• Часопісы
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    24.	Аднак уся гэта прыгожая і добрая справа, зробленая з усёй сумленнасцю і справядлівасцю, не схавалася ад злавеснай волі лёсу, падбухторваннем якога ў доме маладога чалавека пасяліўся Разлад. Праз нейкі час ягоная жонка, тая, што асуджана на корм звярам, пачала спачатку падазраваць дзяўчыну ў тым, што яна яе саперніца і наложніца мужа, пасля зненавідзела яе і рыхтавала загубу, робячы самыя жудасныя падкопы. Вось якое прыдумвае яна зладзейства.
    Выкраўшы ў мужа пярсцёнак і выехаўшы за горад, яна выпраўляе адданага свайго слугу-нявольніка, які ў сваёй вернасці быў гатоў на ўсё пайгоршае, каб ён паведаміў маладой жанчыне, быццам юнак, прыехаўшы ў памесце, выклікае яе да сябе, дадаўшы, каб з’явілася адна, без сведкаў, і прытым як найхутчэй. Для пацвярджэння гэтых слоў ён псрадае ёй пярсцёнак. А тая, паслухмяная загаду брата (яна адна толькі ведала, што можа называць яго гэтым імем), глянуўшы на яго пячатку, адразу пускаецца ў дарогу зусім адна, як ёй было сказана. Аднак, подда ашуканая, не прадбачыла пасткі і трапіла ў цянёты каварства.
    Тут гэта шаноўная жонка, ахопленая шалёнай рэўнасцю, перш за ўсё раздзяе дагала сястру свайго мужа і па-звер-
    ску яе лупцуе, а пасля, калі тая з лямантам тлумачыць, якія сапраўды справы, і, без канца паўтараючы імя брата, тлумачыць, што залоўка гарачыцца беспадстаўна, тая не верыць ні аднаму яе слову. Яна лічыць усе апраўданні выдумкай і, усунуўшы няшчаснай паміж бёдраў гаручую галавешку, даводзіць яе да смерці.
    25.	Даведаўшыся аб гэтай жудаснай трагедыі, прыбягаюць брат і муж памерлай і, аплакаўшы яе, з горкім галашэннем нясуць у магілу.
    Але малады чалавек не мог спакойна перанесці гэтакай страшнай і зусім не заслужанай смерці сваёй сястры, надзвычай усхваляваны горам, ён захварэў на разліццё жоўці, пачаў гарэць ад высокай тэмпературы, так што яму самому аказалася неабходная дапамога. А яго жонка, якая, праўду кажучы, даўно страціла права на гэта імя, згаворваецца з адным лекарам, вядомым сваім вераломствам, які даўно здабыў славу шматлікімі перамогамі ў смяротных баях і мог бы саставіць доўгі спіс сваіх ахвяр. Яна абяцае яму пяцьдзесят тысяч сестэрцыяў, калі ён дасць ёй якой-небудзь моцнадзейнай атруты, і купляе смерць мужу. Згаварыўшыся, яны робяць выгляд, быццам рыхтуюць вядомы напітак для аблягчэння болю ў грудзях і вывядзення жоўці. Гэта лякарства вучоныя называюць свяшчэнным, але замест яго яны падсоўваюць іншае, свяшчэннае толькі хіба ў вачах Празерпіны. Вось сабраліся ўсе хатнія і некаторыя з сяброў і блізкіх, і лекар, размешваючы зелле, сам падае хвораму келіх.
    26.	Аднак нахабная жанчына, жадаючы пазбавіцца ад сведкі свайго злачынства і пакінуць сабе абяцаныя лекару грошы, убачыўшы, што ён падае чару, кажа: «Але, шаноўны пане доктар, перш чым дасі майму дарагому мужу гэты напітак, сам адап’еш частку. Адкуль я ведаю, можа, там падмяшана якая-небудзь атрута? Мудрага і вучонага мужа не можа абразіць, што я, адданая жонка, клапачуся пра яго выздараўленне».
    Гэтая нахабнасць і бесчалавечнасць жанчыны была для лекара такой нечаканасцю, што ён, збянтэжаны, страціўшы самавалоданне і не маючы часу на абдумванне сітуацыі, баючыся, што найменшае хістанне можа даць падставу для падазрэнняў, адпівае з чары значны глыток.
