Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
бокам праз натоўп, які не без божай ласкі расступаўся, без паспешлівасці прабіраюся наперад.
А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з’явай і здзіўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спыніўся і, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным біццём сэрца, хціва хапаю зубамі вянок і з’ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёліны. Найперш знікае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становіцца далікатнейш-ай, велізарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукі перастаюць быць нагамі і падымаюцца для выканання сваіх высокіх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа і галава круглеюць, вялікія вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялікімі, як у людзей, і хвост, які больш за ўсё мяне мучыў, знікае!
Народ дзівіцца, набожныя людзі пры такім відавочным доказе магутнасці вярхоўнай багіні, падобны.м на сон, гучна і аднадушна, узняўшы рукі ў неба, славяць магутнасць міласэрнай багіні.
14. А я, аслупянеўшы ад здзіўлення, стаяў нерухомы і моўчкі, не ведаючы ад вялікай радасці, з чаго пачаць, як падступіцца да гукаў, што сталі мне нязвычнымі, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якімі словамі і выразамі дзякаваць багіні за яе дабрадзейства.
Але жрэц, відавочна папярэджаны з вышыні пра ўсе мае няшчасці з самага пачатку, хоць і сам быў усхваляваны вялікім цудам, дае знак, каб перш за ўсё далі мне ільняную вопратку прыкрыцца, бо, як зляцела з мяне злавесная асліная абалонка, так я і стаяў, цесна сціснуўшы ногі, засланяючы, наколькі было магчыма, сплеценымі рукамі, гэтай натуральнай завесай, сваю галізну. Адзін з верных паклоннікаў багіні ўмомант зняў з сябе верхнюю туніку і чым хутчэй накінуў на мяне. Тады жрэц, прыветліва гледзячы на мяне і, клянуся Геркулесам, прасякнуты боскім здзіўленнем, пачынае казаць:
15. «Вось, Луцый, пасля столькіх усякіх пакут, пасля вялікіх навальніц, узнятых Лёсам, перажыўшы велічэзныя буры, дабраўся ты нарэшце да спакойнай прыстані Адпачынку, да алтароў міласэрнасці. He пайшлі табе на карысць ні тваё паходжанне, ні становішча, ні нават адукацыя, якая цябе вылучае сярод іншых, таму што, стаўшы ад пачуццёвасці свайго маладога веку рабом сладастраснасці, ты атры-
маў знішчальную адплату за сваю цікаўнасць. I ўсё ж сляпы Лёс, злосна катуючы цябе, сам пра тое не ведаючы, прывёў цябе да сягонняшняга шчасця. Няхай жа ідзе ён і пыхкае лютай злосцю, яму давядзецца шукаць для сваёй бязлітаснасці іншую ахвяру. Над тымі, каго велічнасць нашай багіні заклікала прысвяціць жыццё ёй, не мае ўлады згубная выпадковасць. Разбойнікі, дзікія звяры, няволя, цяжкія шляхі і бясконцыя вандраванні, штодзённае чаканне смерці — што дасягнуў гэтым азвярэлы Лёс? Вось цябе прыняў пад апеку другі Лёс, але ўжо відушчы, святло ззяння якога азарае нават іншых багоў. Дык няхай адаб’ецца на тваім твары радасць, адпаведная тваёй святочнай вопратцы. Радуючыся, далучы свой крок да шэсця багіні-выратавальніцы. Няхай бачаць бязбожнікі, няхай бачаць і ўсведамляюць сваю памылку. Вось пазбаўлены даўнейшых нягод Луцый цешыцца апекай вялікай Ізіды і святкуе перамогу над сваім лёсам! Аднак, каб забяспечыцца яшчэ мацней і больш надзейна, запішыся ў гэту святую армію (загад прыняць такую прысягу нядаўна для цябе прагучаў), прысвяці сябе ўжо ад сягонняшняга дня нашаму служэнню і ўскладзі на сябе ярмо добраахвотнага падпарадкавання. Пачаўшы служыць багіні, ты будзеш поўнай мерай цешыцца вялікім вынікам свабоды».
16. Сказаўшы гэта, шаноўны жрэц, з цяжкасцю пераводзячы дыханне, замоўк. А я, далучыўшыся да працэсіі, падаўся следам за святыняй.
Я стаў вядомы ўсім грамадзянам, зрабіўся прадметам агульнай увагі, на мяне паказвалі пальцамі, ківалі галовамі і ўвесь народ гаварыў: «Вось той, якога воля ўсемагутнай багіні вярнула да людскога выгляду! Клянуся Геркулесам, ён шчаслівы і святы. Напэўна заслужыў ён такую ласку неба сваім незаплямленым папярэднім жыццём і верай, дык цяпер, пасля ў нейкай ступені другога нараджэння, стане ён на шлях свяшчэннага служэння».
Сярод такіх выкрыкаў, сярод святочных віншаванняў і малітваў натоўпу, рухаючыся памалу, мы набліжаемся да марскога берага і даходзім якраз да таго месца, дзе напярэдадні ляжаў я, будучы аслом. Парасстаўлялі там у адпаведным парадку свяшчэнныя выявы багоў, і вярхоўны жрэц, вымаўляючы чыстымі вуснамі найсвяцейшыя малітвы, запаленым факелам, яйкам і серкай ачышчае вышэйшым ачышчэннем умела змайстраваны і з усіх бакоў дзіўнымі малюнкамі на егіпецкі лад страката размаляваны карабель. Гэты падарунак прыносіцца багіні ў ахвяру.
