• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    He змаўчала балбатлівая птушка і кажа: «Не ведаю, пані, але мне здаецца, што ён мае вялікі інтэрас да дзяўчыны, а калі не памыляюся, завецца яна Псіхея». Тут Венера крыкнула ў абурэнні: «Дык ён праўда любіць Псіхею, маю саперніцу па прыгажосці, рабаўніцу майго імя? Можа, гэты шалапут нават лічыць мяне зводніцай, бо я расказала яму пра гэту абрыдлую мне дзяўчыну!»
    29.	Сказаўшы гэта, хутка выплывае яна з глыбіняў мора і накіроўваецца ў сваю залатую спальню. Убачыўшы там, як ужо было сказана, хворага сына, яна проста з парога загаманіла на ўвесь голас: «Вельмі гэта прыстойна і варта нашага паходжання і тваіх добрых паводзін, што ты, не паслухаўшы павучанняў сваёй маці і пані, замест таго, каб на пакаранне маёй варагіні абудзіць у ёй ганебную схільнасць, сам хлапчук яшчэ, бярэш яе ў свае распусныя і няспелыя абдымкі. Ты думаеш, я зміруся з нявесткай, якую ненавіджу? Ці, можа, ты, пустадомак і паганы бадзяга, лічыш, што толькі ты адзін можаш прадаўжаць наш род, а я ўжо састарэла і не магу зачаць? Дык жа ведай, нараджу другога сына, шмат лепшага за цябе, ці для большага твайго прыніжэння ўсынаўлю якога-небудзь нявольніка і перадам яму і гэтыя крылы, і факел, і гэтыя стрэлы, і ўвесь гэты рыштунак, які я дала табе не на такі ўжытак, бо нічога не было ўзята на гэта ўзбраенне з маёмасці твайго бацькі.
    30.	Зрэшты, ты з малых дзён кепска выхаваны, на руку
    шустры, старэйшых крыўдзіў без ніякай пашаны, нават мяне, сваю маці, мяне, кажу, ты, забойца, кожны дзень крыўдзіш і часта раніш, не лічачы за маці, быццам удаву якую, не саромеючыся свайго айчыма, знакамітага сілача і вялікага змагара. Мала таго, ты на шкоду маёй з ім сувязі ўзяў моду раз за разам дастаўляць яму ў наложніцы дзяўчат. Але я змушу цябе пакаяцца за гэтае свавольства, убачыш, якая цяжкая і горкая будзе твая жаніцьба! Цяпер, пасля такіх здзекаў, што мне рабіць? Куды падзецца? Якімі спосабамі абразуміць гэтага прайдзісвета? Няўжо звярнуцца мне да варожай Устрыманасці, якую я гэтак часта з прычыны распуснасці гэтага хлапца абражала? Але як мне гаварыць з гэтай вясковай неачэсанай бабай! Адна думка пра гэта наганяе на мяне жах! Аднак адкуль бы помста ні прыходзіла, грэбаваць ёю не варта. Якраз Устрыманасць, і ніхто іншы, можа быць мне найбольш карыснай у самым строгім пакаранні гэтага пустамелі: забраць калчан, стрэлы, аслабіць лук, факел патушыць ды ўтаймаваць яго цела надзейнымі сродкамі. Тады толькі палічу адпомшчанай сваю крыўду, калі яна кучары, зіхатлівае золата якіх я так часта церабіла, яму зголіць, а крылы, што я на сваіх грудзях нектарам акрапляла, абрэжа».
    31.	Пасля гэтага маналога яна гнеўна рынулася з дому, але жоўць яе яшчэ не супакоілася. Тут жа сустрэла Цэрэру з Юнонай, а яны, убачыўшы яе надзьмуты твар, пытаюцца, чаму азмрочваюць ссунутыя бровы прыгажосць яе бліскучых вачэй? А яна: «Вось дарэчы я вас сустрэла, і вы выканаеце жаданне майго распаленага сэрца. Малю вас, пастарайцеся знайсці мне ўцякачку Псіхею. Да вас, я спадзяюся, дайшло, што здарылася ў маім доме. I гэта натварыў той, якога не магу больш называць сваім сынам!»