    Убачыўшы, які ход прымае справа, лекар хацеў хутчэй падацца дамоў, каб паспець прыняць якое-небудзь супрацьяддзе і абясшкодзіць атруту. Але бесчалавечная жанчына ўпорыста старалася давесці да канца распачатую справу і
    не адпускала яго ні на крок. «Пакуль,— казала,— не ўбачым гаючай дзейнасці гэтай мікстуры». I толькі калі ён надакучыў ёй бясконцымі мольбамі і просьбамі, дазволіла яму пайсці. А ў гэтым часе стоеная смерць, абпальваючы ўсе вантробы, пранікала ўсё глыбей і дабіралася да самага сэрца. Зусім хворы, знемагаючы ад цяжкай санлівасці, ледзь дабраўся ён дахаты. Толькі паспеўшы расказаць пра ўсё жонцы, даручыўшы забраць хоць абяцаную плату за гэту двайную смерць, слаўны лекар у цяжкіх пакутах памірае.
    27.	Малады чалавек таксама хутка памёр і, праводжаны ілжывым, прыкідлівым плачам жонкі, быў пахаваны.
    Пасля паховін, пачакаўшы некалькі дзён, патрэбных на выкананне абрадаў, з’яўляецца лекарава жонка і патрабуе платы за двайное забойства. Жанчына застаецца вернай сабе, патаптаўшы ўсе законы сумленнасці, яна захоўвае яе выгляд. Адказвае вельмі ветліва, дае шчодрыя і шырокія абяцанні, запэўнівае, што неадкладна выплаціць належную суму, але дадае, што ёй хацелася б атрымаць яшчэ трохі таго леку, каб закончыць пачатую справу. Што доўга казаць? Лекарава жонка, заблытаўшыся ў цянётах подлага каварства, хутка згаджаецца і, жадаючы дагадзіць багатай жанчыне, паспешліва вяртаецца дамоў і неўзабаве ўручае ўсю скрынку з атрутай.
    А тая, атрымаўшы такі магутны сродак для здзяйснення злачынстваў, далёка прасцірае свае крывавыя рукі.
    28.	Ад нядаўна забітага ёю мужа была ў яе маленькая дачка. Цяжка было ёй сцярпець, што паводле закону частка бацькавай маёмасці пераходзіць на карысць дзіцяці, дык, паквапіўшыся на ўсю спадчыну, яна вырашыла зрабіць замах на жыццё дачкі. Ведаючы, што пасля смерці дзяцей спадчыну па іх атрымліваюць нават злачынныя маці, гэтая настолькі паважаная маці, як і верная жонка, не доўга думаючы, рыхтуе снеданне, на якое запрашае жонку лекара, і разам са сваёй малой дачушкай губіць яе той самай атрутай. 3 малой, у якой дыханне было слабое і далікатнае нутро, яд спраўляецца хутка.
    А лекарыха, як толькі адчула, што страшны напітак пачаў разыходзіцца па лёгкіх, усчынаючы ў іх згубнае дзеянне, адразу зразумела, у чым тут справа. Калі ж трохі пазней цяжкае дыханне пацвердзіла яе падазрэнне, яна спяшаецца ў дом намесніка і моцным крыкам просіць у яго дапамогі. У акружэнні ўсхваляванага натоўпу яна абяцае раскрыць страшныя злачынствы і дабіваецца таго, што перад ёй адчыняюцца дзверы дома і ўважлівы слых намесніка.
    Ледзь толькі яна расказала падрабязна пра ўсе жудасці азвярэлай жанчыны, як раптам пацямнела ў яе ў вачах, губы сцяліся, зубы заскрыгаталі, і яна звалілася пад ногі намесніку. Гэты муж, чалавек бывалы, не дапусціў замаруджвання ў пакаранні за такія шматлікія злачынствы гэтай ядавітай яхідны. Схапіўшы прыслужніц жанчыны, ён мукамі дабіўся ад іх праўдзівых паказанняў і прыгаварыў яе на разарванне дзікім звярам. Кару гэту ён налажыў не дзеля таго, што злачынка не заслугоўвала яшчэ большай, а таму, што іншай не змог прыдумаць.
