Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
скуркай, як у п’яўкі. Чаму ж ты не адважышся і не падумаеш аб сваім выратаванні, пакуль яшчэ не позна? Пакуль няма разбойнікаў, усё складваецца на тваю карысць. Ці, можа, ты баішся нагляду гэтай ледзь жывой бабулі? Убрыкнуць яе разок нават гэтай хворай нагой, і будуць ёй капцы! Але куды мне бегчы і хто акажа мне гасціннасць? Ну вось бязглуздае аслінае меркаванне! Ды любы падарожны ахвотна прыхопіць з сабой транспартны сродак».
27. I праз момант, моцна рвануўшы повад, якім быў я прывязаны да плота, пускаюся з усіх чатырох наўцёкі. Аднак не змог я вышмыгнуць з-пад каршуновага вока хітрай старой. Як толькі ўбачыла яна, што я адарваўся, дык з неўласцівай свайму полу і ўзросту жвавасцю ўхапілася за мой повад і пачала цягнуць мяне назад. А я, гюмнячы аб злавесным намеры разбойнікаў, не паддаюся ёй, а ўдарам задніх ног валю яе на зямлю.
Аднак яна і паваленая моцна трымалася за повад, і я, бегучы, працягнуў яе па зямлі некалькі крокаў. А ў той час яна пачала крычаць і клікаць каго-небудзь на дапамогу. Толькі дарма ўзнімала трывогу, бо нікога навокал не было, апроч той палоннай дзяўчыны, якая, прыбегшы на крык, убачыла, клянуся Геркулесам, вартае памяці відовішча — старую ў вобразе Дырцэі, што вісела не на быку, а на асле.
Тады яна, узброіўшыся мужчынскай стойкасцю, адважылася на цудоўны ўчынак. Выхапіўшы з рук у старой повад і супакоіўшы мяне сваім шчабятаннем, спрытна ўскоквае на мой хрыбет і пускае мяне ў бег.
28. Натхнёны адначасова сваім рашэннем уцячы і жаданнем вызваліць дзяўчыну, а да таго падганяны ўдарамі, якімі яна мяне падбадзёрвала, я з конскай хуткасцю застукаў па зямлі капытамі, спрабуючы нават у адказ на яе панукі заржаць. He раз, павярнуўшы шыю, як быццам для таго, каб пачомхаць спіну, я цалаваў яе прыгожыя дзявочыя ногі. А яна, глыбока ўздыхаючы і павяртаючы ў бок неба свой усхваляваны твар, малілася:
«Вы, усявышнія багі, памажыце ж мне ў гэтай небяспецы, а ты, суровы лёс, перастань быць да мяне такім варожым. Гэтых вартых спачування пакут хопіць, каб цябе ўласкавіць. А ты, апора маёй свабоды і выратавання, калі прывязеш мяне дамоў і вернеш мяне маім бацькам і жаніху майму дарагому, дык я цябе без аддзякі не пакіну, будзеш мець і найвышэйшую пашану, і найсмачнейшы корм! Найперш, расчасаўшы сваімі дзявочымі рукамі тваю грыву, упрыгожу яе каштоўнасцямі, чубок, спачатку завіўшы,
прыгожа раздзялю на дзве пасмы, а твой калматы, зваляны і даўно не мыты хвост старанна разгладжу. Упрыгожаны залатымі шарыкамі, заблішчыш ты, як ад нябесных зорак, і будзеш прывітаны шматгалоссем радаснага натоўпу. Насыпаўшы ў шаўковую торбу міндалю і розных прысмакаў, кожны дзень буду цябе, свайго выратавальніка, карміць да адвалу».
29. I працягвала: «Апроч смачнай ежы, поўнага супакою і асалоды праз усё жыццё не будзе табе недахопу ў пашане. Памяць аб маім шчасці і боскай апецы замацую вечным пасведчаннем: у атрыуме свайго дома павешу малюнак, у якім будуць адлюстраваныя гэтыя мае ўцёкі. I ўсе будуць бачыць, і слухаць у казках, і чытаць запісаную палачкамі вучоных гісторыю пра тое, як дзяўчына царскай крыві ўцякла з палону на асле. Ты будзеш залічаны да старажытных цудаў, і твой жывы прыклад змусіць паверыць і ў Фрыкса, які пераплыў мора на баране, і ў Арыёна, што кіраваў дэльфінам, і ў Еўропу, якая ляжала на быку.
Калі праўда, што Юпітэр роў па-бычынаму, ператварыўшыся ў быка, дык можа быць, што і ў маім асле хаваецца які-небудзь чалавек ці боская асоба...»
