Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала і цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, які яе суправаджаў. Ідуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакінуўшы вясельныя факелы, што асвятлялі дарогу, а цяпер пацямнелі і тухлі ад слёз і, спусціўшы галовы, разыходзяцца па сваіх дамах. I няшчасныя бацькі, прыгнечаныя такой бядой, пагрузіліся ў змрочную жалобу.
Тым часам Псіхея стаяла высока на вяршыні скалы зусім адна і ў напружанні чакала вырашэння свайго лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу і страху, калі ў нейкую хвіліну адчула, што мякка ляціць над зямлёю. Лёгкі подых Зефіра, ускалыхнуўшы адзенне, далікатна падымае яе і спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую даліну, памалу кладзе на ўлоне квяцістага лугу.
КНІГА ПЯТАЯ
1. Тут у адзін момант пакінулі Псіхею ўсе яе пакуты сумненняў і неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелі з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлівага сну прачнулася і ўстала весялейшая. Які ж цудоўны від паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзілася ў гаі, парослым рознымі высокімі цяністымі дрэвамі, паміж
якімі, ападаючы са скал і вывіваючыся, далікатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымі рукамі, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы і чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй і слановай косцю, абапіралася на залатыя калоны, усе сцены былі абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзікіх звяроў і розных жывёлін, якія быццам выбягалі насустрач. О, гэта быў не паўбог, а сапраўдны бог, што так па-мастацку гэтулькі серабра ператварыў у звяроў! Падлога ззяе каштоўнымі камянямі, якія ствараюць рознакаляровыя цудоўныя малюлхі. Сапраўды, двойчы, a то і болей шчаслівыя тыя, што ступаюць па золаце і дарагіх камянях! Такое ж. невыказнае багацце відаць ва ўсіх частках гэтага вялізнага будынка — усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такім бляскам, што каб нават сонца перастала свяціць, дык яны б залілі ўвесь дом дзённым святлом, бо зіхаціць у ім кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.
I ўсе іншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, і можна падумаць, што сам вялікі Юпітэр стварыў гэтыя пакоі нябесныя для сваіх сустрэч са смяротнымі.
2. Захапіўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзіць Псіхея бліжэй, адважыўшыся, пераступае парог і неўзабаве з вялікай цікавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёміцца з багаццем, якое знаходзіцца ў збудаваным за домам вялікім свірне. Няма таго на зямлі, чаго б там не было!
Але найдзіўнейшым было тое, што ніхто гэтага багацця не пільнаваў, не было там ніякіх ланцугоў, ніякіх засавак і ніякіх вартаўнікоў. I калі яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасці, аднекуль пачуўся голас, хоць нідзе нікога не было відаць: «Што дзівішся, пані, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Ідзі ў спальню і адпачні ад стомы ў пасцелі, а калі жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкі, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькі будзеш гатова, перад табой з’явіцца багаты стол».
3. Псіхея адчула вялікую асалоду ад такіх прыветлівых слоў і, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, a пасля купаннем зняла з сябе рэшткі стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. I ў той жа час розныя, быццам нектар, віны і самыя далікатныя і смачныя стравы падаюцца ёй нібы на
хвалях ветру, а слуг зусім не відаць. Яна чула толькі іхнія галасы. Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось і заспяваў, а другі зайграў на кіфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, і, хоць ніхто з людзей не з’яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.
4. Пасля гэтых забаў і заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псіхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзіць яе нейкі лёгкі шолах. Вельмі баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. I вось увайшоў яе таямнічы муж, узышоў да яе на ложак і стаў яе сапраўдным мужам. Раніцай перад усходам сонца ён моўчкі падняўся і пакінуў спальню. I ў тую самую хвіліну ветлівыя галасы акружаюць маладую, што страціла цнатлівасць...
Так працягвалася доўгі час. Псіхея пачала прывыкаць да новых абставін. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканні становяцца ёй штораз прыямнейшымі. Гутаркі з нябачным мужам былі ў яе самоце вялікай уцехай.
Тым часам яе бацькі старэлі ў сваім няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псіхея, пакінулі свае хатнія агнішчы і, змрочныя і затурбаваныя, падаліся адна за адной парадзіцца з бацькамі.
5. А ў тую ж ноч муж Псіхеі, які быў недаступны толькі зроку, а не слыху і дотыку, казаў так: «Дарагая мая Псіхея, наймілейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялікай небяспекай, да якой павінна ты аднесціся з найвялікшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерці. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваіх слядоў. Калі часам пачуеш іхнія галашэнні, не адказвай ім і старайся нават не глядзець у той бок, бо наклічаш на мяне вялікую непрыемнасць, а на сябе немінучую загубу».
Яна кіўнула галавой на знак згоды і абяцала рабіць так, як раіў муж. Але як толькі ён з канцом ночы знік, яна ўвесь дзень праплакала і прагаласіла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загіне, замкнёная ў богаслаўлёную цямніцу, без сувязі з людзьмі, дзе нават сёстрам, якія па ёй гаруюць, не можа дапамагчы ці хоць на кароткі час з імі ўбачыцца. Так, не еўшы і не піўшы і ні да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.
