Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
7. Яна накіроўваецца адразу ў каралеўскі палац Юпітзра і напышлівым тонам заяўляе, што ёй неабходная дапамога звонкагалосага бога Меркурыя. He адмовілі цёмныя бровы Юпітэра. I вось Венера ў суправаджэнні Меркурыя спускаецца з неба і ўсхвалявана гаворыць: «Браток мой Аркадзіец,
ты ведаеш, што твая сястра Венера ніколі нічога ўпотай ад Меркурыя не распачынала, і вядома табе таксама, што ўжо доўгі час не магу я знайсці служанку, якая ад мяне хаваецца. I мне нічога больш не застаецца, як праз тваё ўсенароднае вяшчанне аб’явіць, што за паведамленне, дзе яна знаходзіцца, будзе выдадзена ўзнагарода. Дык вось, паспяшайся з маім даручэннем, прытым дакладна падай прыкметы, па якіх можна будзе яе пазнаць, каб той, хто акажацца вінаватым ва ўкрывальніцтве, не мог адгаворвацца, што яе не пазнаў».
Пры гэтым яна перадае яму ліст, дзе пазначана імя Псіхеі і ўсё іншае. Пасля гэтага вяртаецца дамоў.
8. Меркурый адразу ўзяўся выконваць заданне. Па ўсіх мясцовасцях і ўсім народам ён абвяшчаў: «Калі хто верне з уцёкаў ці зможа паказаць, дзе хаваецца каралеўская дачка, служанка Венеры Псіхея, і данясе аб гэтым вешчуну Меркурыю за муртыйскімі калонамі, дык атрымае ў якасці ўзнагароды ад самой Венеры сем салодкіх пацалункаў і, апрача Taro, яшчэ адзін мядовы з ласкавым дотыкам языка».
Пасля такой Меркурыевай аб’явы жаданне незвычайнай узнагароды заахвоціла ўсіх людзей наперабой кінуцца ў пошукі.
Усё гэта прымусіла Псіхею не марудзіць. Яна ўжо набліжалася да варот сваёй уладарніцы, калі насустрач ёй выбегла Прывычка, адна з Венерыных чалядніц, і пачала на ўсю моц крычаць: «Нарэшце ты, нягодная служанка, зразумела, што ў цябе ёсць пані! Няўжо, па характэрнай табе нахабнасці, ты будзеш прыкідвацца, што не ведаеш, якога клопату каштавалі нам пошукі цябе? Добра, што ты трапіла ў мае рукі, быццам у самыя кіпцюры Орка ўскочыла, дык і кара за тваю ўпартасць напаткае цябе неадкладна!»
9. I, учапіўшыся моцна за валасы, пацягнула за сабой, хоць тая зусім не супраціўлялася. Як толькі ўбачыла Венера, што прывялі і паставілі перад ёй Псіхею, яна пачала рагатаць, як чалавек, даведзены гневам да вар’яцтва. Затрэсла галавой, пачала часаць правае вуха і кажа: «Нарэшце ты ўдастоіла свякруху сваім наведаннем! Ці, можа, ты прыйшла сустрэцца з мужам, які пакутуе ад нанесенай табой раны? He хвалюйся, я магу абысціся з табой так, як гэтага добрая нявестка заслугоўвае!» А пасля крычыць: «Дзе тут мае служанкі Турбота і Журба?» А калі яны на покліч з’явіліся, перадала яе ім на пакаранне. Тыя ж, паслухмяныя загаду гаспадыні, адлупцавалі бедную Псіхею бізунамі і, памучыўшы іншымі спосабамі, зноў прывялі яе да пані.
Венера зноў разрагаталася і кажа: «Напэўна, ты думаеш, што выкліча ў мяне спачуванне твой уздуты жывот, плод якога збіраецца ашчаслівіць мяне званнем бабулі? Сапраўды, вялікі гэта гонар мне ў самым росквіце гадоў называцца бабуляй і слухаць, як сына нізкай служанкі называюць унукам Венеры. Зрэшты, я надарма кажу «сын». Шлюб быў не роўны, прытым адбыўся ў загароднім памяшканні без сведкаў і без бацькавай згоды, дык не можа лічыцца сапраўдным, і дзіця народзіцца, калі я наогул дазволю табе яго данасіць, незаконным».