На бліскучым ветразі шчаслівага судна былі вытканы залатыя літары, якія складваліся ў зычэнне ўдалых плаванняў. Мачтай была круглая сасна, бліскучая, з выдатным верхам, так што прыемна было глядзець. Карма была выгнутая ў форме гусінай шыі і пакрытая ліставым золатам, ярка блішчала, а ўвесь корпус са светлай паліраванай туі цешыў зрок. Тут увесь натоўп, як пасвечаныя, так і непасвечаныя, наперабой падносяць кашы з пахучымі травамі і іншымі рознымі падарункамі і праводзяць узліванне на ваду малочнай поліўкі.
Нарэшце, калі ўжо карабель напоўніўся шчодрымі прынашэннямі і пажаданнямі шчаслівага плавання, абразаюць якарныя канаты і, аддаўшы спадарожнаму і спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калі судна было на такой адлегласці, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насільшчыкі зноў узялі прынесеныя імі свяшчэнныя прадметы і, як раней, пышнай працэсіяй хуткім крокам падаліся ў бок святыні.
17. Калі мы падышлі да самага храма, вялікі жрэц, насільшчыкі свяшчэнных выяў і тыя, што ўжо былі раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямніцы, увайшоўшы ў свяцілішча багіні, параскладалі там у належным парадку ўсе святасці. А тады адзін з іх, якога ўсе называлі пісцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склікаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегія), быццам на сход, і, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнігі напісаныя ў ёй малітвы.
Малітвы гэтыя былі аб шчасці імператара, паважанага сената, коннікаў і ўсяго рымскага народа, аб караблях і мараках і аб усім, што падуладна нашай дзяржаве, і скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкім заклікам: «Цяпер ідзіце дамоў, служба закончана». У адказ пранесліся крыкі народа, які выказваў пажаданні, каб гэтыя словы ўсім прынеслі ўдачу.
3 кветкамі, з галінкамі ў руках і з вянкамі радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступні сярэбранай статуі багіні, што стаяла на ўсходках храма, разышліся па сваіх сялібах. А я не мог адважыцца ні на крок адысціся ад гэтага месца і, не спускаючы вачэй з выявы багіні, перабіраў у памяці перажытыя мною нягоды.
18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася і не давала сваім крылам адпачынку. Зараз жа пайшлі ў мяне на радзіме чуткі пра небывалую прыхільнасць да мяне божага промыслу і пра мой славуты лёс. Mae сябры,
любімыя рабы і ўсе мае блізкія родзічы, адкінуўшы скруху, у якую акунула іх ілжывая вестка пра маю смерць, у вялікай радасці спяшаюцца да мяне з рознымі падарункамі, каб зірнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеі іх убачыць, і таму я быў надзвычай рады і з прыемнасцю прымаў іхнія шчырыя прынашэнні. Mae блізкія паклапаціліся забяспечыць мяне ўсім неабходным для бязбеднага існавання.
19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з іх і расказаўшы аб перажытых нягодах і цяперашняй радасці, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багіню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэнні, пакуль што ніжэйшай ступені, не расстаюся са жрацамі, стаўшы неадступным паклоннікам вялікага боства. Hi адна ноч, ні адзін дзень, ні сон не міналі ў мяне без таго, каб я не бачыў багіні і не атрымліваў ад яе настаўленняў. Частымі загадамі яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямніцы, да якіх я даўно быў прызначаны. Хоць я і гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымліваў свяшчэнны страх, бо я лічыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святыні, і нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлівасці і ўстрыманасці. Жыццё напоўнена ўсякімі выпадковасцямі, яно патрабуе асцярожнасці і абачлівасці. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць і імкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.
20. Аднойчы прыснілася мне, што з’яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьці ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта і адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесаліі, і таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзід. Прачнуўшыся, я вельмі доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне ніколі не было раба з такім імем. Але ў кожным разе я разлічваў, піто прысланая доля абазначае нейкі прыбытак. Занепакоены і ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу і даход, я чакаў, калі адчыняць храм. Калі рассунуліся беласнежныя заслоны, мы звярнуліся з малітвамі да шанаванай выявы багіні. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне і вымаўляючы ўрачыстыя малітвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крыніцы, выканаў выліванне з келіха. Зрабіўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелі багіні вітаюць усход сонца і зычнымі галасамі абвяшчаюць першую гадзіну дня.
I вось y гэту самую хвіліну з’яўляюцца, даведаўшыся аб маіх прыгодах, проста з Гіпатыі, дзе я пакінуў іх тады, мае слугі. Яны былі там, дзе Фаціда заблытала мяне ў свае каварныя сеці, і прывялі з сабой нават майго каня, які не раз пераходзіў з рук у рукі і ўрэшце быў знойдзены па асаблівай адмеціне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзівіўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, які быў белай масці.
21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлігійных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлівала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. 3 дня на дзень усё мацней і больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, і я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваімі гарачымі просьбамі, каб ён нарэшце пасвяціў мяне ў таямніцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны і вядомы строгім захоўваннем рэлігійных законаў, сціпла і ветліва, як звычайна бацькі стрымліваюць няўчасныя жаданні сваіх дзяцей, адхіляў маю настойлівасць, пацяшаючы і супакойваючы мяне ў маім парыве добрымі надзеямі.