы ад пабояў, не бачыць іншага выйсця, як прыкінуцца мёртвым. Тады агароднік, захапіўшы з сабой меч, ускоквае на мяне і хуткім
крокам накіроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.
Там спыняецца ў свайго сябра і расказвае яму ўсю гісторыю. Адначасова просіць аказаць яму ў такіх жудасных умовах дапамогу — схаваць на некалькі дзён яго і асла, каб прабыць у схове, пакуль міне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства і ахвотна згадзіўся яму памагчы. Мке падагнулі ногі і зацягнулі па драбіне на другі паверх, а сам агароднік нанізе ў будане запоўз у нейкі кош і схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.
41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялікага пахмелля і, ківаючыся, пакутуючы ад мноства ран і апіраючыся на палку, накіраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нікому не расказаў пра здарэнне, моўчкі праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкіх сваіх сяброў, паведаміў ім аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзілі яны, што пацярпелы будзе нейкі час хавацца ў казармах, бо апроч асабістай абразы ён баяўся яшчэ адказнасці за страту мяча, за абразу Генія, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалі ўсе намаганні, каб адшукаць нас і расплаціцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднік, які нас выдаў і паказаў, дзе мы знаходзімся. Тады салдатавы сябры звярнуліся да ўладаў і зрабілі ілжывую заяву, быццам яны страцілі на дарозе вельмі дарагі сярэбраны келіх свайго начальніка, а нейкі агароднік яго знайшоў і не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блізкага знаёмага.
На гэтай падставе чыноўнікі, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлі да варот нашага сховішча і голасна пачалі патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якіх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма ніякага сумнення, выдаў, бо інакш уся віна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусім не спалохаўшыся і стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, ні ў чым не прызнаецца і кажа, што ўжо некалькі дзён не бачыў таго агародніка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалі, кленучыся Геніем імператара, што віноўнік хаваецца тут, а не ў іншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылі зрабіць у чалавека, які рашуча адпіраўся, вобыск. Выпраўленым з г?тай мэтай ліктарам і іншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткі. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што ні жывой душы і ніякага асла яны ў доме не знайшлі.