10. Сказаўшы гэта, налятае на маладзіцу, ірве яе сукенку, цягае за валасы, трасе яе галаву і бязлітасна б’е, a пасля бярэ жыта, ячмень, проса, мак, гарох, сачавіцу, боб — усё гэта перамешвае і, згарнуўшы ў адну вялікую кучу, кажа: «Я думаю, што такая бесталковая служанка не магла нічым іншым дагадзіць сваім палюбоўнікам, як толькі стараннай службай, дык вось і я хачу праверыць тваё ўмельства. Разбяры вось гэту кучу і разлажы асобна кожны від зерня, падрыхтуй мне гэта на праверку да заўтрашняга вечара».
Пасля падалася на вясельны банкет. А Псіхея нават не дакранулася да гэтай бязладнай кучы. Прыгнечаная такім бязлітасным загадам, сядзела моўчкі і нерухома. Раптам нейкая дробненькая вясковая мурашка, якая разумела, наколькі цяжкая гэта праца, злітавалася над сужыцелькай вялікага бога і, абураная бесчалавечнасцю свекрыві, пачала бегаць туды і сюды і старанна склікаць усе саслоўі мурашак з акругі і так упрошваць: «Злітуйцеся, жывыя жыхары зямлі, якая корміць усіх, злітуйцеся над маладзенькай прыгажуняй, жонкай Амура, прыйдзіце як мага хутчэй на дапамогу ў яе бядзе!»
Заварушыліся хвалі шасціногіх істот, разбіраюць яны ўсю кучу па зернетку і, асобна пасартаваўшы кожны від, хутка знікаюць з вачэй.
11. Калі настала ноч, з’явілася Венера з вясельнага банкету. Была яна ап’янелая ад віна, пахла бальзамам у гірляндах з найпрыгажэйшых ружаў. Убачыўшы так дакладна выкананую работу, яна выкрыквае: «Не твая, нягодніца, гэта праца! He ты яе рабіла. Гэта зрабіў той, каму ты на сваё і ягонае няшчасце спадабалася!» I, кінуўшы ёй скарынку хлеба, пайшла ў сваю адпачывальню спаць.
А тым часам Купідон, самотны вязень, замкнёны ва ўнутраных пакоях дома, знаходзіўся пад пільнай аховай, часткова дзеля таго, каб лішняй жвавасцю не развярэдзіў
сабе раны, а таксама і таму, каб не сустрэўся са сваёй жаданай. Так мінула пакутлівая для разлучаных ноч, якую прабылі пад адным дахам. А як толькі Аўрора ўзышла на калясніцу, Венера паклікала да сябе Псіхею і сказала ёй так: «Вунь бачыш гай, які цягнецца па беразе рэчкі? Кусты на ўскрайку растуць па-над крыніцай. Там пасвяцца без нагляду адкормленыя авечкі, пакрытыя залатым руном. Я загадваю табе неадкладна прынесці мне жмут гэтай каштоўнай воўны, здабыўшы яе якім хочаш спосабам».
12. Псіхея ахвотна пайшла туды, але не для таго, каб выканаць загад, а каб, кінуўшыся з берага ў раку, пазбыцца ўсіх сваіх бедаў. Але раптам з лёгкім пошумам ветрыку адазвалася з рэчкі сціплая зялёная трысцінка і меладычным голасам сказала:
«Бедная гаротніца Псіхея, не заплям гэтай благаславёнай вады сваёй смерцю і не падыходзь у гэту часіну да тых жудасных авечак, бо, пакуль пячэ іх сонечная спёка, на іх нападае шал, і яны могуць забіць цябе ці вострымі рагамі, ці сваімі каменнымі лбамі, ці ядавітымі ўкусамі. А як папаўдні трохі схаладае і прыемны рачны ветрык супакоіць іх, тады ты схавайся пад тым вунь шырокім платанам, які чэрпае сабе вільгаць з той самай, што і я, ракі. I калі авечкі супакояцца і вернуцца да свайго нармальнага стану, ты зможаш знайсці залатую воўну, заблытаную ўсюды паміж густога голля — досыць толькі страсянуць кусты».
13. Гэтак навучала яе сціплая міласэрная трысцінка, каб выратаваць ад загубы.
Псіхея ўважліва выслухала парады трысцінкі, і ёй не прыйшлося раскайвацца. Зрабіўшы ўсё, як было сказана, яна набірае тайком поўную пазуху воўны і прыносіць яе Венеры. Аднак і гэтым другім выкананнем небяспечнага даручэння не зарабіла ў багіні пахвалы. Нахмурыўшы бровы і з’едліва ўсміхнуўшыся, яна гаворыць: «Ведаю і гэтага шалапутнага твайго памочніка! Але вось я праверу як след, ці поўнасцю валодаеш ты прысутнасцю духу і дастатковай кемлівасцю. Бачыш вунь там над высачэзнай скалой вяршыню крутой гары, адкуль выцякаюць цёмныя воды змрочнай крыніцы? Даплыўшы да памястоўмай, закрытай з усіх бакоў катлавіны, яны абвадняюць стыгійскія балоты, a пасля становяцца бурлівымі хвалямі Кацыта. Адтуль, з самага вытоку крыніцы, з глыбіняў, зачэрпнуўшы ледзяной вады, ты адразу прынясеш мне яе ў гэтай вось шкляначцы».