Пакуль дзяўчына паўтарала гэта некалькі разоў і перапыняла свае абяцанні цяжкімі ўздыхамі, мы дабраліся да нейкага скрыжавання, адкуль, схапіўшы за павады, яна з усёй сілы старалася скіраваць мяне направа, дзе, на яе думку, ішла дарога да яе бацькоў. Але я, ведаючы, што па ёй падаліся разбойнікі па рэшту сваёй здабычы, моцна заўпіраўся і так моўчкі звяртаўся да яе ў сваёй душы: «Што ты, няшчасная дзяўчына, робіш? Навошта спяшаешся да Орка? Навошта сілай стараешся скіраваць мае крокі. Ты ж вядзеш нас не толькі на сваю загубу, але і на маю!»
Пакуль мы цягнулі ў розныя бакі і спрачаліся, быццам на судзе за размежаванне зямельных плошчаў ці, лепш сказаць, за падзел дарогі, раптам з’яўляюцца разбойнікі, абладаваныя сваёй здабычай, і, яшчэ здалёк убачыўшы нас пры святле месяца, вітаюць нас зларадным смехам.
30. Адзін з іх так да нас звяртаецца: «Што ж гэта вы па такой дарозе па начы цягаецеся, не баючыся ў глухую поўнач ні манаў, ні злых духаў? Ці, можа, ты, сумленная дзяўчына, спяшаешся ўбачыцца са сваімі бацькамі? Дык мы ў тваёй адзіноце будзем табе аховай і пакажам да тваіх бацькоў найкарацейшы шлях».
За словам прыйшла справа. Схапіўшы за повад, ён павярнуў мяне назад, не шкадуючы на мае бакі таго вузлава-
тага кія, які быў у яго ў руках. Тут я міжволі ўспомніў пра назначаную мне загубу і пра боль у капыце, дык, махаючы галавой, пачынаю кульгаць. А той, што цягнуў мяне назад, крычыць: «Вось як! Зноў ты пачаў кульгаць і ківацца? Твае гнілыя ногі бегчы могуць, а ісці не ўмеюць? Ты ж нядаўна імчаўся хутчэй за крылатага Пегаса!» I пакуль мой літасцівы пагоншчык вёў са мной, махаючы кіем, гутарку, мы дабраліся да першай агароджы нашага жылля і вось бачым, што на галіне высокага кіпарыса вісіць старая. Зараз жа яе знялі і так з вяроўкай на шыі ўкінулі ў прорву. Пасля таго закавалі дзяўчыну і, быццам звяры, накінуліся на вячэру — пасмяротны плён клапатлівасці няшчаснай старой.
31. Пакуль яны ўсё, што было, з прагаю пхалі ў свае страўнікі, узнікла ў іх пытанне, якую прыдумаць нам у помсту за спробу ўцячы смерць. Але так, як і на кожным бурным сходзе, думкі іх не супадалі. Адзін лічыў, што трэба спаліць дзяўчыну жыўцом, другі даказваў, што лепш аддаць яе дзікім звярам, трэці прапанаваў укрыжаваць, а чацвёрты радзіў замучыць катаваннямі. Толькі ў адным былі ўсе згодныя, што яна вартая смерці. Пасля таго як агульны гоман прыціх, адзін з бандытаў звярнуўся да сабраных з такой прамовай: «Не стасуецца ні са звычаем нашага таварыства, ні з літасцю кожнага з нас, ні, нарэшце, з маёй памяркоўнасцю, каб дапускаць нам празмерную лютасць, караючы за злачынства, і каб пры дапамозе дзікіх звяроў, крыжа або катаванняў і якой бы ні было хуткай смерці мы наблізілі яе зыход у царства змроку. Дык, калі будзеце згодныя на маю прапанову, то мы даруем дзяўчыне жыццё, але такое, якога яна ў нас заслужыла. Вы ж памятаеце, што ўжо раней пастанавілі мы наконт гэтага вельмі гультаяватага і вельмі абжорлівага асла, які цяпер прыкідваецца калекам, тады як аказаўся пасрэднікам і памочнікам дзяўчыны ў яе ўцёках. Лепш за ўсё зарэжам яго заўтра і, вытрыбушыўшы, зашыем у ягонае бруха голую дзяўчыну, якую ён прызнаў лепшай за нас, так, каб толькі галава яе заставалася зверху, а рэшта цела была ў шкуры жывёліны. Пасля таго паставім гэтага раскормленага, нафаршыраванага асла на якую-небудзь скалу і пакінем на сонечнай спёцы.
32. Такім чынам яны абое атрымаюць тое, што вы справядліва прапанавалі. Асёл атрымае даўно ўжо заслужаную смерць, а яна будзе і звярамі з’едзена, бо цела яе абгрызуць чэрві, і агнём спалена, бо сонца будзе смаліць
аслінае бруха, і на крыжы будзе пакутаваць, калі сабакі і каршуны будуць выцягваць з яе вантробы. Прытым заўважце, колькі яшчэ пакут і мук дастанецца на яе долю: яна жывая апынецца ў пузе дохлай жывёліны, яе будзе мучыць невыносны смурод, калі гарачыня будзе мацнець, яна будзе пакутаваць ад голаду і смагі і не зможа нават сама сабе зрабіць смерць, бо яе рукі не будуць свабодныя».