    А багіні, якім усё, што здарылася, было вядома, каб суцішыць палымяны гнеў Венеры, пачынаюць так: «А што ж, пані, благое зрабіў твой сын, што ты гэтак упарцішся ягонаму шчасцю і хочаш загубіць дзяўчыну, якую ён любіць? Што за грэх, калі ён радасна ўсміхаецца да прыгожай дзяўчыны? Ці ж ты не бачыш, што ён ужо дарослы юнак, ці мо забылася, колькі яму гадоў? Ці мо таму, што ён выглядае маладзей як на свой узрост, дык да гэтага часу здаецца табе хлопчыкам? Ты маці,і прытым жанчына разважлівая, а ўсё стараешся разведаць пра ўсе свавольствы свайго сына, абвінавачваеш яго ў распусце, умешваешся ў яго любоўныя справы і ганіш у сваім цудоўным сыне свае ўласныя хітрыкі і ўцехі. Хто ж з багоў ці з смяротных дапусціць, каб ты
    паўсюль сеяла юрлівасць, калі ты са свайго ўласнага дому выжываеш каханне і наглуха замыкаеш доступ да жаночых слабасцяў?»
    Гэтак яны, баючыся Купідонавых стрэл, стараліся дагадзіць яму сваім прыхільным заступніцтвам. Але Венера, абурыўшыся тым, што яны зводзяць прычыненыя ёй крыўды на дробязь, апярэдзіўшы іх, хуткім крокам накіравалася ў другі бок — да мора.
    КНІГА ШОСТАЯ
    1.	Тым часам Псіхея, пераходзячы з месца на месца, шукаючы ўдзень і ўночы свайго мужа, усё мацней жадала калі не ласкамі жонкі, дык хоць просьбамі астудзіць яго гнеў. I вось, убачыўшы на гары нейкі хорам, падумала: «Хто ведае, можа, тут знаходзіцца мой уладар!» I адразу кіруе ў той бок свае шпаркія крокі. Надзея і жаданне сустрэчы вярнулі ёй страчаную бадзёрасць. Падняўшыся па крутым адхоне, падыходзіць упэўненай ступою да святыні і бачыць там наваленыя ў кучу і сплеценыя ў вянкі каласы пшаніцы і ячменю. Заўважыла таксама там сярпы і іншыя прылады жніва, але ўсё гэта ляжала абы-як і абы-дзе ў беспарадку і без нагляду, як гэта бывае, калі работнікі ў спёку ўсё параскідаюць.
    Псіхея разабрала старанна ўсе прылады і, як належыць спарадкаваўшы, думала пра тое, што нельга ёй грэбаваць ніякай святыняй, ні абрадамі любога з багоў, а ў кожнага з іх шукаць літасці і спагады.
    2.	За гэтай працай застае яе карміцелька Цэрэра і яшчэ здалёк гукае: «Ах, вартая жалю Псіхея! Па ўсім свеце шукае цябе да крайнасці разгневаная Венера, якая рыхтуе табе лютую кару, усю сваю боскую сілу хоча абрынуць на помсту табе, а ты клапоцішся тут аб маіх рэчах і нічога не робіш для свайго ратунку!»
    Тут Псіхея кінулася ў ногі багіні, абліваючы іх горкімі слязьмі. Падмятае багініны сляды валасамі і ўмольвае яе сардэчнымі просьбамі: «Заклінаю цябе тваёй пладаноснай правай рукой, радаснымі абрадамі жніва, запаветнымі тайнамі кашоў, крылатай калясніцай тваіх прыслужнікаў драконаў, баразной сіцылійскай зямлі, драпежнай калясніцай, зямлёй-карміцелькай, сыходжаннем да беспрасветнага
    шлюбу Празерпіны, светлым вяртаннем знойдзенай дачкі і ўсім, акружаным маўклівасцю ў святыні атычнага Элеўсіна,— зрабі ласку душы Псіхеі, якая ўмольвае тваёй апекі! Дазволь мне схавацца ў гэтай капе калосся хоць на некалькі дзянькоў, да той пары, пакуль страшны гнеў велічнай багіні памалу не астыне, ці хоць на той час, пакуль мае аслабленыя доўгімі пакутамі сілы адновяцца ў ціхім супачынку».
    3.	Адказвае ёй Цэрэра: «Узрушана я тваімі слёзнымі просьбамі, аднак не магу выклікаць незадаволенасці маёй сваячкі, добрай жанчыны, з якой я злучана повязямі даўняй дружбы. Дык зараз жа пакінь гэта памяшканне і будзь рада, што я цябе не затрымала і не пасадзіла пад варту».