Сказаўшы гэта, зноў са страшнымі пагрозамі перадае ёй гранёную крышталёвую судзінку.
14. А тая хуткімі крокамі ідзе да вяршыні гары, спадзеючыся там знайсці канец свайму гаротнаму жыццю. Аднак, дабраўшыся да месца, блізкага ад вызначанай мэты, бачыць, што загад выканаць немагчыма. Бясконца высокая і безнадзейна недаступная скала выкідала з камяністых шчылін мноства жудасных крыніц, якія абрываліся з кручаў і, схаваныя ў вузкім рэчышчы, непрыкметныя воку, бурліва імчаліся ў суседнюю даліну. Направа і налева са скальных трэшчын высоўвалі свае даўжэзныя шыі раз’юшаныя драконы, вочы якіх ніколі не сплюшчваліся, і зрэнкі іх няспынна глядзелі на свет.
Апроч таго, воды, якія валодалі дарам мовы, штохвіліны выкрыквалі: «Назад! Што робіш? Што ты надумала? Сцеражыся! Уцякай! Загінеш!»
Псіхея стаяла як скамянелая, і хоць целам была там, душою адсутнічала, і, цалкам прыгнечаная цяжарам свайго становішча, пазбавілася нават свайго апсшняга суцяшэння — слёз.
15. Але не схаваліся ад вачэй справядлівага лёсу пакуты нявіннай душы. Каралеўскі птах, арол, слуга ўсявышняга Юпітэра, з’явіўся раптам і распасцёр свае крылы. Ён прыпомніў сваю даўнюю паслугу, калі па падказцы Купідона схапіў для Юпітэра фрыгійскага падчашага, і падумаў, што, аказаўшы своечасовую дапамогу жонцы Купідона, ушануе гэтым і самога бога, дык, пакінуўшы вышыні Юпітэравых шляхоў, пачаў кружыцца над галавой у маладой жанчыны і так сказаў: «I ты, недасведчаная ў такіх справах прасцячка, спадзяешся дастаць хоць кроплю вады ці нават наблізіцца да гэтай наколькі святой, настолькі і грознай крыніцы? Ці ты ніколі не чула, што гэтыя стыгійскія воды страшныя не толькі меншым братам, а нават і самому Юпітэру? А гэта таму, што так, як вы прысягаеце на высокую волю багоў, так жыхары неба клянуцца веліччу Стыкса. Але дай мне сваю шкляначку».
I хутка схапіўшы ў свае кіпцюры тую пасудзінку і выпрастаўшы крылы, пачаў узнімацца, адхіляючыся то ўправа, то ўлева ад чарады дракснавых пашчаў з вышчаранымі зубамі і пакручастымі трайнымі языкамі, штораз вышэй да грозных водаў, якія з шумам крычалі яму, каб, пакуль цэлы, вяртаўся. Тады ён ім сказаў, што ляціць па загаду Венеры, выконвае яе даручэнне, і гэта выдумка крыху дапамагла яму дабрацца да мэты.
16. Атрымаўшы напоўненую шкляначку, з вялікай радасцю чым хутчэй панесла яе Псіхея Венеры. Аднак і цяпер
не змагла яна атрымаць ухвалы разгневанай багіні. Са злавеснай усмешкай, якая прадвяшчала яшчэ большыя вымаганні і цяжэйшыя беды, звяртаецца свякруха да яе: «Як я зразумела, ты вялікая і вопытная ведзьма, калі так выконваеш усе нялёгкія даручэнні. Дык вось што, мая ты лялечка, павінна мне зрабіць. Вазьмі гэту скрыначку і хутчэй накіроўвайся ў пекла, у замагільнае царства самога Орка. Там аддасі скрыначку Празерпіне і скажаш: «Венера просіць прыслаць ёй крыху тваёй прыгажосці хоць на адзін дзянёк, бо сваю ўласную яна цалкам растраціла, апякуючыся сваім хворым сыяам. Толькі ж вяртайся хутчэй, бо мне зараз жа неабходна нацерціся, каб пайсці на сход багоў».