6. Праз момант на ложку побач з ёй з’явіўся яе муж і, абняўшы заплаканую, пытаецца: «Ці ж гэта ты мне, мая Псіхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, ча-
го спадзявацца? Hi ўдзень, ні ўночы, ні нават у мужавых абдымках не сціхаюць твае пакуты. Што ж, рабі як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калі надыдзе запозненае нараканне, прыпомні мае сур’ёзныя папярэджанні». Тады яна просьбамі і пагрозамі, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамі, каб зменшыць іхнюю журбу і пагутарыць з імі. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкі, а нават дазволіў ёй падараваць ім з залатых упрыгожанняў ці з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна і не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамі, што калі яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цікавасцю скіне сябе з вяршыні свайго шчасця і назаўсёды пазбавіцца яго абдымкаў. Яна падзякавала мужу і сказала:
«Лепш мне сто разоў памерці, чым цябе, мой найдаражэйшы, пазбавіцца! Бо хто б ты ні быў, я вельмі цябе кахаю, так, як сваю душу, і не змяніла б цябе нават на Купідона. Але малю цябе, выканай яшчэ адну маю просьбу: загадай слузе свайму Зефіру знесці іх сюды такім самым спосабам, як даставіў ён мяне». Пасля таго, абняўшы яго лілейна белымі ручкамі і моцна пацалаваўшы, прытулілася спакусліва ўсім целам і дадае: «Муж ты мой, мядовенькі мой, тваёй Псіхеі далікатная душачка!»
Супроць сваёй волі мусіў муж уступіць, паддаўшыся сіле і ўладзе любоўных прыёмаў, і абяцаў, што выканае ўсе яе просьбы. А як толькі пачало світаць, развітаўся з ёй і знік.
7. А сёстры, распытаўшыся, дзе знаходзіцца тая скала і тое месца, на якім была пакінута Псіхея, спяшаюцца туды і гатовы выплакаць свае вочы, б’юць сябе ў грудзі, ажно скалы адклікаюцца рэхам на іх выкрыкі і стогны. Клічуць яны сваю няшчасную сястру па імі, пакуль на пранізлівыя жальбы іхніх галашэнняў, што несліся з гары, не выбегла з дому ўсхваляваная Псіхея і не адазвалася: «Навошта забіваеце сябе пакутлівымі крыкамі? Вось я, па якой вы плачаце. Спыніце сумныя крыкі, вытрыце мокрыя ад слёз твары, калі ў вашай волі абняць тую, якую вы аплакваеце».
I зараз жа, паклікаўшы Зефіра, перадае яму загад мужа. З’явіўшыся ўмомант на покліч, спакойным подыхам пераносіць ён іх наніз. Вось яны ўжо абменьваюцца абдымкамі і паспешлівымі пацалункамі, і слёзы іхнія, што на момант былі спыніліся, цякуць цяпер ад радасці.
«Дык увайдзіце ж,— кажа Псіхея,— пад наш дах, да нашага агнішча, уцешце са мной разам вашы збалелыя Душы».
8. Сказаўшы гэта, пачынае паказваць ім незлічоныя багацці залатога дома і звяртае іх увагу на мноства галасоў, што ім прыслугоўваюць. Падмацоўвае іх сілы цудоўным купаннем і раскошаю вартага несмяротных стала. Задаволеных прыёмам і ўсім бачаным пачынае даймаць зайздрасць. Тады адна з іх вельмі настойліва пачынае дапытвацца, хто такі і чым займаецца яе муж. Але Псіхея, помнячы мужавы перасцярогі, не выдае таямніцы, а прыдумвае наспех, што ён чалавек малады, прыгожы, твар яго пакрыты толькі першым пушком, заняты ён галоўным чынам паляваннем па палях і лясах. Аднак, баючыся, каб у далейшай гутарцы не выдаць таямніцы, нагружае сёстраў залатымі рэчамі і нашыйнікамі з каштоўных камянёў, выклікае Зефіра і перадае іх яму, каб перанёс назад на скалу.
9. Калі гэты загад быў выкананы, добрыя сёстры па дарозе дамоў напаўняліся жоўцю ўсё большай зайздрасці і шмат між сабой усхвалявана гаварылі. I вось адна з іх сказала: «Які сляпы, непрыхільны і несправядлівы лёс! Як табе падабаецца, што мы, народжаныя ад аднаго бацькі і адной маці, атрымалі такую розную долю? Мы старэйшыя гадамі, аддадзеныя чужаземным мужам за служанак, адарваныя ад роднага дому, ад радзімы, далёка ад бацькоў гібеем на выгнанні, тады як наймаладзейшая сястра, апошні плод стомленага дзетародства, валодае такім багаццем і боскім мужам, а сама не ўмее гэтым мноствам даброт карыстацца. Ты бачыла, сястрыца, колькі ў доме скарбаў, якое адзенне, якія бліскучыя перлы, колькі валяецца пад нагамі параскіданага золата. А калі яе муж такі прыгожы, як яна кажа, дык няма на свеце шчаслівейшай за яе жанчыны. Зусім магчыма, што калі яе боскі муж яшчэ больш да яе прывяжацца, дык і яе зробіць багіняй. Клянуся Геркулесам, што да гэтага ўсё ідзе! Ты заўважыла, як яна сябе паводзіла, як перад намі трымалася? Так, яна цаляе ў неба. Яна трымаецца, як багіня, калі мае нябачных служанак і нават загадвае вятрам. А што дасталося на маю няшчасную долю? Мой муж мог бы быць маім бацькам, ён лысейшы за гарбуз, складам цела драбнейшы за хлапчука і ўсё ў доме трымае пад замкамі!»