Пасля такой прамовы разбойнікі не рукамі, а ўсёй душой прагаласавалі за гэту прапанову. А што заставалася рабіць мне, які ўсё гэта чуў сваімі аслінымі вушамі? Як аплакваць сябе аслу, які заўтра будзе не чым іншым, як смярдзючай падлай?
КНІГА СЁМАЯ
1. Ледзь толькі, разагнаўшы цемру, зардзеў дзень і бліскучая калясніца сонца асвятліла наваколле, з’явіўся нейкі чалавек з ліку разбойнікаў, аб чым сведчыла яго прывітанне з сябрамі, сеў ля ўвахода ў пячору, перавёў дух і расказаў прысутным наступнае: «Што да Мілона Гіпацкага, дом якога мы гэтымі днямі абрабавалі, дык можна, кінуўшы трывогу, супакоіцца. Пасля таго як вы з вялікай смеласцю расцягалі ўсю яго маёмасць і вярнуліся ў лагер, я змяшаўся з натоўпам мясцовых жыхароў і, выказваючы то жаль, то абурэнне, стараўся даведацца, які будзе выкарыстаны спосаб пошуку разбойнікаў і якім чынам пра ўсё вам данесці, як мне было даручана. На падставе няпэўных здагадак і на аснове праўдападобных меркаванняў увесь натоўп аднадушна сходзіцца на тым, што віноўнікам злачынства з’яўляецца нейкі Луцый, які некалькі дзён таму назад пры дапамозе фальшывых рэкамендацыйных пісьмаў, выдаўшы сябе Мілону за прыстойнага чалавека, дамогся таго, што яму была аказана гасціннасць і што яго ўвялі ў самы цесны ся.мейны круг. Пражыўшы там некалькі дзён, ён збаламуціў Мілонаву служанку, прыкінуўшыся закаханым, разгледзеў усе засаўкі і завалы і месцы, дзе захоўвалася гаспадарскае дабро.
2. Як немалаважны доказ ягонага злачынства прыводзілася тое, што ў тую самую ноч, за хвіліну да нападу, ён кудысьці ўцёк і не вяртаецца да гэтай пары. Да таго ж яму лёгка было знайсці і сродак для ўцёкаў, каб хутчэй і далей схавацца, бо ён забраў з сабой свайго белага каня. Дома
застаўся яго слуга, дык яго схапілі і зачынілі ў гарадскую турму. Аднак, амаль да смерці закатаваны, ён ні ў чым не прызнаўся. Тады выправілі на радзіму гэтага самага Луцыя ўпаўнаважаных, каб яны знайшлі віноўніка, які павінен адказаць за зробленае ім злачынства».
У час яго расказу я прыраўняў сваё шчаслівае жыццё да цяперашняга злашчаснага лёсу асла, уздыхнуў з глыбіні душы і падумаў, што невыпадкова грэцкія мудрацы лічылі Фартуну сляпой і паказвалі яе зусім бязвокай. Яна заўсёды абсыпае сваімі дабротамі людзей нявартых, благіх і ніколі не кіруецца розумам, выбіраючы сабе пестуноў паміж смяротных, і з тымі найчасцей важдаецца, ад якіх, каб не была сляпая, павінна была б уцякаць. А горш за ўсё тое, што стварае ілжывыя і супярэчлівыя меркаванні аб рэчаіснасці, і такім чынам нягоднік бывае ўпрыгожаны вянком сумленнага чалавека, а ні ў чым не вінаватыя становяцца здабычай згубнага нагавору.
3. Зрэшты, я сам, каго люты націск ператварыў у жывёліну і давёў да лёсу пагарджанага чатырохногага, да долі, якая можа выклікаць спачуванне і жаль, цяпер узваліў на сябе яшчэ і абвінавачанне ў злачынстве супраць свайго любімага гаспадара. Гэтакі ўчынак правільней назваць не проста бандыцкім, а сапраўды бацьказабойчым. I не было ў мяне магчымасці не толькі абараняцца, але нават і пярэчыць. Дык каб маё маўчанне перад тварам нікчэмнага абвінавачання не было растлумачана як знак згоды і прыкмета нячыстага сумлення, я, страціўшы ўсякую цярплівасць, хацеў толькі выкрыкнуць: «Не вінаваты!» Але няспынна вымаўляў толькі першы склад, а наступных ніяк не мог вымавіць, спыніўшыся на месца і равучы: «Не, не!» He памагло старанне як мага акругліць свае адвіслыя губы. Ды што за карысць скардзіцца на бязлітаснасць лёсу, калі ён не пасаромеўся зраўняць мяне з маім уласным канём, з маім слугой, на якім раней я ездзіў верхам?