    29.	Будучы прыгавораным публічна спалучыцца з такой жанчынай, я з вялікай трывогай чакаў пачатку ўрачыстасці, не раз адчуваючы жаданне лепш закончыць самагубствам, чым запляміць сябе дотыкам да такой злачынніцы і быць выстаўленым на ганьбу перад усім народам. Ды пазбаўлены чалавечых рук, пазбаўлены пальцаў, не мог я круглымі куксамі сваіх капытоў ухапіць меч. У бездані бедаў, што наваліліся на мяне, свяціла яшчэ мне маленькая надзея, што вясна, якая якраз пачынаецца, упрыгожыўшы кветкамі наваколле, акрые пурпуровым ззяннем лугі, і хутка, парваўшы сваю пакрытую шыпамі кару, разліваючы духмянасць, пакажуцца ружы, якія зноў ператвораць мяне ў Луцыя.
    Вось і настаў дзень, прызначаны для адкрыцця гульняў. Мяне вядуць з вялікай напышлівасцю пад воплескі натоўпу, які суправаджаў мяне да самага цырка. У чаканні, пакуль закончыцца першы нумар гэтай праграмы, у якім выступалі танцоры, мяне паставілі побач з агароджай, і я з апетытам скуб вясёлую травіцу, што расла каля ўвахода, ад часу да часу кідаючы цікавым вокам у адчыненыя дзверы, і цешыў сябе прыемным відовішчам.
    Юнакі і дзяўчаты, ззяючы першым цвіценнем маладосці, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымі жэстамі пасоўваліся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскі пірыйскі танец. Яны то спляталіся цудоўнымі карагодамі ў поўны круг, то сыходзіліся пакручастай стужкай, то аб’ядноўваліся ў квадрат, то рассыпаліся асобнымі групамі. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным збліжэнням і разыходжанням. Апусцілася галоўная завеса, складзены шырмы, і вачам гледачоў адкрываецца сцэна.
    30.	На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Ідэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымі зялёнымі дрэвамі, а змайстраваная рукамі будаўніка на самай вяршыні крыніца сцякала струмянямі са скальных адхонаў. Некаль-
    кі козак скубла травіцу, і юнак, апрануты па фрыгійскай модзе ў прыгожую верхнюю туніку і азіяцкі плашч, які складкамі ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пільнаваў статак.
    Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якім, апроч хламіды эфебаў на левым плячы, няма іншай вопроткі, залацістыя валасы ўсім на захапленне, і праз завіткі прабіваецца ў яго пара зусім аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён набліжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, які трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпітэра і, зграбна павярнуўшыся, знікае з вачэй.
    Пасля таго з’яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасці, падобная да багіні Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скіпетр. Неўзабаве ўваходзіць і другая, якую можна прыняць за Мінерву. На яе галаве бліскучы шлем, абвіты аліўкавым вянком, яна нясе шчыт і патрасае кап’ём, зусім як тая багіня ў баі.
    31.	Следам за імі выступае яшчэ адна, ззяючы красой і паказваючы сваім цудоўным абліччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявінніцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калі не лічыць шаўковай матэрыі, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасці. Ды і той лапічак нясціплы вецер, гарэзліва дурэючы, то прыўзнімаў, ажно віднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней, шчыльна прыціскаў, і тады выразна абрысоўваліся зваблівыя формы.
    Колеры ў абліччы багіні былі розныя, белае цела абазначала, што з неба спускаецца, а блакітнае пакрывала значыла, што вяртаецца ў мора. За кожнай дзевай, якія прадстаўлялі багіняў, ідзе свая світа, за Юнонай — Кастар і Палукс з яйкападобнымі шлемамі на галовах, упрыгожанымі зоркамі. Гэтыя блізняты таксама былі маладымі акцёрамі. Пад гукі розных мелодыяў, іграных на флейце на іёнскі лад, дзяўчына набліжалася паважна і ціха і высакароднымі жэстамі дала зразумець пастуху, што калі ён прысудзіць ёй узнагароду за прыгажосць, дык аддасць яму валадарства над усёй Азіяй.