    Атрымаўшы такі нечаканы адказ, прыгнечаная падвойнай скрухай, зноў пускаецца Псіхея ў дарогу і праз нейкі час бачыць у глыбокай даліне сярод панурага гаю вельмі дыхтоўна збудаваную святыню. Стараючыся не прапусціць ніякай магчымасці палепшыць свой лёс, яна была гатова заслужыць літасць у любога з багоў, таму набліжаецца да святых варот. Бачыць тут дарагія прынашэнні і палотнішчы з залатымі надпісамі, развешаныя на галінах дрэў і на вушаках дзвярэй. Адначасова з выказваннем удзячнасці напісана было і імя багіні, якой усё гэта прысвячалася. Перш за ўсё, выцершы слёзы, становіцца Псіхея на калені, абдымае рукамі яшчэ не астылы алтар і ўзносіць такую малітву:
    4.	«Сястра і жонка вялікага Юпітэра, ці ёсць ты ў старадаўняй святыні Самоса, якая славіцца як адзіны сведка твайго нараджэння, немаўлячага крыку і ранняга дзяцінства, ці знаходзішся ў блажэнным прыстанку высокага Карфагена, дзе ўшаноўваюць цябе як дзеву, што на льве рухаецца па небе, альбо паблізу берагоў Інаха, які славіць цябе як жонку Грамавержца і каралеву багіняў. Ты ахоўваеш слаўныя аргоскія сцены, ты, якую ўвесь Усход ушаноўвае як Зігію, а ўвесь Захад называе Люцынай, будзь мне ў маёй пільнай патрэбе Юнонай-апякункай і, зняможаную ў гэтулькіх перажытых мною пакутах, ад страху навіслых нада мною небяспек вызвалі! Мне ж вядома, што ты ахвотна дапамагаеш цяжарным жанчынам, якім пагражае небяспека».
    Калі яна такім чынам вымольвала злітавання, раптам з’явілася перад ёй ува ўсёй сваёй красе і велічы Юнона, як гэта належыць такой магутнай багіні, і тут жа гаворыць: «ІІавер мне, што я ахвотна выканала б тваю просьбу, але
    дзейнічаць супраць волі маёй нявесткі Венеры, якую я заўсёды любіла як дачку, не дазваляе мне сумленне. Апроч таго, спыняе мяне і закон, які забараняе аказваць апеку і дапамогу чужым беглым нявольнікам без згоды іх гаспадароў».
    5.	Збянтэжаная новым крушэннем сваіх надзей, не маючы магчымасці знайсці свайго крылатага мужа, Псіхея страціла надзею на выратаванне і пачала разважаць так: «Хто ж яшчэ зможа падтрымаць мяне, хто адважыцца даць мне дапамогу, калі ніводная з багінь, нават пры жаданні, не выканала маіх просьбаў? Куды ж мне цяпер падацца, калі я з усіх бакоў акружаная пасткамі? Пад чыім дахам змагу, хоць бы затаіўшыся ў змроку, схавацца ад вачэй магутнай Венеры? Узбройся па-мужчынску адвагай духу, смела адрачыся ад дарэмнай надзеі, аддайся добраахвотна ў рукі сваёй уладарніцы, і, магчыма, хоць спозненай пакорлівасцю ты ўтаймуеш яе бязлітаснае праследаванне. Хто ведае, можа здарыцца, што і таго, каго ты так доўга шукаеш, знойдзеш у доме яго маці». I вось, гатовая скарыцца, але без надзеі на поспех і больш падрыхтаваная да канчатковай загубы, пачала яна меркаваць, з чаго пачаць сваю просьбу.
    6.	А Венера, убачыўшы, што наземнымі спосабамі знайсці яе немагчыма, кіруецца на неба. Там загадвае, каб нарыхтавалі ёй калясніцу, якую ў якасці шлюбнага падарунка вельмі густоўна змайстраваў для яе бог залатых рамёстваў Вулкан. Выгладзіўшы тонкім напільнікам, ён прыдаў ёй такую прыгажосць, што нават страта некаторай часткі золата зрабіла яе яшчэ больш каштоўнай.
    3 таго боку пакояў уладарніцы, дзе жыло мноства галубак, аддзяляюцца дзве беласнежныя пары. У вясёлым палёце паварочваюць яны свае бліскатлівыя шыйкі, упрагаюцца ў абсыпаную каштоўным каменнем вупраж і, прыняўшы багіню, радасна ўзлятаюць у паветра. Побач з калясніцай уладарніцы пырхаюць з шумным шчабятаннем верабейкі і розныя іншыя звонкагалосыя птушкі, запаўняючы далікатнымі спевамі паветра і абвяшчаючы прыбыццё багіні. Хмары расступаюцца, неба перад сваёй дачкой адчыняецца, вышэйшы эфір радасна сустракае багіню, а пеўчая світа вялікай Венеры не баіцца ні сустрэчных арлоў, ні каршуноў.